Уліс з Прускі
Шрифт:
Як управіцца з той птушкай — яна ведала. Праўда, потым Гальяшы (гэта была іхняя птушка) спахапіліся, што недзе прапаў гусак, шукалі яго за жырылом, распытвалі людзей, і след навёў на Дармідонта, але паспрабуй да яго падступіся! Панскага лесніка прускаўцы не любілі. Кепскі чалавек. Калі, здарыцца, у лесе сякеру забярэ, то, прасі не прасі, не аддасць. «Ты пану вялікі ўрон зрабіў!»
Яго якраз і ўбачыў Міхаль, зайшоўшы ў карчму. Дармідонт сядзеў адзін. Перад ім на стале стаяла зялёная бутэлька, на сподачку ляжаў селядзец. Вядома было апошнім часам, што яму нечакана наставіла рогі маладая жонка. Ды з кім?! З ягоным сынам Трахімкам. Ад гэтага, мусіць, чалавек і зачасціў у карчму.
За сталом у дальнім кутку сядзелі прускаўскія мужчыны — каваль Пракоп Пахолак, Масей Галёнка і нехта яшчэ. Міхаль пазнаў Васіля Каленіка. Усе сядзелі ў шапках, бо не было такой звычкі, каб здымаць іх у карчме. Ля прылаўка, над якім звісала даўгавязая постаць Мордкі, стаяў ураднік Кастанты.
— Ну, як твае сведкі? — павярнуўся ён да Міхаля, які хацеў прайсці ўзбоч яго да той кампаніі, што сядзела ў кутку.
— Шукаю, — няпэўна адказаў Міхаль.
Кастанты мармытнуў нешта скрозь зубы і зноў павярнуўся да прылаўка, бліснуўшы мноствам начышчаных гузікаў. Усе ведалі, што службовую форму шыў яму камянецкі Мошка (адных гузікаў — некалькі дзесяткаў) за чатыры рублі, у той час як работа гэта каштавала па меншай меры восем.
— Хадзі бліжай, Міхаль, сядай! — запрасіў Пракоп. Шыракаплечы і шыракагруды, ён валодаў, відаць, немалой сілай. Разам з тым адчувалася, што гэта добры і душэўны чалавек.
Міхаль падсеў да кампаніі.
Гандлявалі ў карчме найбольш гарэлкай. Нап'юцца, бывала, мужчыны, успамянуць старыя крыўды, і раптам пачынаецца бойка. Каб усмірыць, даводзілася клікаць урадніка, які, аднак, ішоў не спяшаючыся. Урадніка баяліся ўсе. Некаторыя падаваліся прэч з карчмы, каб яму не трапляць на вока. Калі на парозе карчмы з'яўляўся Кастанты, і самога карчмара пачынала трэсці ліхаманка, а прысутныя ўсе заціхалі, сядзелі як мышы пад венікам. Карчмар ведаў, што пану ўрадніку трэба заўсёды даць чаго-небудзь мацнейшага — чай піць ён не будзе. Міхаль заўважыў, як з бакавых дзвярэй увайшла жонка Мордкі, тоўстая Дзішка. У парыку, у нейкай прасторнай адзежыне, яна ўзяла анучу і пачала выціраць прылавак. Жонка карчмара, як і кожная жонка, вельмі хацела, каб у яе Мордкі хаця б усё было добра, і таму прыязна ўсміхнулася пану ўрадніку. Кастанты не без пагрозлівасці глянуў на залу. Нядаўна ён атрымаў сакрэтную паперу з Гродзенскага паліцэйскага ўпраўлення, у якой гаварылася аб хваляваннях у некаторых паветах і прадпісвалася больш пільна сачыць за настроямі насельніцтва. Цяпер ён успомніў пра гэта.
Прускаўцы пачулі размову каля прылаўка:
— Спайваеш людзей…
— Што вы, пане ўраднік, мы толькі казённую прадаём! — як бы абурылася Дзішка.
Карчмар наліў урадніку з нейкай цёмнай бутэлькі ў вялікую чарку на тоўстай ножцы. Дзішка спрытна падсунула закуску.
— Вадою не разбаўляў?
— Што вы, што вы? Як можна! Кастанцін Цярэнцевіч!
— А то я вас ведаю!
Кастанты паднёс чарчыну да вуснаў, уздыхнуў і, не пераводзячы дыхання, але і не спяшаючыся, выліў пітво ў сябе, узяў некалькі пер'яў цыбулі, макнуў у соль і пачаў жаваць. Не дажаваўшы да канца, зрабіў строгі твар, бліжэй нахіліўся да Мордкі і зашаптаў, ды так гучна, што чутно было ў другім канцы залы:
— А ці вядома табе, хто наш унутраны вораг?
Прускаўцы насцярожыліся.
— Першы раз чую, гаспадзін ураднік.
— Што першы раз чуеш? — як бы ловячы Мордку на слове, удакладніў Кастанты.
— Што ў нас ёсць унутраныя ворагі, як вы зволілі сказаць.
— Прытвараешся?
— Ніяк нет, Кастанцін Цярэнцевіч…
— Бытта не знаеш? Жыды — гэта і ёсць першыя ворагі. Жыды і палякі…— Кастанты неяк па-дурному зарагатаў, выскаліўшы зубы. На доўгіх яго вусах іскрыліся кроплі пітва.
Карчмар пазіраў на ўрадніка, не ведаючы, чаго ад яго чакаць, а той з уласцівым яму нахабствам усё наступаў:
— Ты і сам палітычна неблаганадзейны!
Карчмар колькі разоў ціха кашлянуў. Ён разумеў, куды хіліць ягоны госць і чаго ён хоча, і, не марудзячы, зноў напоўніў тую самую пасудзіну на тоўстай ножцы.
— Будзьце ласкавы, Кастанцін Цярэнцевіч, выпіце на здароўе — азабочанасць здымае.
Ураднік не палічыў патрэбным сябе доўга ўгаворваць, падняў чарку, выпіў, глыбей насунуў на галаву фуражку з цэшкай і, хістаючыся і не зважаючы на прысутных, выйшаў з карчмы, бліснуўшы на развітанне сваім тоўстым каркам, што ўзвышаўся над каўняром паліцэйскага мундзіра.
Прускаўская кампанія ажывілася, пачула сябе ямчэй. Закурылі.
— Ну і карак у яго! — з захапленнем і зайздрасцю заўважыў са свайго месца Дармідонт, цмокнуўшы языком так, што ажно затрэслася яго рыжая барада. — Шапка на галаве не трымаецца — злазіць!
— Не дзіва, што ён за казырок увесь час хапаецца, — паспяшыў пагадзіцца з ім Масей.
— Не, гэта ён чэсць аддае, — выказаў меркаванне каваль, іранічна пасміхнуўшыся.
— Чэсць? А каго ён тут роўняй сабе лічыць?! Нікога! — у голасе Дармідонта пачуліся рэзкія ноты. Гаварыў ён хрыплым, пракураным голасам і непрыязна паглядаў навокал.
— Паехалі, хлопцы, у Амэрыку! — ні з таго ні з сяго сказаў Васіль, расшпіліўшы на сабе кароткі і добра пацёрты кажушок, які насіў, здаецца, круглы год — узімку і летам.
— Хто нас дзе чакае! — усміхнуўся шчарбатым ротам Масей.
— А раптам пашанцуе! — не пагадзіўся Васіль.
Над галовамі сівымі клубамі віўся дым ад самакрутак.
Прускаўцы былі людзьмі з некалькі, як кажуць у такім выпадку мовазнаўцы, замаруджаным моўным тэмпам. Думкі варочаліся ў іх галовах з эпічнай непаспешлівасцю.
— Ну, як здароўе? — паглядзеў на Міхаля Пракоп.
— Байкі.
— Выпі, во! — Пракоп падсунуў бліжэй да Міхаля кілішак з тоўстага шкла і наліў у яго гарэлкі.
Міхаль паслухмяна выпіў.
— Закусвай! — падбадзёрыў Масей.
Да выпіўкі гаспадары павінны былі даваць і закуску, што яны і рабілі, але не надта ахвотна і вельмі ж эканомна. Кавалачак селядца, цыбулю ды акраец хлеба.
— Ну як, захарашэла? — засмяяўся Масей, не вымаючы з рота цыгаркі.
Міхаль, успёршыся на кулак, думаў пра сваё. Кампанія глядзела на яго са спачуваннем.
— Сусед яму назаляе! — сказаў Васіль.
— Хто гэтага Яся не ведае! З ім звяжыся толькі! — махнуў рукой каваль.
— Усе глумяцца з бедняка, нават свой брат, такі ж самы бядняк, — па-філасофску зазначыў Масей і засмяяўся, як бы ва ўсім гэтым было нешта смешнае.
Дармядонт падняўся са свайго месца і падышоў да стала, за якім сядзелі прускаўцы.
— А я вам скажу: усе — сволачы! — ударыў ён кулаком аб стол, ажно падскочыў пусты кілішак.
Рыжая барада Дармідонта яшчэ больш ускалашмацілася, ён адвярнуўся і злосна плюнуў.
— Ша! — падняў абедзве рукі Мордка.
— Гэтак, чалавеча, ты нам увесь посуд пераб'еш, — буркнуў, не паглядзеўшы на лесніка, Пракоп.
— А я хачу побач з кавалём пасядзець, — сказаў Дармідонт і, забраўшы са свайго стала зялёную пляшку з селядцом, перасеў да прускаўцаў, наліў кілішак і пусціў яго па крузе.
— Ну, як там твае паны? — з усмешкай кінуў на яго вокам Пракоп.
— А, халера іх не брала.
Калі кілішак абышоў застолле, Дармідонт наліў сабе, выпіў, выцер вусы.