Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Вось мы з вамі размаўляем, а я чую водар падбелу… Горы бачу… Быццам пачалося нейкае вяртанне… Я зваротнай дарогай пайшла… Драўляную вышку бачу… Жоўтую падлогу… І жалезныя ложкі, вельмі шмат жалезных ложкаў… Яны адзін ля аднаго, малыя жалезныя клеткі… Гэта ўсё было ўва мне глыбока-глыбока схавана. Мне раней здавалася, што, калі я некаму раскажу, мне захочацца ўцячы ад гэтага чалавека, каб болей ніколі яго не бачыць, не спатыкаць. Калі б раптам з мяне злупілі, здзёрлі скуру… І я — адна… А я ніколі не жыла адна… Я жыла ў лагеры ў Казахстане, ён называўся Карлаг… Сталінскі лагер… У дзетдоме, інтэрнаце… Свой дом у мяне паявіўся, калі мне было ўжо сорак гадоў. Нам далі з мужам двухпакаёвую кватэру, у нас ужо дзеці былі дарослыя. Я бегала да суседзяў па звычцы, як у інтэрнаце, пазычала то хлеб, то соль, то запалкі, то прас, і яны мяне за гэта не любілі. А я ніколі не жыла адна…

Я ішла пешкі з работы праз мост, я люблю масты. У Ленінград на экскурсію ездзіла, каб паглядзець на масты, спынілася ля парэнчаў і зірнула ўніз: мяне павабіла вышыня… У тым, другім жыцці, у мяне, пэўна, штосьці было з вышынёю, яна мяне заўсёды вабіць… Мне захацелася апусціцца ўніз плаўна, ціха, каб не чутно, каб не балюча і каб ніхто не бачыў. І ніхто пасля не знайшоў. Быццам мяне ніколі не было… Гэта не перадаць… Гэта не растлумачыць… (Замаўкае.) Мне цяпер стала страшна жыць…

Я ўсяго баюся… Я баюся чалавека… Раней я заўсёды штосьці чакала ад кожнага стрэчанага чалавека, штосьці добрае. Выйду ў горад — гэта наш горад! Была вялікая, была непераможная краіна! Я жыву мінулым… Як за калючым дротам… Няма вышкі, няма вартавых, але пайсці мне адтуль няма куды… З мінулага… Я нікому тут… Цяпер не патрэбна… І дома, і на рабоце… Вакол мяне жывуць зусім іншыя людзі, яны ўсе не такія, як я. У мяне з дзяцінства гэтае адчуванне, з лагера… Памятаю, як у «Новом мире» надрукавалі і ўсе чыталі «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» Салжаніцына. Былі ўзрушаны! А я не разумела, чаму такая цікавасць, такое здзіўленне? Усё было знаёмае, зусім для мяне нармальнае: зэкі, лагер, параша… І — зона…

…У трыццаць сёмым арыштавалі майго тату, тата працаваў на чыгунцы. А праз паўгода я нарадзілася. Мама бегала, прасіла, даказвала, што тата не вінаваты, што гэта памылка… На мяне яна забылася… Нарадзілася неданошанае дзіця… Але я выжыла… Я чамусьці выжывала шмат разоў…

Потым маму таксама арыштавалі і мяне разам з ёй, бо мяне нельга было пакінуць адну ў кватэры, мне было чатыры месяцы. Дзвюх старэйшых сястрычак мама паспела адправіць да татавай сястры ў вёску. Але з НКУС прыйшла папера: прывезці дзяцей назад у Смаленск. Іх забралі проста на вакзале: «Дзеці будуць у дзетдоме». Яны распавялі нам аб гэтым праз шмат гадоў…

Я памятаю, што спачатку ў лагеры я жыла з мамай. Усе малыя дзеці жылі з мамамі. Потым нас забралі ў асобны дзіцячы дом. Раніцаю цераз дрот мы бачылі, як нашых мам строяць, лічаць: адзін, два… І вядуць на работу. Вядуць за зону, куды нам хадзіць было нельга. Калі ў мяне пыталіся: «Адкуль ты, дзяўчынка?» — я адказвала: «З зоны». «Зазона» — гэта быў другі свет, нешта недасяжнае, што палохала, для нас не існавала. Можа, гэта была казка, можа, жах. Не ведаю. За зонай — пустыня, пясок, сухі кавыль… Мне здавллася, што пустыня там да самага краю, далей за небакрай. Што іншага жыцця, акрамя нашага, нідзе няма. Нас ахоўвалі нашы салдаты…

Быў у мяне сябрук Рубік Цырынскі, кучаравы, з профілем Пушкіна. Ён вадзіў мяне да мамы цераз лаз пад дротам. Усіх пастрояць ісці ў сталовую, а мы схаваемся за дзвярыма.

— Ты ж не любіш піражкоў з капустай? — кажа Рубік.

Я пастаянна хацела есці і вельмі любіла піражкі з капустай, але дзеля таго, каб убачыць маму, я згаджалася на ўсё.

— Не, я не люблю піражкоў з капустай. Я люблю маму.

І мы паўзлі ў барак да мам. А барак быў пусты, мамы былі на рабоце. Мы ведалі, але ўсё адно паўзлі і, як шчаняты, абнюхвалі там кожны закутак: жалезныя ложкі, жалезны бачок для пітной вады, конаўка на ланцужку — усё пахла мамамі. Часам мы знаходзілі там чыіх-небудзь мам, яны ляжалі на ложку і кашлялі. Чыясьці мама кашляла крывёю… Рубік сказаў, што гэта мама Томачкі, якая ў нас самая малая. Гэтая мама неўзабаве памерла. А як памерла сама Томачка, я доўга думала, каму сказаць, што Томачка памерла. Бо яе мамы няма, яе мама таксама памерла…

Калі я сваёй маме пра гэта расказвала… Праз шмат гадоў… Яна не верыла, яна гаварыла: «Табе тады было ўсяго чатыры гадкі». Я ўспамінала, як з нейкіх маленькіх шматкоў яна шыла вялікія куфайкі. Яна зноў мне не верыла:

— Табе было толькі чатыры гадкі.

— Мама, я яшчэ пыталася, чаму яны чорныя? А ты адказвала: «Затое цёплыя».

— Праўда? — здзіўлялася мама. — А я ўсё хачу забыць. Я аднойчы нават забыла твар нашага таты…

Мне здаецца, я памятаю ўсё: водар кавалачка дыні, які мама мне аднойчы прынесла. Памерам з гузік… У нейкай анучцы… Я запомніла яго назаўсёды. Памятаю, як хлопчыкі паклікалі мяне гуляць з катом, а я не ведала, што такое кот. Яго прынеслі з-за зоны, у зоне катоў не было, бо не заставалася аніякіх рэшткаў яды, мы ўсё падбіралі, з'ядалі, як звераняты. Елі нейкую траўку, карэньчыкі. Нам вельмі хацелася пачаставаць чым-небудзь ката, але ў нас нічога не было, і мы кармілі яго сваёй слінкай, пасля абеду. Ён еў.

Памятаю, як мама хацела даць мне цукерку.

— Анечка, вазьмі цукерку! — крычала яна.

Ахоўнікі яе не пускалі, яны адцягвалі яе ад мяне за доўгія чорныя валасы. Брахалі сабакі, вялікія шэрыя аўчаркі. А яна азіралася і клікала:

— Анечка, вазьмі цукерку!

Мне было страшна, я не ведала, што такое цукерка. Ніхто з дзяцей не ведаў, што такое цукерка. Усе спалохаліся і зразумелі, што мяне трэба схаваць, і адціснулі мяне ў сярэдзінку. Мяне заўсёды дзеці ставілі ў сярэдзінку: «Бо Анечка ў нас падае». Я нічога не бачыла, я толькі чула, як мая мама крычала:

— Анечка, вазьмі цукерку!

(Хавае твар у далонях і маўчыць.)

Давайце не будзем больш успамінаць… Я нічога не памятаю… Можа, мне хтосьці ўсё гэта распавёў… Ці я ў кнізе прачытала… (Зноў маўчыць.) А раптам я трачу розум?

…У пяць гадоў нас вывезлі з лагера. Як сёння памятаю, у дзетдом нумар восем пасёлка нумар пяць. Усё было пад нумарамі. Нас пагрузілі ў грузавік і павезлі. Мамы беглі, хапаліся за барты, плакалі. Памятаю, што мамы заўсёды плакалі, а дзеці не плакалі ніколі. Мы ніколі не былі капрызлівымі, не дурэлі, не смяяліся. Плакаць я навучылася ў дзетдоме. У дзетдоме нас вельмі моцна білі. Нам казалі: «Вас можна біць і нават забіць, бо вашы маткі — ворагі». Бацькоў мы не ведалі.

— Твая мама кепская. — Не памятаю твару жанчыны, якая мне гэта паўтарала і паўтарала.

— Мая мама — добрая. Мая мама — прыгожая, — плакала я.

— Твая мама — кепская. Яна — наш вораг.

Я не памятаю, ці гаварыла яна само гэтае слова «забіць», але памятаю, што нашых мам не павінна быць. Мы ведалі, што нас ахоўваюць нашы салдаты. Нашы! Пазней мы пачалі разумець, што салдаты нас ахоўваюць ад мам. У нас не было выхавацеляў, настаўнікаў… Такіх слоў мы не чулі… У нас былі камандзіры… Мне хацелася, каб мяне білі гэтак, каб засталіся дзіркі, і тады перастануць біць. Дзірак у мяне не было, затое гнойныя свішчы пакрылі ўсё цела. Тады я дацяміла, што, калі чагосьці вельмі хочаш, яно збываецца. У маёй сяброўкі Волечкі былі металічныя клямарчыкі на хрыбетніку, яе нельга было біць. Я ёй зайздросціла і таксама хацела мець клямарчыкі… А яшчэ я чакала, каб хутчэй была ноч. Уначы да нас прыходзіла цётка Фрося, начны вартаўнік. Яна была добрая, яна нам расказвала казкі. Пра Алёнку… Прыносіла ў кішэні пшанічку і давала па колькі зярнятак таму, хто плакаў. Больш за ўсіх у нас плакала Лілечка, яна плакала раніцай, плакала вечарам… Плакала, калі мы елі, плакала, калі мы вучыліся… У нас ува ўсіх была кароста, тоўстыя чырвоныя скулы на жываце… А ў Лілечкі пад пахамі былі яшчэ пухіры, яны лопаліся гноем. Памятаю, што дзеці даносілі адно на аднаго. Гэта заахвочвалася. Больш за ўсіх даносіла Лілечка… Мы чакалі вясны, каб нарваць кветак і з'есці іх. Мы елі пралескі… Лілечка памерла зімой… Калі б яна дажыла да пралесак, яна б не памерла… (Паўза.)

У класе мы спявалі шчаслівыя песні пра Сталіна. Першы мой ліст я напісала таварышу Сталіну. Дагэтуль у нас паперы не было. Калі мы вывучылі літары, нам раздалі чыстыя лісткі паперы, і пад дыктоўку мы пісалі ліст самаму добраму, самаму любімаму таварышу Сталіну. Мы яго вельмі любілі, верылі, што атрымаем адказ. Што ён нам прышле падарункі… (Паўза.) На Першамай нам выдавалі чырвоныя сцяжкі… Мы радасна імі махалі… Я заўсёды баялася, што мне не дастанецца сцяжка… Што ў мяне не будзе чырвонага сцяжка… (Доўга моўчкі глядзіць у акно. Пасля зноў спяшаецца выгаварыцца.)

Поделиться с друзьями: