БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Дзякуючы штораз большаму ўзросту колькасьці магнатаў і розным прывілеям для заслужаных ваякаў, урадоўцаў і розных адміністратараў жыхарства дзялілася на станы: баяраў, мяшчанаў, магнатаў, сялян і нявольнікаў.Баярскі стан выдзяліўся з тых людзей сялянскае свабоднае масы, якія выконвалі ваенную службу, былі ў дружыне князя. Некаторыя з іх атрымалі вялікія надзелы зямлі за розныя ваенныя заслугі і засялялі іх палоннымі — нявольнікамі або тымі сялянамі, якія хацелі працаваць пад іхным кіраўніцтвам. З гэтых людзей, надзеленых вялікімі землямі, паўстаў стан вялікіх магнатаў, вяльможаў, паноў. Магнаты ў гаспадарсьцьве часта адыйгрывалі паважную, станоўкую ролю і мелі розныя вялікія прывілеі. З дробных баяраў паўстаў шляхоцкі стан. Вось-жа шляхта таксама ўсьцяж дамагалася зраўнаньня ў правах, бо яна таксама, як і магнаты, мусіла ісьці ваяваць на выпадак вайны. У 1413 г. шляхта юрыдычна дабілася ўжо зраўнаньня, але практычна магнаты даўжэйшы час яшчэ мелі станоўкія ўплывы на гаспадарскія справы. Бачачы гэта і ня могучы перамагчы сваіх магнатаў, баярства-шляхта шукала сабе дапамогі з боку польскае шляхты і ўзамену за гэта імкнулася да злучэньня Вялікага Княства з Польшчай, дзе шляхта бадай што хацела, тое і рабіла. Урэшце, шляхта Вялікага Княства дамаглася свайго у часе вайны Вялікага Княства з Маскоўшчынай за Лівонію. Яна ня толькі была зраўнанай з магнатамі, але хутка здабыла кіраўнічую ролю ў гаспадарсьцьве. Магнаты, аднак, яшчэ доўга змагаліся з шляхтай, што засьлеплена гналася за Польшчай. Прыкладам гэтага можа быць шмат выступленьняў проці палякоў і каталіцтва і, між іншым, прамова беларускага дэлегата з Смаленшчыны, Мялешкі, якую ён сказаў пабеларуску перад адчыненьнем сойму ў Варшаве ў 1589 г. да караля Жыгімонта Вазы. Мялешка, войстра наракаючы на палякоў і польскія парадкі, дамагаўся, каб заўсёды пры каралю была такая самая колькасьць дараднікаў беларусаў, як і палякоў. Магнаты доўга баранілі яшчэ самастойнасьць беларускага гаспадарства — Вялікага Княства Літоўскага, нажаль нічога ня здолелі зрабіць. Шляхта поўнасьцю паддавалася польскім уплывам, развальвала беларускую гаспадарсьцьвенасьць і паніжала іншыя станы — мяшчанаў і сялянаў, якія бадай аж да канца XIV ст. з гледзішча юрыдычнага ня розьніліся ад баярства-шляхты.
Мяшчанства — жыхары гарадоў, местаў і местачак — часткава займаліся земляробствам, маючы свае землі каля гарадоў ці ў самых гарадох, а часткава рамяством і гандлем. Як рамяство, так і гандаль у гарадох разьвіваліся надта памысна. На перашкодзе стаяў, аднак, факт няпэўнага праўнага палажэньня гарадоў і падляганьня гаспадарскім урадаўцам, якія мала рупіліся аб належным разьвіцьці гарадзкога жыцьця. Таму, калі ў беларускіх гарадох разьвілося моцнае купецтва і рамесьніцтва, гарады пачалі імкнуцца да вызваленьня ад гэтай апекі і здабыцьця самаўрадаў паводле заходніх узораў. Гэта ім удалося. Гаспадары прызнавалі гарадом г. зв. «майтборскае права» (ад гор. Магдэбург, дзе яно паўстала), выдзяляючае горад у апрычоную адміністрацыйна-фінансавую адзінку. Гэтае права расьцягвалася толькі на тую частку жыхарства гораду, што займалася гандлем, промыслам (рамяством) і належала да хрысьціянскага веравызнаньня.
У гарадох. што даставалі майтборскае права, на чале стаяў войт, звычайна вызначаны гаспадаром. Ён, між іншага, разам з выбранымі жыхарствам лаўнікамі, што тварылі г. зв. лаву, судзіў падлеглых майтборскаму праву мяшчанаў гораду ў крымінальных справах. Адміністрацыя гораду і суд у цывільных справах належалі да войта, бурмістра і райцаў, выбіраных таксама жыхарствам гораду і творачых меставую раду. Меставая адміністрацыя павінна была штогод даваць справаздачу сваім выбіральнікам. У некаторых гарадох функцыі лавы і рады ня былі разьдзеленыя.
Гарады, паводле майтборскага права, мелі свой собскі бюджэт. Прыбыткі гарадоў складаліся з даходаў, сабраных з гарадзкіх падаткаў і розных іншых крыніцаў прыбытку (корчмаў, крамаў, убою жывёлы і г. д.). Каб змагацца з канкурэнцыяй, рамесьнікі арганізаваліся ў цэхі, увайсыіі ў якія можна было толькі пасьля здачы рамесьніцкага экзамэну. Поўнапраўнымі сябрамі цэхаў былі майстры. Яны мелі ў сваіх варштатах працы падмайстраў і чаляднікаў, што адбывалі практыку і, па заканчэньні рамесьніцкае навукі і экзамэне, маглі стацца майстрамі. Аж да паловы XVII ст. майстры, падмайстры і чаляднікі належалі да супольных цэхаў, але ад гэтага часу, дзеля абароны сваіх правоў перад майстрамі, мелі свае апрычоныя цэхі. У некаторых гарадох цэхі пакрываліся з брацтвамі і нават зваліся так. Брацтвы мелі на ўвазе ня толькі прафэсіянальныя інтарэсы сяброў, але і шырэйшыя мэты — культурный, рэлігійныя, нацыянальныя. ) заемную дапамогу і г. д.Прывілеі на майтборскае права прызнаваліся гарадом ад канца XIV ст. Гэтак, Вільня атрымала яго у 1387 г., Берасьце — у 1390, Горадня — у 1391, Драгічын — у 1429, Бельск —у 1430, Полацк — у 1498, Менск — у 1499 г. Пасьля яно было прызнанае Віцебску, Магілёву, Смаленску, Воршы і іншым гарадом. Пад канец XVII ст. мала ўжо было на Беларусі і вялікіх местачак, якія яго ня мелі
Гарады з майтборскім правам рупіліся аб дабрабыце і харасьцьве гораду. Абавязкам іх было ўношаньне штогод у скарб гаспадара азначанае сумы грошай у вышыні, залежнай ад эканамічнага стану гораду. Ад іншых агульнаваласных павіннасьцяў гэтыя гарады звальняліся.
Гарады з майтборскім правам зваліся ўпрывілеяванымі. Апрача іх, як зацемлена, існавалі гарады, што яго ня мелі. Яны зваліся неўпрывілеяванымі, падлягалі адміністрацыі і суду гаспадарскіх намеснікаў, уносілі ў скарб гаспадарства чынш — сярэбшчыну — і несьлі іншыя павіннасьці, як стацыі (даваньне хурманкаў пры праезьдзе гаспадара або ягоных ураднікаў).
Сялянства было найвялікшым колькасна станам жыхарства ў Беларускім гаспадарсьцьве. Складалася яно з адзіночных гаспадароў, якія працавалі на сваіх зямельных гаспадарках. Гаспадарка станавіла сярэдня 20— 25 га зямлі. Сялянская калёнізацыя абыймала спачатку лягчэйшыя землі, паплавы ўздоўж рэкаў і незалесеныя прасторы. Потым, калі гэтых лепшых земляў пад рукой не хапала, калёнізацыя пашыралася на лясныя прасторы, якімі была ўскрытая Беларусь. Лясная калёнізацыя была куды цяжэйшая і пад сілу толькі тым гаспадаром, што мелі вялікія семьі. Трэба, наагул, заўважыць, што ў гэным часе беларускае сялянства не дзялілася, а пераважна жыло вялікімі дварамі. Некаторыя семьі налічвалі часам да 80 душаў. У гэткіх выпадках зямля, якую меў гэткі сялянскі двор, ладна перавышала пададзеную вышэй норму.
Земляробства было асновай эканамічнага жыцьця Беларусь Значаньне яно мела тым вялікшае, што Беларусь, як ведама, вяла шмат войнаў, а ў часе іх трэба было асаблівую ўвагу мець на эканамічны стан краю, бо ў залежнасьці ад яго была магчымасьць здабыцьця сродкаў на вядзеньне войнаў. Таму ўрады рупіліся аб тым, каб земляробства стаяла на належнай вышыні і магло задаволіць патрэбы гаспадарства. Дзякуючы гэтаму ўжо ў палове XV ст. зьявіўся закон, на аснове якога селянін мог толькі тады кінуць сваю гаспадарку, калі знаходзіў асобу, якой мог адступіць яе ці наагул прадаць.Сялянства мусіла раней несьці тыя самыя ваенныя абавязкі, што і іншыя пласты жыхарства. Аднак з цягам часу яго вызвалілі ад абавязку выступаць у поле супроць ворага, але затое трэба было плаціць у гаспадарскі скарб азначаную суму грошай і даваць г. зв. стацыю. Галоўным аргумэнтам, што прычыніўся да вызваленьня сялян ад гэтага абавязку, было якраз тое важнае значаньне для гаспадарства, якое мела земляробства.
Пасьля таго, як гаспадар пачаў уважаць усе пустыя незаселеныя землі за свае, ці лепш за собскасьць гаспадарства, на Беларусі ня было ўжо прастораў для калёнізацыі. Ня было ўжо земляў, ні да каго не належачых. Сялянства, якое з часам павялічвалася, шукаючы новых земляў, сялілася на тых, што належалі да гаспадара. За карыстаньне з зямлі сяляне ў гэтым выпадку мусілі плаціць нявысокую штогодную аплату, г. зв. чынш.
З часінай зьяўленьня на Беларусі вялікіх земляўласьнікаў апошнія таксама стараліся засяліць свае землі, аддаючы іх у карыстаньне сялянам з аплатай чыншу.
У абодвых выпадках сяляне атрымоўвалі землі ў г. зв. вечначыншовае ўладаньне. Значаньне чыншовага ўладаньня было ў тым, што гаспадарка пераходзіла у спадчыну ад бацькі да сына і фактычна была собскасьцю гаспадара, але ён павінен быў плаціць за яе тэарэтычнаму (юрыдычнаму) земляўласьніку штогод чынш.
Сваю чыншовую гаспадарку селянін мог таксама пакінуць, але пад умоваю, калі знаходзіў асобу, якая згаджалася пераняць яе (адкупіць). Гэткім парадкам селянін на Беларусі быў вольным і мог шточасіны пакінуць свае аселішча, калі знаходзіў сабе заступніка.
З тае пары, аднак, калі шляхта пачала здабываць розныя прывілеі і кіраўніцтва гаспадарства ў свае рукі, палажэньне сялянства ўсьцяж пагоршвалася. Пагоршвалася таксама і палажэньне мяшчанства, бо шляхта ўсюды ўмешвалася, усюды заводзіла балаган, п'янства і згубны разлад.
XXI
Народная гаспадарка.— Рамяство і гандаль.— Жыды ў народнай гаспадарцы.— Аграрная рэформа.— Палажэньне сялянства і мяшчанства.— Першыя беларускія паўстаньні супроць паноў і польскіх уплываў.
Агулам бяручы, першапачатная гаспадарка Беларусі мела замкнёны натуральны характар. Паасобныя краіны, княствы жылі сваім собскім ізаляваным самастойным эканамічным жыцьцём. Сяляне і земляробскія работнікі княжых двароў выраблялі ўсё самі, што ім трэ' было і што было патрэбнае для іхных валадароў, князёў і паноў. Адбываўся абмен вырабамі і прадуктамі, але ён не адыграваў большае ролі. З чужых краёў набываліся толькі такія прадукты і прадметы, як соль, мэталёвыя вырабы, розныя прыправы, прадметы раскошы. Гэтыя рэчы атрымваліся з поўначы, з Скандынаўшчыны і з паўдня, з Бізантыі, на замену за вывожаныя туды з Беларусі воск, скуры, смалу, збожжа ды іншыя земляробскія прадукты.