ЖАНРЫ

Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза

Дэфо Даніэль

Шрифт:

Разважаючы такім чынам, я не спяшаўся і паволі ішоў наперад, і пры гэтым на кожным кроку ўсё больш і больш пераконваўся, што гэта частка выспы, дзе я знаходзіўся зараз, была куды больш прывабнай, чым тая, дзе я збудаваў сваё першае жытло. Усюды тут распасціраліся зялёныя квітнеючыя паляны, цудоўныя гаі, звінела спевам птаства.

Я заўважыў, што тут вадзілася мноства папугаяў, і мне захацелася аднаго злавіць: я спадзяваўся прыручыць яго і навучыць гаварыць. Пасля некалькіх няўдалых спроб мне ўсё ж удалося злавіць маладога папугая: я падбіў яму палкаю крыло. Аглушаны маім ударам, ён зваліўся на зямлю. Я падняў яго і прынёс дадому. Пазней мне ўдалося дабіцца, каб ён клікаў мяне маім імем.

Я дайшоў да марскога берага і ўпэўніўся, што лёс закінуў мяне на самую горшую частку выспы.

Тут увесь бераг быў усеяны чарапахамі, а там, дзе я жыў, за паўтара года я знайшоў толькі тры. Тут была безліч птушак разнастайных парод. Былі і такія, якіх я ніколі не бачыў. Мяса некаторых здалося мне вельмі смачным, хоць я нават не ведаў, як іх завуць. Сярод вядомых мне птушак самымі лепшымі былі пінгвіны.

Зноў паўтараю: гэты бераг быў лепшы ва ўсіх адносінах і больш прывабны за мой. І ўсё роўна я не меў ніякага жадання перасяляцца сюды. Пражыўшы ў сваёй палатцы каля двух гадоў, я паспеў прывыкнуць да тых мясцін; тут жа я адчуваў сябе падарожнікам, госцем, тут я адчуваў сябе ніякавата, і мяне цягнула дадому.

Я выйшаў на бераг, павярнуў на ўсход і прайшоў узбярэжжам каля дванаццаці міляў. Тут я ўмацаваў у зямлю высокі шост, каб прыкмеціць месца, таму што ў наступны раз я вырашыў прыйсці сюды з другога боку. І накіраваўся назад. Я хацеў вярнуцца другім шляхам.

«Выспа зусім невялікая, — думаў я, — і заблудзіць на ёй немагчыма. У крайнім выпадку я падымуся на горку, агледжуся і ўбачу, дзе знаходзіцца маё старое жытло».

Аднак я зрабіў вялікую памылку. Адышоўшы ад берага не болей дзвюх-трох міляў, я непрыкметна спусціўся ў шырокую даліну, якую так цесна абступалі пагоркі, парослыя густым лесам, што я ніяк не мог разабраць, дзе я знаходжуся. Я мог бы кіравацца па сонцу, але для гэтага патрэбна было дакладна ведаць, дзе знаходзіцца ў гэты час сонца. Горш за ўсё было тое, што на працягу трох ці чатырох дзён, пакуль я блукаў па даліне, надвор'е стаяла пахмурнае і сонца зусім не паказвалася. У рэшце рэшт мне давялося зноў вярнуцца да берага мора, на тое самае месца, дзе стаяў мой шост.

Адтуль я вярнуўся дадому ранейшай дарогай. Я ішоў не спяшаючыся і часта садзіўся адпачыць, таму што было вельмі горача, а мне давялося несці многа цяжкіх рэчаў — стрэльбу, зарады, сякеру.

Раздзел дванаццаты

Рабінзон вяртаецца ў пячору. — Палявыя работы

У час гэтага падарожжа мой сабака спалохаў казляня і схапіў яго, але загрызці не паспеў: я падбег і адабраў яго. Мне вельмі хацелася забраць яго: я страшэнна марыў набыць як-небудзь дваіх казлянят, каб развесці статак і забяспечыць сябе мясам на той час, калі ў мяне скончыцца ўвесь порах. Я змайстраваў казляняці нашыйнік і павёў яго на вяроўцы; вяроўку я даўно ўжо звіў з пянькі ад старых канатаў і цяпер заўсёды насіў яе ў кішэні. Казляня ўпіралася, але ўсё роўна ішло. Дабраўшыся да свайго лецішча, я пакінуў яго ў загарадзі, а сам пайшоў далей: мне хацелася хутчэй апынуцца дома, бо я падарожнічаў ужо больш за месяц.

Не магу выказаць, з якім задавальненнем вярнуўся я пад дах свайго старога дома і зноў разлёгся ў гамаку. Бадзянне па выспе, калі ў мяне не было дзе прыхіліць галавы, так стаміла мяне, што мой уласны дом (як зваў я цяпер сваё жытло) здаўся мне надзвычай утульным.

З тыдзень я адпачываў і цешыўся хатняй ежаю. Большую частку гэтага часу я быў заняты важнай справай: майстраваў клетку для Попкі, які адразу ж зрабіўся хатняю птушкаю і надзвычай хутка прывык да мяне.

Затым я ўспомніў пра беднае казляня, якое сядзела ў палоне на лецішчы. «Напэўна, яно ўжо з'ела ўсю траву, — думаў я, — і выпіла ўсю ваду, якую я пакінуў яму, і цяпер галадае». Трэба было схадзіць па яго. Прыйшоўшы на лецішча, я застаў яго там, дзе пакінуў. Зрэшты, яно і не магло нікуды пайсці. Яно памірала з голаду. Я нарэзаў галін з бліжэйшых дрэў і перакінуў яму за агароджу.

Калі казляня пад'ела, я прывязаў яму за нашыйнік вяроўку і хацеў весці яго, як раней, але, нагаладаўшыся, казляня зрабілася такое ручное, што вяроўка яму ўжо была непатрэбна: яно пабегла следам за мною, як сабака.

Па дарозе я ўвесь час карміў яго, і, дзякуючы гэтаму, яно стала такім жа паслухмяным і рахманым, як і астатнія жыхары майго дома. Казляня так да мяне прызвычаілася, што не адыходзіла ні на крок.

Надышоў снежань, калі павінен быў узысці рыс і ячмень. Уроблены мною кавалак зямлі быў невялікі, таму што, як я казаў ужо, засуха загубіла амаль усю маю сяўбу першага года і ў мяне заставалася не больш за васьмушку бушаля [16] кожнага гатунку збожжа.

16

Бушаль — ангельская мера сыпкіх цел; роўна 36 літрам.

Гэты раз можна было чакаць цудоўнага ўраджаю, як раптам выявілася, што ў мяне ёсць пагроза зноў страціць яго ўвесь, таму што маё поле спустошвае процьма разнастайных ворагаў, ад якіх немагчыма абараніцца. Гэтымі ворагамі былі козы, а таксама тыя дзікія звяркі, якіх я назваў зайцамі. Салодкія сцябліны рысу спадабаліся ім: яны прападалі на полі дзень і ноч і паядалі маладыя парасткі перш, чым яны паспявалі закаласаваць.

Супроць нашэсця гэтых ворагаў быў адзін толькі сродак: абгарадзіць усё поле плотам. Я так і зрабіў.

Але гэта работа была вельмі цяжкая, галоўным чынам таму, што трэба было спяшацца: шкоднікі няшчадна знішчалі калоссе. Праўда, палетак мой быў такі невялікі, што за тры тыдні агароджа была гатова.

Агароджа аказалася даволі спраўнай. Пакуль яна не была скончана, я адпужваў шкоднікаў стрэламі, а на ноч прывязваў да агароджы сабаку, які брахаў да раніцы. Дзякуючы ўсім гэтым мерам перасцярогі шкоднікі пакінулі мяне ў спакоі, а мае каласы пачалі налівацца зернем.

Але ледзь толькі хлеб закаласіўся, як з'явіліся новыя ворагі: наляцела процьма пражэрлівых птушак і пачала кружыць над полем, чакаючы, калі я пайду, каб накінуцца на збажыну. Я зараз жа выпусціў на іх зарад шроту (я ніколі не выходзіў без стрэльбы), і не паспеў я стрэліць, як з поля ўзнялася другая чарада, якой я спачатку не заўважыў.

Я быў не на жарт устрывожаны.

«Яшчэ некалькі дзён такога разбою — і бывайце, усе мае надзеі, — сказаў я сабе, — у мяне няма больш насення, і я застануся без хлеба».

Што было рабіць? Як пазбавіцца ад гэтай новай напасці? Нічога прыдумаць я не мог, аднак цвёрда вырашыў: чаго б гэта ні каштавала, абараніць свой хлеб, нават калі б мне давялося вартаваць яго цэлыя суткі.

Спачатку я абышоў усё поле, каб упэўніцца, ці многа шкоды нарабілі мне птушкі. Аказалася, што нямала. І ўсё ж з гэтай стратай яшчэ можна было б змірыцца, калі б удалося захаваць астатні ўраджай. Птушкі стаіліся на бліжэйшых дрэвах: яны чакалі, каб я пайшоў. Я зарадзіў стрэльбу і зрабіў выгляд, што адыходжу. Зладзеі ўзрадаваліся і шуганулі на мой палетак. Гэта мяне страшэнна ўзлавала. Спачатку я думаў пачакаць, каб села ўся хмара, але ў мяне не хапіла цярпення.

«Гэта ж з кожнага зярняці, якое яны здзяўбуць зараз, я, можа, у будучым губляю цэлы бохан хлеба», — сказаў я сам сабе.

Я падбег да агароджы і пачаў страляць; тры птушкі засталіся на месцы. Я падняў іх і павесіў на высокім слупе, каб напалохаць астатніх. Цяжка нават уявіць сабе, якое ўздзеянне гэта зрабіла: ні адна птушка больш не села на мой палетак. Усе паляцелі з гэтай часткі выспы; ва ўсякім разе я не бачыў ніводнай за ўвесь час, пакуль віселі мае пудзілы на слупе. Няма чаго і казаць: гэта перамога над птушкамі прынесла мне вялікае задавальненне.

К канцу снежня збажына паспела, і я сабраў другі ўраджай у гэтым годзе.

У мяне, на жаль, не было ні касы, ні сярпа, і пасля доўгіх разваг я вырашыў скарыстаць у сваёй палявой працы шырокую шаблю, якую я ўзяў на караблі разам з іншай зброяй. Праўда, збажыны ў мяне было не так ужо многа, і таму зжаць яе было зусім не цяжка. Ды і жаў я сваім адметным спосабам: зразаў толькі каласы і зносіў іх з поля ў вялікім кашы. Калі ўсё было прыбрана, я перацёр каласы рукамі і ў выніку з адной восьмай часткі бушаля насення кожнага гатунку атрымаў каля двух бушаляў рысу і два з паловай бушалі ячменю (зразумела, па прыблізнаму падліку, таму што ў мяне не было меркі).

Поделиться с друзьями: