Уліс з Прускі
Шрифт:
Брычка ўз'ехала на галоўную вуліцу гарадка, якая так і называлася — Галоўная вуліца. З абодвух бакоў яна абсаджана прыгожымі дрэвамі, у засені якіх снуюць прахожыя. Установы, магазіны, майстэрні, салуны — пра іх паведамлялі страката размаляваныя шыльды. Гэта — цэнтр Маршалтаўна, дзе можна ўсё купіць, сустрэцца з кім трэба, пагаварыць. Своеасаблівы, як казаў Грыцько, фермерскі клуб.
Прускавец спыніўся на спецыяльнай стаянцы, прывязаў каня, агледзеўся, шукаючы шыльду з намаляванымі на ёй джынсамі. Сагнуўшыся, прабег кітаец з карамыслам на шыі, на канцах якога віселі плеценыя кошыкі з персікамі. Зазыўна, з белазубай усмешкай, як бы заманьваючы, махалі шчоткамі негры, прапаноўваючы свае паслугі. Пад дрэвамі — невялічкія вазкі з малаком і хлебам. Хацелася б і пахадзіць па гарадку, але ён вырашыў не затрымлівацца. Заўтра працоўны дзень. Купіўшы, што трэба, вярнуўся на ферму.
Водар зямлі вярнуў ураўнаважанасць і ўпэўненасць у сабе. Падабалася ўстаць на досвітку і прайсціся вакол фермы, агледзець абсаду з паўднёвага боку, дзе ў гаспадара былі пасаджаны яблыкі, грушы, слівы, вішні, некалькі персікавых дрэў. Містэр Грыц, відаць, любіў працаваць у садзе. Лявонка не раз бачыў, як ён непаспешліва пераходзіў ад аднаго дрэва да другога.
Сад акружалі ільмы і платаны. Былі і знаёмыя дрэвы: акацыя, ляшчына, елка. «Гэта і ў нас ёсць, — думаў прускавец, — толькі елка тут нейкая як быццам блакітная». За садам пачынаўся лес — дубы, букі, кусты барбарысу і яшчэ нейкія мясцовыя дрэвы. У лясным зарасніку спяваў дрозд — сталы жыхар гэтых мясцін. Лявонку здалося, што ён ужо некалі быў тут, толькі вельмі даўно. Успомніўся свой лес, прускаўскі,— грыбны і ягадны. На той паляне, куды яны любілі з дзедам Кірылам прыходзіць, цвіла пахучая шыпшына. Яе аблюбавалі пчолы і чмялі, якія гулі каля яе асабліва заклапочана. У канцы лета ў лесе шмат арэхаў. Зрэдку падавала голас зязюля. Дзядуля спрабаваў лічыць, колькі яна накукуе. Аднойчы налічыў дванаццаць «ку-ку». Значыць, дванаццаць гадкоў яшчэ жыць. А яму, Лявонку, так піць захацелася. Дзед Кірыла мякка паспачуваў: «Пацярпі, унучак. Мне таксама хочацца, але ж я цярплю». Але смага даймала. «Ну, што ж, калі гак, пап'ём з капытнік», — прапанаваў дзед Кірыла. Вада падалася нечакана смачнай…
Вярнуўшыся ў сядзібу, сустрэў гаспадара.
— Ну што, спадабалася наша прырода? — спытаў Грыцько.
— Спадабалася.
Папраўдзе, ён не заўважыў, каб фермер меў уцеху з усёй гэтай прыгажосці. Яго жыццём больш кіравалі практычны сэнс і інстынкт карысці. Відаць было, што Грыцько па-ранейшаму адчуваў сябе моцным і спрытным, здатным да любой работы. Сына ўсё яшчэ лічыў дзецюком. Клопатам яго было адно — больш узяць ад зямлі. Дзеля гэтага фермер павінен быць аграномам і бізнесменам адначасова.
У хлевушку пры канюшні захроп Букер. У гэтым хлевушку, дзе жыў работнік-негр, звычайна захоўваліся вупраж і рымарскі інструмент. Ложкам Букеру служыла прадаўгаватая скрыня, набітая саломай. Магутны храп работніка часам нечакана пераходзіў у стогн, нейкае дзіўнае мармытанне, ці нават як бы просьбу.
Грыцько нервова прыцмокнуў языком:
— От здаровы! Каб ён яшчэ і працаваў так, як храпе…
— Але ж ён стараецца, — абараніў напарніка Лявонка.
Працавалі, як-ніяк, разам. Калі выязджалі на аддалены палетак, звычайна бралі з сабой адну палатку.
— Каб жа стараўся! Я ж бачу — гультай! — Гаспадар пайшоў па справах.
На падворак выйшла Мелані і пачала склікаць сваё птушынае царства.
— Цюп-цюп-цюп-цюп! — На голас гаспадыні адусюль збягаліся куры, гусі, качкі, індыкі. Яна шчодра сыпала ім кукурузнае зерне.
— Ганна! Ганна! Дзе ты там? Устала?
Лявонка ажно сумеўся, падумаў, што гэта яму здалося, але азірнуўся, прачыніў дзверы і ўбачыў на ганку дзяўчыну. «Адкуль яна з'явілася?» На ёй была простая спаднічка светла-сіняга колеру і блузка з тонкага белага палатна. На плечы падалі хвалістыя чорныя (як у прускаўскай Ганны!) валасы. Вочы спакойныя і вялікія, як галубіныя яйкі. Міжвольна падумалася, што гэта прымроілася, бо тую, прускаўскую, Ганну цяпер аддзялялі бясконцыя акіянскія прасторы. Не, не яна. Дзяўчына, не ведаючы пра яго думкі, пазірала на яго, незнаёмага чалавека, пакусваючы ружовыя губкі. Лёгкая ўсмешка прыадкрывала зіхоткую белізну зубоў. Раніца і чароўная свежасць юнацтва рабілі яе прыгожай, амаль такой, як і тая, прускаўская.
— Паглядзі, колькі ў нас сёлета птаства! — гэта маці хвалілася перад дачкой сваёй птушынай гаспадаркай.
Дачка залівіста смяялася, радуючыся і птаству, і добрай летняй раніцы.
Ён нават разгубіўся: «Няўжо і яе зваць Ганна? Насланнё нейкае… Хто ж прыдумаў такое супадзенне?» Аслупянелы, ён глядзеў на амерыканскую прыгажуню, пакуль тая не схавалася ў хаце.
«Ого, такая здольна разбіць сэрца любога хлопца. Вясёлая якая! Але не, мая Ганна прыгажэйшая! — падумаў ён, успомніўшы прускаўскую каханую. Затым сумеўся: — Трэба было павітацца, а я ж не павітаўся. Ёлупень…»
Праз колькі часу ён убачыў яе яшчэ раз. Яна несла з хлява кошык, у якім ляжалі курыныя яйкі. «І пастава ў яе такая ж, як у Ганны, — быццам збанок на галаве трымае…» Ён хацеў памагчы ёй паднесці і не рашыўся прапанаваць свае паслугі. Сціпласці не мог перамагчы. Але здалося, што яна ўсміхнулася загадкавай жаночай усмешкай. Днём бачыў яе на агародзе з маці — палолі грады.
Пазнаёміліся толькі на наступны дзень. Маці, відаць, расказала ёй, хто такі гэты хлопец і адкуль ён.
Яна — не была б амерыканка! — аказалася смялейшая за яго — першая спыніла, склікаючы курэй і пасыпаючы ім зерне:
— А як цябе завуць?
— Лявон, — сціпла адказаў ён.
— А мяне — Ганна. — Потым дадала: — Гэта мяне дома так завуць, а для ўсіх астатніх я Анет…
Лявонка падумаў, што гэта, мусіць, сам лёс надарыў яго сваёй прыязнасцю, міла жартуе з ім і сваволіць, інакш кажучы, павярнуўся да яго светлым бокам. Чутно было, як гаспадыня на ганку выбівала палавікі. Іван дапамагаў ёй. Можа, яны і прыслухоўваліся да іх размовы…
— Дзядуля казаў, што вы з ім землякі.
— Землякі. Ён з Валыні, я з пад Брэста — гэта побач.
Яна чамусьці засмяялася, як быццам гэта было смешна.
Калі яна смяялася, на шчочках з'яўляліся какетлівыя ямачкі. Па ўсім відаць, ёй не было яшчэ і дваццаці, але нагадвала яна ўпаўне дарослую жанчыну, спелую, з развітымі формамі. Анет нядаўна скончыла прыватную школу ў Маршалтаўне, дзе яе вучылі не толькі чытаць і пісаць, але шыць і гатаваць, а цяпер вучылася ў настаўніцкім каледжы ў самім Чыкага. Даць выхаванне — гэта, вядома, каштуе нямала. Летам яна прыязджала на канікулы, але не столькі адпачывала, як працавала — дома, у полі. Праца як бы і была яе адпачынкам. Цяпер вось прыбірала ў хаце — Бузукі рыхтаваліся да свята Чацвёртага ліпеня.
Прускавец паспеў заўважыць, што жанчына ў Амерыцы паводзіць сябе вельмі незалежна і карыстаецца вялікай павагай. Ну, а Анет, апроч усяго, яшчэ і гаспадарова дачка…
Чацвёртага ліпеня — нацыянальнае свята Злучаных Штатаў. Дзень незалежнасці. У 1776 годзе ў гэты дзень на філадэльфійскім нацыянальным сходзе была падпісана Дэкларацыя незалежнасці. Чацвёртага ліпеня сям'я Бузукоў збіралася на ўрачысты абед. Запрашалі гасцей. Да Грыцька ставіліся тут як да патрыярха. З'язджаліся суседзі разам з жонкамі, дзецьмі. Адзінота навучыла гэтых перасяленцаў цаніць суседства. Усе яны з'яўляліся членамі мясцовага сельскагаспадарчага кааператыва, які купляў у іх гатовую прадукцыю — пшаніцу і кукурузу. Гэта была рэгіянальная кааператыўная фірма «Экавіта».
Так было і на гэты раз. Госці заходзілі ў дом, шумна віталіся, распраналі верхняе адзенне. Жанчыны цалаваліся з гаспадыняй, спраўляліся пра здароўе. Як земляка, запрасілі і работніка. На першым часе ён у такім паважаным застоллі адчуваў сябе крыху скавана. Ля стала стаялі крэслы з арэхавага дрэва і плеценыя з лазы. Прускавец сеў у адно з іх.
Разам з іншымі прыехаў і Ганнін жаніх. На ім шчыльна сядзеў шэры касцюм-тройка, белая сарочка са стаячым каўнерыкам, сіняга колеру гальштук. Гэта быў сын іхняга суседа Гэпа, такога ж фермера, як і Бузукі. Бузукі выношвалі патаемную мару аддаць за яго Ганну. Такім чынам злучыліся б дзве гаспадаркі. Пітэр — так звалі гэтага «жаніха». Яго бацька — стары Гэп атрымліваў у год амаль паўтары тысячы даходу.