Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Праз альшыну відаць было, як цыганы спыніліся на Агульным і пачалі распрагаць коней. У Пруску даносіліся іх вясёлыя смех і гамана. Госці мелі намер, відаць, затрымацца, бо паставілі шатры і адразу ж узніклі спевы, музыка і танцы. Запалала вогнішча.

Да цыганскай стаянкі пацягнуліся людзі. Лявонка пайшоў з Кірылам.

— Не баўцеся надта! — крыкнула ўслед Марыля, але яны былі ўжо за весніцамі і зрабілі выгляд, што не пачулі.

Ідучы ля Ганнінай хаты, Лявонка глянуў на гародчык з вяргінямі: «Будзе ж, мабыць, і яна…»

Кірылу Піхта пазнаў здалёк:

— А Міхаль як? — ён ведаў Кірылавага сына.

Кірыла глыбока ўздыхнуў і сумна пакруціў галавой.

— Памёр.

Піхта паглядзеў на Лявонку. Бялкі яго асалавелых ад гарэлкі вачэй — у чырвоных пражылках.

— Дык ты Кірылаў унук?

— Унук, — замест Лявонкі адказаў Кірыла.

— І ты, Пракоп, тут, — Піхта заўважыў каваля, які падышоў да іх.

Павіталіся.

— Эй, нясіце сюды чарку! — Піхта махнуў рукой цыганам, сярод якіх стаяў важак.

Лявонка прыкмеціў яго адразу. Важак вылучаўся сярод цыганоў высокай шапкай і чырвонымі ботамі. За халяваю — бізун. Твар валасаты — толькі нос тырчыць. Позірк калючы. Глянуў на Лявонку — як нажом паласнуў.

Да гурту далучыліся Каленікі — дзядзька Васіль з братам Ляксеем, а за імі і сусед Фёдар Тупчык.

Праз гоні якія стаяў Дармідонтаў хутар. Лявонка паглядзеў у той бок. Самога Дармідонта пакуль што не відаць — недзе, мабыць, у лесе. Ды і сыноў яго — Трахімкі і Цімошы — таксама няма.

Цыганы самі весяліліся і частавалі кожнага, хто прыходзіў у табар, — налівалі шклянку гарэлкі, на закуску давалі сала з хлебам. Цыганы, як вядома, надта любяць сала, а яшчэ з гарэлкай! Адчувалася, што гэты народ не думаў ні пра мінулае, ні пра будучыню, жыў сённяшнім днём. Табар весяліўся. Хіба што толькі важак, абцяжараны сваім адказным становішчам, пагардліва паглядаў навокал і не спрабаваў ні з кім гаварыць.

— Кірыла, расказвай, як жывеш! — не сунімаўся Піхта.

— Якое там жыццё без каня…

— Няма каня? — здзівіўся цыган.

— Пайшоў за гаспадаром услед…

Піхта ажно прысвіснуў, потым спачувальна пацмокаў языком.

— Пачакай, бацю, можа, як дапаможам… — і ўсміхнуўся: — Цыганы — багатыя!

Кірыла з недаверам паглядзеў на яго.

— Не бойся, я не канакрад. Каб я ім быў, дык барон не трымаў бы мяне каля сябе. А наш барон — чалавек!

Барон якраз выйшаў з шатра і перамінаўся з нагі на нагу. Гэта быў поўны, каржакаваты мужчына сярэдняга росту. Ён ляніва паазіраўся навокал, паблажліва ўсміхаючыся і паказваючы некалькі залатых зубоў. Заўважыўшы барона, заспявала скрыпка, і амаль адначасова стаў пастукваць бубен, які ў нечым згаджаўся з ёю, а ў нечым быццам бы і пярэчыў. Каля вогнішча закруцілася маладзенькая цыганка з каралямі на тонкай стройнай шыі. Закінула назад галаву і расставіла рукі.

Эх, зорачка, Паўночная-я. А я дзевачка Непарочная-я…

— Ружа спявае! — кіўнуў у бок цыганкі Піхта.

Апранута спявачка ў яркае чырвонае адзенне. Кофта з шырокім выразам і спадніца стракацяць непрывычнымі для тутэйшага вока зыркімі кветкамі. На шыі, на руках забразгаталі маністы і браслеты. Па твары пераліваўся водсвет кастра.

— Чавэло! — вясельны табар дыхнуў нейкай абвостранай пачуццёвасцю.

Да цыганкі падскочыў і затросся ў танцы малады цыган у шырокай чырвонай кашулі. Не ўтрымаўся і Піхта і таксама пайшоў у пляс, лоўка ўдараючы далонямі па халявах. Цыган-скрыпач падышоў да Кірылы (чамусьці выбраў менавіта яго) і пачаў наігрываць яму над вухам. Кірыла смяяўся.

У натоўпе аб'явіліся прускаўскія хлопцы — Трахімка з Цімошам і Грышкам, пачаліся смех, жарты. Прывалокся Гамон. Потым прыбеглі Піліпко з Цімошкам. Непаспешлівы Назар Хомка далучыўся да гурту.

— Гэй, Ружа, хадзі сюды. Пан да нас прыйшоў, пагадаць хоча, — паклікаў яе Піхта, які зноў апынуўся каля Кірылы з Лявонкам. Ён засопся пасля заліхвацкага плясу.

— Абмане яна, — ухмыльнуўся Трахімка, выдыхнуўшы дым ад тоўстай самакруткі.

— Абмануць таксама трэба ўмець, — патлумачыў Піхта. — І ведаць, каго абмануць. Добрага чалавека не трэба — грэх. А вось калі ён ды нядобры…

Лявонка стаяў з краю, і цыганка падышла да яго, узяла за руку, пяшчотна пагладзіла і раптам усёй постаццю прыльнула да хлопца:

— Ой, які ты!

«П'яная!» — асуджальна падумаў Лявонка, аднак не адступіў.

— О-о! — ажывіўся гурт.

Мякка зазвінелі каралі, у гарачым дыханні цыганкі чулася незразумелая ўзбуджанасць. Потым яна, нібы апамятаўшыся, адхінулася і падняла яго руку, далонню уверх, да сваіх вачэй.

— Кажы праўду, пустога не мялі! — крыкнуў ззаду нехта з прускаўцаў, здаецца, усё той жа Трахімка.

— Як цябе зваць, хлопец?

— Лявон.

— Вось твая лінія, Лявон. Бачыш? Шмат пражывеш. Доўгая дарога табе суджана. Далёка завядзе яна цябе. Шмат дзіўнага пабачыш на белым свеце…

Лявонка адчуў яе пах — цыганка, відаць, націралася нейкім духмяным зеллем.

— У цябе добрыя лініі. Лінія сэрца, лінія галавы…

Ізноў чамусьці падумалася пра Амерыку, пра тое пытанне, якое задала нядаўна Ганна: «Няўжо я калі-небудзь паеду? Не, мусіць, такога не здарыцца ніколі».

— А тут, здаецца, яшчэ адзін паварот, у другі бок!

Варажбітку акружыў натоўп, большасць — прускаўцы.

— Далёка ад радзімы будзеш жыць, ад бацькавай хаты. Нетутэйшая жанчына цябе пакахае.

— О-о! — здзівіўся Гамон.

Прысутныя зарагаталі. Разам з усімі засмяяўся і ахмялелы Піхта. Цыганка не выпускала Лявонкаву далонь са сваіх мяккіх, але ўчэпістых рук.

— Цяжка хварэць будзеш, але хвароба пройдзе, паранены будзеш — выратуешся, — варажбітка яшчэ ніжэй схілілася над яго далонню. — Але памрэш у роднай хаце.

Усе прымоўклі.

— І губляецца лінія!..

Хлопец і верыў, і не верыў цыганчыным словам, ён сунуў руку ў кішэню і аддаў ёй усё, што там было, — некалькі капеек.

— Нейкая яна непадобная на вас, — сказаў Кірыла Піхту.

— А як інакш? — матлянуў галавой той. — Яна з далёкага табару.

У цыганоў такое здараецца спрадвеку. Піхта стаў казаць яе гісторыю. Аднойчы ноччу знянацку, калі яна ішла з вёскі да сваіх, на яе накінуліся, схапілі і павезлі, і яна вымушана была выйсці замуж за чужога цыгана. Сам барон гэта ўхваліў: загадваў голас прыроды, бо ў табары ўсе перарадніліся і трэба была свежая кроў. Даведаліся бацькі — развялі рукамі: «Што паробіш — доля наша такая, цыганская…»

Поделиться с друзьями: