Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залаты бог

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Не засці ты мне, — сказала Агата.

— Адкасніся, — сказаў сын.

Яны адплылі ад берага. Скульптар усё яшчэ расказваў. А Валерый моўчкі і засяроджана веславаў, не звяртаючы больш аніякай увагі на астатніх.

— Дарваўся да дзіцяці, — сказала Агата.

— А што табе? — сказаў сын. — Ты што, не любіш іх?

— Не ведаю. Не было. Дый палкага такога жадання няма, прызнаюся.

— Дзеці — харошы народ, — сказаў сын.

— Сумуеш? Пройдзе. Гэта ўзрост такі.

— Яны — харошы народ.

Човен аддаляўся, і маці ўжо нічога не чула.

…Гадзінай пазней маці сядзела ў бухце, у лёгкім цяні скалы, а побач з ёю звісала з гары тонкая ніць вадаспада. Людзі паразыходзіліся. Чаўны спалі каля берага, як вялізныя снулыя рыбы. Непадалёку ад маці сядзела на беразе Агата, ды Валерый як апантаны хадзіў берагам, углядаючыся сабе пад ногі. У яго пачыналася "каменьчыкавая хвароба".

Вышэй, на выступе скалы, завіхаліся скульптар і Ярык. Таўстун падцягваў да ўрвішча вялізны камень: ладзіўся, відаць, скінуць яго са стромы на камні.

— Што там ў вас? — крыкнуў Валерый.

— Агатавую бомбу выбіваем, — змрочна адказаў таўстун.

— Вялікая?

— З два кулакі.

Мацi слухала спеў вады i глядзела з уступу проста ў глыбiню. Глыбiня была ўся чысцюткая, блакiтна-зялёная, празрыстая, як неба. У глыбiнi плавалi лiловыя i белыя медузы. Белых было многа. А яшчэ глыбей, у расколiнах падводных скал, раслi сiнiя дзiвосныя кашлатыя сады. Зрэдку iх галiны варушылiся. Гэта праплывала рыбка.

"Як птушкі ў нашых садах", — думала маці.

Валерый разграбаў нагою гальку амаль ля самых ног маці.

— Ну, што? — спытала яна.

— Нічога.

— Яна шчаслівая з табою?

— Пэўна, — змрочна сказаў ён.

— Шчаслівыя не гавораць так пра дзяцей. Што ж шчасце? Шчасце для сябе — гэта пачвара.

— То нашто ёй тады?..

— Ты цяпер на вяршыні, то ёй і добра… Я нічога табе не кажу, але ты ўспомні, што яна табе тады казала?

Яны маўчалі. Дрымотна спявала вада. Танюткі струмень падаў у буйныя галышы і знікаў у іх, не маючы змогі пракласці сабе верхавы шлях у мора.

У гэтых распаленых каменняў была такая прага! Такая нясцерпная прага!

— Я… кахаю яе, мама.

Гаварыць больш не было аб чым. І маўчанне рабілася нясцерпным, і невядома было, што б яны сказалі яшчэ, каб не крык, які раптам аддаўся з уступа.

Нешта прамільгнула ў паветры. Потым узляцеў слуп вады. І адраза паўз маці мільганула магутная постаць сына. Ён ірвануўся з месца так, нібы ад гэтага залежала жыццё.

Жыццё сапраўды зележала. Таму што на ўступе стаяў адзiн Петра Мадэставiч. Пазней выявiлася, што падлетак адступiў, каб скульптару было ямчэй кiдаць каменную брылу. Адступiў, не думаючы, што за ягонай спiной строма. Ад нечаканасцi ён хапануў вады i, захлынуўшыся, ключом пайшоў на дно.

У наступны момант — Валерый яшчэ не паспеў дабегчы — Петра Мадэставіч кінуўся ў ваду галавой. Ягоная туша ўзняла фантан пырскаў і заглыбілася ў прадонне. Ён нібы падаў з вышыні і падаў значна хутчэй за вузенькі цень хлопчыка, які сутаргава варушыў рукамі і нагамі.

Апынуўшыся непадалёк, Петра Мадэставiч рэзка выгнуў спiну, каб прыгасiць сваё падзенне, але хуткасць яго была, вiдаць, яшчэ вельмi вялiкая, бо яго нiбы стукнула нешта ў спiну. Скульптар таргануўся паяснiцай, паспрабаваў схапiць падлетка, але тут яго панесла на паверхню, выкiнула пад сонца.

А хлопец ішоў ніжэй і ніжэй і ўжо цьмянеў, рабіўся з блакітнага каламутна-сінім. Бо тут, пад скалой, і сапраўды была страшная глыбіня.

Маці ўбачыла ненатуральна шырокія плечы сына, яго залатую скуру і барвяныя плаўкі на вузкіх клубах. Потым ён увайшоў у ваду, як распаленая ігла ў масла: толькі бурбалкі серабрыста закіпелі вакол усяго цела.

Ён ішоў глыбей і глыбей, і таксама цямнеў. І вось ужо імпэт ягонага цела быў прыглушаны супраціўленнем вады. Ён пачаў грэбціся рукамі, іх рыўкі ўсё больш запавольваліся…

…А потым яго панесла ўгору. Павольна-павольна. Момант, відаць, быў упушчаны, і цела Яраполка апусцілася занадта глыбока.

Сына выкінула на паверхню, як корак. Ён прагна хапаў ротам паветра.

— Стой! — крыкнуў скульптар. — Не дастанеш. Тут метраў дзесяць.

— Здаецца: глыбей, — сказаў Валерый, — Значна:

У прадонні плавалі медузы, яшчэ глыбей раслі падводныя сады. А ў іх ледзь бачны быў маленькі цёмны сілуэт чалавечка.

Не верылася, што ён ляжаў на такой глыбіні: занадта празрыстая была вада.

— Не трэба! — крыкнула Агата. — Вадалазаў трэба.

— Ідзі ты ў… — амаль непрытомна крыкнуў збялелы сын.

Маці разумела: па вадалазаў трэба веславаць, і яны не паспеюць. І яшчэ яна зразумела: сын лаяўся не на жанчыну. Яна ўпершыню чула ад яго грубае слова, і, значыць, ягоны стан быў сапраўды ўтрапёна-разгублены.

Валерый ускараскаўся на ўступ.

— Што ж рабіць? Што ж рабіць, дзяцька Петра? Глыбока. Не дайду. Выкіне. — Позірк ягоны ўпаў на злашчасную брылу. І ён абвёў вачыма трох людзей, якія стаялі побач, убачыў фігуркі іншых экскурсантаў, якія беглі берагам… А потым паглядзеў на маці і ўсміхнуўся ёй.

Потым ён ні на каго ўжо не звяртаў увагі. Двума-трыма глыбокімі ўздыхамі ён расправіў лёгкія і з напругаю ўзняў брылу, над якой за некалькі хвілін да таго дарэмна завіхаўся таўстун.

— Падтрымай, — сказаў ён Петры, — падтрымай, каб уздыхнуць. Як міргну — пускай.

Малiнавы ад напругi, скульптар падтрымаў. Ноздры Валерыя раздзьмулiся. У наступны момант ён разам з каменем зрабiў крок з уступа, увайшоў у ваду амаль без пырскаў i пачаў паглыбляцца, цьмянець, рабiцца з блакiтнага сiнiм так хутка, што мацi спалохалася.

Вада была такая празрыстая!

Ля самага дна ён закруціў галавою. Яму, відаць, пакутліва не хапала паветра. Але брылы не выпусціў. А потым з дна ўзнялася каламуць: ён моцна адштурхнуўся нагамі.

Маці бачыла, як ён усё хутчэй круціць галавою. Хутчэй і хутчэй.

Боўтнула нешта ў вадзе. Гэта скульптар кінуўся на дапамогу і там, пад вадою, падхапіў штосьці і штурхнуў цела Валерыя ўгору.

… Яны ляжалі на водмелі, як два трупы. Сын — ніцма, і плечы ў яго ўздрыгвалі зрэдку. Толькі па гэтым і можна было здагадацца, што ён жывы.

Поделиться с друзьями: