Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Эх, Пашка! Мы разам з ім два гады ў Карабаху… Ні драпіны… Пра што немагчыма думаць? Што ты памёр. Будзеш думаць — звяр'яцееш. Ах, досыць. Тут — стопар! (Зноў замаўкае.) Там і тут адносіны да смерці розныя. Там яна то мама, то каханая дзяўчына, то сябра. Крычаць: «Мама-мамачка!!», а прыходзіць яна. Гнілазубая пачвара! Яна круціцца ля ног, як сабака.

Сонца. Горы. Ляжыць прыгожая жанчына. Мёртвая. Але забіта так, што крыві не відаць. Спіць. Вострае жаданне… Мы павярнулі ў сяло… Дзве дзеўчынёхі збіралі абрыкосы… Як яны крычалі… Але ўсё належыць чалавеку са стрэльбай… Бачыў я там і кандыдатаў навук, і спартсменаў, і зэкаў… Быў хлопец з Ніжняга Ноўгарада, раней ён ваяваў на баку Азербайджана, пасля прыбіўся да нас — мы на баку армян… Азербайджанцы яго пакрыўдзілі, абяцалі пятнаццаць тысяч «драўляных» у месяц, далі пяць. Другі перад гэтым «казачыў» у Малдове. Зарабляў на кааператыўную кватэру ў Маскве. Не хапіла, махнуў на Каўказ… Быў сярод нас абаронца Белага дома… Быў аматар вершаў Ясеніна, чытаў нам: «Падабалася дзеўчына ў белым, у блакітным цяпер я люблю». Гэты, як на машыну сабраў, паляцеў у Яраслаўль. Былі ў нас жанчыны… З Масквы, Санкт-Пецярбурга… Адну муж пакінуў з двума малымі дзецьмі, на рабоце скарацілі. Нічога не адкідвала, дзіцячыя цацкі ў разбітых дамах збірала… Ну, Афган! Родны Афган! Вайна — бардак і пахмелле, жахлівае дно і мужчынскае баляванне…

…Мы вярнуліся дадому. Мы прыляцелі тым жа рэйсам Аэрафлоту… Поўны самалёт садавіны і дынь. Ніхто не вылучаў нас у натоўпе гэткіх жа загарэлых і шчаслівых людзей. У аэрапорце купілі па букету руж… Дома нас чакалі… Каханыя, чые фотакарткі пажаўцелі ў нашых нагрудных кішэнях ад чужога сонца. Пасля мату і крыві хацелася гаварыць ціхія, пяшчотныя словы. Мы купілі кветкі і рванулі дадому на таксі…

— Я, як хлапчук першы раз, дрыжу, калі яна распранаецца… Ад яе паху… — сказаў Пашка.

Цяпер я ведаю, што каханне і вайна падобныя… Тая ж крывавая гульня… Карыда… Паядынак…

Эх, Пашка! Яго ніхто не чакаў дома. Дом быў пусты, як пакінуты акоп. Яна пайшла да другога… Ён лёг на канапу і стрэліў сабе ў рот…

Такая вось сентыментальная гісторыя. Ён быў мой сябра, мой лепшы сябра. Мы Афган прайшлі, Карабах… Мы гвалтавалі чужых жонак, забівалі. Гэта ж вайна — наш мужчынскі свет. А тут? Жонка пакінула — і куля ў рот?! Эх, Пашка! Твае бацькі нікому не прызналіся, адкуль ты прыехаў і прывёз кучу грошай. Яны ўсім расказвалі, што ты будаваў дамы ў Сцепанакерце, разбураным ад землятрусу. А там ужо даўно не будуюць, толькі бамбяць. Я пайшоў у касу Аэрафлоту і купіў білет… Назад, на вайну… І ўсё роўна з кім і супраць каго… Мне важна адчуць у руках зброю, як музыканту інструмент. Дурні! Сядзяць тут, амерыканскія баевікі круцяць… Цяпер любы можа ўзяць білет і злятаць на сапраўдную вайну. Паглядзець. Такая раскоша! Я магу жыць толькі там…

Стопар! (Пасля маўчання.) Горад наш не называйце… З-за бацькоў… Хай вераць, што мы недзе дамы будуем…

Гісторыя пра тое, што ўсё роўна яшчэ ёсць хлопцы, якім лягчэй застрэліць сябе, чым страляць у іншых. Уладзімір І-ў — кіроўца, 22 гады

З мацерынага ліста:

«…Калі б мне сказалі, што ты хочаш паўтарыць — нічога не хачу паўтарыць. Адчуванне марна пражытага жыцця. Але жыцця ж і не было, я яго не памятаю, была толькі праца. І што мы пабудавалі?! Жабрачая багатая краіна, зняважаныя дзівосныя людзі. Сталін заліў гэтую зямлю крывёю, Хрушчоў саджаў на ёй кукурузу, а з Брэжнева ўсе смяяліся, але ў сябе дома, на кухні. А свядома ці несвядома мы ўсе ў гэтым удзельнічалі. Шмат разважаючы, я дайшла да самага канца і пачала ганарыцца тым, што мой сын не захацеў гэтак жыць, што ў яго хапіла сілы волі і годнасці пайсці… А ў мяне няма…

Разам са сваім лістом я пасылаю яго дзіцячыя фатаграфіі, у мяне іх — чатыры альбомы, сама друкавала. Каб вы яго проста ўбачылі… Памерлыя дзеці чамусьці заўсёды ўспамінаюцца толькі маленькімі…

Села за пісьмовы стол, узяла ручку… Трэба зноў прайсці той страшны шлях да абрыву… Я — журналіст, мая прафесія — ручка і папера. Калі адысці, не ўзірацца, дык яшчэ можна неяк дыхаць, але варта наблізіцца — у крыві захлынешся. Быў у мяне такі парыў, калі прывезлі яго адзенне, што зберагалася на час следства ў пракуратуры. Апусціла яго ў ванну, і закружылася галава, быццам не ванна, а ўся кватэра ў крыві, і так пацягнула ў гэты родны ярка-чырвоны вір… Не верце, калі кажуць, што накладаюць на сябе рукі слабыя. Адыходзяць моцныя, сумленныя, светлыя. Слабыя могуць спіцца, могуць звар'яцець. А з абрыву падаюць — не мае значэння, пісталет, вяроўка, атрута — толькі моцныя. Я не змагла.

Мне трэба выжыць. Зберагчы розум, каб зразумець і расказаць гэтую звычайную страшную гісторыю. Нашу, расейскую. Хай кінуць мяне ў лагер, запруць у турму, распаленымі абцугамі рвуць маё цела — не зробяць, каб балела мацней. Нельга зрабіць, каб мне балела мацней, чым баліць. Нельга — разумееце?! Калі на экранах мільгацяць знаёмыя абліччы правадыроў, якія «жалезнай рукой заганялі чалавецтва ў шчасце», іх зноў нясуць на чырвоных палотнішчах, я хачу крычаць, як той ноччу, тым ранкам. Там, у мінулым, я люблю толькі яго дзяцінства…

Яму дзевяць гадоў. Памёр наш тата.

— Мама, тата пайшоў гэтак далёка, што я яго ніколі не ўбачу?

Доўга баяўся, калі бачыў, што я сплю: «Ты быццам мяне пакінула, як тата».

Пасля вайны я таксама не любіла глядзець на спячых людзей.

Дарослым я яго памятаю такім, якім ён ляжаў у труне. Амаль незнаёмы мне чалавек, штосьці ў ім нагадвала майго сына, але толькі нагадвала. Гэта светла-русыя, трошкі кучаравыя валасы, прыкрытыя белай касынкай, каб не была відаць рана на правай скроні… Праз чатыры з паловай месяцы я ўбачу яе — на фатаграфіі ў следчага, — падобную на абарваную чорную зорку. І мне стукне ў сэрца вайна… Як ідуць нашы салдаты і просяць: «Дзяўчынка, ты туды не глядзі… Табе яшчэ раджаць трэба будзе…» А там — забітыя ў выгаралых гімнасцёрках, складзеныя, як шпалы… Па даўжыні, па росту… Пашкуматанае жалезам чалавечае цела… Яго вынеслі з хаты, а я шукаю з ім сувязь, недзе ж яго душа блукае ля цела, ля сваіх зямных прывязанасцей. Раніцай пабягу на могілкі, але тут жа вяртаюся… Дома яшчэ ён усюды: яго швэдар, яго любімы кубак для гарбаты, недачытаная кніга з закладкай… А там перада мною адразу, толькі я ўвайду ў вароты, узнікае ўяўленне: вось ён падымае пісталет да скроні, выцягваецца… Вось-вось!!! І тварам уніз, у раздзявалцы, на затаптаную падлогу вуснамі… У мяне мутнеў розум, у галаве біў набатны звон. А вар'яцтва — яно страшней за смерць. Я стала зайздросціць мацяркам, якія сядзяць ля родных магіл, падаюць на іх, абдымаюць…

Як я пасля вайны не любіла глядзець на зброю! Яна ніколі не выдавала мне прыгожай. Малога цалую яго, цалую, каб ён рос ласкавым, пяшчотным. Ён не мог ні ў кога страляць, я яго вельмі шмат у дзяцінстве цалавала.

Нават не памятаю калі, але рана, па-мойму, у пятым класе ён вырашыў:

— Буду выпрабавальнікам машын. Няма нічога прыгажэйшага, чым аўтаралі.

Але ён быў хворы на ныркі, ён прачынаўся ўранку з глыбокімі падковамі-ацёкамі пад вачамі (ці магла я, перажыўшы вайну, бачыўшы смерць і кроў, п'янеўшы і засынаючы ад голаду на хаду, нарадзіць здаровае дзіця!). Дактары суцяшалі, маўляў, хлопец занадта хутка расце, у яго клятчатка рыхлая, вось слёзы і застойваюцца… Ён паступіў ўжо ў вучэльню, на аддзяленне аўтаслесараў, каб вывучыць машыну да астатняй шрубкі. Канчаўся другі год вучобы, калі прарэзлівы боль у левай нырцы аб адным дні паклаў яго ў пасцель — гідранефроз. На рэнтгенаўскім здымку не прагледжвалася ні кавалачка здаровай тканкі. Я была ў роспачы, пакуль мы не трапілі да старога прафесара, які зрабіў цуд: ён аперыраваў некалькі гадзін і ўратаваў нырку. Праз тры-чатыры гады сын быў зусім здаровы…

Жылі мы на адну маю зарплату і яго маленькую пенсію, ледзьве хапала ад палучкі да палучкі. Але тут, у каго перахапіўшы, у чымсьці сабе адмовіўшы, я зрабіла яму падарунак — матацыкл. Хай самы танненькі, але матацыкл — яго мара, яго сон, яго жаданне. Імчацца, рухацца, ляцець!

— Мама, я гэтак доўга праляжаў у пасцелі і прасядзеў у крэсле, — гаварыў ён, — што мне не семнаццаць гадоў, а сто.

І вось тут першы званочак… Званок… Знак бяды…

Паехаў — і няма, няма. Пастаю на балконе, пахаджу па кватэры: дзе ён, што з ім? І навошта я купіла яму гэтую страшную прыгожую цацку? Можа, трапіў пад машыну, урэзаўся ў што-небудзь. Матацыкл лёгкі, як мячык, падаб'юць, скамечаць, як паперку. Дзе ён? Што з ім? Позна ноччу чую ў двары шум (у нас другі паверх — побач). Выглядваю: мой сын нешта цяжкае валачэ на сабе. Ды гэта ж — яго матацыкл!

— Ты сам цэлы? — выбягаю насустрач.

— Мама, яны б'юць…

— Хто? Што?

— Мама, яны б'юць… Я нічога не парушыў, і правы ў мяне былі з сабою. Спыняе міліцыянер і загадвае ехаць у аддзяленне. Пасадзілі ў камеру, а самі ламалі, карэжылі матацыкл. Валачыў яго на сабе праз увесь горад. Дарэмна валачыў — цяпер яму месца на сметніку.

Раніцай прыйшлі ягоныя сябры. Я чула, як яны яго адукоўвалі, вучылі:

— Ты што, з месяца зваліўся? Мент спыняе — даеш яму дзесятку. Зарплата ў іх маленькая, разумееш?

Уладкаваўся кіроўцай у таксапарк. У першыя ж дні ўкралі магнітафон. Паабяцалі навучыць, як выпіваць шклянку гарэлкі адным духам і трохпавярховаму мату — пасвячэнне ў прафесію. У суботу нацямку бег на чорны рынак прыдбаць запчасткі, купляў іх на ўласныя і на маміны грошы.

Не вытрываў, падзяліўся са мною:

— Мама, як жа можна гэтак жыць? Усе крадуць, падманваюць.

Разумная, ідэйна падкаваная мама абурылася:

— Бо ўсе маўчаць! Мы ўсе заўсёды маўчым. Ты павінен выступіць на сходзе!

Поделиться с друзьями: