Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Я яшчэ не гатовая спавядацца… Адкрыцца незнаёмаму чалавеку… (Маўчыць.) Не гатовая…

Яны са зброяй… Але яны — хлапчукі… Яны яшчэ дзеці… Васемнаццаць-дзевятнаццаць гадоў… Яны яшчэ нядаўна вешалі катоў у падвалах… Разрывалі жаб на кавалкі, каб уведаць, як уладжаны свет. Ім ніхто нічога не растлумачыў… Калі б у іх быў добры настаўнік фізікі… Ці расейскай літаратуры… Наіўна? Але я гэтак думала. Ці калі б у іх была мама гэткая, як у мяне… (Маўчыць.) Больш за ўсё я люблю думаць аб маме… Прыгадваць…

Як мая мама доўга вечарамі расчэсвае валасы… Ціхенечка пагойдваецца і ўсміхаецца сама сабе… Мама часта расказвала пра тату, як яны кахалі адно аднаго. Я слухала, як даўнюю казку… Пра тое, як спачатку ў яе быў іншы муж… Аднойчы яна прасавала яму сарочкі, а ён вячэраў… І раптам (гэта толькі з маёй мамай магло такое адбыцца) яна сказала ўголас: «Я больш раджаць ад цябе не буду». Забрала сына і пайшла.

А мой тата хадзіў за ёю па пятах. Ехаў у аўтобусе. Чакаў на вуліцы. Адмарозіў узімку вушы. Хадзіў і глядзеў. Ён нічога не рабіў, нічога не гаварыў. Хадзіў і глядзеў. І аднойчы ён яе пацалаваў… Ён любіў клятвы:

— Пакляніся, што кахаеш мяне! Хочаш, я паклянуся!

Я нарадзілася ад кахання… Уся таямніца ў тым, што я нарадзілася ад кахання…

…Мама прадала ўсё каштоўнае, што было ў нас у доме: тэлевізар, татаў сярэбраны партабак, які мы заўсёды зберагалі, мой залаты крыжык… Каб выехаць з Сухумі, трэба было даць хабар. Людзі тыднямі жывуць на вакзалах. На аэрадромным полі. Пад бамбёжкай, пад абстрэламі… Хабар бяруць вялікі… Вайскоўцы, міліцыя… Нашых грошай ледзь хапіла на адзін білет… (Маўчыць.)

А я хацела пайсці ў шпіталь… Даглядаць параненых… (Маўчыць.)

Мне не дазволілі ўзяць нават сумку з мамінымі піражкамі… А побач… Гэта праўда. Побач мужчына ў цывільным… Але салдаты да яго звярталіся: «Таварыш маёр…» Ён грузіў матацыкл… Вялікія драўляныя скрыні… І тут жа жанчына… Гэтая жанчына ўзяла двух хлопчыкаў: адзін — свой, другі — суседскі… Хлопчыкі распухлі ад голаду… (Маўчыць.)

Мама мяне адарвала ад сябе… Заштурхнула ў самалёт…

Я не ведаю зараз: жывая яна ці не?

— Мама, а куды я еду? — пыталася я. Плакала. Крычала.

— Ты едзеш дадому… У Расею… (Пасля доўгай паўзы.)

Я хацела загінуць на вайне. На нейкай іншай вайне. Прыгожай… За Радзіму! Гэта праўда.

У Маскве я жыла на вакзале… Два тыдні… Там бежанцы адусюль… На ўсіх вакзалах — на Беларускім, на Кіеўскім… З сем'ямі… З дзецьмі, са старымі… З Арменіі, з Баку, з Таджыкістана… Яны спяць на лаўках, на падлозе… Месяцамі… Суп на вакзале вараць, макароны… У туалетах… Там ёсць разеткі — у туалетах… Ці ля эскалатараў, там таксама разеткі… Вады ў таз наліў, туды — электракіпяцільнік… Локшыны накідаць, мяса… Суп гатовы! Я ела… У мяне хутка скончыліся грошы…

Можна ўсё ўспомніць… Але я яшчэ не гатовая спавядацца… Адкрыцца незнаёмаму чалавеку…

Мне здаецца, што ўсе вакзалы ў Маскве прапахлі кансервамі супам харчо… Дзіцячай мачой… Старымі пялёнкамі… Іх сушаць на батарэях, на вокнах…

— Мама, а куды я еду?

— Ты едзеш дамоў, у Расею…

Я не ведаю зараз: жывая мая мама ці не?

Я жыла на вакзале два тыдні… Там тысячы людзей… Яны нікому не патрэбны. Іх ніхто не чакае. Уся Масква — гэта вакзал… Вялікі вакзал… Мяне хацелі згвалтаваць… Два разы: адзін раз нейкі салдат, другі раз — міліцыянер…

Удзень я ўцякала на Красную плошчу. Ці хадзіла па крамах. Прадуктовых. Вельмі хацела есці. Адна жанчына купіла піражок з мясам. Я не прасіла. Яна ела, а я глядзела, я нават не цяміла, што я гляджу, як яна есць. Як у сне… Кудысьці ісці, бегчы, каб не сядзець на вакзале. Не думаць пра яду, пра маму. Куды ісці? На Красную плошчу… Мая мама ўсё жыццё марыла: паехаць у Маскву — убачыць Красную плошчу і Леніна… Гэта праўда.

Удзень я жыла на Краснай плошчы. Уначы — на чыгуначным вакзале. Пакуль не прыехала маміна сястра. З Разані. Два тыдні. Пакуль я напісала ліст, пакуль ён дайшоў. Пакуль цётка назбірала па суседзях і сваяках грошай на дарогу. Ёй восемдзесят гадоў.

— Вольга… вас чакае ў пакоі міліцыі ваша цётка з Разані.

Усе заварушыліся, зашавяліліся: хто? каго? як прозвішча? Мы прыбеглі ўдзвюх: там аказалася яшчэ адна дзяўчынка з такім жа прозвішчам, але з іншым імем. З Душанбе… Як яна плакала! Гэта праўда.

Як яна плакала… (Доўга, вельмі доўга маўчыць.)

…У мяне тут ужо ёсць сябры. Яны — добрыя, яны — нармальныя. А я з вайны…

Я гавару-гавару ім, а яны:

— Ну і што? Пойдзем у кіно.

Я гавару-гавару, а яны:

— Ты што, ненармальная?

А я цяпер толькі аб смерці думаю… Я не магу зразумець смерць…

Па тэлевізары пачула… Святар гаварыў… Ён гаварыў такія словы: таемны і страшны сэнс пакут… Таемны і страшны… Я стала думаць над гэтым… Над гэтымі словамі…

А мая цётка? Яна ходзіць да Бога па суцяшэнне… І кажа, што смерць заслужыць трэба. Пакутаю.

Я стаяла на каленях і прасіла: «Божа! Я магу цяпер! Я хачу цяпер памерці!» (Забывае, што не адна. І ўжо сабе, для сябе — усё тое ж пытанне.) Я не ведаю зараз: жывая мая мама ці не?

Учора ў парк пайшла… Цалавалася… Я цалавалася?! Смяюся… Рагачу… Жыву…

Што, таго ўсяго са мною не было? Там… На вайне… (Маўчыць.)

Я не магу перажыць гэта… (Маўчыць.) Не магу перажыць, што я гэта перажыла… Чаму ж так? Не звар'яцела… Не з'ехала з глузду…

Божа! Я магу цяпер! Я хачу цяпер памерці!!

Гісторыя з чырвоным сцяжком — між узмахам крыла і рыдлёўкі. Ганна М-ая — архітэктар, 55 гадоў

— Спачатку мне прысніўся сон, што я памерла… Гэты сон быў раней, чым я захацела памерці, падумала аб смерці. У дзяцінстве я шмат разоў бачыла, як паміраюць, а пасля я пра гэта забылася. Калі мне прысніўся гэты сон, я ўжо не змагла адарвацца ад думкі пра смерць. Я прачнулася тым ранкам з адчуваннем, што ля ўзгалоўя, за мною, хтосьці стаіць… Расплюшчыла вочы і адчуваю, што нехта там стаіць, я хачу павярнуцца, каб убачыць, хто гэта, я хачу азірнуцца… Але я ляжу… Нейкі страх ці прадчуванне не пускае мяне паглядзець назад, нават не прадчуванне, а знаццё, што гэтага рабіць не трэба, нельга. Вы думаеце, я не хачу жыць? Я вельмі хачу жыць! Я не проста жыла, я любавалася жыццём. У мяне шмат сілы ішло на любаванне жыццём: вось яблыня ў белым, свеціцца, вось чыйсьці голас за акном, быццам я ўпершыню чую чалавечы голас… Я нейкая даверлівая была! Мне было радасна жыць, жыццё мяне ашаламляла, заварожвала. Гэта не перадаць… Гэта не растлумачыць…

Поделиться с друзьями: