ЖАНРЫ

Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза

Дэфо Даніэль

Шрифт:

27 чэрвеня. Зноў ліхаманка, такая моцная, што я ўвесь дзень праляжаў без яды і вады. Я паміраў ад смагі, але не меў сілы ўстаць і пайсці па ваду.

28 чэрвеня. Ноччу мучыўся ад смагі, але ні ў палатцы, ні ў пячоры не было ні кроплі вады, і мне давялося пакутаваць да раніцы. Толькі пад раніцу здолеў заснуць. Падрыхтаваў сабе лекі: тытунёвую настойку і ром. Выпіў яго, і мяне пачало ванітаваць. Але ўсё ж крыху палягчала.

30 чэрвеня. Я адчуваў сябе здаровым увесь дзень. Ліхаманкі не было. Пахадзіў са стрэльбай, але нядоўга: пабаяўся заходзіць далёка. У абед з апетытам з'еў чарапашыныя яйкі. Вечарам паўтарыў тыя ж лекі, якія памаглі мне ўчора.

І ўсё роўна на другі дзень, 1 ліпеня, мне зноў зрабілася кепска: мяне зноў калаціла ліхаманка, хоць гэты раз і менш, чым раней.

З 3 ліпеня мая ліхаманка больш не вярталася. Але канчаткова я ачуняў толькі тыдні праз два-тры…

Так пражыў я дзесяць месяцаў на гэтай самотнай выспе. Мне было зразумела, што выратавацца адсюль у мяне няма ніякай магчымасці. Я быў цвёрда ўпэўнены, што да мяне тут ніколі не ступала нага чалавека.

Цяпер, калі маё жытло было абнесена трывалай агароджай, я вырашыў самым старанным чынам даследаваць выспу, каб даведацца, ці няма на ёй якіх-небудзь іншых жывёл і раслін, якія здолелі б прынесці мне карысць.

З 15 ліпеня я пачаў агляд. Перш за ўсё я накіраваўся да той маленькай бухты, куды я прычальваў свае плыты. У бухту ўпадаў ручай. Прайшоўшы мілі дзве ўверх па цячэнні, я ўпэўніўся, што прыліў туды не даходзіць, таму што на гэтым месцы і вышэй вада ў ручаі аказалася прэснай, празрыстай і чыстай. Мясцінамі ручай перасох, бо ў гэту пару года тут не ідуць дажджы.

Берагі ручая былі нізкія; ручай працякаў прыгожым лугам. Кругом зелянелі густыя, высокія травы, а далей, на схіле пагорка, у вялікай колькасці рос тытунь. Разліў не даходзіў да гэтых мясцін, і таму тытунь тут аж буяў. Там былі і іншыя расліны, якіх раней я ніколі не бачыў; магчыма, калі б я ведаў іх асаблівасці, я мог бы выкарыстаць іх з вялікай карысцю для сябе.

Я шукаў касаву [14] .

З кораня яе індзейцы, якія жывуць у гарачым клімаце, робяць хлеб. Але я не знайшоў яе. Затое бачыў цудоўныя экземпляры альясу [15] і цукровага трыснягу.

Але я не ведаў, ці можна прыгатаваць якую-небудзь ежу з альясу, а цукровы трыснёг быў дзікі і таму не прыгодны для вырабу цукру.

На другі дзень, 16-га, я зноў пабыў у тых мясцінах і прайшоў крыху далей — туды, дзе канчаліся лугі. Там я знайшоў многа розных пладоў. Больш за ўсё было дыняў. А па ствалах дрэў вілася вінаградная лаза. А над галавой віселі цяжкія спелыя гронкі. Гэта адкрыццё і здзівіла і ўзрадавала мяне. Вінаград аказаўся вельмі салодкі. Я вырашыў нарыхтаваць яго ў запас — высушыць на сонцы і, калі з яго атрымаюцца разынкі, хаваць яго ў кладоўцы: разынкі такія прыемныя на смак і карысныя здароўю. Для гэтага я сабраў, колькі здолеў, вінаградных гронак і развесіў іх на дрэвах.

14

Касава — дрэўца, якое разводзіцца ў Амерыцы; у карэнні касавы многа спажыўнага крухмалу.

15

Альяс — трапічная расліна з сямейства лілейных.

У гэты дзень я не вярнуўся начаваць, мне захацелася застацца ў лесе. Непакоячыся, што ўначы на мяне можа напасці які-небудзь драпежнік, я, як і ў першы дзень, калі трапіў на выспу, ускараскаўся на дрэва і так прабыў усю ноч.

Спаў я добра, а раніцой накіраваўся далей. Я прайшоў яшчэ мілі чатыры ў ранейшым кірунку на поўнач. У канцы дарогі я адкрыў новую цудоўную даліну. З вяршыні аднаго з пагоркаў браў свой пачатак сцюдзёны і быстрацечны ручай. Ён прабіваўся на ўсход.

Я пайшоў далінаю. Справа і злева ўзвышаліся пагоркі. Усё вакол зелянела, квітнела. Мне здавалася, што я ў духмяным садзе, дагледжаным стараннем чалавека. Кожны куст, кожнае дрэўца і кожная кветка стаялі ў пышным уборы. Какосавыя пальмы, апельсінавыя і лімонныя дрэвы раслі тут скрозь, але яны былі дзікія, і толькі некаторыя з іх мелі плады. Я нарваў зялёных лімонаў і потым піў ваду з лімонным сокам. Гэты напітак мяне вельмі асвяжаў і быў карысны для майго здароўя.

Толькі праз тры дні я вярнуўся дадому (так буду цяпер называць сваю палатку і пячору). Я з захапленнем успамінаў цудоўную маляўнічую даліну, якую я знайшоў, уяўляў яе гаі, з багаццем пладовых дрэў, думаў пра тое, як яна добра затулена ад вятроў, колькі там крынічнай вады, і я прыйшоў да заключэння, што месца, дзе я збудаваў сабе дом, я выбраў няўдала: гэта найгоршая мясціна на ўсёй выспе. А зрабіўшы такое заключэнне, я, натуральна, пачаў марыць пра тое, як бы мне перасяліцца ў тую квітнеючую зялёную даліну, дзе такое багацце розных пладоў. Трэба было толькі адшукаць у той даліне адпаведнае месца і абгарадзіць яго ад нападу драпежнікаў.

Гэта думка доўга хвалявала мяне: свежая зеляніна цудоўнай даліны так і клікала мяне да сябе. Мара аб перасяленні захапляла мяне і радавала. Але калі я дакладна абдумаў гэты план, калі разважыў, што зараз з мае палаткі я заўсёды бачу мора, а гэта азначае, маю хоць маленькую надзею на шчаслівую змену ў маім лёсе, я сказаў сабе, што мне ні ў якім разе не варта перабірацца ў даліну, з усіх бакоў закрытую пагоркамі. Можа ж так здарыцца, што хвалі занясуць на гэты бераг другога небараку, пацярпеўшага караблекрушэнне ў моры, і хто б ён ні быў, той няшчасны, я буду рады яму, як лепшаму сябру. Вядома, на такую выпадковасць надзеі было мала, але схавацца сярод гор і лясоў, у глыбіні выспы, удалечыні ад мора, азначала б назаўсёды замураваць сябе ў гэтай турме і да самае смерці забыць усякія мары пра волю.

І ўсё роўна я так палюбіў тую даліну, што прабыў там амаль увесь канец ліпеня і зладзіў сабе там другое жытло. Я паставіў у даліне будан, абгарадзіў яго наглуха моцным двайным частаколам вышэй чалавечага росту, а прамежкі паміж частаколінамі залажыў ламаччам; выходзіў жа з двара і заходзіў у двор, як і ў маім старым жытле, па прыстаўных лесках.

Такім чынам, мне і тут не было чаго баяцца нападу дзікіх звяроў. Мне так падабалася быць у гэтых новых мясцінах, што я часам затрымліваўся там па некалькі сутак, і дзве-тры ночы запар я спаў у будане, і мне вельмі лёгка дыхалася.

«Цяпер у мяне на беразе мора ёсць дом, а ў лесе лецішча», — казаў я сам сабе. Работы па збудаванню гэтага «лецішча» забралі ў мяне ўвесь час да пачатку жніўня.

3 жніўня я ўбачыў, што мае развешаныя гронкі вінаграду ўжо высахлі і з іх атрымаліся выдатныя разынкі. Я адразу ж пачаў іх збіраць. Трэба было спяшацца, інакш іх сапсаваў бы дождж, і я пазбавіўся б амаль усіх сваіх зімовых прыпасаў, а прыпасы ў мяне былі багатыя: напэўна, каля двухсот вельмі буйных гронак. І ледзь толькі паспеў я зняць з дрэва і занесці ў пячору апошнюю гронку, як насунуліся чорныя хмары і хлынуў лівень. Ён ішоў без супынку два месяцы: з 14 жніўня да паловы кастрычніка. Часам гэта быў сапраўдны патоп, і тады я не меў магчымасці выйсці з пячоры па некалькі дзён.

За гэты час, на маё вялікае задавальненне, у мяне павялічылася сям'я. Адна мая кошка даўно ўжо сышла з дому і дзесьці прападала, я думаў, што яна загінула, і мне было шкада яе, як раптам у канцы жніўня яна вярнулася і прывяла траіх кацянят.

З 14 па 26 жніўня дажджы не спыняліся, і я амаль не выходзіў з дому, таму што пасля хваробы асцерагаўся трапляць пад дождж, баючыся прастуды. Але пакуль я сядзеў у пячоры і чакаў добрага надвор'я, мае харчовыя прыпасы пачалі падыходзіць к канцу, і таму я разы два нават рызыкнуў схадзіць на паляванне. Першы раз я падстрэліў казу, а другі, 26-га, злавіў вялізную чарапаху, з якой згатаваў сабе цэлы абед. Наогул у той час маё харчаванне размяркоўвалася так: на снеданне гронка разынак, на абед кавалак казляціны або чарапашынага мяса (спечанага на вуголлі, таму што, на жаль, у мяне не было ў чым варыць ці смажыць), на вячэру два ці тры чарапашыныя яйкі.

Усе гэтыя дванаццаць дзён, пакуль я хаваўся ў пячоры ад дажджу, я штодня па дзве ці па тры гадзіны займаўся землянымі работамі, бо даўно ўжо надумаўся павялічыць свой склеп. Я капаў і капаў яго ўсё ў адзін бок і, нарэшце, вывеў за агароджу.

Цяпер у мяне быў скразны ход, і я зрабіў тут патайныя дзверы, праз якія мог заходзіць і выходзіць, не карыстаючыся прыстаўнымі лескамі. Гэта, вядома, было зручна, але затое не так спакойна, як раней: раней маё жытло было агароджана з усіх бакоў, і я мог спаць, не баючыся ворагаў; цяпер жа прабрацца ў пячору было проста: доступ да мяне быў адкрыты! Не разумею толькі, як я тады не даўмеўся, што баяцца мне няма каго, таму што за ўвесь час я не сустрэў на выспе ніводнае жывёліны, большай за казу.

Поделиться с друзьями: