Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Нас увесь час вучылі, нам гаварылі: «Радзіма — гэта ваша маці… Радзіма — гэта ваша мама…»

Малыя, мы ва ўсіх дарослых, якіх страчалі, пыталіся:

— Дзе мая мама? Якая мая мама?

Ніхто не ведаў нашых мам…

Першая мама прыехала да Рыты Мельнікавай. У яе быў цудоўны голас. Яна спявала нам калыханку:

Спі, мая радасць, засні. Ў доме патухлі агні… Фортка ў акне не рыпіць, Мышка за грубкаю спіць…

Мы такой песні не ведалі, мы гэтую песню запомнілі. Прасілі: яшчэ, яшчэ. Я не памятаю, калі яна скончыла спяваць. Мы паснулі. Яна нам усім гаварыла, што нашы мамы добрыя, што нашы мамы прыгожыя. Што нашы мамы ўсе спяваюць гэтую песню. Мы чакалі…

Пасля было страшэннае засмучэнне. Яна нам сказала няпраўду. Прыязджалі другія мамы. Яны былі непрыгожыя, хворыя. Яны не ўмелі спяваць. З тае пары я не люблю няпраўды. Нас нельга было суцяшаць няпраўдай. Нас нельга было падманваць: твая мама жывая, а не памерла. Дзіця пачынала верыць, а пасля высвятлялася, што мамы няма. Я не люблю казак. Доўга не чытала казак. Я пачала чытаць казкі, калі ў мяне нарадзілася дачка, калі ёй споўнілася пяць гадоў, і яна прасіла: «Казку, мама. Раскажы страшную казку». Я чытала ёй казкі і заўсёды здзіўлялася: чаму ў дзіцячых казках так шмат забіваюць і чаму дзецям гэта даспадобы? І цяпер не дацямлю.

У дзетдоме мы былі вельмі маўклівыя. Мы не размаўлялі. Не памятаю нашых гаворак. Памятаю дотыкі. Мая сяброўка Валя Кнорына да мяне дакранецца, а я ведаю, пра што яна думае, бо мы ўсе думалі пра адно і тое ж. Мы ведалі адно пра аднаго інтымныя рэчы: хто пісаецца ўначы, хто крычыць у сне, хто якую літару не вымаўляе. Я ўвесь час лыжкай зуб сабе выроўнівала. Штосьці на нас зыходзіла. Напэўна, святло анёлаў. Не можа столькі дзяцей быць без анёлаў. У адным пакоі — сорак жалезных ложкаў… Увечары — каманда: скласці далонькі разам і — пад шчаку! І ўсім — на правы бачок! Мы павінны былі рабіць гэта разам, усе сорак чалавек. Гэта была агульнасць, хай жывёльная, хай агульнасць тараканаў, але мяне гэтак выхавалі. Ляжым-ляжым ноччу і пачынаем плакаць, усе разам: «Добрыя мамы папрыязджалі ўжо…» Адна дзяўчынка сказала: «Не люблю маму. Чаму яна гэтак доўга не едзе?» Але я ўспомніла, як мая мама клікала мяне: «Анечка, вазьмі цукерку…» Як яе не пускалі… Адцягвалі за прыгожыя чорныя валасы… Я дароўвала ёй усё… Я любіла яе…

Раніцай мы хорам спявалі (ціха напявае):

Ранак лье святло вячыста На чырвоны мур Крамля. Прачынаецца ўрачыста Ўся Савецкая зямля…

Мацней за ўсе святы на свеце мы любілі Першамай. Нам выдавалі новыя паліто і новыя сукенкі. Усе паліто аднолькавыя, і ўсе сукенкі аднолькавыя, і ты не заўважаеш, што яны аднолькавыя. Ты пачынаеш іх абжываць. Нам выдавалі хлапечыя трусы — дзяўчынкам і хлопчыкам. Нам казалі, што гэта Радзіма пра на думае, пра нас клапоціцца. Нам казалі, што Радзіма — наша мама. Перад першамайскай лінейкай выносілі ў двор вялікі чырвоны сцяг… Грымеў барабан… Мы строіліся… Нам раздавалі маленькія чырвоныя сцяжкі… Памятаю, як прыязджаў нейкі генерал, віншаваў нас. Усіх мужчын мы дзялілі на салдат і афіцэраў, а гэта быў генерал. Мы лезлі на высокі падваконнік, караскаліся на яго, каб убачыць, як ён сядаў у машыну і махаў нам рукой. «Ты не ведаеш, што такое — тата?» — спытала ў мяне Валя Кнорына. Я не ведала…

А потым у мяне таксама з'явіліся пухіры пад пахамі. Яны лопаліся, было гэтак балюча, што я плакала. Ігар Каралёў пацалаваў мяне ў шафе… Мы вучыліся ў пятым класе… Я пачала ачуньваць… (Смяецца.)

Быў у нас Сцёпка… Рукі складзе, быццам ён з некім удваіх, і кружыцца па калідоры, як у вальсе. Сам з сабой танцуе… Нейкую сваю музыку слухае… Нам смешна… Ён ні на кога не зважае, быццам ён адзін жыве… Мы не разумеем… Нам дзіўна… Яго нават да лекара вадзілі…

Не магу болей… На сёння досыць… Іншым разам… Я выжыла… Мяне ўратавалі… Лекары ўратавалі маё цела… Але я з сабой пакончыла… Гэта не перадаць… Гэта не растлумачыць… Тым вечарам, калі пусціла ў кватэру газ… Вы думаеце, я не хачу жыць? Я вельмі хачу жыць… (Маўчыць.) Цікава, вось тыя людзі, што працуюць на могілках, як яны ставяцца да смерці? Яны ж штодня — на могілках… Яны нікому не прызнаюцца, што працуюць на могілках… Нікому не распавядаюць… Ім сорамна, няёмка ці страшна?

Мой сын кажа, што я жыла на могілках… Што я — ненармальная… Нармальны б чалавек гэтага не вытрываў…

Яны мне кажуць… Мае дзеці… Што я — сапсаваны, што я — звыродлівы чалавек… Я вырасла на могілках… Што мне патрэбна зона… Гэтыя рамкі… Я ў іх нарадзілася… (Замаўкае.)

Што ўспамінаць? Што, уласна, у мяне было? Ігар Каралёў пацалаваў мяне першы раз у шафе, і я выжыла…

…Я жыла ў дзетдоме да шостага класа. Калі я пайшла ў шосты клас, да мяне прыехала мая мама. У лагеры мама адседзела дванаццаць гадоў. Мне дванаццаць гадоў, і дванаццаць гадоў мама была ў лагеры. Мы з ёй так і падлічвалі: колькі мне гадоў, столькі ў яе прайшло тэрміну.

Я памятаю, як яна прыехала па мяне. Ёй дазволілі забраць мяне. Каб нам жыць разам. Пад восень. Мяне хтосьці аклікнуў:

— Анечка! Анютачка!

Ніхто мяне гэтак не зваў. Я ўбачыла жанчыну з чорнымі валасамі і закрычала:

— Мама!!!

Яна абняла мяне з гэткім жа адчайным крыкам:

— Татачка!

Малою я была вельмі падобная да бацькі.

Але выявілася, што мы з мамай не разумеем адна адну. Я шчыра верыла, што ў нас шчаслівае дзяцінства. Хацела хутчэй уступіць у камсамол, каб змагацца з нейкімі невідочнымі ворагамі. Каб яны не зруйнавалі наша самае шчаслівае ў свеце жыццё… А мама плакала і хварэла. Мы паехалі па дакумены ў Караганду, адтуль нас накіравалі ў ссылку… У Сібір… Горад Бялова… Недзе за Омскам…

Па дарозе адзначаліся ў НКУС, нам увесь час загадвалі: ехаць далей. Дагэтуль не магу бачыць вячэрніх агнёў у дамах. Нас выганялі з вакзалаў, мы ішлі на вуліцу. Свяціліся агні ў дамах, там былі людзі, яны жылі ў цяпле, яны грэлі гарбату. Нам трэба было пастукацца ў дзверы і папрасіцца. Гэта было самае страшнае… Ніхто не хацеў пускаць начаваць…

У Бялове мы сталі жыць на кватэры — у зямлянцы. Потым зноў жылі ў зямлянцы, і яна ўжо была нашай. Я захварэла на туберкулёз, не магла стаяць на нагах… Верасень, трэба ісці ў школу, а я не магу хадзіць. Паміраць было не страшна… У бальніцы ўвесь час хто-небудзь паміраў… Памёр Ванечка… Памёр Славік… Мёртвых я не баялася… Але я не хацела паміраць… Я вельмі добра малявала, вышывала. Так прыгожа, што ўсе здзіўляліся. І я не разумела, чаму я тады павінна памерці…

Нейкім цудам я выжыла. Аднойчы расплюшчыла вочы: на тумбачцы стаяў букет чаромхі. Зразумела, што буду жыць… Я выжывала шмат разоў…

Вярнулася дадому, у зямлянку. У мамы чарговы інсульт. Убачыла старую жанчыну, якая ледзьве соўгаецца па зямлянцы. Яе завезлі ў бальніцу… У хаце я не знайшла аніякай яды… А выходзіць на вуліцу бянтэжылася, каб мяне такой не ўбачылі, не распытвалі, не падавалі акрайчык хлеба… Пакуль суседка не ўгледзела…

Мяне пасадзілі на цягнік… Білет купіў Чырвоны Крыж… Я вярталася ў Смаленск… У свой родны горад… У дзетдом… І я зноў выжыла… (Задумваецца. Маўчыць.)

Мне споўнілася шаснаццаць гадоў. У мяне з'явіліся сябры. Але было ў мяне такое дзівацтва: калі я каму-небудзь пачынала падабацца, рабілася страшна. Страшна, што нехта звярнуў увагу, вылучыў мяне. Добра адчувала сябе толькі незаўважнай, непазнанай. У натоўпе… У групе… Да мяне немагчыма было заляцацца… На спатканне я брала з сабой сяброўку: калі мяне запрашалі ў кіно, я таксама прыходзіла не адна… Удзвюх, утрох… Калі я прыйшла на спатканне да свайго будучага мужа з сяброўкай, ён адвёў мяне ўбок і паказаў на галаву: «Ты што, звар'яцела? У гэтай справе калектывізацыя яшчэ не аб'яўлена». (Нечакана плача.)

Памёр Сталін. Нас вывелі на лінейку… Пастроілі. Вынеслі чырвоны сцяг… Колькі доўжылася пахаванне, столькі мы стаялі па стойцы «смірна». Гадзін шэсць ці восем… Нехта траціў прытомнасць… Я плакала… Як жыць без мамы, я ўжо ведала. Але як жыць без Сталіна?

…Калі я ўжо вучылася ў архітэктурным тэхнікуме, назусім вярнулася з ссылкі мама. Яна прыехала з драўляным куфэрачкам, у ім — цынкавая гусятніца (яна дагэтуль у мяне, не магу выкінуць), дзве жалезныя лыжкі і кучка парваных панчох.

— Ты — дрэнная гаспадыня, — гаварыла маці, — не ўмееш цыраваць.

Поделиться с друзьями: