Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залаты бог

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

…Народу было мала. Нейкія ваенныя, што з дня ў дзень вудзілі — і не вывуджвалі — рыбу, некалькі пісьменнікаў, дзяўчаты, якім да старой не было справы.

Пасябраваў з ёю толькі паджылы таўстун, Петра Мадэставіч, сівы, з дабрадушнай, да вушэй, дзіцячай усмешкай. У яго былі спадзістыя плечы, тлустыя грудзі, што зараслі сівым воласам, і вялізны круглы жывот. Плаваў ён, як плавок, гадзінамі, а калі ставаў па грудзі ў вадзе і скрыжоўваў караценькія лапкі, то вельмі нагадваў "дзядулю вадзяніка" з карціны Білібіна.

Спецыяльнасць у Петры Мадэставіча была рэдкая — скульптар. І не проста скульптар, а такі скульптар, які аднаўляе партрэты даўно памерлых людзей па іхняму чэрапу. Здавалася б, пры такім частым сутыкненні са стагоддзямі быць яму змрочным і разважаць аб тленнасці жывога, а ён быў рухавы, вясёлы, крыклівы, як канюка, і цікаўны да ўсяго.

— Цёцю! — гарлаў ён, вылазячы з вады. — Гэта ж скора вашы імяніны святкаваць будзем!

— Ты адкуль ведаеш? — усміхалася яна.

— А як жа, — рабіў Петра посную морду. — Дваццаць чацвёртага верасня… Святой першамучаніцы Тэклі.

Нельга было не засмяяцца, так не пасаваў посны выраз да яго круглай фізіяноміі.

— Ну, — казала яна.

— То, можа, разам адсвяткуем, цётачка?

— Як гэта?

— У мяне ж дваццаць трэцяга… Па-а-кут-ні-кі-і Андрэй, Іван і Петра… Ня-адзе-ля шаснаццатая па-а сё-му-се…

— Можна, — казала яна. — Ды ты забудзеш.

— Не можа гэтага быць, — казаў ён. — Выпіўку ды забыць.

— Будзеш ты на тым свеце смалу з дзёгцем піць.

— Прызвычаімся, — казаў ён.

— Пі, пляменнічак, колькі няшкодна, — пасля паўзы казала яна. — Гэта ўсё лухта. Няма таго пекла.

— Так і няма? — здзіўляўся скульптар.

— Няма.

— І тое праўда.

Яны паглядалі на нешматлікіх суседзяў на пляжы. Ляжалі на гальцы дзяўчаты, карычнева-чырвоныя, гарачыя ад сонца.

Хадзілі між іх заўсёднікі — маладыя людзі з ухмылачкай, — шнырылі вачыма, шукаючы, каго б пажэрці.

— Бобікі, — казаў таўстун. — Драпежнічкі з вышэйшай хатняй асветай.

— Кінь, — казала яна, — сам быў не лепшы.

Жанчына глядзела на мора, на сінія ўзгоркі, рэдка парослыя сумахам, і прыжмурвалася:

— А-ёй, гарачыні колькі. Во каб гэта нам… Што б расло!

Яна ўспамінала свае балоты, векавыя ліпы ў прысадах, палёт бяроз на гасцінцах і туман між медных ствалоў пушчы.

…Дні праз чатыры пасля таго як жанчына з'явілася ля мора, прыехала новая група, чалавек восем, усе ажыўленыя, але бледнатварыя — відавочна, з поўначы. Штосьці рабіла іх падобнымі адзін да аднаго, гэтых мужчын. Магчыма, іронія, магчыма — утрапёны агеньчык, які гарэў у іхніх вачах, калі яны, спрачаючыся, ішлі з аўтобуса да канцылярыі.

Вызначаліся сярод іх асабліва двое: стары з абліччам румянага фанатыка і малады чалавек год пад трыццаць.

Калі малады чалавек раздзеўся, кінуўшы вопратку на ляжак, і павольна пайшоў берагам, "драпежнічкі" глянулі на яго і засумавалі. А дзяўчаты, калі ён праходзіў, глядзелі наўздагон ва ўсе вочы, забыўшыся на сарамяжлівасць і стрыманасць, забыўшыся нават на спрадвечную жаночую ўніклівасць, якая бліжэй за ўсё да какецтва.

Ён быў дзівосны. Кісці рук і галава, відаць, трохі ўжо загарэлыя ў дарозе, залацістыя, а ўсё астатняе белае, як пена.

Шыракаватае аблічча, прыемныя цвёрдыя мускулы ля рота, сінія вочы ўразлёт, залацістыя валасы… А цела!.. Толькі на грэчаскіх статуях бывае часам такое. Ані грана лішняга не было ў ім, але не было і таго, што часам брыдзіць цела прафесіянальнага гімнаста, тых суцэльных вузлоў мускулаў, што, як звязкі змей, непрыгожа ходзяць пад скурай.

Яно было гладкае, цвёрдае, з шаўковай скурай. І дзіўнымі здаваліся пры шырыні плячэй дзявочая талія і вузкія моцныя клубы.

Не звярнуў на яго ўвагу толькі мастак, які сядзеў з альбомам на лежаку, ліхаманкава замалёўваючы жанчыну ў чорным. Жанчына стаяла ля самай вады, гледзячы ўдалячынь. Мастак толькі што прыехаў, выйшаў на пляж і ахнуў: перад ім стаяў жывы прататып смуткуючай маці для ягонай карціны.

А ён шукаў яго доўга. Вось ужо, сапраўды, не ведаеш, дзе знойдзеш, а дзе страціш.

Малады чалавек падышоў да старой і, схіліўшыся, пацалаваў яе ў скронь.

— Дзень добры, матуля… Не засумавала тут без мяне?

Схаваўшыся ўся ў яго абдымках, яна знізу гледзяла на яго і, нібы не ведаючы, што ёй рабіць, разгублена шаптала:

— Валерык… Сынок мой…

— Не сумна было?

— Што ты… Мора якое!.. І Лорачка… І Петра Мадэставіч… Валерык… Сыночак…

— Прабач, трошкі затрымаліся… Цяпер ужо — разам.

Мастак, гледзячы на іх, крэкнуў і падумаў, што ён — бездар і што яму трэ было б пісаць зусім другую карціну… Проста — маці і сын. Проста — шчасце.

…Петра Мадэставіч з'явіўся на пляж, калі маці пайшла ўжо адпачыць перад абедам, і, убачыўшы Валерыя, таксама ахнуў: "Ляпіць". Але падышоў, пазнаёміўся, пагаварыў і… сумеўся.

"Галаву хіба толькі… Вучоныя з такім целам не бываюць… Не паверыць ніхто".

…За абедам у вялізнай прахалоднай сталовай ён сядзеў у сваім кутку і здалёк назіраў, як васьмёрка тых, што прыехалі, заняла два ссунутыя сталы, як старая сядзела побач з сынам, якога ён агойтаўся ляпіць, як усе пачціва дагаджалі ёй, — і толькі тут, параўнаўшы вочы, і бровы, і выраз абліччаў, і тое агульнае ў рухах старой і маладога, здагадаўся, што перад ім маці і сын, і сам сабе свіснуў:

— Вось табе маеш… І паверыць нельга, што Тэкля свет Данілаўна нарадзіла такога.

А калегі Валерыя глядзелі толькі на яе, глядзелі ўлюблёнымі вачыма, бо, відаць, любілі яе сына.

Старая амаль не гаварыла з імі: напэўна, саромелася вясковай гаворкі. Але гонар усё больш поўніў яе сэрца, калі яна бачыла павагу ўсіх да сына. А сын часам усміхаўся ёй і звяртаўся да яе, таксама па-вясковаму, і тады сэрца старой аж аблівалася цеплынёю. Кожны раз.

Падышла сястра-гаспадыня.

— Вось, — ускінулася старая. — Вось гэта Ларысачка… А гэта, Ларысачка, мой сын.

Сястра паглядзела на яго і трохі пачырванела.

Валерый глядзеў на яе з добрай усмешкай. Нельга было не ўсміхнуцца з дабрынёй, зірнуўшы на такую. Ладненькая, маленькія ручкі, добрыя сінія вочы, пяшчотны румянец на твары. Наіўны маленькі рот, а ля яго хатнія, таксама наіўныя, ямачкі.

— Дзякуй вам за маці, — сказаў Валерый.

— Што вы, — пачырванела яна, — я вельмі яе…

І сумелася.

— Дзякуй, — яшчэ раз сказаў Валерый.

— А дзе Ярынька? — спытала старая.

— Гэта хто? — спытаў Валерый.

Поделиться с друзьями: