Уліс з Прускі
Шрифт:
Грыцько скончыў свой аповед. Кожны думаў, мабыць, пра сваё, перабіраючы ў памяці перажытае.
Маўчанне парушыў Лявонка (узяў раптам на сябе такую смеласць):
— І ў нас быў падобны выпадак — у полі жанчына нарадзіла. Не адна, праўда, сын пры ёй быў, падлетак, гадоў пятнаццаць. Не разлічыла таксама, памылілася на колькі дзён. «Ідзі,— кажа, — сынок, радзіць буду, ідзі, сынок, ты не павінен быць пры гэтым. Можа, хто-небудзь пад'едзе, дык паможа…» Той не згадзіўся: «Я вялікі, кажа, я ўсё разумею, не саромся мяне, мама».
Грыцьковы госці здзіўлена закруцілі галовамі: «Бач, маўляў, які разумны…»
Лявонка, падахвочаны іх увагай, расказваў:
— Сышлі з дарогі ў жыта. Тут усё якраз і пачалося. Сын прымаў, а яна падказвала, што і як зрабіць, — і пупавіну адрэзаў і, казалі жанчыны, пупок завязаў. Летам усё было. Цеплыня, жаваранкі звіняць, аж заліваюцца. Сын разарваў сваю сарочку, загарнуў у яе нованароджаную сястрычку і, бедны, не ведае, што і рабіць. Маці заслабла. Ажно чуе — загрукатала па дарозе фурманка. Чалавек убачыў іх, пад'ехаў, забраў усіх траіх і хуценька павёз у вёску. «Гэта, кажа, мая знайда». Так тую дзяўчынку і празвалі — Знайда.
— Мянушку такую далі,— удакладніў хтосьці з гасцей.
— Так, мянушку.
Грыцько як бы і не чуў таго, пра што расказваў Лявонка, агорнуты быў сваімі ўспамінамі:
— На жаль, няма ўжо маёй Адаркі — падгадавала сына і памерла. Царства нябеснае!.. — перахрысціўся ён шырокім узмахам рукі.
— А давайце заспяваем! — прапанаваў нехта, глынуўшы, мусіць, кілішак віскі.
Загучала песня. З хору вылучаўся голас чарнявай прыгажуні з грыўкай — Люсі:
Горы мае, горы, Мушу вас лышыты, Волав буў у вас шыты, Як у чужыні жыты…Эндзі і Джэсі падцягвалі, астатнія слухалі. У некаторых на вачах нагарнуліся слёзы. Потым пачаў падцягваць муж Дароткі, засяроджана паглядаючы некуды паверх галоў, у адну кропку.
Горы нашы, горы, Горы нашы Карпаты, Не аддам вас, не аддам вас За ніякія дукаты-ы… —даспявалі да канца яны гэтую сумную ўкраінскую песню.
— Калі ты прыехаў у Амэрыку, — дык ты ўжо амэрыканец, — задумліва прамовіла Мелані, якая прыйшла паслухаць песню.
— А што мы бачылі на радзіме той? Прыгнёт і прыгон! — махнуў рукой стары Гэп.
— Паны крыўдзілі! — падтрымаў яго, прыпомніўшы нешта, фермер з доўгімі сівымі вусамі.
— Усе крыўдзілі — і палякі, і маскалі, і аўстрыякі! Усе, хто мацнейшы… — стары Гэп паглядзеў на прускаўца: — У Расіі шмат жабракоў, Амэрыка б гэтага ніколі не дазволіла.
Лявонка на гэта нічога не адказаў, змаўчаў.
— За што яе любіць — Бацькаўшчыну тую! — махнула рукой жанчына з чорнай грыўкай — Люсі.
І тут прускавец не выцерпеў і, пражаваўшы кавалак, як бы сам у сябе запытаўся:
— Хіба ж радзіма ў гэтым вінавата? Яна ж дала чалавеку жыццё…
— Мы ўжо тут пусцілі карані,— сказаў даўгавусы фермер.
— Пусцілі, пусцілі,— згодна заківалі галовамі жанчыны.
— Жывем мы не багата, але ж мы свабодныя людзі! — шырока расставіў рукі, як бы паказваючы на ўсіх прысутных, стары Гэп.
Што і казаць — усім ім было ўласціва пачуццё гэтай новай нацыянальнай годнасці і незалежнасці…
Пасля шумнага застолля свята працягвалася на паляне, пад старым высокім ільмам, які рос ля сядзібы Бузукоў. Пачуўся гармонік і разам з ім скрыпка.
— Кадрылю! Кадрылю!
Выйшлі першыя пары. Грыцько ўзяўся біць у бубен. Ганна танцавала з Пітэрам, які яе запрасіў, але, як здалося Лявонку, без асаблівага задавальнення. Ён бачыў, як мільгалі ў танцы яе новыя сіненькія туфлі, і падумаў, што была ў ёй нейкая частачка ад той Ганны — прускаўскай. Яна заўважыла яго погляд, пасміхнулася. Калі танцаваць пайшлі ўсе і ўтварыўся круг, Ганна ўцягнула ў круг і яго. Лявонка танцаваць саромеўся, хоць кадрылю і ўмеў. Пітэр таксама запрасіў кагосьці з дзяўчат. Усім было весела.
Нагамі адбівалі такт, і так моцна, што, здавалася, гудзеў ільм, які рос побач. Паводдаль стаяў Букер і, пасміхаючыся, глядзеў, як яны цешыліся. Ён таксама меў сёння святочны абед.
Люсі зноў заспявала, гулліва дзьмухнуўшы знізу ўверх, на грыўку:
Як була зовсім мала, колыхала мене мама. Як я стала подростать, сталі хлопцы колыхаць. А я хочу не старого, не малого — козачэнька молодого…Кацілася за гарызонт сонца. Там, у той далечыні, адкуль яно мела з'явіцца заўтра, была другая, яго Ганна…
Баль працягваўся амаль да поўначы, потым на ганак выйшла Мелані:
— Прашу ўсіх! Торт з кавай!
Стол з тортам і кавай быў накрыты ў той жа гасцёўні. Нарэшце госці пачалі збірацца дадому, развітвацца.
— Добра, містэр Грыц, на наступным тыдні ўбачымся ў царкве, — ужо здалёк махнуў рукой містэр Гэп.
Разам з бацькамі з'ехаў і Пітэр, пачціва развітаўшыся з Анет.
…Лявонка стаяў ля варот, якія яны з Грыцьком нядаўна рамантавалі. І гаспадары, і Букер даўно ўжо, відаць, пайшлі спаць. З цёмна-блакітнага неба пазіраў бледны і тонкі маладзік у акружэнні шматлікіх амерыканскіх сузор'яў. Ён падняў галаву, глянуў уверх, на зоркі. У цёмным небе мігцелі іх тысячы і тысячы. Тут яны здаваліся большымі і ярчэйшымі, чым у Прусцы. Пасміхнуўся: «Каторая з іх мая?» З поля плыў душны водар настоенага на кветках паветра. Трава і кусты бружмелю, шыпшыны поўніліся звонам цыкад.
Ён не заўважыў, як падышла Ганна, толькі пачуў яе голас:
— Усе ўжо паснулі, нават камары, а вы яшчэ не спіце.
— Збіраюся.
Яна нагнулася і сарвала белы рамонак, паднесла да носа, панюхала:
— Не пахне…
— Палявыя кветкі звычайна не пахнуць, а вось флёксы, асабліва вечарам, такія духмяныя!..
— Не чула нешта я пра такія кветкі,— на яе шчоках прыкметна абазначыліся какетлівыя ямачкі.
— У вас іх няма, — Лявонка пасміхнуўся ў начным сутонні, але яна не заўважыла яго ўсмешкі.— Бэзу таксама няма. У нас — на кожным падворку бэз.
— Дзе гэта ў вас? У Еўропе?
— Так, дома, у Еўропе.
— Ніколі там не была…
— Прыязджайце калі ў госці.
Яна ўважліва на яго паглядзела, і яму раптам захацелася прытуліцца да яе, моцна сціснуць у абдымках, але ён толькі ўздыхнуў.
— Ноч для закаханых, — прамовіла амерыканка і перавяла позірк на месяц: — Цікава, ці ёсць там людзі?
— На месяцы?
— На месяцы.
Ён паціснуў плячыма.
— Цяжка сказаць, з зямлі не ўбачыш.
Шукаючы зразумелыя словы, яна імкнулася пераадолець моўны бар'ер, які быў паміж імі. Жыццё здавалася ёй залішне аднастайным, дзяўчына прагнула нейкай навізны.