Залатая дзіда
Шрифт:
— Бізуном спаласую! — вызверыўся Кайман.
— Спаліць іх, каб знаку не было, — буркнуў пад нос Піучэн.
Крычаць бандыты, не сціхаюць, шчоўкаюць затворамі аўтаматаў. Скажы слова супраць — зграяй накінуцца.
— Цішэй, — прамовіў Санча.
Бандыты сціхлі. Пазіраюць на Санча. Чакаюць каманды, каб паселішча знішчыць. Не церпіцца.
— Мы зараз пойдзем у паселішча і праверым, што там. Са мною пойдуць Металіст, Кайман і Чон-чон, — сказаў Санча.
— Індзейцы ведаюць, што мы прыйдзем на выручку. Агонь па нас могуць адкрыць, — звярнуўся да Санча Чон-чон.
— Мы дзяцей паставім уперад. За дзецьмі будзем ісці.
— Мяне замест дзяцей пастаўце. Я пайду ўперадзе, — крыкнуў Анту.
— Цябе-э? — Кайман ускочыў у машыну і паласнуў Анту бізуном па спіне. Вылез, задаволена пацёр рукі: — Болей не будзе гаўкаць.
— Яшчэ адальюцца вам чужыя слёзы, — зноў крыкнуў Анту.
— Маўчы! Шкада, што ты патрэбен нам, — з нянавісцю прагаварыў Піучэн.
Санча, зыркнуўшы на мяне, Алесю і Максіма, скамандаваў:
— Уперад! Хутчэй! Перастраляем!
Мы сталі побач і паціхеньку паклыпалі ў паселішча. Ішлі як па мінным полі. Дзесьці цяпер гуляюць у футбол, у кагосьці дзень нараджэння, яго віншуюць, падарункі нясуць, нехта чытае казку, разам з казачным героем падарожнічае па падземным царстве. А мы пад дуламі аўтаматаў. Чаму з намі так?
Вось і паселішча. З-за хаціны выбег сабака, стаў, пазірае на нас соннымі вачыма.
Дзе ж індзейцы? Чамусьці не страляюць. Чакаюць, калі падыдзем бліжэй?
Неспадзявана да нас данёсся гучны смех.
— Санча, Кайфа індзейцы да слупа прывязалі і здзекуюцца, — дрыготкім голасам прагаварыў Чон-чон.
— Страляць! Не шкадаваць! — працадзіў праз зубы Санча.
Мы павярнулі направа і ўбачылі ў натоўпе індзейцаў Кайфа. Ён крычаў, узняўшы ўгору рукі:
— Я велікан! Я жыву з веліканамі на вяршыні гары! Ніхто на гэтую вяршыню не залезе!
Мы сталі.
— Што з ім? — буркнуў Кайман.
Кайф, некалькі разоў падскочыўшы, галёкнуў:
— Вось які я вялікі! Вось які я!
А індзейцы — жанчыны, мужчыны, дзеці — аж за жываты бяруцца.
Алеся кранула мяне за руку.
— Антось, што з Кайфам?
Я і сам не мог даўмецца, што з ім сталася. Можа, яму захацелася павесяліць індзейцаў? Кайф прыгнуўся, пачухаў за вухам.
— Не, я не велікан. Я лама, я дамашняя лама.
— Ха-ха-ха… — зарагаталі індзейцы.
Кайф выцягнуў шыю, прыплюшчыў вочы і падыбаў, не разгінаючы ў каленях ног.
Хтосьці з індзейцаў усклікнуў:
— Зараз аслом стане!
Кайф глянуў на людзей мутнымі вачыма.
— Не хачу быць ламай. Надакучыла.
— Ха-ха-ха… — разнеслася навокал.
Кайф прысеў, узяў саломінку, якая ляжала на зямлі.
— Вось бервяно. Бачыце, якое тоўстае? Яго і ўтрох не паднімуць. А я адзін падніму. Ух і цяжкае-э!.. Падніму-у…
Крэкчучы, Кайф пачаў паднімаць с&іомінку. Ягоны твар пачырванеў, лоб пакрыўся кроплямі поту, на шыі ўздуліся жылы.
— Падніму-у… Цяжкае-э…
Кайф устаў, паклаў саломінку на грудзі, а пасля, што штангіст, штурхнуў яе ўгору і, крыху патрымаўшы, кінуў на зямлю.
Індзейцы запляскалі ў ладкі, а Кайф з гонарам заявіў:
— Я чэмпіён!
Ён усміхаўся, ківаючы галавою і направа, і налева.
— Зноў ужываў наркотыкі, — сказаў Санча. — Дзе ж ён іх бярэ? Нядаўна ўсё з кішэняў павытрасалі.
— Трэба застрэліць яго! — прапанаваў Кайман.
— Я сам даўно застрэліў бы, ды добры следапыт і хлопец-звер. Без яго нам будзе цяжка ў джунглях, — разважыў Санча.
Вось яно што! Вылецела з галавы, што Кайф наркаман. Каб бяды не нарабіў. Наркотыкі не даюць розуму, апошні адбіраюць.
— Глядзіце! Глядзіце! Кайф паказвае клас! — усклікнуў Максім.
Кайф, убачылі мы, прысеў, растапырыў рукі, стукнуў сябе па баках і, нібы певень, закукарэкаў:
— Кукарэку-у…
— Трэба яго забраць. Годзе яму дурня строіць, — звярнуўся да Санча Чон-чон.
— Трэба, — пагадзіўся Санча.
Кайф нешта прамармытаў і падышоў да хаціны, якая стаяла непадалёку.
— Вылазь! — закрычаў.
— Каму ён? — здзівілася Алеся.
— Думае, што там сябар-велікан сядзіць, — сказаў Максім.
— Вылазь! — у другі раз крыкнуў Кайф.
З-за хаціны выбег сабака. Стаў насупраць Кайфа і, віляючы хвастом, загаўкаў. Пачуўся стрэл. Сабака, заскавытаўшы, упаў на зямлю.
Я спярша не зразумеў, што адбылося.
— Кайф сабаку застрэліў! — усклікнула Алеся.
— Га-га-га… — зарагатаў Кайф і даў чаргу па хаціне. Страха загарэлася, ашчэрылася чырвонымі агенчыкамі.
Індзейцы кінуліся хто куды.
— Трэба схапіць яго! — гукнуў Санча і, прыгнуўшыся, пабег да Кайфа.
За ім кінуліся Чон-чон і Кайман.
— Уцякайма! — крыкнуў мне і Алесі Максім. Мы прыпусціліся па вуліцы, заскочылі за хаціну, за якой рос маіс. Ягоныя сцябліны высока ўзнімаліся ўгору.
— Давайце ў маісе схаваемся, — прапанаваў Максім. Я не пагадзіўся з ім.
— Трэба ў джунглях схавацца.
— У джунглях заблудзімся. А тут пераседзім. Калі бандыты пакінуць паселішча, вылезем і папросім індзейцаў, каб завезлі нас у горад.
— Давай, — махнуў я рукою.
Мы залезлі у маіс, селі на зямлю. Не верыцца, што выратуемся, што нарэшце пашанцавала. Вось каб адсядзецца тут! Індзейцы нам дапамогуць, завязуць у горад. Там пра ўсё-ўсё раскажам.
— Хлопчыкі, а Ніна Іванаўна, мабыць, і цяпер у бальніцы, — парушыла маўчанне Алеся. — Калі б яна не захварэла, то з намі такога не здарылася б. Яна, напэўна, у гасцініцу званіла, пыталася, дзе мы.
Відаць, званіла. Мажліва, ёй сказалі, што мы згінулі. Яна так хвалявалася, калі адпраўлялі яе ў бальніцу. Прасіла нас: "Дзеткі, глядзіце, каб усё было добра". "Не хвалюйцеся, Ніна Іванаўна. Усё будзе добра", — дружна паабяцалі мы. Такое дабро каб самаму лютаму ворагу ў рабро.
— Вылазьце! Буду страляць, — пачуўся голас Чон-чона. Вось дык пашанцавала! Няўжо Чон-чон убачыў, дзе сядзім? Мабыць, знарок палохае, як калісьці Траука ў сутарэнні. Спадзяецца, што вылезем.
"Тра-та-та…" — прагрымела аўтаматная чарга. Над галавою, збіваючы сцябліны, прасвісталі кулі. Мы ніцма ляглі на зямлю.