ЖАНРЫ

Замежная фантастыка

Альдани Лино

Шрифт:

Ён болей не мог, не хацеў працівіцца магутнай хвалі пачуццяў, якія яго захліснулі. Цяпер ён думаў і адчуваў заадно з неабдымнай масай гэнейцаў. Усе сілы і ўсе жаданні расы бушавалі ў яго крыві.

— Слухай, двухногі! — зароў ён. — Калі ты спадзяешся ажывіць сваё мёртвае племя — пакінь гэту надзею!

Чалавек паглядзеў на яго, але змоўчаў.

— Калі б ты мог нас усіх знішчыць, — працягваў Інэш, — то даўно знішчыў бы. Ды ўся справа ў тым, што ў цябе не хапае сілы. Наш карабель пабудаваны так, што на ім немагчымая ніякая ланцуговая рэакцыя. Усякай часцінцы патэнцыяльна актыўнай матэрыі супрацьстаіць антычасцінка, якая не дапускае ўтварэння крытычных мас. Ты можаш зрабіць выбухі ў нашых рухавіках, але гэтыя выбухі застануцца таксама ізаляванымі, а іх энергія будзе эвернута на тое, для чаго рухавікі прызначаны, — пераўтворыцца ў рух.

Інэш адчуў дотык Ёала.

— Пасцеражыся! — шапнуў гісторык. — У гарачцы ты можаш выбалбатаць адзін з нашых сакрэтаў.

Інэш строс яго шчупальцы і злосна агрызнуўся:

— Хопіць наіўнічаць! Гэтай пачвары дастаткова было зірнуць на нашы целы, каб разгадаць амаль усе тайны нашай расы. Трэба быць дурнем, каб думаць, быццам яна яшчэ не ўзважыла сваіх і нашых магчымасцей у гэтай сітуацыі.

— Інэш! — зароў капітан Горсід.

Пачуўшы металічныя ноткі ў яго голасе, Інэш адступіў і адказаў:

— Слухаюся.

Яго лютасць астыла гэтак хутка, як і ўспыхнула.

— Мне здаецца, — працягваў капітан Горсід, — я здагадваюся, што вы меліся сказаць. Я цалкам з вамі згодзен, але як найвышэйшы прадстаўнік улады Гэйны лічу сваім абавязкам прад'явіць ультыматум.

Ён павярнуўся. Яго рагатае цела навісла над чалавекам.

— Ты адважыўся вымавіць словы, якім няма даравання. Ты сказаў, што вы паспрабуеце абмежаваць рух вялікага духу Гэйны.

— Не духу, — перапыніў яго чалавек. Ён ціхенька рассмяяўся. — Зусім не духу!

Капітан Горсід пакінуў без увагі яго словы.

— Таму, — працягваў ён, — у нас няма выбару. Мы лічым, што з часам, сабраўшы неабходныя матэрыялы і вырабіўшы адпаведныя інструменты, ты здолееш пабудаваць уваскрашальнік. Паводле нашых разлікаў, на гэта спатрэбіцца сама меней два гады, нават калі ты ведаеш усё. Гэта незвычайна складаны апарат, і сабраць яго адзінаму прадстаўніку расы, якая адмовілася ад машын за тысячагоддзе да таго, як была знішчана, будзе вельмі і вельмі няпроста.

Ты не паспееш пабудаваць зоркалёт. І мы не дамо табе часу сабраць уваскрашальнік. Магчыма, ты зможаш прадухіліць выбухі на нейкай адлегласці вакол сябе. Тады мы паляцім да іншых мацярыкоў. Калі ты перашкодзіш і там, значыць, нам спатрэбіцца дапамога. Праз шэсць месяцаў палёту з найвышэйшым паскарэннем мы дасягнем кропкі, адкуль бліжэйшыя каланізаваныя гэнейцамі планеты пачуюць наш заклік. Яны пашлюць вялізны флот: яму не змогуць супрацьстаяць усе твае сілы. Скідаючы па сотні або па тысячы бомбаў у хвіліну, мы знішчым усе гарады, так што ад шкілетаў твайго народа не застанецца нават пылу.

Такі наш план. І гэтак яно і будзе. А цяпер рабі з намі што хочаш — мы ў тваёй уладзе.

Чалавек паківаў галавой.

— Пакуль я нічога не буду рабіць, — сказаў ён і падкрэсліў: — Пакуль нічога.

Памаўчаўшы, дадаў задумліва:

— Вы разважаеце лагічна. Вельмі. Зразумела, я не ўсемагутны, але мне здаецца, вы забыліся пра адну маленькую дэталь. Якую, не скажу. А цяпер бывайце. Вяртайцеся на свой карабель і ляціце куды хочаце. У мяне яшчэ шмат спраў.

Інэш стаяў нерухома, адчуваючы, як лютасць зноў разгараецца ў ім. Потым, зашыпеўшы, ён скочыў, растапырыўшы шчупальцы. Яны ўжо амаль дакрануліся да кволага цела, як раптам нешта адкінула яго…

Апрытомнеў Інэш на зоркалёце.

Ён не памятаў, як апынуўся ў ім, ён не быў паранены, не адчуваў ніякага ўзрушэння. Ён турбаваўся толькі пра капітана Горсіда, Вііда, Ёала, але ўсе трое стаялі побач з ім такія ж здзіўленыя. Інэш ляжаў нерухома і думаў пра тое, што сказаў чалавек: «Вы забыліся пра адну маленькую дэталь…» Забыліся? Значыць, яны яе ведалі! Што ж гэта такое? Ён усё яшчэ раздумваў над гэтым, калі Ёал сказаў:

— Неразумна спадзявацца, што нашы бомбы хоць што-небудзь зробяць!

Гэта была праўда.

Калі зоркалёт аддзяліўся ад Зямлі на сорак светлавых гадоў, Інэша выклікалі ў залу савета. Замест прывітання Ёал сумна сказаў:

— Пачвара на караблі.

Яго словы як громам ударылі Інэша, але разам з іх грукатам на яго найшло раптоўнае азарэнне.

— Дык вось пра што мы забыліся! — здзіўлена і гучна прамовіў ён нарэшце. — Мы забыліся, што ён пры жаданні можа перамяшчацца ў касмічнай прасторы ў межах… — як гэта ён сказаў?.. у межах дзевяноста светлавых гадоў.

Інэш зразумеў. Гэнейцы, якім даводзілася карыстацца зоркалётамі, вядома, не падумалі пра такую магчымасць. І дзівіцца тут не было чаго. Паступова рэчаіснасць пачала страчваць для яго значэнне. Цяпер, калі ўсё адбылося, ён зноў адчуў сябе змучаным і старым, ён зноў быў адчайна адзінокі.

Для таго каб увесці яго ў курс справы, спатрэбілася ўсяго некалькі хвілін. Адзін з фізікаў-асістэнтаў па дарозе ў кладоўку заўважыў чалавека ў ніжнім калідоры. Дзіўна толькі, што ніхто са шматлікай каманды зоркалёта не ўбачыў пачвары раней.

«Ды мы ж, зрэшты, не збіраемся спускацца або набліжацца да нашых планет, — падумаў Інэш. — Такім чынам, ён зможа нас выкарыстаць, толькі калі мы ўключым відэа?..»

Інэш спыніўся. Ну, вядома, у гэтым уся справа! Ім прыйдзецца ўключыць накіраваны відэапрамень, і, як толькі кантакт будзе ўстаноўлены, чалавек зможа вызначыць патрэбны кірунак.

Рашэнне Інэш прачытаў у вачах сваіх супляменнікаў — адзінае магчымае ў гэтых умовах рашэнне. І ўсё ж яму здавалася, што яны нешта ўпусцілі, нешта вельмі важнае. Ён павольна падышоў да вялікага відэаэкрана, устаноўленага ў канцы залы. Карціна, адлюстраваная на ім, была такая яскравая, такая велічная і цудоўная, што непрывычны розум уздрыгваў перад ёй, як ад успышкі маланкі. Нават Інэша, хоць ён бачыў гэта не раз, ахоплівала здранцвенне перад неймавернай, недаступнай розуму безданню космасу. Гэта было адлюстраванне часткі Млечнага Шляху. Чатырыста мільёнаў зорак ззялі, быццам у акуляры гіганцкага тэлескопа, здольнага ўлоўліваць нават міганне чырвоных карлікаў, аддаленых на трыццаць тысяч светлавых гадоў. Відэаэкран быў дыяметрам дваццаць пяць ярдаў — такіх тэлескопаў проста не існавала нідзе, і да таго ж у іншых галактыках не было столькіх зорак.

І толькі адна з кожных двухсот тысяч зіхатлівых зорак мела прыдатныя для засялення планеты.

Менавіта гэты факт каласальнага значэння прымусіў іх прыняць фатальнае рашэнне. Інэш стомлена абвёў усіх вачыма. Калі ён загаварыў, голас яго быў спакойны:

— Пачвара разлічыла цудоўна. Калі мы паляцім далей, яна паляціць разам з намі, завалодае ўваскрашальнікам і вернецца даступным ёй спосабам на сваю планету. Калі мы пакарыстаемся накіраваным прамянём, яна рушыць уздоўж прамяня, захопіць уваскрашальнік і таксама вернецца да сябе раней за нас. У любым разе, перш чым нашы караблі даляцяць да планеты, двухногі паспее ажывіць дастатковую колькасць сваіх супляменнікаў, і тады мы будзем бяссільныя.

Ён скалануўся ўсім целам. Разважаў ён правільна, і ўсё ж яму здавалася, што недзе ў яго думках ёсць прабел. Інэш павольна гаварыў далей:

— Цяпер у нас толькі адна перавага. Якое б рашэнне мы ні прынялі, без машыны-перакладніка ён пра яго не даведаецца. Мы можам выпрацаваць план, які застанецца для яго тайнай. Ён ведае, што ні мы, ні ён не можам узарваць карабель. Нам застаецца адзінае выйсце. Адзінае.

Капітан Горсід парушыў цішыню:

— Дык вось, я бачу, вы ведаеце ўсё. Мы ўключым рухавікі, узарвём прыборы кіравання і загінем разам з пачварай.

Поделиться с друзьями: