Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Стагоддзе — гэта сто год. Круглая мера часу, разумець трэба! — ён падняў угару палец. — Пасля гэтага будзе ўжо нешта зусім іншае…

У гаворку ўмяшаўся Кірыла:

— Але вось цыганы на што ўжо павандравалі па свеце, усяго пабачылі, а такога не гавораць, не чуў я ад іх…

— Цыганы-ы… — насмешліва прамовіла Марыля. — Знайшлі каго слухаць — злодзеі!..

— А ім, каб ты ведала, дазволена красці,— прыпальваючы ад лучыны цыгарку, сказаў Міхаль.

— Хто гэта ім дазволіў?

— Хто? Як яшчэ Хрыста распіналі, дык падышоў да катаў гэтых цыган, украў цвік і неўзаметку схаваў за шчаку. Таму Бог дазволіў цыганам красці.

Усе павесялелі… Марыля пачала ўкладваць малую ў калыску.

Кузёмка ізноў вярнуўся да распачатай гаворкі:

— Аднака, пра цыганоў гэта не сур'ёзная размова… У Пісанні ўсё сказана. Прыйдзе Анціхрыст, лютаваць будзе.

— Няўжо?! — жахнулася гаспадыня.

— Адкуль жа ён прыйдзе? — пацікавіўся Кірыла.

— З затачэння, з-пад зямлі яго Бог выпусціць. Пакуль што ён там — за сямю пячацямі.

Кузёмка гаварыў з такой пераконлівасцю, як быццам ён сам быў гам, дзе сядзіць Антыхрыст, і бачыў усё на свае вочы.

— Каб як палепшыць чалавека — вось добра было б, — устрапянуўся дзівак.

— Не палепшыш, — скрушна матлянуў галавой Кірыла.

Усе задумаліся. Пры агульным маўчанні Міхаль падняўся

і пачаў апранацца.

— Куды ты? — занепакоілася Марыля. — Не пераймайся ўжо так.

— Хачу на неба глянуць.

І выйшаў, пра нешта думаючы.

Марыля ведала, што яго трывожыць, — Ясё…

Над Прускай, на фоне далёкіх зорак, свяціла поўня, узнімаючыся ўсё вышэй і вышэй над заснежанымі карчамі. Месячнае святло срэбрам клалася на саламяныя дахі хат, лазовыя агароджы, уснежаную зямлю. Пахла начным ветрам і холадам.

Радасна завіскатаў, замахаў хвастом Курцік, убачыўшы гаспадара. Міхаль вынес яму кавалак хлеба, а сам стаў пад страху і паглядзеў уверх, паўзіраўся ў месяц, у прывычна знаёмае аблічча на ім, што не то раўнадушна, не то добразычліва глядзела на зямлю. З хлява падаў голас Орлік — ціха заіржаў, пазнаўшы, відаць, гаспадара. За вёскай, здаецца на Дармідонтавым хутары, чуваць было, як на некага брахаў сабака. Пра што толькі не падумаецца чалавеку апоўначы пры месячным святле! Найболей даймала судовая справа, якая чакала яго наперадзе. «Дзе ж тых сведкаў дастаць? — думаў Міхаль. — І колькі ўсё каштаваць будзе? Пакуль той Кузёмкаў Страшны суд будзе, трэба гэты перажыць…»

Пазавуголлю паныла скавытаў вецер, быццам пра нешта хацеў сказаць ці папярэдзіць.

«І доўг трэба сплаціць… Клопаты, клопаты, клопаты… Сумная доля быць чалавекам… Але нічога, павінна ж некалі наладзіцца».

Справіўшы малую патрэбу, ён вярнуўся ў хату. Зачыніўшы за сабою дзверы, сказаў:

— Зор шмат, значыць, куры несціся будуць.

У хаце не змаўкала размова.

Кузёмка дрыжачым голасам працягваў сваю казань:

— Дык гэта яшчэ не ўсё — зняў ён шастую пячатку! Тады што — землятрус пачаўся, сонца пагасла, а месяц, паверце, чырвоным стаў, як кроў!

Расказчык аглядзеў прысутных, як бы бачыў іх упершыню.

— Зоры на зямлю пападалі, неба, як папера, згарнулася ў трубку, звілося ў адно, — Кузёмка рукамі паказаў, як гэта было ці магло быць, — а горы зрушылі са сваіх месцаў, дзе яны стаялі, і пайшлі-і…

— Так і напісана?

— Так яно і будзе! — не адступаў ад свайго Кузёмка. — Усе хавацца пачалі, але дзе ж схаваешся?

Прымоўклыя Кужалі з павагай пазіралі на прамоўцу, слухаючы, што ён такое кажа.

— Ад шуму коннікаў і стралкоў разбягуцца народы, уйдуць у пустыя лясы і ўзлезуць на скалы… У Пісанні напісана, — патлумачыў Кузёмка, — а што там напісана, тое споўніцца. Нішто жа глагола без прытчы, — сказана ў Пісанні. Прытча — штука разумная! Прыпавесць — па-нашаму…

Дзіўны чалавек гэты Кузёмка. Не без падстаў, відаць, ён падзяляў лёс усіх прарокаў і прадказальнікаў: яго ніхто не разумеў, а многія наогул лічылі, што ён з глузду з'ехаў.

Не раз Міхаль чуў, як Кузёмка размаўляў сам з сабою, нібы нешта абмяркоўваючы, або ціха смяяўся…

— Кузёмка гаворыць нібы прарок! — уражаная, падала голас гаспадыня.

— Я ўсё бачу, — не глянуўшы ў яе бок, адказаў госць і, склаўшы пальцы ў кулачок, камусьці пагразіў.

…Ад хаты да хаты хадзілі з «гвяздай». Падышлі і да Кужалёў. Ля акна пачуўся званок, і адразу ж загрымеў бубен.

— Добры вечар шаноўнаму гаспадару! Праздраўляем з Ражаством Хрыстовым! Спяваць ці не?

Кірыла глянуў у цемру за акном, перад якім шумеў хлапечы натоўп і ўжо стаяла прыгажуня-«гвязда». Унутры яе за прамасленай паперай зырка гарэла свечка.

— Спявайце!

Калядоўнікі пачалі:

— Я з сумой хадзіла У горад Віфлеем І была ў вярцепе, І відала ў ем, Как Хрыстос-Спасіцель Цар, Тварэц і Бог — Радзіўся ад Дзевы І ляжыць, убог…

Хадзіць з «гвяздай» — стары звычай, які прыжыўся з часу уніяцтва. Прайшоў час, унію адмянілі, але многае засталося — і гэта «гвязда», і песня…

І ляжыць убог… —

вылучаўся голас Трахімкі.

— Бач, як зацягвае Дармідонтаў сын! — не то з пахвалой, не то з усмешкай азваўся Кірыла.

— Тоня, вынесі ім пяць капеек… — сказаў Міхаль.

— Гэта шмат, хопіць і дзве! — паправіў яго Кузёмка. Тоня збегала на вуліцу, аддала грошы скарбніку (ім быў Павал Гальяш) і хутка вярнулася.

— На дварэ халадзёнка!

Сапраўды, к поўначы мароз стаў крапчэй.

— Бывайце здаровы, як у небе анёлы! — падзякавалі калядоўнікі.

Шум, весялосць, смех.

— Недзе і наш там, — усміхнулася Марыля. — Каб не прастудзіўся.

— Ганна Васілішына ходзіць разам з імі! — сказала Тоня.

Звычайна дзяўчат калядаваць не бралі — для Ганны зрабілі, відаць, выключэнне.

— Ну, то, мусіць, і Лявонка там…

— Дзіва што!..

Ён і сапраўды быў там — спяваў разам з усімі і ўкрадкай) пазіраў на Ганну. Пад нагамі рыпеў, як асенняя капуста, снег. Ганна выглядала самай вясёлай і смяшлівай. У мігатлівым святле «гвязды» тонкімі шнурочкамі чарнелі яе бровы. І там, дзе грудзі, у яе ўжо крышачку пуклілася. Ён узяў яе за руку і праз рукавічку адчуў, як яна дрыжыць. Ад хвалявання, відаць. Яны стаялі якраз насупраць Шведавай хаты.

— Не трэба, а то людзі шчэ падумаюць, што закахаўся.

— У цябе?

— А раптам? Усялякае можа быць…

— Не бойся, я нясмелы.

— Дык з нясмелымі гэта якраз і здараецца.

Ён маўчаў.

— А я зараз паваражу! — падхапілася яна, падбегла да плота, што аддзяляў Шведаў панадворак ад вуліцы, і пачала рукою ў рукавічцы пералічваць штыкеціны, страсаючы з іх снег.

— Што гэта ты?

— Не што, а хто…

— Загадала нешта?

— Не скажу…

Яму прыемна было знаходзіцца побач з ёю, хоць ён саромеўся гэта паказваць.

Поделиться с друзьями: