Залаты бог
Шрифт:
— І што?
— А мне — з табою, — проста сказала яна. — Ёсць ноч і дзень. І словы дня не прыдатныя для ночы. Памятаеш, як я "хавалася" за табою… Вось так… Кажы не кажы, а гэта было. І ты казаў, што валасы мае пахнуць дурманам, і падбіраў гэта слова на ўсіх мовах: "дурнап'ян", "лема"…
— Ах, як кранаюча, — сказаў ён. — Толькі досыць. Я табе не хлопчык. Даволі.
Маці адыходзіла далей і далей, але і галасы, відаць, мацнелі.
"Не, — думала яна. — Не… не досыць табе, сыне… Не".
— Ты ведаеш, — гаварыла Агата, — ты нiкуды не пойдзеш. Мой, кажу я, i гэта значыць, мой: А я — твая: Бо мне хочацца плакаць, i калi ты мяне цалуеш: I з табою адзiным хочацца быць пакорлiвай.
Маўчанне. Потым яе голас:
— Даруй… Я ж была з табою… І заўсёды буду… Як ты хочаш — так і будзе.
— Я ўжо хацеў. А ты прапанавала мне быць не жонкай, а… каханай. Вельмі мне гэта прыемна было.
— Ты занадта сур'ёзна глядзіш на такія рэчы… Скажы, было так, каб я не хацела быць з табой?.. Я шукала цябе. Я кахаю цябе… Заўсёды…
І тут мужчына раптам выбухнуў стрыманай, але таму яшчэ больш знішчальнай ярасцю:
— Ты, па-мойму, больш хацела грошай, кватэры ў сталiцы, убораў, вернiсажаў. Ты прабач ужо. Я не мог даць гэтага. Я быў бедны. Але я быў малады. У гэтым было маё багацце.
Ярасць афарбавалася іроніяй:
— Цяпер я не такі, як іншыя, усе глядзяць мне ў рот, нібыта ў мяне адтуль… алені скачуць.
— Бедны мой, — з неймавернай шчырасцю сказала яна. — Я не хацела, не хачу цябе мучыць… Дурнятка маё.
— Каб ты толькі ведала, які я стары, — сказаў ён. — Усё, што я прыдбаў — нуль, бо няма мяне ранейшага. І тут я спатрэбіўся табе… горшы.
Галасы раптам абарваліся. Магчыма, іх заглушыла мора, магчыма, проста так.
"Як ён яе любіць, — думала маці. — Божа, як любіць."
Скульптар маўчаў-маўчаў i раптам злосна кiнуў палку ў калючыя зарасцi.
— Я не люблю яе: Такому хлопцу трэба танюткую, велiкавокую дзяўчыну. Падзвiжнiцу. Добрую. Каб даравала ўсе ночы, што ён у лабараторыi, каб любiла. Каб ганарылася iм; шчаслiвая была, калi прыйдзе, стане, галаву ёй на каленi пакладзе i ёй адной скажа: "Ларыса, ратуй мяне". I нiхто больш ведаць не будзе: Адна яна.
— Чаму Ларыса?
— Не ведаю, — сказаў скульптар. — Так.
— А я ведаю… Запяклася ў цябе душа.
— Я — стары чалавек… Вельмі… Біты… Ламаны. У мяне першую жонку забілі, а другую… я за славу праспаў.
— А Ларыса?
— Гэта так. Апошняя фарба захаду.
…Сын нібы сарваўся з ланцуга. Усе наступныя дні пасля той злашчаснай ночы ён ні на хвіліну не з'яўляўся дадому. Ён на цэлы дзень уцякаў у сухія бугры "нюхаць палын", заплываў на вадзяным веласіпедзе ледзь не за вобрый далягляду, караскаўся па скалах, падаў з іх у глыбокія воды, плаваў ад ільвінай бухты да самага пляжа. І маці ведала: калі нехта стаіць над самым стромым урвішчам вялікай гары і, нахіліўшыся, парусіць крыламі плашча — гэта абавязкова ён. І калі на скале ў навальнічнай далечыні мора з'яўляецца чалавечая кропка — гэта зноў ён.
Калі не было яго — не было часцей за ўсё і яе.
Ён з'яўляўся на вячэру нейкі дзіўны, нібы здзічэлы, громкагалосы, прапахлы соллю, ёдам і палыном, з занадта бліскучымі вачыма, са скурай, спаленай сонцам, з выгаралымі на сонцы валасамі. І калі маці ён аддаваў нейкую долю ўвагі, то сябры для яго амаль не існавалі… Прыгоды, небяспека, вецер з мора — гэта было галоўнае.
Нібы хацеў выплюхнуць усе гэтыя трыццаць год за лічаныя дні.
"Дарваўся", — думала маці.
У яго былі цяпер зусім чужыя вочы: вузкія, абрэзаныя ад вечнай стомы, пільныя і… пуставатыя.
Аднойчы іх не было ўсю раніцу. Калі яны ўдваіх з рогатам, амаль непрыстойным, увайшлі на веранду перад вокнамі сталовай — маці зразумела: усё.
Толькі што прайшоў першы за ўсё лета дожджык, спырснуў зямлю. І зямля пахнула гваздзікай, ванілем, карыцай, перцам. Нібы шкатулка з усходнімі вострымі прыправамі.
Сукенка жанчыны і кашуля мужчыны былі вільготныя, але яны ні на што не звярталі ўвагі. Вочы Агаты глядзелі на сына з лёгкай усмешкай. А ён глядзеў на яе з дзіўным выразам нейкай пераможнай вінаватасці. А твар быў сухі, пірацкі, жарсткаваты. І ў вачах не было нічога, акрамя бадай што першабытнай прагі жыцця.
"Усё, — падумала маці. — Палонны… раб-уладар".
І, нечакана голасна, сказала:
— Ануча.
— Што? — спытаў скульптар.
— Нічога.
А сама думала:
"Панаваць, пэўна, толькі над харошымі ды добрымі і можна. А тут… Ды што ты, не бачыш, хто побач?.. Ды яна цябе ў кожнай бядзе кіне".
…Пасля абеду ўсе, хто жадаў, паехалі на чаўнах у Львіны грот. Маці не села з Валерыем. Яе ўзяліся апекаваць калегі сына. Іх было якраз на човен, і таму скульптар таксама аддзяліўся ад яе.
Яна амаль узрадавалася, калі Ларыса прывяла на бераг Яраполка.
— Ярынька, — сказала маці. — Хадзі сюды, дзетухна.
Светлавалосы падлетак, сінявокае, танюткае, даўганогае жарабя, глядзеў на маці, як верабей з кулака, са смешнай непрымірымай непрыязнасцю.
— Не, — сказаў ён.
Добры ягоны рот быў сціснуты як мага больш жорстка, а ля яго дрыжалі — зусім як у Ларысы — ямачкі.
— Ярка, — сказала сястра амаль гнеўна. — Ты што гэта?!
— Нічога, — сказаў Яраполк. — Што ты мяне?.. Я да… Петры Мадэставіча.
Ларыса вінавата зірнула на маці і паціснула плячыма. Калі Ярка адышоў, яна сказала ёй ціха:
— Вы прабачце ўжо. Узрост пераходны. Так цяжка з ім.
Маці нічога не магла сказаць.
Падлетак уладкаваўся ля ног скульптара і глядзеў яму ў вочы з адданай, трохі вінаватай усмешкай дзіцяці, якое не помніць бацькі і сумуе па ім.
А скульптар — нават здалёк было відаць — стаў раптам такі бессаромна шчаслівы, так заўсміхаўся, што маці стала зайздросна… Ён расказваў нешта хлопцу, і той глядзеў на таўстуна ўлюбёна, і весела, і кранаюча.
Маці адвяла позірк і ўбачыла сына. Валерый стаяў у чаўне і глядзеў на гэтую сцэну пацямнелымі вачыма, на дне якіх стала асеў сум.
— Сядай, — сказала яму Агата. — Хiба хто стаiць у чаўне?
Ён стаяў і глядзеў.
— Сядай.
— А як апазналі шкілет Яраслава? — спытаў хлопчык.
— Сядзь ты, калі ласка, — сказала Агата.
— "Яраслаў бысць хром", — як даросламу, тлумачыў скульптар. — І яшчэ у яго на чэрапе быў след ад удару мячом. Астатнія ў ягоным саркафагу былі маладыя… Відаць, зладзеі. Залезлі, а тут трывога. А можа, і проста крышка ўпала. Яна ж больш тоны важыць.