Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залаты бог

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

I так дванаццаць год: Не, адзiнаццаць: Два гады назад было т о е. Iх вялiкасць "Сам-Палецкi" зволiлi "уцюрыцца" (як, не вельмi дасцiпна, казаў калега, блазнаваты паскакун Вiцька Малiмончык, лепшы спецыялiст па матэматычнаму аналiзу). Суцэльным прынiжэннем быў той год. Каб не ён — яны скончылi б яшчэ год назад. А мацi ж таксама было цяжка чакаць.

Ні хвіліны асабістага. Мозг, здавалася, ператварыўся ў пачвару, якая жарэ ўсё… Жанчыны самі падыходзілі, але, адчуваючы, што яны менш патрэбны яму, чым ён ім, адыходзілі.

Прага шчасця, адпачынку, музыкі? Лухта. Потым.

I вось яны "дасягнулi". Далей, здавалася нат, не было куды iсцi. Цяпер можна было пачынаць жыць. Для пачатку яны выехалi сюды.

З непрывычкi да поўнага спакою i гультайства Валерый першыя ночы дрэнна спаў. Гэта было ненатуральна. Бо ён нават падчас замежнай паездкi здзiўляў усiх тым, як ён працаваў у самых непадыходзячых умовах.

Пайшлi кнiгi, заплывы ў такую далячынь, што за два днi яго двойчы вярталi з катэрам, кiно, у якiм ён не быў сто год. У Феадосii ён цэлы дзень сядзеў ля малюнкаў Валошына, адчуваючы амаль сладастрасную насалоду ад звычайных квадрацiкаў паперы з разнастайнымi фарбамi, якiя былi — прыгажосць, свой погляд на свет.

Цяпер ён шкадаваў, успамiнаючы самалёты, вулiцы чужых гарадоў, усплёскi "блiтцаў", шумлiвы натоўп. Пiць гэта трэба было. Пiць.

І раптам… Яна. Зноў тое самае. Зноў цяжкая, без прасвятлення, з адным бязмерным болем, неўтаймоўная цяга.

Нічога добрага з гэтага не магло атрымацца. Нічога. Зноў патаемныя сустрэчы, зноў дабрыня і пакорлівасць, калі ён ішоў прэч у ярасці на яе і на лёс. Зноў абыякавасць, калі ён цягнуўся да яе.

Наступнага дня ён ляжаў на пляжы, заплюшчыўшы вочы, i напалову драмаў. Мозг, пазбыўшыся за першыя ж днi свiнцовай стомы, працаваў надзiва ярка, чыста, магчыма, нават хвараблiва ясна. У напаўдрымоце ён камбiнаваў розныя, часам узаемавыключныя з'явы, вобразы, словы, ствараючы з iх стракатую непрыемную мазаiку.

Цень упаў на яго аблічча. Думаючы, што гэта нехта са сваіх, ён сказаў:

— Адыдзi, не засцi мне сонца.

І адразу пачуў яе голас:

— Дзень добры, Валерый.

Усё здрыганулася ў ім, але ён адказаў, не адкрываючы вачэй:

— Дзень добры. Што, хочаш пераступіць? Як калісь? Няма іншай дарогі?

— Грубасць ніколі не ўпрыгожвала мужчыну.

— А двудушнасць — жанчыну.

Яна засмяялася, села.

— Жанчына не можа не быць двудушнай, калі мужчына — табліца лагарыфмаў, хадзячы электронны мозг.

— Ты нашто падышла? Што хочаш запраграмаваць?

— Цi можна парушаць маральны кодэкс, — iранiчна сказала яна.

— І адказ?

— "Заляцацца да чужых жонак з несур'ёзнымi намерамi — нельга. Можна толькi — з сур'ёзнымi. За iншае мала бiць морду".

— Што ж, па-мойму, правiльна.

— А калі "чужыя" зусім не думаюць, сур'ёзныя намеры ці не?

— Тады няхай чужыя ідуць да дзядоў з атрафіраваным сумленнем.

— Я і прыйшла, — сказала яна. — Ты ж некалі не ўспамінаў аб сумленні.

— Бо не хацеў… Не мог.

Яна дражніпа яго, але ён праз заплюшчаныя павекі не мог бачыць гэтага і гаварыў больш-менш сур'ёзна. А яна сядзела над ягонай вялізнай постаццю і глядзела, схіліўшы галаву, хітравата, як лісіца ў глыбокі калодзеж.

— Штосьці ты і не падыходзіш да мяне?

— Не хачу.

— Дурны. — Яна сказала гэта раптам сур'ёзна, тым тонам, ад якога ў яго заўсёды падала сэрца. — Я ж бачу. Кiнь ты мучыць самога сябе: У жыццi i так усё няпроста. Прыходзь: Ну?

Ён маўчаў, і тады яна ўстала. Пайшла. Праз няшчыльныя веі ён бачыў, як яна ішла па гальцы, падабраная, пластычная — уся як успамін і як пакута.

…Дзень імянін маці скульптар вырашыў святкаваць разам са сваімі і падбіў усіх, каб прынеслі шмат віна і "грукалі ў дзверы толькі нагамі". Сабраліся удзесяцёх: сябры, маці, Петра Мадэставіч, Ларыса.

Да апошняй заляцаліся напрапалую. Усе. І маці было дзіўна, што ўсё гэта, здаецца, зусім не закранала Валерыя. Сядзеў спакойны, пазіраў на дзяўчыну вачыма, якія бачылі і не бачылі.

На здзiўленне Петры Мадэставiча, усе госцi накiнулiся не на магазiнныя вiны, а на маладую тутэйшую маджарку, чырвоную, белую i бурштынава-ружовую. Маджарка стаяла ў вялiкiх шкляных збанах, знесеных з усiх пакояў. Была яна трохi каламутная — нават вiнаградныя скуркi часам траплялiся, — кiсла-саладкавата-даўкая i халодная як лёд.

Старой маджарка не спадабалася.

— Хіба гэта гарэлка? — усміхалася яна.

Але потым прыйшоў сум, прыемны і цёплы. Стала шкада жыцця, якое — што ні кажы — канчалася. І разам з тым было весела, нібы ўвесь шлях ляжаў наперадзе.

"Вось у чым справа, — падумала яна. — Вось чаму п'юць тое кiслоцце". I яна глядзела на гожае аблiчча сына i на хатнiя ямачкi ля наiўнага рота Ларысы, i ёй рабiлася трохi крыўдна. Гаспадарлiвая, гожая, добрая. Усе ж мужыкi такiя дзецi: Пакiнь iх, хаця i ў сорак год, — наробяць глупстваў. Справа жанчыны апекаваць над iмi, дапамагаць, кiраваць непрыкметна, каб, крый божа, не заўважылi, не ўсумнiлiся ў сваiм панаваннi: "Чым бы дзiця нi цешылася: " I вось з'явiлася тая, нядобрая, страшная ў вечным сваiм патрабаваннi. Нiчога не аддаваць. Толькi браць, браць, браць.

Яна не вiнавацiла сына, яна нават дапускала, што iначай у яго не магло быць. Сваiм прыродным розумам, сваiм вялiкiм вопытам яна ведала, якую ўладу часам бяруць над сапраўднымi мужчынамi, высакароднымi i добрымi, тыя жанчыны, якiя не абмяжоўваюць сябе ў сродках: самаўлюбёныя, пыхлiвыя, ганарыстыя, хлуслiвыя. Тыя, для якiх галоўнае — сцвердзiць сябе, мiжвольна прынiзiць сваiх сябровак i ўзысцi вышэй за iх, няхай нават па трупах.

І таму яна шкадавала яго. А голас за акном, за садам, спяваў усё тое самае:

До завтра… А вдруг оно меня обманет? Я буду ждать — ты не вернешься, Я буду звать — не отзовешся, Уйдешь далеко.

Гучала ў ім туга і яшчэ радасць, што вось чалавек можа так тужыць, што яму радасна ад тугі, бо ён — жыве. І маці ўспамінала палі, каменную россып на іх, валы з камянёў на межах, — усё ўласнымі рукамі! — сінія лясы і крывавае зіхаценне каласоў у вачах.

— Не трэба, — раптам шапнула ёй Ларыса, і маці здзівілася, як гэта тая здагадалася аб усім.

Большая частка гасцей спрачалася, пiшучы на клапцiках паперы шэрагi нейкiх лiчбаў i лiтар. Часам нехта рагатаў, нiбы ў лiчбе, якая вось зараз толькi з'явiлася з-пад аўтаручкi, было нешта смешнае. I толькi сын адчужана глядзеў на iх, думаючы, вiдаць, пра нешта сваё, ды яны, жанчыны, удзвюх па-змоўнiцку шапталiся на рагу стала.

— Не трэба, маці… У вас было добрае жыццё… Наўрад ці хто з нас пахваліцца такім пад старасць.

— Ведаю… Ты адсунься, доня. Сядзіш на рагу стала.

— Мне ўсё адно.

Поделиться с друзьями: