Зачараваныя смерцю
Шрифт:
Заўважаю: хаджу ў тэатр, хаджу ў кіно. Хаджу глядзець на смерць.
Ці ёсць хто-небудзь з нас, хто хоць бы раз у сваім жыцці не падумаў пра самагубства?
Кірылаў у «Бесах» Дастаеўскага наклаў на сябе рукі, здзіўляючыся: «Чаму не ўсе людзі канчаюць самагубствам?»
Сёння я выйшаў — увесь начны, з начнымі думкамі, а людзі — ранішнія. Яны спяшаліся са сваім клопатам у розныя бакі…
Праходзіў міма фотастудыі. А што, калі мяне не будзе і фатаграфіі апошняй не застанецца? Сфатаграфаваўся.
Увечары забраў фатаграфіі. Дзіўна глядзець на свой партрэт. Быццам гэта я сам сфатаграфаваў незнаёмага чалавека…
Сталін. Нейкая ўсё ж загадка ёсць.
Што памятаю я?
Радыё перадае бюлетэні — пра стан здароўя таварыша Сталіна.
— Мама, як жа так? Няўжо ён можа памерці?
— Ну і што ж тут такога? — адказвае мама. — Ён ужо стары чалавек.
— Чаму ўсе жывуць, быццам нічога не здарылася? Усё павінна спыніцца. Маўчаць.
А назаўтра ён памёр. Нас паслалі па вянок. Па вянок для Сталіна…
Мы смяяліся… Беглі… Мы ўжо забыліся, што гэта Ён памёр…
Яшчэ ў Пушкіна: «Без паэтычнай волі жыць нам вельмі можна». Вельмі. Толькі мы не ўмеем.
Ну ці ж блага было б: паехаць на дачу, распаліць грубку… Глядзець у акно.
Не ўмею…
Я ўяўляю, як я гэта… зраблю. Але тое, што я зраблю, будзе грубым паўторам. Няўдалым.
Размаўляў у цягніку з жанчынай. Былая франтавічка. Снайпер. Ехала ад дачкі. Тая з дзяцінства — у вар'яцкім доме.
— Бог пакараў мяне, — гаварыла маці. — Я забівала… А яна звар'яцела…
Малады лейтэнант, што прыехаў у водпуск, служыць на Каўказе. Там бушуе вайна. Распавядае і ўвесь час паўтарае: «Ці я звар'яцею, ці буду спакойна забіваць іншых». Уразіла адна дэталь: сабакі баяцца людзей, яны ўцямілі, што галодныя людзі пачалі паляваць на іх…
Ну і што? Сёння тысячы, мільёны антываенных кніг, фільмаў, песень, балетаў… А праз пяцьдзесят гадоў людзі робяць тое ж самае…
Што мы ведаем пра рэвалюцыю, пра грамадзянскую вайну? Цяпер пачынаеш разумець, што ведалі мы нашу літаратуру, яе герояў, але не рэальнасці, падрабязнасці таго часу. Чапаеў, Шчорс, Будзённы, Варашылаў… Рэальнага чалавека ўвесь час перараблялі пад ідэю. Тое, што выдавалася за рэальнасць, мела да яе такія ж суадносіны, як Кашчэй Бессмяротны і Салавей Разбойнік. Гэта было не мастацтва, не філасофія, не літаратура, а «фабрыка рэальнасці».
І я ў гэтым таксама ўдзельнічаў. І трэба прызнацца, што працяглы час — шчыра. Пасля гэтых разважанняў палез у свае фотаархівы. Сотні партрэтаў… Абліччаў… І яны таксама — шчырыя…
А як з гэтым быць?
Ленін марыў: «Уся краіна, як адна вялікая фабрыка».
Я не бачу вольных людзей…
Яна мяне пацалавала, і я ўчуў яе пах… Пах маладога дрэва…
Як хавалі раней у нас у вёсцы? Труну з нябожчыкам выносілі ў двор — ён развітваўся са сваім дваром, пасля ставілі ў садзе — і стукалі па кожным дрэве, каб абудзілася… Жывёлу падымалі ў хлеве, каб не ляжала… «Адну яблыню абышлі, забыліся, не пастукалі, дык яна ссохла», — распавядала бабуля пра смерць майго дзеда.
Наша расейскае… Жыццё на разрыў аорты… На краі… Як там у Высоцкага: «Хоць хвіліну яшчэ пастаю на краі…» На краі!!
Дзеля чаго вечна стаяць на краі? Бо астатняе ўсё сумота. Папакутаваць дай! Захапленне пакутамі… Нічога іншага не хочацца. Сумна грошы зарабляць, дарогі брукаваць, шкарпэткі цыраваць… Расейскаму чалавеку ўвесь час свята хочацца!! Адвёртку ў бок суседу ўсадзіць ці рэвалюцыю зрабіць. На барыкады, на вайну… У рэвалюцыю… І тут жа пасля барыкад, пасля рэвалюцый падавай шчаслівае жыццё…
Хто мы? Толькі паслухайце нашы песні. Што ў іх?! Заклік да смерці… Да самазнішчэння…
І не сацыялізм у тым вінаваты, не камуністы, а людзі мы такія. Гэты стэп… Шырыня… Геаграфічная бясконцасць… Праўду казаў Дастаеўскі, што шырокі расейскі чалавек, трэба было б звузіць…
Корпаўся сёння ў сваіх фотаархівах. Прабегла думка, што ў чалавеку тры чалавекі: дзіця, юнак, дзед…
— Ніколі гэтак не хочацца памерці, як тады, калі кахаеш, — знячэўку заплакала Н., калі нам было хораша.
Яна плакала, а я ў гэтае імгненне падумаў, што яна сама не ўцяміла, што сказала…
Розумам дабіраеш, а цела супраціўляецца…
А раптам гэта ўсяго толькі хімічная рэакцыя ў маім арганізме? І толькі? І трэба пайсці да лекара…
Ці ўзяць стрэльбу і фотаапарат…
Чамусьці я зусім не прыгадваю неба. Быццам я ніколі не лятаў…
Слухаю касету… Любімую… Я думаў, што я гэта ненавіджу, а высвятляецца, люблю: «Хоць хвіліну яшчэ пастаю на краі…»
Гісторыя пра тое, як адзін чалавек за ўсіх нас маліўся. Вольга В. — тапограф, 23 гады
— Я стаяла на каленях і прасіла: «Божа! Я магу цяпер! Я хачу цяпер памерці!» Нягледзячы на тое, што раніца, дзень пачынаецца… Нягледзячы на тое, што я ўмею спяваць, маляваць… Я захацела памерці. Гэта — збаўленне. Гэта — разняволенасць…
Я з Абхазіі… Я там жыву… Я — расейка… Я прыехала з вайны… Вы мяне разумееце? Я з вайны…
Мне так хацелася быць светлай, добрай… Адкульсці прыходзіць…
А цяпер я ўвесь час думаю аб смерці…
І я забылася, што за думкамі трэба сачыць… Яны ж матэрыялізуюцца, набываюць формы, невідочныя для вока… (Заціхае. А далей — шэптам.)
У мяне ўсе пазногці былі да крыві здзёрты… Я драпалася, упівалася ў сцяну, у гліну, у крэйду… У апошнюю хвіліну я зноў захацела жыць…
І шнурок абарваўся… Не вытрываў…
Як забыццё… Як працяглы сон, на цэлае жыццё сон… Але ўрэшце я жывая, я магу сябе памацаць…
Але цяпер я ўвесь час думаю аб смерці… (Доўга маўчыць.)
…Калі мне было шаснаццаць гадоў, памёр мой тата. З тае пары ненавіджу пахаванні. Гэтую музыку. Я не разумею, чаму людзі іграюць гэты спектакль? Я сядзела ля труны, я ўжо тады разумела, што гэта не мой тата, майго таты тут нямя, было чыёсьці халоднае цела… Абалонка… След…
Як забыццё… Як працяглы сон, на цэлае жыццё сон…
Быццам мяне нехта паклікаў… Я стала думаць пра блізкіх, што пайшлі туды… Нават пра тых, каго ніколі не бачыла, хто пайшоў раней, чым я паявілася на свет. Я раптам убачыла сваю бабулю… Як я магла ўбачыць сваю бабулю, калі ў нас нават фатаграфіі яе не засталося? Але я пазнала яе ў сне, нехта мне сказаў, што гэта мая бабуля… У іх там усё інакш… Гэта ўсё той жа сон… Яны не прыкрытыя нічым (мы прыкрытыя целам), а яны не абароненыя…