Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Цыраваць я ўмела. Але я разумела, што гэтыя дзіркі ніколі не зацыраваць. У мяне стыпендыя — васемнаццаць рублёў, у мамы пенсія — чатырнаццаць рублёў. Гэта быў для нас рай — хлеба еш, колькі хочаш. Яшчэ хапала на гарбату. У мяне быў адзін спартыўны касцюм і адна паркалёвая сукеначка, якую я сама пашыла. У тэхнікум зімой і восенню хадзіла ў спартыўным касцюме. Маму памятаю толькі хворай. Яна не магла мяне пашкадаваць, у яе не было на гэта сілы. Мы ні разу не абнялі адна адну, не пацалавалі. Гэта жахліва вымавіць: мы былі два чужыя чалавекі. Нашы мацяркі трацілі нас двойчы: калі нас забіралі ў іх малымі і калі яны старымі вярталіся да нас, ужо дарослых, незнаёмых. (Паўза.) Радзіма — наша маці… Радзіма — наша мама… (Працяглая цяжкая паўза.)

Нехта прыдумаў жахлівы жарт:

— Хлопчык, дзе твой тата?

— Яшчэ ў турме.

— А дзе твая мама?

— Ужо ў турме.

Сваіх бацькоў мы ўяўлялі толькі ў турме. Мы з мамай былі такія чужыя, што, калі яна вярнулася, я хацела ўцячы ад яе ў дзетдом… (Запыняецца. Маўчыць.) І я гэта ніколі не папраўлю… Мамы даўно няма… Пра бацьку мама не магла гаварыць, было ўражанне, што яна яго не ведае… (Маўчыць.) Я галубіла, гладзіла яе толькі мёртвую… Як яна ляжала ў труне… Ува мне ачнулася гэтакая пяшчотнасць, гэтакая любоў… Яна ляжала ў старых валёнках, бо ні туфляў… ні хатніх, пантофляў у яе не было… А мае — малыя…

Я цалавала яе… Я гэтак хацела заплакаць… Але я не плакала… Ведаеце, калі я па-сапраўднаму навучылася плакаць? Калі выйшла замуж, калі ў мяне нарадзіўся сын… Калі я была шчаслівая…

Вось і ўсё… Усё жыццё… Тое, што ўмяшчаецца між узмахам крыла і рыдлёўкі… У нейкага паэта прачытала… Запомніла… Між узмахам крыла і рыдлёўкі…

…Купіла прыгожыя туфлі. Разарылася. Я хацела, каб мяне пахавалі ў прыгожых туфлях… У мяне ніколі іх не было. Купляла заўсёды ці таннейшыя, ці паношаныя, у камісіёнцы. У мяне ніколі не было прыгожых рэчаў. Дарагіх. Хацела яшчэ кофту добрую купіць, ды грошай не хапіла. Я ўжо нагледзела. Махеравую. Цёплую. Усё ж зіма… Але зімой не так шкада паміраць… Не, усё адно шкада… Нават старыя… Яны шкадуюць… Ніхто не адыходзіць лёгка і радасна… А я? Я любавалася гэтым светам… Не налюбавалася… Мне даспадобы жыць… У акно раніцай глядзець…

Напісала запіску: скажыце Анечцы (гэта мая ўнучка), што бабуля паехала далёка ў госці…

Тым днём паднялася рана і ўсё шукала сабе работу, каб быць занятай. Раніцай смажыла катлеты. Хацела моцных пахаў. Адчуць яшчэ раз, як пахне смажанае мяса… Пасля ўсчала вялікае мыццё. Цыравала. Нешта рабіць-рабіць. Але не думаць. Мае любімыя духі «Можа быць»… Дастала. Я хацела, каб пасля мяне ў доме жыў пах жыцця, а не смерці…

З рэчаў, з прадметаў нічога не хацела пакідаць. Ні маіх фатаграфій, ні маіх пісьмаў, ні майго почырку. Выбіралася, як з гатэля, усё вынесла, выкінула. Нават свой кавалачак мыла, зубную шчотку. Я памятала, як памерла суседка. Як спяшаліся згрэбці і вынесці з кватэры тое, што пасля яе засталося. А яна пражыла доўгае жыццё, некалі была вядомай балерынай: фатаграфіі, пісьмы ў вялікіх кардонных скрынках… Нейкія сувеніры, каменьчыкі, засушаныя лісточкі… Скамечаныя запісачкі: «Каханая…», «Прынцэса…», «Чароўная…». Усё гэта яе сын пакаваў у вялікія цэлафанавыя мяхі і паліў за нашым домам на пустцы. Чалавек столькі смецця пасля сябе пакідае…

Калі б я была ўлюбёная ў сваю дачку… Ці ў свайго сына… Я ім чужая… Я ім гэткая не патрэбна… А муж пакінуў… Ён пайшоў да другой жанчыны… А я яго кахаю… Дагэтуль… Я — адналюб… (Раптам усміхнулася.)

Паставіла букет кветак, каб, калі зойдуць у мой пакой, не так злякаліся смерці… (Паўза.)

Я ведаю, як трэба жыць у зоне… Я ведаю, як можна выжыць у зоне… Я выжывала там шмат разоў…

У мяне псіхалогія зэка… Мае дзеці са мною паводзяць сябе гэтак, быццам я — хворая, хворая на нейкую невылечную хваробу. Гэта не перадаць… Гэта не растлумачыць… Быў мой дзень нараджэння… Я штосьці прыгадала пра лагер… Мы радавацца не ўмеем, нават калі нам добра, штосьці гняце душу. Я прыгадала, як мы любілі свята Першамая. У руцэ — чырвоны сцяжок… Нам выдавалі новыя паліто і новыя сукенкі… Усе аднолькавыя… Як нас віншаваў генерал… Мы паўзлі, караскаліся на высокі падваконнік…

— Навошта ты нам гэта расказваеш? Прызнаешся навошта? Сорамна ж! — абарваў мяне сын.

(Маўчыць, а пасля працягвае, раптам заікаючыся, бязладна.)

— Яны ін-ншыя… Яны не б-былі там, у зоне… Яны п-прыго-жыя… На вуліцы я люблю г-глядзець на ма-аладых, а дома я… іх… я… іх б-баюся… (Запыняецца.) У дзяцінстве… У дзетдоме заікалася… Пасля мінулася… Вылечылася… Часам ц-цяпер вяртаецца… Хутка про… пройдзе… Пап-п-п'ём гарбаты… Чайку… Зараз завару… Прынясу… (Ідзе на кухню.)

(Праз паўгадзіны мы заканчваем нашу гаворку.)

Ён мне сказаў, крыкнуў:

— Навошта ты гэта расказваеш? Прызнаешся навошта? Сорамна ж! На вас, як на жабах, паставілі бесчалавечны дослед. Уніжальны. Разумееш, уніжальны! А вы ганарыцеся, што вытрывалі! Засталіся жывыя?! Лепш бы памерці! А цяпер чакаеце спачування. Удзячнасці. За што? Як там старажытныя гаварылі? Чалавек — гэта надзелены здольнасцю думаць трыснёг… Удабрэнне, гной, а не думаючы трыснёг. Пясок… Будаўнічы матэрыял для камунізму… Мяне нарадзілі ў рабстве і вучылі жыць у рабстве… У зоне… Вакол шумела свята жыцця, а вы ў ім не ўдзельнічалі. Тваё пакаленне… Вас трымалі ці то ў клетцы, ці то ў кантэйнеры. А ты хочаш, каб я гэта памятаў?! Ты ніколі не будзеш вольным чалавекам. Я чую, як і ўва мне цячэ твая рабская кроў… Я зрабіў бы сабе пераліванне крыві!!! Клеткі ўсе памяняў бы! Нават калі б у мяне была магчымасць адсюль паехаць, я ўсё роўна такога б сябе павёз з сабой… З тваім саставам крыві… З тваімі клеткамі… Ненавіджу!

…Я пусціла газ у кватэру… Уключыла радыё…

Я была вольная… Я ніколі не думала, што здолею гэта зрабіць…

Вы думаеце, я не хачу жыць? Я вельмі хачу жыць! Я жыццём не налюбавалася…

Замест эпілога

З сённяшніх газет:

У Расеі расце колькасць самагубстваў. «У 1991-ым годзе 60 000 людзей пакончылі з сабой, гэта на 20 000 больш, чым год назад», — паведаміў кіраўнік Расейскага інстытута грамадска-палітычных даследаванняў Генадзій Осіпаў, па інфармацыі агенцтва Інтэрфакс. «Расея стаіць над безданню, — заявіў далей Осіпаў у размове за «круглым сталом». — Мільён людзей рабілі спробу самагубства; дваццаць працэнтаў насельніцтва, гэта значыць пятая частка велізарнай краіны, мараць аб эміграцыі…»

Ён параўнаў цяперашнюю сітуацыю ў Расеі з ХІІІ стагоддзем — перад татарскім нашэсцем…

«Франкфуртэр Рундшаў», 28 сакавіка 1992 г.

Сумная вестка: Юлія Друніна пакончыла з сабой. Яна магла тысячу разоў загінуць на той вайне, на якую пайшла ў семнаццаць гадоў. А памерла па сваёй волі ў гаражы на дачы… прыняўшы снатворнае і ўключыўшы ў машыне выхлапны газ.

Самагубства паэта… Мы памятаем Ясеніна, Маякоўскага, Марыну Цвятаеву. Калі паэт сам вырашае пайсці з жыцця, значыцца, у ім штосьці вельмі дрэнна. Вось і Юлія Друніна… Засталася пасмяротная запіска. Вось радкі з яе: «Чаму адыходжу? Па-мойму, заставацца ў гэтым жахлівым, перасвараным, створаным для дзялкоў з жалезнымі локцямі свеце такой недасканалай істоце, як я, можна, толькі маючы моцны асабісты тыл…»

Калісьці гэтым тылам быў Аляксей Каплер — таленавіты кінадраматург і любімы, любячы муж. Але яго яна пахавала ў Старым Крыме, дзе і сябе завяшчала пахаваць. Другой жа такой любові ў свеце для яе не аказалася. І атрымалася, што апынулася яна з жахлівым, перасвараным светам адзін на адзін…

«Правда», 7 красавіка 1992 г.

Мінуў амаль год з дня смерці Маршала Савецкага Саюза С. Ахрамеева.

Вось у сціслым выкладзе следчая версія.

24 жніўня 1991 года маршал Ахрамееў прыбыў у свой рабочы кабінет у Крамлі і, будучы ў стане дэпрэсіі пасля разгрому ГКЧП, прыняў рашэнне аб самагубстве. У 9 гадзін 40 хвілін раніцы ён зрабіў першую спробу павесіцца, аб чым пакінуў запіску такога зместу: «Я дрэнны майстар рыхтаваць зброю самазабойства. Першая спроба (у 9.40) не ўдалася. Парваўся тросік. Ачомаўся ў 10.00. Збіраюся з сіламі ўсё паўтарыць зноў. Ахрамееў».

Увечары таго ж дня камендант будынка знайшоў маршала павешаным у яго ўласным кабінеце. Следчая брыгада прыбыла на месца ў 23.27 і зафіксавала на відэастужку наступнае: Ахрамееў сядзеў ля акна на падлозе, прыхінуўшыся спінаю да сцяны. Сінтэтычны шпагат, на якім ён павесіўся, быў прывязаны да ручкі аконнай рамы. У кабінеце быў ідэальны парадак і аніякіх слядоў валтузні. На рабочым стале ляжалі пасмяротныя запіскі і пісьмы да сям'і…

У адной з яго запісак ёсць такія радкі: «Хай у гісторыі хоць застанецца след — супраць гібелі такой вялікай дзяржавы пратэставалі. А ўжо гісторыя ацэніць — чыя праўда, а чыя віна…»

Поделиться с друзьями: