Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Між тым водар паветра аслаб. З поля пацягнула начной, крыху вільготнай прахалодай. На дахах, пад месячным святлом, там-сям заіскрыліся буйныя плямы начной расы.

— Ганначка, ідзі ўжо спаць! — пачулася з ганку.

Маці…

— І мне пара. Заўтра рана ўставаць.

Яны развіталіся. Ён пастаяў крыху на паветры адзін, потым адчыніў дзверы і ўвайшоў у свой павільён. Стаміўся за дзень, сон быў моцны.

Прайшоў яшчэ адзін тыдзень…

VII

Выхадны — нядзеля. Палявыя работы на ферме спыняліся. У нядзелю ўжо некалькі разоў ён хадзіў у Маршалтаўн, быў у царкве, бадзяўся па вуліцах, піў піва. Той раз на скрыжаванні вуліц ён убачыў незвычайнае відовішча: натоўп людзей, а ў цэнтры яго — драўляная трыбуна, вакол якой гуртаваліся дзіўныя постаці ў доўгіх белых балахонах і вастраверхіх капюшонах з зацененымі проразямі для вачэй. Адзін з такіх «балахонаў», што знаходзіўся каля самай трыбуны, абапіраўся на яе жыватом, размахваў рукамі і нешта выкрыкваў, істэрычна і з надрывам. Лявонка падышоў бліжэй.

— Ку-клукс-клан — гэта высакародства і патрыятызм. Мы выступаем ад імя белых людзей, якім пагражае насілле! — Чалавек у белым камусьці пагразіў сціснутым кулаком. — Мы шчыра запрашаем усіх, хто згодзен з нашымі прынцыпамі, у нашу арганізацыю. Ку-клукс-клан абароніць белага чалавека! — надрываўся прамоўца.

Лявонка і раней заўважаў, што да неграў тут адносіліся не зусім так, як у Нью-Йорку. У Маршалтаўне для іх былі асобныя прыбіральні, асобныя лаўкі ў гарадскім парку, нават, аказваецца, як потым ён даведаўся ад гаспадара, у царкве яны мелі свой куток. У неграў звыклая прафесія — чысцільшчыкі абутку. Нехта паслужліва працягнуў яму паперку, прускавец пакруціў яе ў руках, але чытаць не было калі і ён сунуў яе ў кішэнь.

Вярнуўшыся дадому, расказаў пра свае ўражанні гаспадару, паказаў яму паперку. Гэта была лістоўка. Такая некалі трапіла да яго на мітынгу ў Брэсцкай крэпасці. У лістоўцы было змешчана папярэджанне: «Кожны негр, які прыме ўдзел у галасаванні ў наступную пятніцу, будзе знішчаны. Наш штат належыць белым. Падумайце пра сваё жыццё. Ку-клуксклан».

Грыцько растлумачыў:

— Гэта такая арганізацыя, не любяць яны неграў… — аднак, па ўсім відаць, гэтая тэма была для яго малацікавая, і ён спытаў пра іншае: — Ці чуў ты там грамафон? Дабрэнная штука!

Грамафона Лявонка не чуў і не ведаў што гэта такое.

— Гэта ў фермерскім клубе. Да чаго тэхніка дайшла — машына песні спявае! — захапляўся Грыцько, цмокаючы языком.

Праз тыдзень Лявонка зноў збіраўся ў Маршалтаўн. На гэты раз дамовіліся ісці разам з Букерам. Паснедаўшы, не марудзячы, выйшлі за браму і рушылі ў дарогу. Па нядзелях Букер, хоць і не быў моцна веруючым, час ад часу наведваў царкву. У Маршалтаўне была спецыяльная царква для чорных. Там ён разам з іншымі чытаў малітвы і спяваў псалмы. Сёння ён сабраўся з самай раніцы і зайшоў да Лявонкі, калі той яшчэ галіўся, аглядаючы ў люстэрка свой твар з чорнымі вусікамі і рэдкай, кволай яшчэ шчэццю.

На шыі ў Букера завязана чырвоная хусцінка з нейкімі жоўтымі плямамі. Лявонка заўважыў, што яго сябар любіў апранацца страката, мусіць, каб на яго звярталі ўвагу. На нагах, праўда, усё тыя ж грубыя, цяжкія чаравікі, якія ён насіў кожны дзень. Перад падарожжам у Маршалтаўн Букер ачысціў іх ад насохлага гною. Гэты раз Лявонка таксама дастаў з сундучка і апрануў свежую сарочку і касцюм, куплены ў Нью-Йорку, абуў туфлі.

— О'кэй! — сказаў Букер і паказаў вялікі палец. Выглядаеш, маўляў, на ўсе сто.

Прускавец пасміхнуўся.

Выйшлі на дарогу. Каля іх, у напрамку Маршалтаўна, узнімаючы пыл, праімчаўся аўтамабіль.

— Эх, праехацца б на аўтамабілі! — з зайздрасцю прыцмокнуў тоўстымі губамі Букер.

Лявонка таксама пра гэта падумаў, але ўголас сказаў:

— Купі, і мяне пракоціш.

Букер зарагатаў:

— Можна было б, калі б містэр Грэц крыху больш плаціў. Замест Грыцько, ці Грыц — як называлі гаспадара — негр вымаўляў Грэц, хоць той не раз настойліва яго папраўляў.

Букеру не надта шанцавала ў жыцці. Ён не раз расказваў свае бясконцыя гісторыі, як з ім дрэнна абыходзіліся. Аднойчы ён наняўся сезонным работнікам да аднаго багатага фермера ў штаце Місісіпі ўбіраць пшаніцу. Там было ўжо шмат такіх, як ён. Жылі ў бараку пад замком, працавалі пад наглядам. Белы гаспадар быў нядобры чалавек, — моршчыўся, успамінаючы, Букер. Ён трымаў лаўку, у якой рабочым выдавалі тавар па ўтроенай цане пад распіску. Даводзілася браць — куды дзенешся. Нарэшце скончылі справу з пшаніцай і хацелі развітацца з гаспадаром. «Пачакайце, — кажа ён, — трэба хмель сабраць». К таму часу якраз хмель паспеў. «Як хмель, калі дамаўляліся толькі на пшаніцу?» «Дык вы, — кажа, — вінаватыя мне па шэсць даляраў і трыццаць цэнтаў. Тавар бралі?» Выходзіла, не ён ім павінен заплаціць, а яны яму вінаватыя. Букер і яшчэ двое ўцяклі і вырашылі звярнуцца да суддзі. Той іх выслухаў, надзеў ім наручнікі і вярнуў назад.

«Верыць ці не верыць гэтаму Букеру?» Адно відавочна было: чалавечая годнасць негра прыніжалася тут у параўнанні з іншымі амерыканцамі.

…Маршалтаўн сустрэў іх гаманой выхаднога дня. Букер, як бы спяшаючыся, падаўся ў сваю царкву. Лявонка перш за ўсё наведаўся на пошту, каб дазнацца, ці няма ліста з дому. Ён заўважыў, што людзі пасміхаюцца, убачыўшы іх побач — белага і негра. Ва ўсмешках пракідалася, як яму здавалася, якаясьці незразумелая зласлівасць.

Нейкі бамбіза ў высокім шэрым капелюшы, увайшоўшы на пошту следам за Лявонкам, запытаў, скрывіўшы губы і не гледзячы ў яго бок:

— Што гэта ты ўвесь час з гэтым чорным? — і, не чакаючы адказу на сваё запытанне, працадзіў скрозь зубы: — Запомні: негр — гэта не чалавек, і беламу нельга з ім сябраваць!

Лявонка, калі па шчырасці сказаць, не вельмі ўцяміў яго словы і не надаў ім значэння. Выйшаўшы з будынка пошты, прысеў на лаўку пад нейкім дрэвам і пачаў чакаць Букера, каб пайсці разам куды-небудзь выпіць піва і вяртацца дадому. Гэта быў сквер у цэнтры горада. Вакол шмат народу, асабліва жанчын. Прастытуцыя ў Амерыцы наогул забаронена, аднак нават у такім горадзе, як Маршалтаўн, можна сустрэць не толькі жанчын з зазыўнымі агеньчыкамі ў вачах, але і, кажуць, пры жаданні, патрапіць у публічны дом. Як бы патаемны. Аднак пра гэта прускавец не думаў. Няёмка было перад той, якую аддзяляў ад яго толькі акіян, але якая была заўсёды побач.

Вярнуўся, нарэшце, Букер. Аднак ісці ў салун, дзе прадавалі піва, адмаўляўся невядома па якой прычыне. Лявонка настояў. Букеру нічога не заставалася, як згадзіцца.

Гэта быў звычайны сапун з півам, віскі і бутэрбродамі. У выхадныя і вечарамі тут збіраліся навакольныя фермеры. І цяпер было поўна народу. Некаторыя з прысутных, калі Лявонка з Букерам увайшлі ў салун, дэманстратыўна пакінулі памяшканне, але прускавец не надаў гэтаму значэння.

— Што будзем піць? — паглядзеў на яго буфетчык, кінуўшы позірк і на негра, які стаяў трохі ззаду.

Поделиться с друзьями: