Уліс з Прускі
Шрифт:
Ганна дапамагала маці ставіць на стол, а потым пайшла пераапрануцца.
— Ты ж будзь прыветлівей з ім! — прасіла Мелані.
Стол ламаўся ад кукурузнага хлеба, сотавага мёду, крута звараных яек, смажаных куранят і рыбы. На шырокім падносе, у цэнтры стала, ляжаў сакавіты свіны кумпяк.
— Ой, чаго тут толькі няма! — пляскала ў далоні нейкая вясёлая фермерша з грыўкай чорных валасоў над ілбом і маладым румянцам на шчоках. — Эндзі, Джэсі, Марыён, вы толькі паглядзіце! — гаварыла яна сваім сяброўкам — таксама жонкам фермераў, аглядаючы багаты стол Бузукоў.
— Даротка! Даротка! — усе ўзрадаваліся новай госці, якая толькі што прыехала разам з мужам — каржакаватым мужчынам з вусамі.
Мужчыны гуртаваліся асобна.
— Загарадзь тую ці скончылі? — пытаўся Пітэр у Грыцька.
— Не, будзем вышэй паднімаць! — запэўніў той і паказаў рукой, якой вышыні павінна дасягнуць агароджа.
— А што гэта вы, суседзе, агароджу пачалі будаваць ад мяне? — азваўся стары Гэп, які з высока ўзнятай галавой сядзеў у цэнтры стала.
— Гэта ж добра, містэр Гэп! Лепш сябраваць будзем! — засмяяўся Грыцько.
— Вунь Спаркі сваю гаспадарку заводзяць, — сказаў адзін з гасцей — фермер з доўгімі сівымі вусамі.
— Папярэднік іх прагарэў,— напомніў містэр Гэп.
— Думаю, што ў нас да гэтага не дойдзе, — засмяяўся Пітэр.
Госці крыху прымоўклі. Словы Пітэра, пэўна здаліся ім залішне самаўпэўненымі. З'явілася нарэшце і Ганна. На галоўцы ў яе акуратна сядзеў блакітны капялюшык з чырвоным пяром.
Першы падаў голас гаспадар. Не ўстаючы з крэсла, ён сказаў:
— Схілім галовы і звернемся ў думках да Усявышняга.
Худы, маршчыністы твар Грыцька яшчэ больш выцягнуўся, шчыльна сціснутыя вусны зашавяліліся. Седзячы за сталом, ён уголас прачытаў малітву, а потым, нібы каменціруючы яе, прамовіў, абвёўшы поглядам прысутных:
— Хрыстос патрабуе, каб мы любілі бліжняга, як і самога сябе.
Лявонка ўжо і раней меў магчымасць адчуць, што рэлігійнае пачуццё ў гэтых людзей уключала і ўвасабляла любоў да жыцця, да навакольнага свету, прыроды, да гэтага даволі багатага стала, які сведчыў пра сямейны дастатак.
Пачуўся стук нажоў і відэльцаў. Людзі як бы ажылі, нечакана павесялелі, зрабіліся бадзёрымі, раскаванымі і шчодрымі. Усе яны шмат працавалі, але шанцавала не ўсім аднолькава. Гэпам шанцавала, мусіць, больш, чым іншым. У свінарніку — хай сабе і невялікім — пародзістыя свінні. Здолелі завесці. Цяпер парасят бралі суседзі. Прускавец дзівіўся: свінні парасіліся тут тры-чатыры разы на год.
Пачалося абмеркаванне перспектыў на ўраджай. Ганна паднялася з-за стала, каб дапамагчы маці.
Грыцько — як бы самому сабе — сказаў:
— Вядома, нечага можна дасягнуць і аднаму, але ўсё роўна многага не дасягнеш. Трэба нам бліжэй быць.
Усе крыху як бы насцярожыліся: куды хіліць стары Грыц?
— Прэзідэнт Рузвельт назваў нежанатых мужчын і незамужніх жанчын «злачынцамі супраць расы».
— Так, так! — засмяяліся і ўхвальна заківалі галовамі госці.
— У гэтай справе не варта спяшацца… — таксама смеючыся, адгукнуўся містэр Гэп, зразумеўшы, што мае на ўвазе сусед.
Лявонка незаўважна паглядзеў на Пітэра: той як бы пачырванеў.
— Дзяўчо яшчэ, — сказаў Іван, нібы ў нечым апраўдваючы дачку.
Мелані з дачкой не прыслухоўваліся да размоў, стараліся дагадзіць гасцям. На стале задыміла параю гарачая патэльня са смажанай маладой бульбай, пасыпанай свежай пятрушкай. Асабліва ажывілася застолле тады, калі гаспадыня падала варэнікі. Пілі сідр і піва. Потым на стале з'явілася бутэлька віскі і содавая вада. Гэта было кукурузнае віскі хатняй вытворчасці.
— А мне крынічнай вады! — папрасіў містэр Гэп, і ў яго просьбе прагучала відавочная самазадаволенасць. Чалавек як бы ганарыўся тым, што піў не віскі, а ваду, ды яшчэ падкрэсліваў: чыстую, крынічную!
— Вып'ем за маю Адарку. Хай ёй на тым свеце лёгка ікнецца! — прапанаваў Грыцько і гукнуў у бок кухні: — Мелані, прынясі картачку!
Гаспадыня прынесла і паказала гасцям здымак-дагератып: на ім свёкар быў сфатаграфаваны з свякроўю.
Грыцько паглядзеў на спінку крэсла з прыгожай вышыўкай, на драўляны куфар за печчу, і вочы яго павільгатнелі:
— Яе вышыўка, і куфар яе…
Лявонка ўжо ведаў пра гэту незвычайную жанчыну, што пакінула пасля сябе добры ўспамін.
Аказваецца, яна — жонка фермера — умела спраўляцца з усімі непрадбачнымі акалічнасцямі і, калі муж адлучаўся куды па справах, з адзінотаю. Быў выпадак. Тады яны якраз пачалі разводзіць авечак, якія звычайна пасвіліся за рэчкай. У паводку пасля праліўнога дажджу, авечкі апынуліся на другім баку бурнага, імклівага патоку, у які ператварылася маленькая, амаль перасохлая рэчка з гучнай назваю Матушка Волга. Адарка не разгубілася, запрэгла каня і пачала перавозіць бедных авечак, што тоўпіліся на тым беразе, збіўшыся ў кучу ў чаканні дапамогі. Вада ўвесь час падымалася. Цяпер рэчка і сапраўды нагадвала тую невядомую Волгу. Хвалі падступалі да самага дна вазка, пагражаючы затапіць ці знесці яго на яшчэ большую глыбіню. Яна баялася, ад жаху сціскалася сэрца, але ехала — і раз, і два, і пяць, — пакуль апошняя авечка не апынулася на гэтым баку.
Грыцько расказваў, махаў рукамі, хапаўся за галаву, пазіраў на гасцей павільгатнелымі вачыма. Госці, хоць і не ўпершыню чулі гэтую гісторыю, успрымалі яе вельмі эмацыянальна, дзівіліся.
Адчуўшы падтрымку слухачоў, гаспадар пачаў новы аповед:
— Ніколі не забуду і другі выпадак. Яна якраз мелася радзіць, але роды, як бывае, усё затрымліваліся, а я ў той дзень, як на зло, паехаў у лес па дровы. Гэта, вы ж ведаеце, міль дзесяць ад фермы. Малады быў, розуму не хапіла. Адарка мая ўсё роўна як ведала, што нешта здарыцца, але — такая яна была — нічога сказаць не пасмела. А потым расказвала… Не паспеў я, значыць, схавацца за выспачкай, як адчула, што яно вось-вось пачнецца. Да бліжэйшых суседзяў, да Гэпа вось, — Грыцько паказаў у бок старога Гэпа, — тры мілі. Уявіце сабе становішча!
— Ай-яй-яй! — жахаліся жанчыны, ад перажыванняў пляскаючы далонямі.
— Але Адарка мая малайчына, не ўпала духам. Яна што зрабіла — склала адзенне для дзіцяці на крэселка, падрыхтавала ваду, нажніцы і ўсё, што трэба яшчэ. Нават пра мяне падумала… — Тут Грыцько не змог стрымаць слёз. Нявестка падала яму хусцінку, і ён, хлюпаючы носам, працягваў: — Паставіла на стол крынку малака, зрабіла некалькі сандвічаў, дастала нават з калодзежа на ўсякі выпадак вядро вады…
— Ой, гэта ж цяжка! — паспачувала нейкая з жанчын.
Грыцько яшчэ больш захлюпаў носам.
— Потым, ведаеце, паклікала Бура (сабака ў нас быў такі — усё разумеў, як чалавек, толькі што гаварыць не мог) і загадала яму дзверы сцерагчы…
За сталом устанавілася цішыня.
— Недзе апоўдні бусел зрабіў сваю справу — прынёс хлопчыка, — Грыцько зірнуў на Івана. — Я вярнуўся к вечару— з дровамі. А ён ужо ляжаў спавіты, побач з маці, спакутаванай, але, ведаеце, бадзёрай духам. Да сённяшняга дня не магу ўявіць, як яна знайшла ў сабе сілы, каб прыўзняцца і ўласнаручна перарэзаць і перавязаць пупавіну. Стаў я каля яе: губы зусім белыя і твар без крывінкі. А яна ласкава так на мяне паглядзела…