Замежная фантастыка
Шрифт:
Яны абмяняліся паглядамі, і ў вачах ва ўсіх быў гонар за сваю расу. Інэш па чарзе дакрануўся шчупальцамі да кожнага.
Праз гадзіну, калі тэмпература ў зоркалёце адчувальна паднялася, Інэшу прыйшла ў галаву думка, якая прымусіла яго рушыць да мікрафона і выклікаць астранома Шуры.
— Шуры! — крыкнуў ён. — Успомні, Шуры, калі пачвара абудзілася і знікла… Ты памятаеш? Капітан Горсід не мог адразу прымусіць тваіх памочнікаў знішчыць лакатары. Мы так і не папыталіся ў іх, чаму яны марудзілі. Папытайся ў іх! Папытайся цяпер!..
Маўчанне, потым голас Шуры слаба данёсся праз грукат перашкод:
— Яны… не маглі… пронікнуць… адсек… Дзверы… былі замкнёныя.
Інэш мяшком асеў на падлогу. Вось яно! Значыць, яны ўпусцілі не толькі адну дэталь! Чалавек ачуняў, усё зразумеў, стаў нябачны і адразу рушыў на зоркалёт. Ён адкрыў тайну лакатара і тайну ўваскрашальніка, калі толькі не агледзеў яго ў першую чаргу. Калі ён з'явіўся зноў, ён ужо ўзяў у іх усё, што хацеў. А ўсё астатняе спатрэбілася толькі для таго, каб штурхнуць іх на гэты акт адчаю, на самазабойства.
Цяпер, праз некалькі імгненняў ён пакіне карабель у цвёрдай упэўненасці, што хутка ні адна чужая істота не будзе ведаць пра яго планету, і ў такой жа цвёрдай упэўненасці, што яго раса адродзіцца, будзе жыць зноў і больш ужо ніколі не загіне.
Узрушаны Інэш захістаўся, чапляючыся за рыклівы прыёмнік, і пачаў выкрыкваць у мікрафон апошняе, што ён зразумеў. Адказу не было. Усё заглушаў роў неверагоднай, ужо некіроўнай энергіі. Гарачыня пачала размякчаць яго браніраваны панцыр, калі Інэш, запінаючыся, паспрабаваў дабрысці да сілавога рэгулятара. Насустрач яму рванулася барвовае полымя. Крычучы і ўсхліпваючы, ён кінуўся назад да перадатчыка.
Некалькі хвілін пасля ён усё яшчэ нешта пішчаў у мікрафон, калі магутны зоркалёт нырнуў у жудасны горан бела-сіняга сонца.
Сакё Камацу
Смерць Бікуні
1
Цяжкія свінцовыя хмары сцерлі з неба сінь, апусціліся нізка-нізка над пачарнелым ледзяным морам, і здавалася, што на свеце нічога няма, апрача гэтых хмар і вострага, як лязо кінжала, ветру, які ўзнікаў з бездані і рваў чалавечую плоць. Вецер шалеў, гнаў з мора пырскі, застылыя ў ледзяны шрот, уздымаў з зямлі халодны калючы пясок. Хмары раслі і шырыліся, клубіліся, залівалі гарызонт чарнатою. Грукат хваль і выццё ветру, заглушаючы адно аднаго, прадвяшчалі блізкую снежную буру.
Па гэтым сумным свеце, дзе жылі і варагавалі толькі тры колеры, народжаныя холадам, — белы, чорны і шэры, павольна рухалася адзінокая маленькая фігурка, такая ж чорна-белая, як і ўсё навакольнае. Дзоры, абутыя на боса, пакідалі ледзь прыкметныя сляды на прыбярэжным пяску, а хвалі, прагныя і шпаркія, злізвалі іх доўгім языком і, ашчэрыўшы белапенныя зубы, таропка адбягалі назад. Мора і вецер ганяліся за дарожнікам, яны з радасцю паглынулі б яго, падралі б на шматкі, развеялі б яго прах, але ён смела ішоў далей і далей уздоўж крывога выгіну пясчанага берага, аддаючы на волю стыхій толькі чорнае кімано, у якога матлялася крыссе, і берагі белай тканіны, якая прыкрывала галаву. І раптам, разрываючы заслону белага снегу і шэрага туману, удалечыні паказаліся чорныя цені. Было іх шмат. Яны выходзілі адзін за адным з імжы і рухаліся насустрач дарожніку. І вось на сярэдзіне выгіну цені і адзінокі дарожнік сустрэліся.
Тыя, што ўзніклі з імжы і ішлі цяпер ланцужком, былі моцныя і дужыя людзі. Але неадольная стома сагнула ім спіны. Хада ў іх была цяжкая, ногі глыбока загрузалі ў пяску. Здалёк яны здаваліся воінамі, закаванымі ў цёмныя панцыры, а зблізку панцыры аказаліся звычайным адзеннем вандроўных манахаў: башлыкі, грубыя рынкенаўскія расы. У руках кашы з святымі сутрамі і акаваныя жалезам посахі пілігрымаў. Твары, пацямнелыя ад нягод і холаду, папяліста-шэрыя, з абведзенымі чорнымі кругамі вачыма, не неслі на сабе адбітка міласэрнасці гасподняй. Яны павольна ішлі наперад, моцна абапіраючыся на посахі, а ўчэпісты пясок раз-пораз хапаў іх за ногі, быццам не хацеў пускаць далей.
Адзінокі дарожнік, параўняўшыся з вандроўнікамі, злёгку пакланіўся і хацеў ісці сваёй дарогаю. На тварах манахаў адбілася разгубленасць, потым здзіўленне. Яны адказалі на паклон, і вялізны, як вежа, дзяцюк, што ішоў наперадзе, сказаў гучным голасам:
— Дазволь пагаварыць з табой!..
— Калі ласка…
Голас прагучаў сярэбраным званочкам. Вецер наляцеў з мора і адкінуў з ілба дарожніка канцы белага пакрывала.
З-пад белага шоўку, які трапятаў, на манахаў глядзела жанчына. Маладая, гадоў дваццаці, не болей. Холад распісаў пяшчотна-ружовымі фарбамі яе па-дзявочы гладкія шчокі. Вочы былі ясныя, як у дзіцяці.
Яны глядзелі на жанчыну разявіўшы рот.
— Наша дарога была доўгая і цяжкая. Сама блізкую заваліла абвалам, і давялося ісці ў абход, па бездарожжы. Тутэйшых мясцін мы не ведаем. Ці не скажаш ты, сястра, ёсць тут дзе-небудзь паблізу сяло або хоць бы адзінокая хаціна, каб нам схавацца на ноч ад непагадзі?.. — Манах гаварыў вельмі пачціва, стараючыся прыцішыць свой гучны голас. — Ужо вечарэе. Скора на зямлю ляжа начная імжа. Ці паспеем мы дабрацца да жытла?
— Бедныя, як жа вы, мусіць, натаміліся! — У сярэбраным голасе прагучала спагада. — Але хутка канец вашым пакутам. Бачыце вунь той мыс? За ім рыбачы пасёлак. А калі пойдзеце да гор, там прыкладна праз два з паловай ры будзе будысцкі храм.
— Дзякуй, сястра — усклікнуў каржакаваты, невысокі манах, які стаяў побач з падобным на вежу. — Чулі, браты, нядоўга нам мучыцца. Яшчэ крыху, і нас чакаюць цяпло і сон. Наперад!
— Удачы вам у дарозе. Хай дапаможа вам усявышні!
Жанчына крыху схіліла галаву і пайшла далей. Але яе дагнаў голас манаха, які быў падобны на вежу.
— Высокашаноўная пустэльніца, няўжо ў такі холад і ў буру ты ідзеш адна?
Манахіня ўсміхнулася, прыкрыўшы рот краем рукава:
— Не трывожцеся, браты. Жыву я тут доўга, тутэйшыя мясціны добра ведаю. Ды і келля мая недалёка…
І, яшчэ раз пакланіўшыся, яна пайшла. І манахі кланяліся ёй, і яна адказвала кожнаму. Але калі жанчына параўнялася з апошнім, з выгляду ўбогім манахам, галаву якога прыкрываў глыбокі саламяны капялюш, насунуты да самых брывоў, яе вочы раптам расшырыліся.
— Даруй мне… Ці не ты гэта, пане? — сказала яна, міжволі ступіўшы крок да жабрака-манаха.
Ланцужок шэрых рас застыў на імгненне, а потым па ім прайшло ледзь прыкметнае калыханне. Магчыма, вецер наляцеў у гэта імгненне з новай сілай… Сёй-той з манахаў схапіўся за мячы, схаваныя пад адзеннем багамольцаў.
Але манахіня, прыкмеціўшы, што апошні ў ланцужку яшчэ глыбей нацягнуў на твар саламяны капялюш, каб не сустракацца з ёю позіркам, зноў пакланілася і паглядзела на чалавека, падобнага на вежу, што сачыў за ёю вачыма, у якіх гарэў нядобры агонь.
— Малюся і спадзяюся на міласэрнасць усявышняга. Няхай спадарожнічае яна вам на вашым цяжкім шляху. Даруйце, калі што не так сказала… — Яе тонкія пальцы малітоўна перабіралі выцягнуты з-за пазухі ружанец.
Калі меладычны, падобны на летнюю прахалоду голас даляцеў да першага манаха, яна ўжо павярнулася і са складзенымі рукамі пайшла прэч у снежную імжу.