БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
У 1562 г. Сымон Будны выдаў у Нясьвежы пабеларуску «Катэхізіс», а Васіль Цяпінскі — «Эвангельле». У 1596 г. Лаўрын Зізані напісаў славянска-беларускую граматыку і слоўнік. Усё гэта рабілася з мэтай пашырэньня асьветы і культуры на Беларусі.
З гэтага відаць, што ўжо колькі вякоў таму ў беларусаў былі ня толькі беларускія школы, але і беларускія падручнікі.
XIX
Беларускія суды і законадаўства.— Копныя суды.— Судзебнік Казіміра Ягайлавіча.— Статут Вялікага Княства.— Суды намесьніцкія, ваяводзкія, вялікага князя, рады.— Суды земскія, замковыя і падкаморскія.— Агульная характарыстыка суду.
Між людзьмі заўсёды былі і ёсць розныя непаразуменьні, спрэчкі і нават бойкі, якія, тым ці іншым спосабам, трэба разьвязваць і ліквідаваць. Ліквідацыя гэтых канфліктаў у народаў малакультурных адбываецца прымітыўна, а ў культурных арганізавана, у пэўных адзначаных формах, пэўнымі нормамі, у вадпаведных установах. Дзеля гэтага людзі стварылі ўстанову судоў і адпаведныя законы і кодэксы права. Такім парадкам, гісторыя права ці суду да некаторай меры сьведчыць аб разьвіцьці культуры таго ці іншага народу.
У беларусаў спачатку судоўніцтва належала да народных сходаў, веча і часткова да вялікага князя-гаспадара. У кампэтэнцыі гаспадара ці ўстаноўленага ім суду былі, галоўна, справы, у якіх закранаўся інтарэс гаспадарства, а іншыя цывільныя і крымінальныя справы (забойства, калецтва, зьнявага, крадзеж, разбой, ашуканства, чараўніцтва, гранічныя спрэчкі і інш.) разглядалі народныя суды, якія выліліся ў форму г. зв. «копных судоў».
Копныя суды паўсталі ад веча. Само-ж слова, назоў «капа» мае старадаўнае паходжаньне і выводзіцца яно ад слова «капіць», зьбірацца ў купу, сход, натоўп. I тыя месцы, дзе зьбіраліся гэтыя натоўпы, зваліся «каповішчамі», «дворышчамі», «скаповішчамі» і г. д. Копныя суды зьбіраліся пераважна ў найважнейшых месцах гарадоў каля княжых палацаў, на рынках і ад гэтага нават гэным месцам даваліся адпаведныя назовы. Так, прыкладам, у Вільні па сяньняшні дзень адна з вуліцаў, недалёка Замкавае гары, называецца «Скапоўкай».
Край быў падзелены на копныя раёны. Адзін раён ахопліваў па дзьве і больш міляў ушыркі і ўдаўжкі, а часта нават і па 75—100 кв. км. Жыхарства такога раёну, што тварыў «капу», было забавязанае выкрываць і судзіць праступкі і наагул розныя ўзаемныя спрэчкі жыхароў капы. Браць удзел у копных сходах меў права кажны вырослы жыхар бяз розьніцы паходжаньня. Практычна, аднак, не заўсёды ўсё жыхарства магло браць удзел у гэтых сходах, асабліва тады, калі справаў зьбіралася шмат, і таму жыхарства раёну выбірала спасярод сябе найразумнейшых людзей і даручала ім суд.
Парадак і прысуд копнага суду апіраўся на звычаёвым праве. Склікаў капу пакрыўджаны і падаваў ёй жальбу (скаргу). Спачатку была скліканая г. зв. «гарачая капа», у невялікім складзе людзей, насьпех, задачай якой было хутка зрабіць расьсьлед зробленага злачынства, адшукаць вінаватага, правесьці рэвізію, распытаць злачынца або падазронага.
Звычайна злачынец лёгка знаходзіўся, бо ў выкрыцьці яго было зацікаўлена ўсё жыхарства. Калі сьляды злачынца вялі ў другі копны раён, дык гэты раён быў забавязаны выкрыць яго або давесьці, што ён выйшаў з ягоных межаў. Пасьля сьледства адбываўся фармальны суд. Перад судом як пакрыўджаны, так і абвінавачаны мелі права даводзіць сваю слушнасьць сьведкамі, агледзінамі і іншымі спосабамі. Адбываліся прысягі, а часта і катаваньні, біцьцё, мучаньне, калі цяжка было знайсьці праўду. Прысуд выдаваўся бальшынёй галасоў копных судзьдзяў. За крадзеж, падпал, чараўніцтва каралі шыбеніцай. За крадзеж у цэрквах — спаленьнем. За крадзеж у магнатаў — чацьвертаваньнем, рэзаньнем на кавалкі і г. д.
Былі і лягчэйшыя кары, як прызнаньне ганьбы, пакараньне дубінкай, штрафам і іншыя. Спэцыяльных выканальных органаў копныя суды ня мелі, але маральная сіла іхная была так вялікая, што прысуды капы выконвала або само жыхарства, або, калі гэта былі лягчэйшыя кары, яны выконваліся добраахвотна. Суды гэтыя спачатку адбываліся бяз ніякіх запісаў, пратаколаў ці кнігаў. Толькі ў другой палове XVI ст. былі да іх прызначаныя г. зв. «віжы», абавязкам каторых было пісаць справаздачу і прысуд суду. Копным судом падлягалі ня толькі сяляне і мяшчане, але таксама магнаты, баяры, духавенства і ўсе іншыя станы жыхарства, а нават і чужнікі.
Было гэтак аж да XV ст., пакуль шляхта і магнаты ня мелі вялікага ліку розных прывілеяў. Пасьля таго, аднак, як яны здабылі розныя прывілеі, дык пачалі выломвацца з-пад копных судоў і самі судзіць падданых ім сялян. Копныя-ж суды паступова занепадалі, і множыліся розныя надужыцьці.
Бачачы гэта, вялікі князь Казімір Ягайлавіч 29 лютага 1468 г., пасьля нарады з князямі, радаю Вялікага Княства, выдаў Судзебнік. Гэта быў невялікі, але вельмі важны зборнік-кодэкс пісаных законаў, складзены з 25 артыкулаў, якія ў бальшыні абазначалі крымінальныя правы, кару за крадзеж і інш. Судзебнік гэты апрацаваны быў на аснове звычаёвага права.
Судзебнік Казіміра Ягайлавіча даваў ужо судом асновы, аднак шмат розных прывілеяў уводзіла розныя няяснасьці і непаразуменьні, асабліва з прычыны змаганьня між шляхтай і магнатам. Таму судзебнік усьцяж папраўляўся і пашыраўся, ды ўрэшце вырас у вабшырны, поўны кодэкс законаў пад назовам «Статут Вялікага Княства Літоўскага». Напісаны быў ён, як і судзебнік, у беларускай мове, а выданы 29 верасня 1529 г., за часоў Жыгімонта II Старога. Ён абавязваў на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства і зьяўляўся відавочным довадам, што беларуская культура была за аснову ва ўсім гэтым гаспадарсьцьве.Статут складаўся з 13 разьдзелаў і датычаў да грамадзянскага і крымінальнага права; судаўніцтва, шляхоцкіх правоў, вайсковае службы і гаспадарскіх правоў. Абасноўваўся ён на звычаёвым праве, судовых прысудах, соймавых пастановах, гаспадарскіх распараджэньнях шляхоцкіх і агульназемскіх прывілеях ды нацыянальных прывілеях. У ім адбівалася пануючая роля буйнага земляўласьніцкага стану.
У меру таго, як шляхта здабывала штораз шырэйшыя правы і прывілеі, ёй не падабаўся Статут з 1529 году, які гварантаваў дэцыдуючую ролю магнатам. У сувязі з гэтым шляхта зьвярнулася да вялікага князя ў 1544 годзе на Берасьцейскім сойме з просьбай зрабіць у ім папраўкі. У 1551 годзе на Віленскім сойме шляхта паўтарыла сваю просьбу. Вялікі князь прыхільна аднёсься да просьбы і магнаты таксама згадзіліся на папраўку. Укладаньне новага, другога выданьня Статута даручана спэцыяльна створанай яшчэ ў 1544 годзе камісіі, якая працавала даволі марудна і падрыхтавала яго толькі ў 1563 годзе. Канчатковае ж зацьверджаньне Статут атрымаў на сойме ў Вільні 11 сакавіка 1566 году. У Статут гэты згодна з жаданьнем шляхты былі ўпісаныя: а) тэкст агульна -земскага прывілею з 1551 году, б) прывілею з 8.VI.1563 году пра роўнапраўе асоб шляхоцкага паходжаньня праваслаўнае рэлігіі з рымска-каталіцкай шляхтай, в) Бельскі прывілей з 1.VII. 1564 году, якім магнаты адмаўляюцца ад асобнай падсуднасьці, г) Віленскі прывілей з 13.XII.1564 году пра ўтварэньне павятовых соймаў, д) акт пацьверджаньня Статуту з 11.III. 1566 году. Статут другой рэдакцыі складаўся з 14 разьдзелаў, падзеленых на артыкулы. Першы разьдзел пасьвячаны быў асобе гаспадара, другі — земскай абароне, трэйці — шляхоцкім вольнасьцям, чацьверты — арганізацыі судоў, пяты — пасагу і вену, шосты — апецы, семы — запісам і продажы, восьмы — тэстамэнтам, дзевяты — земскім правом, дзесяты — лоўлі, адзінаццаты — гвалтам, дванаццаты — абавязкам паспалітых людзей, трынаццаты — грабежам, чатырнаццаты — зладзейству. Галоўнай крыніцай Статуту 1566 году зьяўляўся Статут з 1529 году, старадаўныя звычаі, соймавыя пастановы і нямецкае, рымскае і іншыя замежныя правы. Правы Статуту абавязкавыя былі для ўсіх грамадзян Вялікага Княства. Ён забесьпячаў асабістую незачэпнасьць і адказнасьць за праступкі, а таксама ўласьніцкія правы. Калі які-небудзь уласьнік рабіў дзяржаўныя праступкі, дык нярухомая маёмасьць
ягоная канфіскавалася. Праступкі супроць асобы і ўласнасьці падлягалі адпаведнаму пакараньню. Шляхта паводле Статуту з 1566 году карысталася асаблівай апекай закону ў параўнаньні з простымі людзьмі. Шляхцічы мелі права прымаць удзел у сойміках дзеля абраньня паслоў на сойм і складу земскага суду, а таксама права ўдзелу ў вышэйшай законадаўчай установе — агульным сойме — праз сваіх паслоў, выбраных на сойміках. Зямельныя ўладаньні паводле гэтага Статуту цягнулі за сабой абавязак вайсковае службы. Асоба гаспадара лічылася незачэпнай. Злачынствы, накірованыя супроць асобы гаспадара і дзяржавы, караліся асаблівымі спосабамі пакараньня. Новы Статут у Вялікім Княсьцьве ўводзіў тры катэгорыі судоў: земскі, падкаморскі і замковы.
У 1588 г. пры Жыгімонце IV Статут быў выданы ў трэйцяй рэдакцыі пад кіраўніцтвам канцлера Лявона Сапегі. Гэтая рэдакцыя Статуту таксама была ў беларускай мове, і ён быў надрукаваны ў беларускай друкарні братоў Мамонічаў у Вільні.
Беларусы вельмі гардзіліся гэтым законам, тым больш што ён забесьпячаў асновы беларускае гаспадарсьцьвенасьці, хоць выйшаў пасьля Люблінскае вуніі. У ім Лявон
Сапега не зьмясьціў ані акту гэтае вуніі, ані іншых нявыгодных для Беларусі ўмоваў, адбіраючы ім гэтым самым абавязваючую сілу. Адначасна Статут выразна забесьпячаў правы беларускае мовы як урадавае мовы ў гаспадарсьцьве.