Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залаты бог

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Яраполк гэта, — сказала старая, — брацiк яе. Яны, Валерачка, без усiх засталiся. Адны. Ларысачка яго гадуе. Такi добры хлопчык.

— Ды дзе яму быць, — сказала Ларыса. — Зноў, пэўна, сабак ганяе.

— Ты яму — гасцiнчыка. — Старая падала сястры пакунак. — Гасцiнчыка нашага: слонiмскага. Там цукеркi такiя, "бульба беларуская", i антонаўка. Бо ў гэтых тутэйшых яблыках ан-нiякай смакаты няма: Як вата: I скажы яму, хай купаецца лепей. Восень скора, хай набiраецца сонцам.

Ларыса ўсё чырванела, паглядаючы то на яе, то на Валерыя, які стаяў і глядзеў на яе, пільна, з усмешкай.

Калі яна пайшла, а Валерый сеў, старая, хаваючы вочы, сказала:

— Добрая якая… Ну проста дзіва… Што ёй у старой бабе?… А яна…

І раптам — ні да чаго — сказала:

— І што дзецям у гэтых сабаках?

Сабакі гадаваліся ля сталоўкі. Было іх штук пяць, усе тлустыя, добрыя, кашлатыя, хоць ты іх на полюс холаду вязі, і ўсё дрэннай пароды. Яны ведалі людзей і за Петрай Мадэставічам, напрыклад, кідаліся табуном.

— Прыхлябацелі, — бурчаў скульптар. — Дармаеды. Нахлебнікі. Выселіць вас.

Сабакі матлялі хвастамі.

— Працаваць трэба, — бурчаў ён. — Бог падасць.

І выкладаў на жвір косткі, недаедкі і што іншае.

Сястра-гаспадыня, стоячы ля столiка скульптара, усё яшчэ паглядала на новенькiх. Яе здзiўляла, што ўсе з асаблiвай павагай глядзяць на гожага маладога чалавека, нават старыя, i ўсе слухаюць, калi ён гаворыць.

— Чаму гэта так? — спытала яна ў таўстуна. — Хто ён? Хто яны?

— Яны?

— Але.

— Магу сказаць, — буркнуў стары. — Ленінская прэмія за сепарыраванне плазмы… За працы над плазмай — Нобелеўская прэмія гэтага года.

— Галоўны, відаць, той, сівы.

— Сава Апанасавіч?.. Не, ён — пачынальнік. Так бы мовіць, шэф. Ён якраз на другім месцы ў гэтай кампаніі. Галоўны геній там унь той… бог.

Замармытаў:

— Недагеніі… Перагеніі… Эксгеніі… Супергеніі.

І раптам спытаў:

— Ведаеце хто ён? Валерый Палецкі.

Сястра пацiснула плячыма.

— Неадукаванасць i недасведчанасць ёсць грозныя бiчы чалавецтва, — сказаў стары. — Такая галава з'яўляецца раз у стагоддзе. Глядзiце, гаспадынька, можа, больш не давядзецца.

Ён быў трохi пакрыўджаны тым, што мацi за ўвесь час абеду нават не глянула ў ягоны бок.

Але як толькі скульптар — раней за ўсіх — скончыў абедаць, Валерый заўважыў гэта і, устаўшы, пайшоў да яго.

— Прабачце, — сказаў ён, — я ўгледзеў, што вы ўсталі раней за ўсіх.

— Пілі б свой кампот, — сказаў таўстун.

— Крыўдуеце, — усмiхнуўся "ўсiмi беласнежнымi" Валерый. — Вы ж ведаеце. Мацi. Яна столькi гаварыла пра вас: Калi ласка, калi хочаце, пераходзьце за наш стол. Вельмi гэта добра будзе.

— З прыемнасцю, — буркнуў стары.

…Ужо два дні яны елі разам, гулялі, купаліся разам. Скульптара ўзялі ў сваё кола так проста і лёгка, нібы век былі знаёмы.

Разам ездзiлi ў горы. Падымалiся паўз кiнутыя пустыя аўчарнi i здзiчэлыя мiндальныя дрэвы на перавал. Глядзелi адтуль на бязмежнае мора, на бухты ўнiзе, на дураломны Чортаў Палец, якi стаяў над стромай i не падаў.

Старая сядзела, склаўшы на каленях сухія рукі, мружылася пад сонцам, усміхалася ўсім радасна і казала:

— Камяніскі якія! А мора! Ляцець хочацца. І зямля харошая.

І ўздыхала:

— Колькi зямлi прападае. Гэта б сюды нашу ваду.

А на пляжы, заўважаючы, як усе людзі глядзяць на яе сына, яна сама цяпер любіла ўсіх. Усе былі

харошыя. Толькi той, што сядзела тады з нагамi ў вадзе, не было ўсе гэтыя днi. Можа, скончыўся срок, i яна з'ехала. А можа, паехала ў горад.

У сына былi, здаецца, закаханыя ўсе дзяўчаты. Нават Ларыса, якая дагэтуль глядзела на ўсiх хлопцаў проста i роўна, нiбы на iстот адной з ёю пароды, апускала доўгiя веi, сустракаючыся з iм. I м нельга было не любавацца, калi ён iшоў у мора.

Спачатку белы, ён праз два дні, калі спавіў цела залацісты крымскі загар, стаў увесь залаты, як выліты з золата.

— Гэта ўсё мора, — шчасна ўсміхалася старая. — Я дык назнарок нанач рукі не мыю. Пакладу далонь ля рота — салона. Пахне. Шкада — купацца мне ўжо нельга.

На трэцi дзень, калi сядзелi за абедам i сын, толькi што нажартаваўшыся з Ларысай, глядзеў з усмешкай, як яна iдзе мiж столiкамi, старая спiной адчула нешта няёмкае: нiбы цень упаў на яе.

— Валерый, — пачула яна жаночы голас. — Ты якім чынам тут?

Сын узняў вочы, і старая спалохалася, яшчэ не ведаючы, у чым справа: з залатога ён стаў залацісты, нібы ўся кроў адхлынула ад аблічча.

— Дзень добры, Агата, — сказаў ён. — Рад бачыць.

Маці азірнулася. За яе спіною стаяла тая, з пляжа. У белай шаўкавістай сукенцы, таксама ўся залацістая. На дасканалых руках — белыя карункавыя пальчаткі. Рот усміхаецца. Шэрыя вочы глядзяць на Валерыя насцярожана і неяк нязвыкла.

— Даўно тут?

— Трэці дзень.

— А я ў Ялце была: Што ж, прыемна бачыць.

Толькі на хвілінку знік з яе вачэй гэты дзіўны спакой. Калі яна ўбачыла твар маці і пазнала яе,

пракінулася нешта ў вачах і знікла.

— А мы знаёмыя, — прыхільна сказала яна. — Я і то думала, чаго гэта мяне цягне загаварыць?

— Але, — сказала маці.

— Буду рада паразмаўляць, — сказала Агата і пайшла.

Старая бачыла, як усе за столікам глядзяць ёй у спіну, і разумела, што глядзець варта, і разумела, што здарылася нейкая бяда.

— Хто такая? — шэптам спытала старая ў Валерыя.

— Гэта яна, мама.

— Хто?

— Яна, — паўтарыў ён.

Маці зрушылася была, але ногі сталі цяжкія, зазвінела ў вушах. Яна засталася сядзець. Яна ўспомніла ўсё. Яна ніколі не бачыла яе, але ведала, што яна — такая вось.

I яна цяпер ненавiдзела яе ўсёй страшнай сiлай мацярынскай нянавiсцi. Бо яна бачыла, што з iм было два гады таму. Тая не бачыла. Бачыла яна. Бачыла, як ён не еў, i не спаў, i худзеў на вачах, i гадзiнамi ляжаў, пазiраючы некуды ў пустату. I як ён стагнаў у сне — тая таксама не чула. Чула яна.

Поделиться с друзьями: