ЖАНРЫ

Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка

Мінскевіч Серж

Шрифт:

Камячкі свежай гліны ляжалі побач з каменнай нішай, а ў ёй, са скалы, біла струменьчыкам чыстая вада. Вада збіралася ў выдзеўбаную ў сцяне чару і збягала далей у горную расколіну.

— У гэтым замку шмат дзіўных рэчаў, — лагодна прамовіў Ром Ончар, звяртаючыся да Алеоллы і Бедалдая.

— Прашу садзіцца, — прапанаваў маг Ніціч.

Перад газавым камінам стаялі тры плеценыя з лазы крэслы-гушкалкі.

— Садзіцеся, — лагодна сказаў маг Ніціч Бедалдаю, — адпусці ты яго, Ром.

— Так, праўда, адпусціце, яго. Гэта мой. целаахоўнік, — папрасіла Алеолла.

— А-а, — густым басам працягнуў Ром Ончар, — адразу б так і казала. А то кат ды кат. Які яшчэ кат?

— Я хутка, — сказаў маг Ніціч.

Праз некаторы час ён з’явіўся з круглым плеценым столікам на маленькіх колцах. На ім быў паднос з вінаградам, мандарынамі, рознымі гатункамі арэхаў, сокам, місамі, напоўненымі маннай і рысавай кашай з разынкамі ды мёдам.

— Частуйцеся. Праўда, каша ўжо халодная. Жадаеце вам падцяплю? Учора твае арлы на Ясны Бераг лёталі, там за жэмчуг выменялі. — паведаміў маг Ніціч Рому Ончару.

— Дзякуй, — сказала Алеолла і адшчыкнула некалькі вінаградзін.

Бедалдай моўчкі ўзяў жменю арэхаў, стаў жаваць і паволі пахіствацца ў крэсле-

гушкалцы.

Сабе маг прынёс з глыбіні залы сціплае крэсліца і сеў разам з усімі за столік.

— Ну, распавядайце, хто вы і што вы, — звярнуўся ён да Алеоллы. — Як тут апынуліся?

— Ды што мы... Ехалі на конях, ехалі, і раптам — хоп! — ужо ляцім.

— Ну, бывае. Вельмі рэдка, але такое здараецца, — прамовіў маг Ніціч.

— Лепш вы распавядзіце, што гэта за замак? І як вы навучыліся лятаць? — з вялікай цікавасцю спытала Алеолла.

— Не, будучая яснапанна, спачатку вы распавядзіце падрабязней — як жывяце, куды і адкуль шлях трымалі. З кім сябруеце. — здавалася, маг Ніціч распытваў зычліва.

— А як жа я магу пра сябе і сваіх сяброў распавядаць, калі я не ведаю, каму распавядаю, і дзе я і мой целаахоўнік знаходзімся? І што гэта за дзіўнае месца такое? І рыцары, якія на шчытах па паветры лётаюць. Можа, вы гэтыя. як іх мянуюць. налётчыкі. — пагляд Алеоллы зрабіўся занепакоеным. — Тым больш, вы нас, як самі гаворыце, неспадзявана «ўчапілі».

— Разумна даводзіце. — хітра ўсміхнуўся маг Ніціч. — Але гэта вы неспадзявана за нас «учапіліся», а не мы за вас. Добра, не хочаце нічога распавядаць — не трэба. Я вас адвяду кожнага ў свой пакой, але, папярэджваю, выходзіць з пакояў без майго дазволу нельга — гэта небяспечна. У гэтым замку трэба жыць асцярожна.

— Чаму?

— Газ, агонь, вада. Яшчэ шмат розных рэчаў... Доўга тлумачыць, ды і зразумець гэта цяжка без спецыяльнай адукацыі.

— Ну, калі ласка. Давайце мяняцца. Я пра сябе распавяду. А вы пра сябе, — Алеолла згарала ад цікаўнасці — усе гэтыя палёты, пячора, грот з крышталёвай столлю, на якой заўсёды нешта ўспыхвала, незразумелая прастакутная глыба пасярод залы. Ад гэтых незвычайных рэчаў у яе проста дух захоплівала.

— Мяняцца? Згодзен. Распавядайце, — маг Ніціч пагладзіў сваю белую бараду і падрыхтаваўся слухаць.

— Добра.

Алеолла, Бедалдай і Ром Ончар селі ямчэй у плеценых крэслах-гушкалках. Маг Ніціч тым часам прынёс сокі і халодны квас, паставіў усё гэта на столік. Усе сталі частавацца і слухаць, што скажа Алеолла.

Будучая яснапанна распавяла ўсё пра сабе, пра сваё мястэчка, пра няшчасці, якія выпалі на яе блізкіх і землякоў, пра тое, што яна і яе сябры намерваліся ісці да Жалобнай Каралевы Паляндры. Праўда, дзяўчына не стала распавядаць пра шаўкоўніцу — не хацела выдаваць сакрэт.

— Добрую справу задумалі, хоць і вельмі рызыкоўную, — згадзіўся маг Ніціч. — А цяпер я правяду вас у вашыя пакоі, каб адпачыць ад такіх узрушэнняў.

— Мы так не дамаўляліся! Гэта ж несправядліва! Я вам пра сябе ўсё распавяла, а вы нам з Бедалдаем анічагусенькі! — абурылася Алеолла.

— Па дарозе ўсё пачуеце, — усміхнуўшыся, прамовіў маг Ніціч. — Прашу трымацца за мной.

Бедалдай не паслухаўся, а стаў таптацца з нагі на нагу:

— Мне патрэбна мая сякера, — змрочным голасам прагаварыў ён.

— Давай-давай, збірайся! — пагрозліва сказаў яму Ром Ончар. — Потым разбяромся.

Маг Ніціч падпаліў нафтавую паходню і павёў Бедалдая з Алеоллай яшчэ ніжэй па прыступках, што віліся па баках вялікай «студні». За імі таксама з паходняй у руцэ ішоў велічэзны ваявода — ён час ад часу ўважліва пазіраў на Бедалдая.

— Вы будзеце, нарэшце, распавядаць? — нецярпліва спытала Алеолла.

— Буду, буду, — перавёў дыханне маг Ніціч. — Значыць так, слухайце. Калі, канешне, зможаце зразумець... Гэты замак пабудаваны ў самім цэнтры нашай часткі свету. Менавіта ў гэтым месцы сыходзяцца струмені магічнай сілы зямлі...

— Гэта тут легендарны пуп зямлі? — перабіла яго расхваляваная Алеолла.

— Не. Гэта не пуп зямлі. Скажу праўду, зямля — гэта шар, вы гэта ведаеце?

— Так, — кіўнула Алеолла і ўспомніла ката Міамурмарора ў вобліку заморскага мудраца.

— Дык вось, у зямлі ёсць два пупы. Адзін — на поўначы, другі — на поўдні. А вось замак, дзе мы знаходзімся, пабудаваны, калі можна так сказаць, на зямной радзімцы.

— На зямной радзімцы? — задумалася Алеолла.

— Так... Да яе і збягаюцца струмені магічнай сілы, — працягваў свой аповед маг Ніціч.

Усе ўчатырох яны спусціліся на самае дно «студні» і ўвайшлі ў вузкую пячорную галерэю, звярнулі адзін раз, другі, трэці. Апынуліся ў сапраўдным лабірынце. Алеолла спрабавала запомніць дарогу, але неўзабаве канчаткова заблыталася. Ёй заставалася спадзявацца толькі на Бедалдая і яго памяць.

Маг Ніціч працягваў:

— Калісьці я сышоў са стольнага горада Дзівіна і адправіўся падарожнічаць па Светлых Азёрах, па Сініх Азёрах, па Жоўтарэччы. Пабываў у вялікіх гарадах: Новым Беразе, Векаве, Залатым Горадзе, нават наведаў Мерамір. Плаваў на захад, быў на ўсходзе. Аднойчы перажыў караблекрушэнне — а выратаваў мяне Ром Ончар. У той час ён жыў са сваімі волатамі на аддаленай выспе на Вечаровым моры. Вось тады мы з ім і пазнаёміліся. Я слухаў мудрацоў, чытаў кнігі. Гаварылі, што 6 зямля валодае магічнай сілай, і я вельмі хацеў гэтую сілу выявіць. Здавалася, што ўсё дарма. Таму што ніхто — ні мудрэц з усходу, ні навуковы муж з захаду — не маглі мне сказаць, што гэта за сіла. Хоць усе згаджаліся з тым, што яна існуе. І вось аднойчы ў Далёкіх Гарах адзін пустэльнік падарыў мне сталёвую рыбу. Калі падвесіць яе на нітцы за плаўнік, то яе галава заўсёды паказвае на поўнач, а хвост — на поўдзень. Я зноў адправіўся вандраваць па свеце. І мая рыба ні разу не памылілася, ні разу мяне не падвяла. Як бы я ні круціў яе на нітцы, яна заўсёды спынялася галавой на поўнач. «Цяпер, — думаў я, — ніколі і нідзе не заблуджуся. Ні ў моры, ні ў глухім лесе». І вось аднойчы, калі я вяртаўся на Светлыя Азёры і ішоў праз вялізны дрымучы лес, раптам адбылося штосьці неверагоднае. Рыба прывяла мяне да высокай скалы. Менавіта ў гэтай скале мы цяпер і знаходзімся. Рыба не хацела паказваць ні ў які іншы бок — толькі на гэтую скалу. І я зразумеў! — маг Ніціч перавёў дыханне. — Я зразумеў, што ў гэтай скале ўтойваецца магічная сіла зямлі. Высока пад яе пікам я ўбачыў грот — у ім і пасяліўся. Потым я заўважыў, што шэры камень, які можна здабываць з гэтай скалы, таксама ўтрымлівае ў сабе магічную сілу... А яшчэ гэты камень здольны прыцягваць маланкі, якія валодаюць падобнай, але нашмат большай сілай. Тут, у гэтай скале, зямля і неба быццам перадаюць адно аднаму гэтую магічную сілу.

— Дык гэта вы той самы Уладар Навальніц? — раптам спытаў Бедалдай. — Гэта вы пасылаеце навальніцу ў любую кропку зямлі?

— Людзі любяць распускаць чуткі і распавядаць розныя небыліцы. Ну і, вядома ж, даваць розныя гучныя імёны. Я — маг Ніціч. Але навальніцамі, на жаль, не загадваю. Пакуль не загадваю. Я проста папрасіў сваіх сяброў-волатаў пабудаваць тут замак. Яны выканалі маю просьбу і назвалі магічную сілу зямлі ў гонар майго імя «магнітнай». Дарэчы, вы заўважылі, што сцены гэтага замка прыцягваюць жалеза? Увогуле, я навучыўся ўзмацняць гэтую «магнітную» сілу да «магутна магнітнай», як я яе назваў — «магнітычнай» сілы! І з дапамогай яе я навучыўся лятаць і навучыў лятаць віцязяў. Ну што, цяпер вам усё зразумела?

Поделиться с друзьями: