Уліс з Прускі
Шрифт:
— А такі браў,— ажыў маўчун Хомка.
Піхта пасміхнуўся, хлопнуў Хомку па плячы:
— Цыган на ўсе рукі майстар! А што? Посуд ніхто лепш за нас не палудзіць. Мы ўсякае жалеззе ведаем!
— Бадзягі вы! — жартоўна сказаў Пракоп.
Піхта не абразіўся:
— У кожнага свой лёс! Для цыгана доля — гэта воля!
— Можа, і так, — разважліва заключыў каваль, скручваючы цыгарку.
Піхта, не глянуўшы ў яго бок, сказаў:
— А што на месцы сядзець?! Чалавеку прастор трэба!
Хомка пачасаў патыліцу і нешта таксама хацеў сказаць, але не рашыўся.
— Жыццё прымусіць! — уступіў у размову Кірыла. — Жыццё — цікавая рэч! — і памкнуўся скручваць цыгарку, але Марыля яго спыніла — не хацела, каб свёкар курыў.
— Нехта называе нас валацугамі,— працягваў Піхта, — а мы падарожнікі, мы праўду шукаем.
— У кнігах ды газетах шмат праўды, — рашыўся нарэшце нешта сказаць Назар і глянуў на Лявонку.
— Мы, бацю, кніг ды газет вашых не чытаем, жыццё — найлепшая кніга! — з гонарам абвясціў Піхта, беручы чарговую чарку.
«Бачыш, — падумаў Лявонка, — ёсць народ яшчэ дурнейшы ад нас, хваляцца, што кніг не чытаюць…»
У табар Піхта вяртаўся з песнямі.
Цыганы паехалі гэтаксама нечакана, як і з'явіліся. Раніцай іх ужо не было, з'ехалі яшчэ да ўзыходу сонца. Прускаўцы паставіліся да іх досыць талерантна, і толькі айцец Глеб не ўхваліў прыезд цыганоў: «Нашчадкі Каіна!» — сказаў пра іх у царкве.
ІХ
Адсвяткавалі Пятра і Паўла, пара было брацца за жніво. Зажынаць прускаўцы пачыналі звычайна ў суботу. З раніцы, узяўшы нажніцы, Кірыла акуратна падкараціў бараду — падмаладзіўся. Паснедаўшы разам з унукам, пайшлі ў поле, на Доўгія, дзе было пасеяна жыта. Зырка свяціла сонца. Пад ім важка хіліліся дадолу налітыя зернем буйныя вусатыя каласы.
— Ядранае сёлета жыта зарадзіла. — Кірыла сарваў колас, перацёр у далонях.
З коласа лёгка вылузваліся зярняты. Кірыла не дапусціць, каб жыта ці пшаніца перастаялі. Можна прыступаць да касавіцы. Але напачатку трэба было пераканацца, ці няма дзе ў жыце закруту. Закрут — паламаная і перакручаная кімсьці жменя сцяблоў — справа рук нядобрага чалавека. Залом ці закрут не зжыналі. На гэты раз нічога такога не знайшлі і ў панядзелак выйшлі ўтраіх: Кірыла, Лявонка, Марыля. Спачатку вырашылі жаць сярпамі.
Жанчына павінна была за дзень нажаць капу снапоў, не менш, і кожны сноп палажыць на перавясла, каб гаспадар мог яго моцна звязаць. Марыля — жняя ўвішная. Мужчыны цягнуліся за ёю, але праца сярпом марудная, і яны хутка пабралі косы. Цяжка цягнуць касу ў жыце — гэта табе не трава. Унук бачыў, як напружыліся жылы на карычневай ад загару дзедавай шыі. Час ад часу яны мянцілі косы і гэтым самым як бы і адпачывалі. Марыля ззаду пачала вязаць снапы.
— Першы сноп, Марыля, у покуці паставім, — сказаў Кірыла.
Гэта таксама старадаўні звычай, якога ў Прусцы прытрымліваліся.
Свежая пожня востра калола ногі, але Кужалі на гэта не зважалі. Па суседстве, праўда, апярэдзіўшы іх на добрыя гоні, касіў Ясё.
Нарэшце Лявонка з маці паставілі першыя ляшкі і прыселі ў цяньку перадыхнуць, папіць квасу.
Кірыла таксама адпіў квасу з цыбуляю, што стаяў паміж снапоў у ляшцы, зрабіў унуку заўвагу:
— Шчыльна снапы стаўляеш — прадухі знізу не будзе.
— А па-мойму ў самы раз, — не згадзілася маці.
У паветры стаяў сухі пах свежай пожні.
— Шчаслівы, хто жне, — задумліва сказала Марыля, глыбока ўдыхнуўшы гэтага паху.
На нейкі момант усе замаўчалі, прыгадаўшы нябожчыка гаспадара…
— Шчаслівы… Але ж, я думаю, шчаслівы і той, хто сее… — у адказ нявестцы прамовіў Кірыла.
Марыля ўздыхнула:
— Гляджу я на нашых дзяўчатак, і часам такі жаль возьме…
— Чаго ўжо гэтак? Неяк жа яно будзе, — азваўся Кірыла.
У Лявонкі ў галаве адна Ганна. Апошні час ён думаў толькі пра яе. Марыля ўжо заўважыла, што сын вырас і з ім дзеецца тое, што і з усімі ў яго ўзросце. Яна і цяпер прыкмеціла яго задуменнасць: не то ён побач, не то ў іншым нейкім месцы, далёка ад іх. І Васіліха апошнім часам часцей стала да іх заходзіць — пазычыць што ці проста перакінуцца словам. Марыля таксама забягала да Васіліхі — з'явіліся як бы агульныя інтарэсы. Але былі і сумненні…
Марыля глянула на сына:
— Табе і сапраўды падабаецца Ганна?
Лявонка пасміхнуўся, няпэўна кіўнуў галавой.
— Але ж яна бедная.
— Нічога. Ганна — увішная дзеўка, — падтрымаў унука Кірыла і падправіў яшчэ не зусім сівы вус.
— Мамо, вы ж самі казалі, што яна спраўная!
— Што з таго, што спраўная… — Марыля яшчэ раз наліла ў кварту квасу. — Зямлі ў іх замала, менш, чым у нас. Ды яна і старэйшая за цябе.
— Ну і што, што старэйшая. На колькі там старэйшая — на год які…
— Ой, мусіць, на два!
«Ох, гэтыя сямейнікі,— злаваў у думках Лявонка, — цяжка ім што-небудзь даказаць…»
…Свежыя, прасушаныя снапы звозілі ў клуню, складалі ў застаронак. Цыганчык (так назвалі каня, што купілі ў Піхты) паказаў сябе рухавым конікам, цягавітым ў працы. Наперадзе яе шмат. Даспявала ярына — пшаніца, ячмень, авёс. Пасля рабочага дня людзі, павячэраўшы, дабрыдалі да пасцелі і валіліся спаць.
Лявонка, адвёўшы Цыганчыка на выган, за Жырыло, пабег на спатканне з Ганнай. Заходзіла, хавалася ў карчах сонца, фарбуючы ў чырвоны колер вершаліны выносных вольхаў. Ганна ўжо чакала. Некалькі дзён не бачыліся. Выглядала яна нейкай засмучанай. Селі пад вярбой.
— Цяпер, напэўна, пакінеш? — Ганна перакінула з грудзей на спіну сваю прыгожую касу, якая так пасавала ёй.
Нарэшце ён зразумеў: гэта яна мела на ўвазе тую іх ноч у клуні. Прускаўскія хлопцы часта, пасля перамогі, паспытаўшы першага кахання, кідалі дзяўчат, нават не адчуваючы драматызму становішча і сваёй віны.
— Чаму ты так думаеш?
— Паспытаў…
Відаць, праўду кажуць, што жанчына раз у жыцці губляе розум.
— Што ты, Ганначка! Ніколі цябе не пакіну!
Ён і сапраўды быў бязмерна шчаслівы і адначасна пакутаваў ад таго, што яна сумняваецца ў яго шчырасці. Божа мой! Якая яна прыгожая, якая незвычайная! Сёння яна чамусьці нагадвала яму пяшчотную шыпшыну, што расцвіла ў зацішным лясным кутку.
— Што ты зараз пра мяне думаеш?
— Ты прыгожая сёння, як шыпшына…
Ганна адвярнула галаву ўбок.
— Ты заўсёды нешта прыдумаеш…
Аднак параўнанне, відаць, прыйшлося даспадобы.
— Я жыць без цябе не магу.
— Так ужо і не можаш! Як бы не такая, як усе…
— Ты лепшая за ўсіх!
— Скажаш…
— Ганулька!
— Што?
Ён паспрабаваў прыгарнуць яе да сябе.
— Пацалуй!
Але дзяўчына не рэагавала на яго жаданні. Наадварот, надзьмула губкі, быццам была на каго сярдзітая.