Залатая дзіда
Шрифт:
— Вылазьце!
Зноў прагрымела аўтаматная чарга. На мяне ўпала кукурузная, сцябліна. "Мы быццам на вайне", — прабегла ў галаве недарэчная думка.
— Схаваліся? — пачулася ўжо зусім побач. Я падняў галаву. Каля нас стаяў Чон-чон.
— Схаваліся. Бачыў, куды вы пабеглі. Ваша шчасце, што Санча паслаў сюды мяне, а не Каймана. Ён вас адлупцаваў бы бізуном.
Мы ўсталі. Я паглядзеў на перабітыя кулямі кукурузныя сцябліны. На іх, нібы слёзы, блішчалі кропелькі свежага соку.
Чон-чон прывёў нас на тую вуліцу, дзе нядаўна паказваў свае фокусы Кайф. Непадалёку дагарала хаціна, каля яе, выцягнуўшыся, ляжаў застрэлены сабака.
— Навошта Кайф сабаку застрэліў? — прамовіла Алеся.
— Каб не гаўкаў,— крыва ўсміхнуўся Чон-чон.
— Ён… — пачала Алеся. Чон-чон плюнуў пад ногі.
— Цьфу! Сабаку шкадуе. Лепей сябе пашкадавала б.
— А-а-а! — данёсся да нас дзікі крык.
Выйшаўшы з паселішча, мы ўбачылі, што Кайман хвошча бізуном Кайфа. Побач стаяў Санча і ў такт махаў рукою.
— Так! Так! Нам не патрэбна рэклама.
— Чаго анямелі? — зірнуў на нас Чон-чон. — Зараз і вам так будзе. Хі-хі-хі…
Каму пацеха, а каму і не
Чон-чон знарок нас напалохаў. Ні мяне, ні Алесю, ні Максіма не білі бізуном. А вось Кайфу дасталося добра.
Праз паўгадзіны мы зноў селі ў машыны і паехалі.
— Антось, што было ў паселішчы? — пацікавіўся Анту.
— Кайф наглытаўся наркотыкаў. Строіў дурня перад індзейцамі. Пасля сабаку застрэліў, хаціну падпаліў,— сказаў я.
— Гэта яны ўмеюць. Наркамафія, — прамовіў Анту.
— Чаму наркамафія? — здзівіўся я. — Яны ж хацелі банк абрабаваць. Яны проста бандыты.
— Яны не адзін банк абрабавалі. Ды гэта, як самі казалі, не іхняя спецыялізацыя. Яны тут наркотыкі дастаюць, а пасля ў іншыя краіны перапраўляюць. Шмат гадоў гэтым займаюцца. Вось і прывучыўся Кайф да наркотыкаў.
Санча пхнуў яго нагою.
— Закрый рот!
— Шкада, што ў мяне ногі звязаныя, — паціху сказаў Анту.
Што ж, звязаныя ногі ў Анту. Ляжыць на сядзенні. Успомнілася, як расказваў ён нам пра аднаго з правадыроў мапучэ. Калі іспанскія канкістадоры захапілі гэтага правадыра ў палон, то папрасіў іх, каб павесілі яго на самым высокім дрэве — каб народ ведаў, што ён не здрадзіў, што загінуў, змагаючыся за волю. "І Анту не пабаяўся б смерці,— падумалася мне. — Ні за якія грошы не павёў бы бандытаў. Ды нас пашкадаваў. Не, цяпер не застрэляць нас бандыты, будуць аберагаць, пакуль не знойдуць залатую дзіду. Мы для іх добрая прыманка. Едуць, прагнуць золата. А мапучэ не ведаюць, што бяда да іх прыбліжаецца".
Машына рэзка затармазіла. Я стукнуўся плячом аб дужку сядзення.
— Прые-эхалі,— працягла прамовіў Санча.
Я прыўзняўся і ўбачыў, што дарогу перасякае рачулка, праз якую ад берага да берага перакінута доўгае бервяно.
— Што будзем рабіць? — пазяхнуў Металіст.
— Вылазьце, — сказаў Санча. — Праверым, ці машыны праедуць праз раку.
Мы вылезлі з машыны, сталі на беразе, парослым чаротам. Над намі кружыліся стракатыя матылі: і маленькія, як жучкі, і крыху большыя, і незвычайна вялікія, быццам птушаняты. На ўскрайку джунгляў на дрэвах сядзелі маленькія смешныя ігрунковыя малпы.
Здалёку пачуўся магутны роў. Здавалася, што гудуць паравозы, быццам спаборнічаюць, хто мацней.
— Што гэта? — усклікнуў я.
— Не бойся, — супакоіла мяне Алеся. — Равуны крычаць.
— Равуны — гэта малпы? — запытаў я.
— Канешне, малпы.
— Гразка. Не праедуць машыны, — данёсся да нас голас Санча.
— Дый невядома, якая тут глыбіня, — уздыхнуў Чон-чон.
Санча тупнуў нагою па беразе.
— Глыбіню можна шастом вымераць. Але што нам гэта дасць? Не, не праедуць машыны.
— Санча! Санча! — пачулася з машыны.
Мы азірнуліся. Траука ў машыне стаіць, па шкле барабаніць.
— Санча! Санча! І я хачу да вас. Санча махнуў рукою:
— Няхай вылазіць.
Траука тут як тут. Высунуў язык, аблізнуўся, вакол мяне, Алесі і Максіма стаў кружыць нібы воўк.
— Чаго ён? — спалохалася Алеся. Траука плямкнуў губамі.
— Санча, знімі наморднік.
— Навошта?
— Зубы свярбяць.
Зубы яму свярбяць. Пэўна, хоча накінуцца на каго-небудзь. На каго ж? На бандытаў не накінецца. У іх аўтаматы. Выходзіць, хоча накінуцца на нас, на дзяцей.
— Дзядзька Санча, не скідайце з вампіра наморднік, — папрасіў я.
— Баішся?
— Баюся.
— Піучэн, знімі,— усміхнуўся Санча.
Піучэн падбег да Траука, шчоўкнуў ключом, зняў наморднік. Вампір аж праслязіўся.
— Добра без намордніка. Чалавекам сябе адчуваю.
— Ты казаў, што зубы свярбяць, — напомніў Піучэн.
— Яшчэ як свярбяць, — клацнуў зубамі вампір.
— Мамачка! — усклікнула Алеся.
— Эй ты, — звярнуўся да Траука Санча. — Хочаш напасці на дзяцей?
— Чаму ж не хачу. Я даўно на дзяцей не нападаў. Алеся наставіла рукі.
— Н-не-э…
Бандыты дружна зарагаталі. Пацеха ім. Не разумеюць, што мы адчуваем.
— Свярбяць мае зубкі, бо чалавечынкай пахне, — прамовіў Траука.
— Толькі падлезь! Не будзем стаяць, — не стрываў Максім.
— Санча, няхай ён пабарукаецца з дзецьмі. Скажы яму, — прамовіў Чон-чон.
— Што робіце, нелюдзі? — данеслася да нас.
Я ўбачыў у акне машыны Анту, які здолеў падняцца на сядзенне са звязанымі нагамі.
— Годзе здзекавацца! — крыкнуў Анту. Металіст наставіў на яго аўтамат.
— Пуф!
Анту, стукнуўшы плячом, выбіў шкло і — уніз галавою з машыны. Перакуліўся праз галаву, сеў, выцягнуўшы ногі.
— Годзе з дзяцей здзекавацца, — зноў сказаў. Кайман замахнуўся на яго бізуном.
— Не лезь, куды не просяць. Зараз як аперажу!
— Толькі паспрабуй. Задушу наручнікамі.
Кайман гыкнуў, але апусціў бізун. Пабаяўся, хоць у Анту ногі звязаныя. Спадылба пазірае.
— Ну, чаго ты? — прагаварыў Санча, звяртаючыся да Анту. — Чаго цябе так за душу ўзяло? Мы крыху пажартавалі. Ад няма чаго рабіць. А ты галавою на зямлю. Што мы зрабілі б, калі б ты сабе шыю скруціў? Не ведаеш? Скажу. Аддалі б дзяцей вампіру. Без цябе яны нам непатрэбныя. Пашкадуй дзяцей, Анту.
— Чалавечынкай пахне! Не магу-у стрываць! — віскнуў Траука і, прыгнуўшыся, кінуўся на мяне.
Я павярнуўся і пабег па бервяне на той бок ракі. Не памятаю, як пераляцеў.
— Антось! — данёсся голас Максіма.
Я азірнуўся і аслупянеў. На сярэдзіне ракі, ухапіўшыся рукамі за бервяно, вісеў Траука. Ён часта-часта махаў нагамі, стараючыся падцягнуцца.
"Бег за мною і паслізнуўся, — здагадаўся я. — Калі ўскарабкаецца на бервяно, не будзе сядзець спусціўшы ногі. Зноў за мною пабяжыць".