Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залаты бог

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Не ведаю, — сказаў ён. — Я гнаўся за адной жанчынай. За славай. І што, лягчэй ад гэтага астатнім? Маці? Яна ўжо не можа зайсці ў мора. Не заходзіла ніколі і не зойдзе.

Яна прыўзняла галаву i з нейкай вышэйшай чуйнасцю сказала:

— Ты не аб тым.

— Не, — сказаў ён. — Наконт сябе можаш быць спакойнай. Позна… Хаця мы з табой ніколі не будзем шчаслівыя.

— Чаму?

— Таксама позна.

Ён сеў:

— Ты нават не ведаеш, што было тады, два гады таму назад… Табе гэта было… як цень вялікага кахання на сцяне ўтульнай гасцінай… Каб лепей адчуваць яе прытульнасць, не адчуваць пустэчы ва ўласным доме… Так, лішняе палена, падкладзенае ў хатні камін.

— І што, табе ад гэтага было менш цёпла?

— Мы былi разам, — сказаў ён. — Памятаеш, ты сказала, што часам багi ствараюць дасканалых людзей, каб яны мелi права патрабаваць ад багоў усё, што iм належыць. Ад багоў i ад другiх, такiх самых дасканалых.

— Н-не помню.

— Індыйская, здаецца, легенда.

— Не, не помню.

— А я помню. Я помню ўсё, і ў гэтым уся розніца паміж намі. Таму што ты тады ўвайшла нават у мае сны, нат туды, дзе яшчэ і свядомасці няма. Ты не помніш, але ў той час, калі я не асмельваўся ўзняць на цябе, чужую, нават вачэй — ты сама раскрыла мне іх.

— Па-мойму, гэта быў не самы горшы мой учынак, — усміхнулася яна.

— Напэўна… Для цябе… Я ведаю, табе было пуста. Але я, пакутуючы, як ніхто, бо мы сапраўды, відаць, створаны былі адзін для аднаго, усё ж быў у непаразуменні, за што я цябе кахаю.

— Нашто пытаць? Кахаеш, то нашто пытанні?

— Маеш рацыю. У цябе была цяга да мяне, але я не перашкодзіў табе быць з іншым, была дасціпнасць — каб падманваць са мною увесь свет, была думка і быў розум, які не даў табе ані хвіліны разумення таго, як я пакутую, як я хачу ўвесь час быць з табою… І была прыгажосць… І толькі не было галоўнага: цярпення, дабрыні, шчаслівай увагі.

— А ты спрабаваў?..

— Паглядзець на рэчы тваімі вачыма?

— Ты дзіўна заўсёды здагадваешся аб усім.

— Спрабаваў. І не здолеў апраўдаць… Рэчы не маюць душы. Калі даводзіцца выбіраць між чалавекам, які памірае ад кахання да цябе, і рэчамі — не варта многа думаць.

— Мне не падабалася твая слабасць перада мной… Ты ж ведаеш, мы толькі гаворым, што любім закаханых у нас. На самой справе мы любім тых, каго можам кахаць.

— Ты не ведаеш, што слабасць мужчыны — адзнака самага моцнага кахання. Ты ж бачыла, як я ламаў жыццё, як са мною біліся за праўду сябры. Ты бачыла, што я не шчанюк, не хлюпік.

— І ўсё ж…

— I ўсё ж я не мог быць бязлiтасна грубым, размаўляць з табою, як уладар. Гэта лухта, гэта рабскае гаворыць у душах некаторых жанчын. Я не скот, я роўны з табою чалавек, якi больш за ўсё хацеў, каб табе было светла i лёгка. Я ведаў: сапраўдныя жанчыны лепшыя за мужчын. Яны — квецень. I яшчэ я ведаў: iм цяжка, усё яшчэ цяжка. Я хацеў, наколькi гэта ад мяне залежала, зрабiць так, каб няхай сабе адной было лёгка i радасна жыць: Што ж, вiдаць, у адносiнах да гэтай адной я памылiўся.

Яна ўсміхнулася, і зубы яе ў святле месяца былі блакітныя, а вочы патаемныя.

— Ты лічыш, што ў адносінах да гэтай адной патрэбен быў кій?

— Не… абыякавасць.

— Ты надзіва рыцарственны.

— Не. У мяне не хапае для гэтага шчырай адкрытасці. Маё насланнё робіцца ўсё больш моцным. Мне часам немагчыма дыхаць, такое яно.

— Гэта табе і шкодзіла.

Ён кінуў каменьчык у ваду. Мускулы ля ягонага рота закамянелі.

— Петра Мадэставiч меў рацыю. Нашто мне iдал? Мне патрэбна падзвiжнiца. А тут за ўсе маленнi я атрымаў адзiн толькi боль. Насланнё мацнее: Але мне сумна. Сёння на танцах мяне працяў такi несамавiты адчай, што мне стала страшна. Я зразумеў: нiшто не вечнае ў чалавеку. I тое, што са мной нiбы трапеча на апошнiм дыханнi: Розум не можа вечна быць рабом пачуцця: нават самага вялiкага ў жыццi. Дарэмна я малiў аб здароўi i сiле i свабодзе.

Хлопец сказаў гэта з такой шчырасцю, што бровы жанчыны здрыгануліся. Яна пасунулася бліжэй і, паклаўшы галаву на ягоныя калені, абхапіла яго за шыю гнуткімі і пяшчотнымі рукамі.

— Прабач, родны, — сказала яна.

Далоні, якія ён падсунуў пад яе плечы, злёгку дрыжалі.

— І мне лёгка і страшна, — сказаў ён.

Адвечная прывычка ўладарыць выявілася і тут. Гонар патрабаваў, нясцерпна было бачыць, як паўстае самы адданы і верны, як ён патрабуе, — і жанчына, не стрымаўшыся, сказала:

— Нашто ты патрабаваў так да канца? Я ж не казала табе, што заўсёды буду толькі тваёй. Нашто ты патрабаваў так многа?

— Нашто я жыву? Нашто дванаццаць год я забіваў сябе на рабоце, дабіваўся славы? І нашто ты патрабавала так мала? Чаму цяпер хочаш большага?

— Я кахаю цябе, — сказала яна.

Але мужчыну, здаецца, уразіла нейкая думка. Вялікія яго вочы пашырыліся. Ён уздыхнуў і адчужана выпраміўся.

Тонкі стан і шырокія плечы. Знізу яны здаваліся ёй трохвугольнікам, пастаўленым на востры кут. Скура пад месяцам адлівала золатам і блакітам. Раўнамерна ўздрыгвала скура пад левым саском, і гэта было адзінай адзнакай хвалявання, якое па-ранейшаму перапаўняла яго.

— Цяпер ты хочаш быць толькі са мною. Чаму?

— Чалавек мяняецца, — шапнула яна. — Праз год, месяц, дзень — ён другі. Я кахаю толькі цябе.

— Так мала? Я ведаю, штo табе было да ўсяго, што я адчуваў. Ты лічыла — перад табою сусвет… І вось цяпер у табе прайшло многа, засталося мала… І ты шукаеш мяне. Цяпер я патрэбны табе.

Яна цягнула рукі вышэй і вышэй. Ніжэй і ніжэй схілялася да яе вуснаў галава хлопца. Аж пакуль ён са стогнам не адвярнуўся.

— Мой гонар паранены, — глуха сказаў ён.

— Позна ж ты успомніў пра гэта.

— І я ў сутаргах кідаюся ля цябе. У апошніх, бо не хачу згадзіцца, што каханне памерла. Яно ў кожнага адно.

— Позна, — усміхнулася яна. — Ты быў мой. І ніхто не адбярэ ў тваёй памяці ўсяго, што было. Не адбярэ ні шчасця, ні гэтых… прыніжэнняў… — І пасля паўзы дадала:

— Так што маўчы. Пацалуй мяне.

Прагна, як да струменьчыка вады, што падаў у распаленую, чырвоную ад сонца бухту, яна прыпала да яго вуснаў. Нібы вакол была смяротная спёка і адзін гэты струмень нёс у сабе жыццё.

— Так будзе заўсёды, — сказала яна.

Ён гладзіў яе валасы.

— Заўсёды, — паўтарыла яна.

— Заўсёды? — спытаў ён.

— Але.

— Ты пойдзеш са мной паўсюль?

— Магчыма.

Яна цяпер ведала: нішто не прайшло, няма чаго баяцца. Таму што гэты залаты бог усё яшчэ належаў ёй і толькі ёй. Яна бачыла гэта па сухому, ліхаманкаваму бляску бязмежна адданых вялікіх вачэй.

— Я буду з табою, як толькі ты працягнеш руку.

Гэта была памылка. Яна адразу зразумела гэта.

Поделиться с друзьями: