Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Дык што, так і будзем?

— Я не чакала, што ты такі…

— Які?

У паглядзе яе шэрых вачэй мільганула капрызлівасць:

— Як Трахім. Кажа: усіх дзевак не перабярэш, але старацца трэба…

— Дык гэта, можа, Трахім, але не я.

— Усе вы аднолькавыя.

Над галовамі зашапацела вярба — ад ветру ці што праляцела.

— Гануся!

Ганна маўчала.

— Ганусенька!

Ганна не адказвала.

— Эх, камень у цябе замест сэрца!

— Цяпер багатых шукаюць, — сказала Ганна. Паміж брывамі ў яе з'явіліся тонкія крыўдлівыя складачкі.

— Нешта я цябе не разумею, — паціснуў плячыма Лявонка, — я ж таксама небагаты…

І тут Ганна не стрымалася:

— Што ты хочаш сказаць? Што я бедная? Дык пашукай сабе другую — багатую!

Яна ўстала і пайшла ад яго нейкай неўласцівай ёй ганарыстай паходкай, як бы жадаючы падкрэсліць сваю незалежнасць. Ці, можа, хацела крыху памучыць яго? Думае, што ён пачне ўтрымліваць? А ён вось і не ўтрымлівае!.. Толькі наўздагон крыкнуў:

— А ты яшчэ прыгажэй, калі злуешся!

Але яна і не азірнулася, як бы ён перастаў для яе існаваць. Значыць, яна не хоча з ім бачыцца. Стала да слёз крыўдна. Але што ж, какецтва, як вядома, уласцівае ўсім жанчынам.

…Касавіца яшчэ не скончылася, а ў многіх прускаўскіх клунях ваўсю загрымелі цапы — гаспадары спяшаліся малаціць жыта. Што трэба — змалоць, што — прадаць на базары, каб якая капейчына была. Працуючы, Лявонка паступова забываў на сваю крыўду, і, як гэта здараецца ў маладых, за спрэчкай наступіла прымірэнне. Гэта адбылося перад провадамі дзядзькі Васіля — Ганнінага бацькі — у Амерыку.

Увогуле прускаўцы вызначаліся прывязанасцю да сваіх хацін, сем'яў, да сваёй мясцовасці. Ніхто далёка не ездзіў.

— Бэрысця таго я і не бачыла, — не то выказвала крыўду, не то хвалілася старая Луцэя, гаворачы пра бліжэйшы павятовы горад.

Там-сям, праўда, бываць здаралася. Уражанні, якія прускаўцы выносілі з сваіх падарожжаў, часам бянтэжылі сваёй нечаканасцю.

Іван Шаўчук з Выгнанкі пабываў у Варшаве (хадзіў пяшком, ды гэта, зрэшты, не так і далёка, калі напрасткі — кіламетраў дзвесце) і быў вельмі здзіўлены невераемнай колькасцю комінаў над гарадскімі дахамі. Калі ў яго пыталіся: «Ну, як там Варшава?», Іван адказваў:

— Столькі комінаў! А бра-атачка!.. А потым яшчэ тыя, халера на іх, — успомніўшы, дадаваў ён, — балконы! Да цагляных сцен прылеплены. Як яны трымаюцца — не ведаю. Страшна ісці па тратуары: а раптам адваліцца, упадзе, ды, не дай Божа, па галаве!..

У Іерусалім хадзіла Лёкса Бабіч. У царкве Уваскрасенія малілася, твар асвяжыла ў Іардане, там, дзе біблейскі Іаан хрысціў першых хрысціян. Хвалілася, што на беразе пад вярбой адпачывала. Пасля гэтага яе нейкі час лічылі святой, але потым прызвычаіліся і пра ўсё забылі. Вярнуўшыся з падарожжа, яна сказала:

— А зямля, людкове, круглая, як яблык.

Гэтае старое слова «людкове» (людзі) жыло тут здавён, яшчэ з часоў Кіеўскай Русі і Галіцка-Валынскага княства. Праўда, Лёксе ніхто не паверыў, што зямля круглая, але школьны настаўнік Фама Фаміч Шпронька пацвердзіў: круглая. Калі прама пойдзеш, дык можаш вярнуцца да таго месца, адкуль выйшаў.

Пра Амерыку, куды збіраўся дзядзька Васіль, у Прусцы загамнілі неяк раптоўна і нечакана. Пачалі работу вярбоўшчыкі. У Берасці абаснавалася агенцтва галандскай параходнай кампаніі «Карлсберг». За невялікія грошы — усяго толькі пяцьдзесят даляраў — яна абавязвалася даставіць сваіх кліентаў з Лібавы ў Нью-Йорк. Пачалі даходзіць весткі з суседніх вёсак пра тое, што некаторыя смелыя хлопцы рызыкнулі паехаць.

— Ад Лібавы да Нью-Йорку на ўсім гатовым — сто рублёў! — казаў Масей Галёнка, які пра ўсё даведваўся першы. — Танна!

«Самыя танныя білеты і самыя лепшыя ўмовы» — хваліліся прадстаўнікі кампаніі «Карлсберг».

Пра Амерыку ішлі чуткі, што гэта залатое дно! Там на платах бліны вісяць, і тут жа збанок са смятанкай стаіць — макай і еш! Прускаўцы пасміхаліся, але поўнага даверу не было. Што і казаць: цяжкадумы па натуры.

Пра ад'езд дзядзькі Васіля ён пачуў ад самой Ганны ў час выпадковай сустрэчы:

— На наступным тыдні бацька ў Амэрыку ад'язджае. Разам з дзядзькам Ляксеем…

Гэта была ўжо канкрэтная дата. Паспелі і азіміну скасіць, і ярыну і цяпер вось ад'язджалі.

«Значыць, — думаў Лявонка, — і нашых прускаўцаў пацягнула перайначыць ці хаця б неяк расхістаць тое, што спрадвеку наканавана…» Ён таксама прыйшоў развітацца з дзядзькам Васілём. Ганнін бацька, цесць, можна сказаць. Народу назбіралася шмат. Ды і Ляксей таксама ж не чужы чалавек — аднавясковец! Ляксей ужо стаяў ля воза, гаварыў з мужчынамі. Жонка была побач з ім, ціха плакала, ражком хусткі выціраючы вочы.

— Доўга мы там не затрымаемся — вясною вернемся. Сеяць жа трэба будзе! — супакойваў Ляксей.

Падышоў другі Ганнін дзядзька, па маці, Сцяпан. Ён, як і ўсе, крыху на падпітку. Гукнуў на маладую свінку, што вылезла з падваротні. Свінка, не звяртаючы на яго ўвагі, пабегла ўздоўж дарогі.

Нарэшце ў канцы вуліцы паказаўся дзядзька Васіль з драўляным сундучком, у пінжаку з даматканага сукна. За гаспадаром выйшлі жонка і дачка. Адна і другая — са слязьмі на вачах. Васіль кінуў сундучок у воз, павярнуўся да аднавяскоўцаў, з кожным пачаў непаспешліва развітвацца за руку. Следам за ім з усімі развітваўся Ляксей. Прыпазніўся крыху прускаўскі стараста Мітрафан Давыдзюк, але яму гэта паложана па чыне.

— У Амэрыцы нават самы бедны есць пірагі! — сказаў Трахімка, як быццам ён у той Амерыцы ўжо пабываў.

Яго падтрымаў Масей Галёнка:

— Золата там лапатай грабуць! — Ён паглядзеў на здзіўленых аднавяскоўцаў і дадаў: — Вось так! Бярэш лапату і грабеш!

На развітанне дзядзька Васіль моцна абняў і пацалаваў жонку, потым дачку, абвёў поглядам усіх, хто праводзіў, і ўскочыў на воз. Лявонку здалося, што дзядзька Васіль вылучыў яго з усіх і нават падміргнуў.

Усе глядзелі ўслед, аж пакуль воз з седакамі не знік за павароткай. Чутно было, як задрыжэў пад конскімі капытамі масток праз Плісу.

Ляксей Каленік з цягам часу вернецца, пабудуе ветраны млын, а Васіль так і застанецца там, і невядома, які яго напасцігне лёс…

Праз колькі дзён Лявонка сустрэў Ганну.

— Як вы там з маці? Цяжка?

Дзяўчына ўздыхнула.

— Пакуль што нічога. Круцімся.

— Можа, дапамагчы што?

— Паклічам, калі што якое…

Потым яны яшчэ доўга гаманілі, і яна прызналася:

— Я ўдзячная табе, з табой я ўпершыню жанчынай сябе адчула.

Ад'езд бацькі ў Амерыку зблізіў іх яшчэ больш. Зноў пачалі бачыцца штовечар, і з кожнай сустрэчай цягнула да яе ўсё мацней. Побач з ёю ён адчуваў, што адолее ўсё, нават самае цяжкае. І ёй прыемна было ад думкі, што ёсць на свеце чалавек, гатовы дапамагчы ў нялёгкую хвіліну, і што ён кахае яе.

Поделиться с друзьями: