Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

Такім парадкам, Статут гэты зьяўляецца для беларусаў нязвычайна важным культурным, літаратурным і гаспадарсьцьвеным помнікам. Аднак з гледзішча сацыяльнага Статут для народу, асабліва для сялян, палёгкаў не даваў. Наадварот, ён пашыраў яшчэ больш правы і прывілеі шляхты і замацоўваў раней імі набытыя правы над сялянствам, азначаючы адначасна правы гаспадара — караля. Магчыма, што гэткім спосабам Лявон Сапега хацеў трымаць шляхту пры сваім Беларускім гаспадарсьцьве і адцягнуць яе ад гону за польшчынай, што несла згубу Беларусь

Калі пачало разьвівацца заканадаўства, адначасна разьвівалася і арганізацыя суду. Так, побач з копнымі судамі, што паступова выпіраліся з жыцьця, паўсталі суды, намесьніцкія. Былі гэта суды дзяржаўцаў-кіраўнікоў гаспадарскіх маёнткаў, якія мелі права суду над сялянамі, няўпрывілеяванымі гарадамі, баярамі, шляхтай і рэштай жыхарства гаспадарскіх маёнткаў. Ад суду гэтага звальняліся толькі тыя асобы, што мелі асаблівыя прывілеі. Дзяржаўца-намесьнік судзіў у прытымбытнасьці прадстаўнікоў мясцовага жыхарства: баяраў, мяшчанаў, а часам і сялянаў.

Права судзіць мелі таксама ваяводы і кіраўнікі паасобных старастваў, якімі кіравалі на такіх самых асновах, як намесьнікі-дзяржаўцы. Ваяводзкія суды разглядалі справы і тых асобаў, што падавалі жальбы-скаргі на дзяржаўцаў.

Вышэйшым судом быў Суд Вялікага Князя. Ён судзіў тых, што не падпадалі пад мясцовыя суды,— розных князёў, паноў, шляхцічаў, цівуноў-дзяржаўцаў, а таксама разглядаў справы, што скіроўваліся яму пасьля прысудаў судоў ніжэйшае ступені. Вялікі князь судзіў у прытымбытнасьці асэсараў, паноў рады, дворных ураднікаў і іншых урадавых асобаў, але прысуд выносіў сам.

Апрача таго, паўсталі суды паноў-рады. Яны зьбіраліся тады, калі ў краі ня было вялікага князя, і іхны суд быў роўназначным з судом князя.

Паводле Статуту 1566 году, на Беларусі, на жаданьне шляхты, можна было ўводзіць тры катэгорыі судоў: земскі, падкаморскі і замковы, як гэта было ў Польшчы

Земскі суд складаўся з судзьдзі, падсудка і пісара, выбіраных на паветавых сойміках і зацьвярджаных гаспадаром. Гэтаму суду падпадалі ўсе шляхоцкія справы грамадзянскага і крымінальнага характару, за выняткам тых справаў, якія падпадалі замковаму суду. Апэляцыя магла падавацца на разгляд гаспадара.

Замковы суд, якім кіраваў стараста судовага павету-раёну, што меў замак або гаспадарскі двор, разглядаў наезды на шляхоцкія дамы, гвалты, разбой, зладзейства і фальшы, скіраваныя супроць шляхты. Замковаму суду падлягалі і чужынцы. Справы гэтыя судзіў сам ваявода або стараста, а калі яго ня было — намесьнік суду. Апошняя жальба на іхныя прысуды магла скіроўвацца да гаспадара.

Падкаморскі суд разглядаў спрэчныя межавыя справы. Падкаморага дажыцьцёва вызначаў сам гаспадар з ліку аселых шляхцічаў. Сам-жа падкаморы выбіраў сабе ў дапамогу двох каморнікаў, якія, на ягоны загад, даглядалі спрэчныя справы. Апэляцыі і ад гэтага суду можна было падаваць гаспадару.

Уся судовая працэдура павінна была весьціся і запісвацца ва ўсіх судох у беларускай мове. Арганізацыйна-ж пабудова судоўніцтва была абапертая на прынцыпе ўпрывілеяванасьці магнатаў і шляхты з некарысьцяй для сялянства, што было крыўдным для апошняга. Аднак дзеілася гэтак ня толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Эўропе, бо была такая пара.

Агулам, аднак, бяручы, сама ўстанова копных судоў, а насамперш Статут Вялікага Княства, сьведчаць аб вялікім культурным разьвіцьці Беларусі, асабліва раўнуючы да Масквы, якая толькі ў 1649 г. падрыхтавала свой першы збор законаў п. н. «Уложение царя Алексея Михайловича», і то ў бальшыні сьпісаны з нашага Статуту. Вось што аб гэтым кажа расейскі вучоны праф. Дьяконаў: «3 усіх 25 разьдзелаў «Уложения» разьдзелы 2, 3, 4, 5, 7 і 9 зьяўляюцца бадай даслоўным перасказам з Статуту (з разьдзелаў I i II). У вадным разьдзеле найменш 55 параграфаў, узятых з розных мясьцінаў Статуту (усіх параграфаў «Уложение» мела 967); разьдзел 22 бадай цалкам узяты з разьдзелу XI. Частка параграфаў перакладзеная і цалкам сьпісаная, частка-ж датарнаваная да абставінаў маскоўскага «самодержавия». Ёсьць выпадак, дзе сьпісаны параграф бяз добрага разуменьня ягонага сэнсу. Разам узятыя з беларускае мовы і жыўцом перанесеныя ў расейскую розныя праўныя тэрміны, якіх менш разьвітая тады расейская мова ня мела. Словы, якімі пачынаецца бадай кажны параграф «Уложения»: «А будет кто» ёсьць простай перадачай звычайнай формулы Статуту: «Гды-бы хто».

Але дарма, што Масква мела перад сабой адзш з лепшых на гэныя часы збораў законаў, роўных якому тады ня было ня толькі ва ўсходняй, але і шмат якіх краёх заходняй Эўропы,— яна не патрапіла добра з яго і сьпісаць. Той жа самы праф. Дьяконаў піша, што «образец оказался много выше снимка». Далей ён кажа гэтак: «Бяручы на ўвагу пазычкі з Статуту... трэба ладна абмежаваць пагляд аб «Уложении» як аб строга нацыянальным зборніку маскоўскага права, які абыймае сабой гістарычна выпрацаваныя ў гармоніі з народным пераконаньнем усіх абшараў і ўсіх клясаў дзяржавы нормы права... На ім з асаблівай яснасьцяй можна давесьці справядлівасьць цьверджаньня, што і маскоўскі закон (указ) разыходзіўся з маскоўскім правам». Чаму? — Таму, што ён быў заснаваны праз Статут на праве беларускім *.

I з гэтага мы ізноў бачым, як шмат Масква брала ад беларусаў і якую вялікую культурную ролю адыгрывала Беларусь на ўсходзе Эўропы ў мінуласьці.

XX

Палітычны лад.— Вялікі князь.— Гаспадарская Рада.— Соймы.— Адміністрацыя.— Грамадзкі лад.— Баярства.— Вяльможы (магнаты). — Шляхта.— Мяшчане.— Сяляне.

На Беларусі, а насамперш у беларускім Полацкім княсьцьве, таксама як і ў іншых беларускіх княствах, як аб гэтым ужо гаварылася раней, палітычны лад так быў уложаны, што галоўную ролю адыйгравала ў гаспадарсьцьве веча, народныя сходы, ці лепш можа, сходы народных мясцовых правадыроў. Бо трэба ўсё-ж сказаць, што хоць у гэтых сходах мела права браць удзел усё жыхарства, дык усё-ж фактычна разьвязвалі ўсе справы старшыні родаў ды мясцовыя правадыры, якія выбіваліся на чало сваймі прыроднымі здольнасьцямі, працай, вялікімі заслугамі і г. д. Веча магло пастанаўляць аб усім.Яно выбірала князёў, давала ім свае парады, але і князі ў залежнасьці ад сваіх здольнасьцяў мелі вялікую ўладу, вялікія ўплывы, якія паступова павялічваліся. Урэшце дайшло да таго, што вялікаму князю, гаспадару, было прызнаванае права на самастойнае кіраўніцтва. Гэтым правам карысталіся і гаспадары Вялікага Княства. Калі была падпісаная між Вялікім Княствам і Польшчай у 1413 г. вунія ў Гародлі, яна гэтых правоў не скасавала, хоць вялікі князь уважаўся за намесьніка караля польскага. Гэты вунійны акт, між іншым, устанаўляў і парадак выбару вялікага князя, паводле якога беларусы і летувісы ня мелі права выбіраць сабе вялікага князя без паразуменьня з палякамі. Але гэты парадак не ўжыцьцяўляўся, і гаспадары Вялікага Княства выбіраліся аднабочна беларускімі, украінскімі і летувіскімі магнатамі, нават бяз ведама палякоў. Улада вялікага князя юрыдычна ня была абмежаваная аж да канца XV ст., але фактычна яна знаходзілася пад уплывам магнатаў, духавенства, што пры кажным князю мелі сваю раду. Пасьля, калі магнаты і шляхта атрымалі розныя прывілеі, улада князёў абмяжоўвалася. Усё-ж такі вялікі князь кіраваў усё дзяржаўнае жыцьцё, як у галіне замежнае, так і нутраное палітыкі. Ён выдаваў законадаўныя акты, дбаў аб абароне краю, даваў прызначэньні на ўрады, разьвязваў спрэчныя справы, наглядаў за кіраўніцтвам дзяржаўных двароў, наладжваў дыплёматычныя дачыненьні, абвяшчаў вайну, рабіў мір.

Пры вялікім князю была гаспадарская рада. У склад яе спачатку ўваходзілі прыдворныя магнаты, вяльможы, вышэйшае духавенства, а пасьля і вышэйшыя земскія ўрадаўцы, ваяводы і старасты. Дзейнасьць рады была рознаякая. Таму пры вялікім князю і радзе была створаная канцылярыя ,на чале з канцлерам і скарб на чале з падскарбім. Ад XV ст. пры князю была створаная яшчэ гэтак званая «пярэдняя рада». У яе ўваходзілі асобы з гаспадарскае рады, найбольш збліжаныя да князя.

З пачаткам XV ст., ад часу падпісаньня вуніі з Польшчай у 1401 годзе, у Вялікім Княсьцьве пачалі адбывацца зьезды, называныя соймамі. Бралі ў іх удзел князі і вяльможы, а пасьля і прадстаўнікі шляхты. Спачатку ў зьездах гэтых мелі права ўдзелу толькі каталікі, пазьней, аднак, гэтае права здабылі і праваслаўныя беларускія ды ўкраінскія магнаты і шляхта. Князі і паны ўсе мелі права ўдзелу ў сойме, а з шляхты толькі старшыні, па два ад кажнага павету, а таксама запрошаныя гаспадаром госьці. У XV ст. соймы займаліся пытаньнямі замежнае палітыкі, справай вуніі з Польшчай, выбарам гаспадара, а ў XVI ст. на соймах ужо абмяркоўваліся справы абароны краю, вайны і міру, падаткаў, новых законаў, адміністрацыі краю. Сойм дзяліўся на два колы: рыцарскае, у складзе якога былі прадстаўнікі ад паветаў і асобы, запрошаныя гаспадаром, і кола паноў рады. Пастановы сойму ня зьвязвалі волі гаспадара, але фактычна яны зьяўляліся абавязкавымі. Дзякуючы сойму зьмяншалася значаньне рады, а павялічвалася значаньне сярэдніх і дробных земляўласьнікаў-шляхцічаў.

Каб быў парадак, падзел працы, каб лягчэй было кіраваць князю гаспадарства, паўставаў адміністрацыйны апарат і адпаведныя ўлады ды ўрадаўцы. Так, на чале агульнае канцылярыі стаяў канцлер, земскімі справамі, прыбыткамі і гаспадаркай загадваў падскарбі, арміяй у часе супакою кіраваў гэтман, а ў часе вайны галоўным камандуючым быў сам вялікі князь. Князёўскі двор і прыдворных урадаўцаў кіравалі: маршалак земскі і дворны, якія загадвалі прыдворным цэрэманіялам, прыняцьцем гасьцей, вызначэньнем кватэраў удзельнікам сойму і публікавалі абавязкавыя пастановы на месцы прабываньня гаспадара; падчашы загадваў усім пітвом, чашнік — наліваў пітво, кройчы — кіраваў падзел страваў, стольнік і падстолі — загадвалі накрываньнем сталоў, кухмістар — загадваў кухняй, канюшы — прыдворнымі стайнямі, лоўчы — арганізаваў ловы, паляваньне, падкаморы-ложнічы — абсталёўвалі пакоі, мечнік — трымаў меч гаспадара ў часе цэрэмоніяў, дворны падскарбнік — загадваў гаспадарскімі прыбыткамі.

Вялікае княства было падзеленае на ваяводзтвы. У XV ст. было толькі два ваяводзтвы: Віленскае і Троцкае, а ў XVI ст. ужо былі ваяводзтвы і Полацкае, Віцебскае, Смаленскае, Менскае, Наваградзкае, Мсьціслаўскае, Падольскае, Берасьцейскае, Валынскае, Брацлаўскае і Кіеўскае. Жмудзь і Валынь былі арганізаваныя ў стараствы. Ваяводзтвы дзяліліся на паветы і дзяржавы. Кіравалі іх дажыцьцёва вызначаныя гаспадаром ваяводы, старасты, намесьнікі. Яны зьяўляліся прадстаўнікамі вялікакнязеўскае ўлады.

Поделиться с друзьями: