Уліс з Прускі
Шрифт:
У Прусцы ўжо ні для кога не было ні навіною, ні сакрэтам, што ў маладога Кужаля з Ганнай Васілішынай каханне.
Частка трэцяя
І
Прайшоў яшчэ год, яшчэ адна зіма. Вясна дадала новых клопатаў. У Кужалёў на падворку з ранку да вечара грукаюць сякеры. Ставяць новую хату. Старая дажыла свой век і струхлявела неяк у адначассе, раптоўна. Такой старой, здаецца, яна ніколі і не была. Дах усё больш выгінаўся і пагражаў наогул абрынуцца ўніз. Яшчэ Міхаль збіраўся ставіць, але так, бедны, і не паспеў.
З грошай тое-сёе мелі, прадалі да таго ж частку збожжа з новага ўраджаю і купілі ў пушчы казённага лесу. З лесам дапамог Дармідонт, хоць і ўзяў добрую дайку. Бярвенне звозілі талакой — ніхто не адмовіўся дапамагчы. Ездзіў нават сусед Ясё, што было нечаканасцю, бо Кужалі не лічылі яго сваім зычліўцам. З бярвёнаў спілавалі аполкі, зрабілі брусы. Нанялі цесляроў — прыйшоў Нічыпар Дойлід з двума сынамі. Цесляры знакамітыя, не адну хату паставілі. А неўзабаве і дзядзька Хведар з Свішчова з'явіўся. Затахкалі сякеры, загучэлі пілы. На падворку прыемна запахла смалой і свежымі трэскамі.
З самых тоўстых бярвёнаў паклалі падрубы, абапёршы іх з кожнага вугла на магутныя валуны, якія, ужо прыпасеныя, прыкацілі з-за клуні. Падрубы клалі не спяшаючыся, з веданнем справы, нават урачыста. Каб прыставала шчыльней, давялося там-сям і гэблікам пахадзіць.
Побач, на мяжы з Ясевым гародам, ужо цвіў вішняк. Пад візгатлівы енк пілы ціха асыпаліся пялёсткі, быццам кагосьці безнадзейна шкадуючы. Але майстрам няма часу любавацца імі, бо шмат работы.
— Гаспадыня, дзе будзеш дзверы рабіць? — спытаў Нічыпар падчас вячэры, пагладзіўшы далонню шырокую лысіну, што паспела ўтварыцца на галаве ў яго яшчэ не старым узросце.
Елі гарачую, толькі што адвараную бульбу. Марыля засмажыла яе дробнымі скваркамі, паліла тукам. Смачна!
— Каб на падворак выходзілі!
— Там, дзе сені, паміж хатай і каморай, — удакладніў Кірыла.
— А на які вугал зруб будзем класці?
Кірыла паскроб патыліцу, глянуў на ўнука.
— Хай будзе чысты вугал, як у Камянцы, — выказаў прапанову Лявонка.
— Як у мястэчку? Ну то добра, — пахваліў Лявонкаў густ дзядзька Хведар.
— Вокны вялікія не рабіце! — папярэдзіла Марыля. — Дзе ж таго шкла набярэшся? Ды і зімою цяплей…
Паступова рос зруб, па якім увішна лазілі ўчэпістыя, як павукі, цесляры. Два акны глядзелі на вуліцу, два — у двор. Занятыя справай цесляры і не згледзелі, як нехта зайшоў на панадворак, стаў ля хаты.
— Божа памага-ай!
Гэта — Кузёмка. Майстры ўбачылі яго, калі той зазірнуў у праём акна.
— Сказаў Божа — хай сам паможа! — зарагатаў Хведар-свішчовец.
— Я, ведаеце, спяшаюся!
— А куды? — Нічыпар зашчаміў сякеру ў бервяне і змахнуў з шырокай лысіны буйныя кроплі поту.
— Мала куды — свет вялікі!
Усе ведалі, што Кузёмка любіў гаварыць загадкамі і прыпавесцямі.
— Ну што, аднак, як ты цяпер? — звярнуўся ён да Лявонкі.— Ты ўжо гаспадар цяпер, у Камянцы ўжо не вучышся.
— Калі б не доўг Падгурскаму, то можна было і павучыцца, — адказаў хлопец.
Хведар кінуў малаток на зямлю.
— Па свеце ходзіш, а што новага чутно?
Час, вядома, дарагі, але разам з Хведарам і астатнія прыпынілі працу, чакаючы, што скажа вандроўнік.
— Ой-ёй-ёй, — уздыхнуў той, агледзеўшы полы сваёй кароткай світкі і блішчастыя боты, добра-такі прыцярушаныя дарожным пылам. Потым цмокнуў языком і скрушна паведаміў: — Набліжаецца, па ўсім відаць, канец свету, да ўлады рвецца сатана. Хоча адняць яе ў самога цара.
Прускаўцы пра гэта тое-сёе ўжо чулі. Сумныя весткі ішлі з Далёкага Усходу, дзе глуха грымела руска-японская вайна, у якой удзельнічаў прускавец Фэдар Швед.
Газеты чытаў настаўнік Фама Фаміч Шпронька. Ён жа і каменціраваў тагачасныя падзеі, у якіх было шмат новага, незразумелага, бо, напрыклад, даходзілі чуткі, што неспакойна ў гарадах. Японская вайна яшчэ працягвалася, а гаварылі ўжо не пра яе, а пра рэвалюцыю. Пару тыдняў назад каля карчмы нехта паперку згубіў ці наўмысна пакінуў. Каваль Пракоп падняў і разам з Масеем Галёнкам прачыталі. Паперка заканчвалася словамі: «Далоў цара, памешчыкаў і капіталістаў!» Усе ведалі, што супраць улады ісці нельга — улада ад Бога, а тут раптам такое…
— Уладу трэба слухацца, на тое яна і ўлада, — уставіў слова разважлівы Нічыпар.
— Слаба нешта яна нам, таго, спачувае, — уздыхнуў Кірыла, які працаваў разам з цеслярамі.
— Што б тады было, каб улады не было? — паціснуў плячыма Хведар. — З кіямі адзін на аднаго палезлі б!
Кузёмка падняў палец угору:
— Улада была б добрая, каб людзі былі лепшыя.
— Простыя людзі — дабрэнныя, — не глянуўшы на Кузёмку, сказаў Кірыла, — гэта сярод паноў шмат дрэнных.
— Людзі розныя, — патлумачыў Хведар, — адны ўмеюць прыстасавацца да жыцця, другія — не.
— Багатыя не такія, як мы, яны іншыя, — заўважыў Нічыпар, — нездарма ж яны такія скупыя. Бяднейшы — ён больш шчыры.
Што праўда, то праўда: нават у прускаўскім наваколлі людзі жылі па-рознаму. Адны — сытна, бесклапотна, другія, можна сказаць, у галечы. Пачалі з'яўляцца заможныя, вызначыліся двары сярэдняга дастатку, але больш за ўсё беднаты. Бедната смешна цягнулася за багацейшымі, кожны хацеў, каб яго таксама лічылі чалавекам, гаспадаром. Здаралася, закажа каторы ў карчме кілішак, дык больш на грудзі пралье, чым вып'е. Каб пахла, каб ведалі: гарэлку піў,— значыць, ёсць за што.
— Ано, з другога боку, і роўнымі ўсе не могуць быць, — не згадзіўся Хведар.
— А гэта ўжо так! — падтрымаў яго Кузёмка і пачаў тлумачыць: — Бог стварыў мужыка з гліны, а пана — з цеста, якое з пшанічнае мукі замясіў. У час гэтай работы сабака круціўся побач, пачуў цеста, рассмакаваўся і з'еў пана!
Усе зарагаталі.
— Заўважыў гэта Бог, страшна разгневаўся ды пачаў трэсці сабаку — з таго і пачалі сыпацца на ўвесь свет паны. Пан, які ўпаў пад дубам, назваўся Дубіцкім, пад вольхаю — Альхоўскім, пад бярозаю — Беразоўскім і так вось далей.
Прысутныя маўчалі.
— Ваш, відаць, пад гарою зваліўся — Падгурскі,— скончыў Кузёмка свой аповед.
— Падгурскі — значыць, пад гарою, — пагадзіўся Нічыпар.
— А можа, ён па натуры такі? — сказаў адзін з сыноў Нічыпара.
— Ведаем мы іх натуру! — усміхнуўся Кірыла.
Кужалі былі вінаватыя Падгурскаму за зямлю, і той раз-пораз праз аканома нагадваў пра гэта.
— Кроквы рыхтуй, гаспадар! — Кузёмка галавой паказаў уверх. — Ды страху добрую!..
— Ох, усё ты, чалавеча, ведаеш! — засмяяўся Хведар.