Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Каморнік разбярэцца ва ўсім, але сведкі спатрэбіцца могуць!

— Але ён грошай запросіць!

— Ну, дзела вядомае…

— Буду шукаць, — няўпэўнена сказаў прускавец.

— Ты, Міхаіл, я табе пасаветаваю, звярніся да суседзяў. Усё ж такі суседзі ёсць суседзі…

Дадому Міхаль ішоў не спяшаючыся, у галаве раіліся розныя думкі, прыкідваў: «Да каго ж звярнуцца?» Уперці вырашыў зайсці да Захара Відэркі. Ды і хата яго была якраз з краю. Высокую, сухарлявую постаць Захара ён убачыў здалёк. Той развешваў і латаў рыбацкую сетку.

— Божа памагай!

— Казаў Бог, каб ты памог.

Захар шырока пасміхнуўся, паказаў свае са шчарбінамі зубы і падаў Міхалю агрубелую ад рыбацкіх заняткаў руку з прыпухлымі суставамі. На падворку скакалі і шчабяталі, не зважаючы на холад і слату, вераб'і.

— Захар, справа да цябе ёсць.

— Якая справа? — у прыжмураных вачах прускаўскага рыбака пасміхалася стоеная хітрасць.

— Хацеў цябе прасіць, каб ты за сведку ў мяне пабыў! Быў я, ведаеш, у воласці, і мне Пацей нараіў. Папрасі, кажа, добрых людзей.

Захар як бы замяўся, уздыхнуў, паглядзеў на Міхаля.

— Я не бачыў.

— Але ты ж маё поле ведаеш!

Захар яшчэ раз уздыхнуў, па ўсім відаць, спачуваючы.

— Ведаеш, мне не выпадае…

— Што не выпадае?

— Ну, за сведку быць. Не ведаю я твайго поля, бо і на сваім рэдка бываю. Як я за сведку пайду? Што мне ў судзе скажуць? Падвяду я цябе. — Крыху памаўчаўшы, Захар дадаў: — Натура ў чалавека такая. Я пра Яся кажу — хіба ты яго не ведаеш?

Кужаль яшчэ крыху пастаяў, падумаў і накіраваўся да Гаўрылы Шведа. Можа, ён?

Гаўрыла са старэйшым сынам Фэдарам малацілі жыта, увішна махаючы цапамі. Адчувалася, што гэта было прывычным для яго заняткам. Фэдар — плячысты дзяцюк з васпаватым тварам — не саступаў бацьку і таксама гучна грукаў цэпам аб ток.

— Мацак! — пахваліў хлапца Міхаль і прывітаўся.

Малацьбіты прыпынілі працу, закурылі. У гэты час якраз і зайшоў у клуню прускаўскі стараста Мітрафан Давыдзюк. Выглядаў строгім і негаманкім. Нахмураныя бровы сышліся ў адну шырокую чорную дужку.

— Я вось кажу, — пачаў Міхаль, — што Фэдар хоць малады, а надта спраўна круціць цэпам.

Аднак стараста чамусьці не схільны быў падтрымаць размову. У яго, па ўсім відаць, была нейкая важная справа. Ён паглядзеў на Фэдара.

— Так-то яно так, але, браток, давядзецца табе, відаць, з цэпам на час развітацца!

Ён стараўся гаварыць голасна, каб чулі ўсе, хто быў побач. Як бы камандаваў. Усе насцярожыліся, чакалі.

— У армію цар цябе кліча! Пад сваю высокую руку!

Хлопец зірнуў на старасту, потым перавёў вочы на бацьку. Абодва знямелі, як бы пазабывалі ўсе словы, якія ведалі. Фэдар — весялун, пажартаваць любіў, а тут і мову заняло.

«Не толькі ў мяне клопаты, — падумаў Міхаль, — у людзей таксама. Салдатчына — гэта табе не жарт…»

Гэты цяжар — рэкрутчына, служба ў царскай арміі — зваліўся на Пруску даўно, адразу ж пасля далучэння Беларусі да Расіі. Прызваныя ў армію навабранцы служылі далёка ад родных краёў. Служба часта расцягвалася на некалькі дзесяткаў гадоў. Малады вяртаўся старым чалавекам. А часам і не вяртаўся — адвыкаў ад роднай хаты, прыжываўся ў чужых краях, калі не гінуў на якой-небудзь вайне. У Рускай імперыі можна было адкупіцца ад арміі, але гэта было пад сілу толькі багатым сем'ям. У такой сітуацыі ў армію бралі бяднейшых, сыноў удоў, сірот. Гаўрыла быў і не з самых бедных, але вызваліць сына ад рэкрутчыны наўрад ці мог.

Гаварыць аб сваім клопаце, пачуўшы такую вестку, Міхаль не пасмеў.

Пайсці сведкам адмовіўся і стараста. Калі яны выйшлі са Шведавай клуні і Міхаль расказаў старасту аб сваіх клопатах, Мітрафан пазяхнуў: мне, маўляў, усё вядома, але…

— Міхаль, ты ж ведаеш, мне не выпадае: стараста я… Хіба што я, можа, пагавару з гэтым дурнем?

— Гаварылі ўжо з ім…

На гэтым і разышліся.

Родная хата сустрэла цяплом. Ён зняў закарэлыя ад марозу пасталы і сунуў іх пад печ. Глянуўшы на сына, Кірыла ўсё зразумеў.

— Ой, Міхалка, у нас жа бяспраўе — хіба ты не ведаеш…

У голасе старога чулася і спачуванне, і шкадаванне, і нейкая пракаветная асуджанасць.

— Думаеш, Пацей той надта справядлівы? Ён, таго, сваю карысць хоча мець.

— Каморніка трэба наймаць і сведкі патрэбны.

— Гэта Пацей так сказаў?

— Вілаводзіць ён цябе! — дадала да свёкравых слоў Марыля, кормячы малую Барбарку.

Міхаль прамаўчаў. На наступную раніцу ён пайшоў у кузню да Пракопа.

Пасля ўчарашняй слаты дарога пакрылася хрупкім лядком. З кузні ўжо даносіліся жалезныя гукі: каваль тахкаў молатам аб кавадла — ладзіў нейкую рэч. Пракоп карыстаўся павагай — у вёсцы без каваля нельга. Раптам шворан зломіцца, ці конь раскуецца, або серп направіць трэба. Ці новую касу адцягнуць, ці, напрыклад, сашнік у плузе адваліцца, або ў самую касавіцу шыйка ў касе трэсне. Ён гнуў палазы для санак, кляпаў абады, умеў паяць. Замест драўляных сохаў пачалі з'яўляцца жалезныя плугі. Той-сёй паспеў ужо прыдбаць такі плуг у Камянцы. Пракоп авалодаў і гэтай справай, умеў сам зрабіць плуг, абы жалеза было. Ён любіў працаваць з жалезам, любіў, распаліўшы яго да чырвані, з дапамогай малатка надаць такую форму, якую хацеў.

Вясковы каваль, акрамя таго, яшчэ і зубны доктар. Калі забаліць зуб, асабліва карэнны, ды так, што чалавек месца сабе не знаходзіць і нішто не дапамагае — ні лекі, ні замовы, тады да каваля даводзіцца звяртацца. Пракоп, доўга не думаючы, браў клешчы і выдзіраў хворы зуб. Здаралася, праўда, памыляўся: замест хворага рваў здаровы, але з кім не бывае…

Пацямнелая ад часу і жалезнай копаці кузня знаходзілася за вёскай, на выгане, праз які ішла дарога ў суседнія вёскі. Ля кузні стаяў Васіль Каленік, трымаючы за вуздэчку распрэжанага каня. Прывёў падкаваць. На гаспадару той самы прывычны для ўсіх абшарпаны кажушок.

«От і Орліка трэба было б падкаваць на пярэднія ногі», — падумаў Міхаль.

З кузні выйшаў Пракоп у доўгім кавальскім фартуху. На галаве ў яго збітая з чорнай воўны магерка, якую ён не здымаў ні на вуліцы, ні ў кузні. Ад часу і пылу магерка набыла цьмяна-шэры колер. Павіталіся. Пракоп — у рабоце. Ён учэпіста ўзяў Васілёвага каня за нагу, заціснуў яе пад сваім каленам так, каб яна не вырвалася, і пачаў прымацоўваць да капыта свежую, нядаўна выкаваную падкову. Потым асцярожна стукнуў малатком па вухналю. Раз, другі, трэці… Жылы на руках у каваля тоўстыя, напампаваныя крывёй.

Васіль сказаў жартам:

— Мусіць, шчаслівы ты чалавек, Пракоп, што заўсёды падкову ў руках маеш.

Каваль засмяяўся:

— Дзе ж яно — тое шчасце? Мусіць, збегла некуды…

— А ці мог бы ты, Пракопе, так падкаваць, каб ён ніколі не спатыкнуўся? — у голасе Васіля зноў пачуўся жарт.

Засмяяўся і Міхаль.

— Чаго захацеў! — у Пракопавых вачах з чырвонымі павекамі таксама зайгралі іскрынкі ўсмешкі:

— Прайшла чутка, што ты ў Амэрыку сабраўся?

— Ужо шыфс-карту маю! — пахваліўся Васіль.

Поделиться с друзьями: