Залаты бог
Шрифт:
— Я стаміўся трапятаць над урвішчам, — сказаў ён.
— Калі стаміўся?
— Сёння. Калі трымаў на руках хлопчыка… Магчыма, раней. Калі ён за здраду пайшоў да таўстуна… А потым ён усміхнуўся мне. За што? За такую драбніцу? Плаціў дабром. Тое, чаго ніколі не рабіла ты.
— Кветкі жыцця, — ужо гневаючыся, сказала яна.
— Мне не да жартаў, — сказаў ён. — Я напалову загубіў жыццё. Для чаго? Для таго, за што мне ніхто не скажа "дзякуй". Загубіць і другую палову?
— Табе з кім-небудзь будзе лепей, чым са мной?
— Не, — сказаў ён.
— Дык вось, — сказала яна, сядаючы. — У гэтым уся рознiца. Я для цябе ўсё. I я адчуваю гэта. I спускаюся да цябе, бо ты самы гожы, разумны, добры чалавек на свеце: Бо мне хораша з табою. Мне хораша, i я з табою, ледзь ты працягнеш руку. Але для мяне, як для кошкi, галоўнае не дом, а сад:
— Або суседні дом, — з'едліва сказаў ён. — Ты хочаш затрымаць мяне на ўсё жыццё, нічым не рызыкуючы, нічога не аддаўшы. Так не бывае.
Ён мякка адвёў са сваёй шыi яе рукi.
— Табе засталося менш — i ты шукаеш мяне. Табе засталося менш, а ты хочаш панаваць над маiм пачуццём, жыццём, шчасцем. Нiбы я джын. Патры лямпу — i адразу з'явiцца. А да гэтага смiрна чакае недзе ў бутэльцы.
Устаў на ногi, залiты сяйвам месяца. Сеў далей.
— Так не атрымаецца. Роўнасць, калі хочаш.
— А памяць?
І тут Валерый ціха засмяяўся.
— Калі застанецца зусім мала — ты не будзеш плакаць над маімі лістамі з думкаю, што ўсё залежала толькі ад цябе… Ты будзеш смяротна, запознена тужыць.
Ён амаль трыумфаваў, нібы зразумеў нешта.
А пасля ён сказаў:
— Тужыць, што вось была ты маладой і чыстай і быў я. І ты магла мець мяне з усімі думамі, хвілінамі слабасці і гадамі сілы, з вачыма, валасамі, рукамі, з абдымкамі і стомай… усяго, да апошняй клетачкі. Усё магло стаць тваім. Цэлы свет… Магло.
Яна глядзела на яго пільна і неспакойна.
— Яно будзе маім, — сказала яна.
— Пэўна, будзе, — сказаў ён. — Але папярэджваю, гульні не будзе.
Ён раптам страпянуўся.
— Куды ты глядзіш? — спытала яна.
— Чакай.
На ўступе недалёкай нізкай скалы з'явіліся дзве постаці: дзявочая і хлапечая. Абедзве вузкія, тоненькія, блакітныя ў праменнях месяца.
— Сядзі тут, — прагучаў здалёк голас Ларысы.
— І не падумаю. Буду ратаваць цябе, — сказаў хлопчык.
— Ты ў мяне ўжо мужчына.
— Ты рада, што я твой брат?
— Рада.
— І таму ты такая вясёлая? Толькі таму?
— Толькі таму, — сказала яна. — Мне, відаць, трэба навучыць цябе вельмі добра плаваць і ныраць.
— Чаму?
— Калі-небудзь ты нырнеш і дастанеш для мяне з самага дна скіфскую карону.
— Фу, лухта якая, — уздыхнуў ён.
— То не дастанеш?
— Дастану, — уздыхнуў ён. — Дастану, калі яна ёсць.
Дзяўчына выпрамілася на скале, выгнула плечы трохі назад і працягнула да месяца тонкія, кранаюча тонкія, амаль яшчэ дзіцячыя рукі.
— Месяц які, — сказала яна. — Мора. Бачыш, карона на дне?
— Гэта адбітак, — сказаў Яраполк.
— Не, карона.
Залітая сяйвам, Ларыса стаяла, ускінуўшы рукі.
— Я цябе вельмі люблю, — сарамяжліва сказаў падлетак. — Нават калі ты замуж выйдзеш, я цябе буду любіць.
— Дурненькі, — сказала яна.
Блакітныя, тоненькія, яны стаялі на ўступе над уздыхаючым морам. Дзяўчына з дзіцём. Нібы маленькая рахманая ланка з аляняткам.
— І я цябе люблю, — сказала яна. — Я такая шчаслівая, што ты ёсць у мяне.
І, схіліўшыся над ім, пацёрлася шчакою аб яго валасы. Нібы ланка правяла мордачкай па кучараваму лобіку аляняці.
— На табе карону, — сказаў хлопчык і нырнуў.
Дзяўчына войкнула, але блакітны сілуэт плыў пад вадою да залатога дрыготкага кола. І тады яна, выгнуўшыся, кінулася за ім. Яны плылі, а вакол фасфарасцыравала мора.
Яны вынырнулі недзе далёка, якраз на залатым шляху, і засмяяліся, а потым паплылі далей і зніклі з вачэй.
З незвычайнай, вострай і пакорлівай пяшчотай Агата абняла шыю мужчыны.
— Яно будзе маім, — паўтарыла яна.
Ён маўчаў. Ён жменямі, са свістам, кідаў каменьчыкі ў ваду. Нібі сеяў.
…Сонца ўстала ў той дзень ласкава-мяккае. І спёка была таксама прыемная і мяккая. Мора прамянілася аж да дна, празрыстае, такое сіняе, што балюча і шчасна было глядзець на яго.
Валерый зайшоў у будку лодачнiка, узяў там вёслы i, выйшаўшы да мацi, пакрочыў з ёю да шлюпак. Адна са змен паехала, новай ужо не магло быць, i таму на пляжы было пуставата.
У маці амаль усю ноч балела галава, але раніцай неяк ухадзілася, і цяпер, як след болю, свет здаваўся трохі незразумелым і кранаюча добрым.
— Куды гэта вы? — спытаў Петра Мадэставіч, які, мокры яшчэ, ляжаў на гальцы і курыў.
— Ды вось, — сказала маці, — хоча мяне пакатаць.
— Даўно час, — сказаў скульптар. — Даўно… Ну як?
— Добра, Мадэставiч.
— І сумна трохі?
— І сумна, — пакорліва сказала яна.
— Наша справа такая, — сказаў ён. — Нічога.
— Нічога.
— То да вечара, — сказаў скульптар. — Пойдзеш у кіно?
— Да вечара, — сказала яна. — Да вечара, даражэнькі мой.
"Прымірылася", — падумаў Петра Мадэставіч, сумнавата, са спагадай пазіраючы, як яны ішлі да чаўноў.
Ён ішоў, магутны, загарэлы, горды ў паставе, такі гожы, што дзяўчаты азіраліся на яго. А побач ішла яна, прамая яшчэ, але нібы падсохлая, уся ў чорным. Ён пасадзіў яе на карму, сам раскрыў парасон.
— Ларысачка, — сказала раптам маці.
Ён ускінуў веі. Далёка ішла пляжам постаць. І Валерый здзівіўся, чаму маці ўбачыла раней яе, а не Агату, якая была ўжо амаль ля чоўна.
— Добры дзень, — сказала Агата, сядаючы на самай мяжы пены і галькі. — Куды гэта вы?
— У скалы, — сказаў сын і дадаў: — Да вечара вернемся.
— То добра, — сказала яна і раптам устала, пайшла ў ваду.
Яна была ўся ў пене і сонцы. І яна была халаднаватая, як пена. А на яе высокіх грудзях плыў паруснік пад блакітнымі ветразямі.