Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

Беларускі нацыянальны pyx разьвіваўся і сярод эміграцыі ў Канадзе. Праўда, там беларускія эмігранты ня мелі свайго цэнтру, свае арганізацыі, аднак выяўлялі свае беларускія імкненьні пры расейскіх работніцкіх камітэтах.

У эўрапэйскіх краёх найбольш беларусаў-эмігрантаў знаходзілася ў Францыі. Беларуская праца сярод беларускіх эмігрантаў у Францыі распачалася ў 1926-1927 годзе на прадмесьці Парыжу Біянкуры і ў іншых гарадох Паўночнай Францыі. Запраўдны арганізацыйны рух сярод беларускай эміграцыі ў Францыі пачаўся ў сьнежні месяцы 1930 г., калі туды зьявілася з Прагі двух маладых беларускіх інтэлігентаў — інж. А. Абрамчык і інж. Рыдлеўскі. Дзякуючы іхным стараньням у Парыжы паўстала беларуская цэнтральная эмігранцкая арганізацыя «Хаўрус беларускае працоўнае эміграцыі» з правам закладаць свае аддзелы па ўсёй Францыі. За 8 месяцаў дзейнасьці «Хаўрусу» было адчынена і зацьверджана 5 філіяў «Хаўрусу» на правінцыі з агульным лікам сяброў каля 350. 3 прычыны выезду з Парыжу інж. Абрамчыка «Хаўрус» занепадаў, але ненадоўга, бо ў 1936 г. ён ўзноў ажывіўся. У Парыжы паўстала беларуская бібліятэка, нядзельныя курсы, выдавецтва собскага беларускага часапісу «Рэха» і інфармацыйнага беларускага бюлетэню. У 1938 г.у Парыжы паўстала беларуская арганізацыя «Беларуская Жаночая Грамада», якая ладзіла беларускія вечарыны і лекцыі. Перад выбухам вайны ў 1939 г. арганізацыйная праца сярод беларускіх эмігрантаў у Францыі разьвівалася штораз лепш.

За пару год перад сучаснай другой сусьветнай вайной, калі польскія ўлады ліквідавалі беларускія арганізацыі ў Заходняй Беларусі, патрапіла зарганізавацца і стварыць сваё таварыства беларуская эміграцыя ў Варшаве. Беларусы ў Варшаве выяўлялі сваю дзейнасьць яшчэ на пачатку XX стагодзьдзя і ў часе сусьветнае вайны. У 1919 г. у Варшаве зарганізаваўся Беларускі Камітэт, а крыху пазьней І Камітэт Помачы пацярпеўшым ад вайны. Нажаль, абедзьве гэтыя арганізацыі хутка былі зьліквідаваныя. Ад 1922 г. да 1930 г. у Варшаве існавала Беларускае Парлямантарнае Прадстаўніцтва. Нейкі час выходзіў там і беларускі часапіс «Праваслаўны Беларус» і нямецка-беларуска -ўкраінскі часапіс «Natio», прызначаны для інфармаваньня замежжа аб жыцьці г. зв. нацыянальных мяншыняў у Польскай дзяржаве — немцаў, беларусаў і ўкраінцаў. У 1930 г. у Варшаве заснаваўся Саюз Беларускіх Студэнтаў. Ён гуртаваў каля сябе студэнтаў -беларусаў, што здабывалі асьвету ў высшых Варшаўскіх школах. У 1936 годзе паўстала думка стварыць арганізацыю, якая магла-б заапекавацца беларускай калёніяй у Варшаве і праводзіць беларускую культурную працу на тэрыторыі ўсяе Польскае дзяржавы, дзе ёсьць беларусы.

Ініцыятыўная трупа апрацавала статут і пастанавіла залажыць «Беларускае Культурнае Таварыства». Нажаль, польскія ўлады такой арганізацыі не зацьвердзілі. Тады, 23.XII. 1937 г., паўстала «Асьветнае Таварыства» беларусаў у Варшаве з правам дзейнасьці на тэрыторыі гораду Варшавы. Гэтая арганізацыя была зацьверджаная і зараз-жа пачала гуртаваць каля сябе беларускіх работнікаў, работніцаў і інтэлігенцыю, ладзіць лекцыі, вечарыны і наагул праводзіць беларускую культурную працу. Калі Польская дзяржава пад націскам нямецкае арміі распалася і Варшаву занялі немцы, у Варшаве паўстаў Беларускі Камітэт. Камітэт павёў яшчэ шырэйшую дзейнасьць ня толькі сярод беларускіх эмігрантаў у Варшаве, Кракаве і іншых гарадох, але і сярод беларускага сялянскага жыхарства на ўсходніх частках Гэнэральнае губэрні. Адначасна паўсталі беларускія нацыянальныя камітэты ў Лодзі і Пазнані. Перад сучаснай вайной і ў часе вайны найважнейшым беларускім цэнтрам на эміграцыі сталася Нямеччына, а насамперш ейная сталіца Бэрлін. Беларускія эмігранты ў Нямеччыне зьявіліся пасьля першае сусьветнае вайны і гуртаваліся каля беларускага прадстаўніцтва ў Бэрліне, на чале якога стаяў Прадстаўнік Ураду БНР сп. Бароўскі. У Бэрліне друкаваліся некаторыя беларускія кяіжкі для Беларусі. Там жыў нейкі час прэм'ер ураду БНР А. Цьвікевіч. Там таксама гасьцяваў нейкі час З. Жылуновіч, які, працуючы для Савецкае Беларусі, усімі спосабамі стараўся перацягнуць на савецкі бок урад БНР, а таксама і сяброў Рады БНР, нагаворваючы іх прызнаць БССР і здаць ейнаму ўраду ўсе мандаты. Жылуновічу часткава ўдалося выканаць даручаную яму справу. А. Цьвікевіч паслухаўся Жылуновіча, паверыў у бальшавіцкія абяцанкі шырокіх магчымасьцяў беларускае працы ў БССР, склікаў у кастрычніку 1925 г. канфэрэнцыю і стараўся пераканаць усіх сяброў ураду і Рады Беларускае Народнае Рэспублікі аб патрэбе прызнаньня БССР і перадачы савецкаму ўраду сваіх мандатаў. Але пачатая А. Цьвікевічам акцыя не ўдалася да канца. Яго падтрымалі толькі У. Пракулевіч і Л. Заяц. Іншыя сябры ўраду В. Захарка, Я. Варонка, а галоўна старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублікі П. Крэчэўскі сваіх мандатаў не здалі, БССР ня прызналі і засталіся надалей вернымі ідэі 25 сакавіка. Цьвікевіч, Пракулевіч і Заяц, прызнаўшы БССР, выехалі ў Менск, але нядоўга цешыліся там свабодай, бо пазьней бальшавікі арыштавалі і саслалі іх у далёкія ўсходнія краіны, дзе Л. Заяц і памёр, а доля іншых няведамая і таксама пад вялікім пытаньнем. У 1932 г. на Бэрлінскім груньце і сярод беларускай эміграцыі спрабавалі разгарнуць сваю працу камуністыя, выдаючы свой часапіс «Барацьба». Але з прыходам да ўлады ў Нямеччыну Адольфа Гітлера гэты часапіс у 1933 г. перастаў выходзіць. Затое ў гэным самым часе ў Бэрліне паўстаў Саюз Беларускіх Студэнтаў з нацыянальна-беларускай ідэялёгіяй і ён адыйграваў паважную ролю, асабліва ў прапагандаваньні беларускае справы на Бэрлінскім груньце. Перад самай вайной у 1939 г. у Бэрліне зьявіўся правадыр беларускіх нацыянал-сацыялістых Фабіян Акінчыц. ён шукаў у Нямеччыне помачы для беларусаў у змаганьні супроць польскае і бальшавіцкае няволі і зьдзекаў. У выніку гэтага наладзілася супрацоўніцтва беларускіх нацыянал -сацыялістых з нямецкімі дзейнікамі. Супрацоўніцтва гэтае ў часе нямецка-польскае вайны выявілася ў тым, што шмат беларускіх нацыянал-сацыялістых актыўна памагалі немцам у змаганьні з палякамі.

Пасьля распаду Польскае дзяржавы і далучэньня Заходняе Беларусі да БССР беларуская эміграцыя ў Нямеччыне, павялічыўшыся колькасна, зарганізавалася і праводзіць шырокую дзейнасьць. У канцы 1939 г. у Бэрліне было заснаванае Беларускае Прадстаўніцтва, пачала выходзіць беларуская газэта «Раніца», а крыху пазьней паўстаў таксама Камітэт Беларускае Самапомачы. Як прадстаўніцтва, так Камітэт Самапомачы і газэта «Раніца» праводзілі вялікую беларускую работу. Яны гуртавалі беларускую эміграцыю, беларусаў-палонных з польскае і савецкае арміі, разьвівалі беларускую нацыянальную думку, прадстаўлялі беларусаў у Нямеччыне, памагалі беларусам у розных справах, а супрацоўнічаючы з нямецкімі ўладамі, інфармавалі іх аб беларускіх імкненьнях і патрэбах.

Гэтае прадстаўніцтва зарэгістравала каля 61 000 беларусаў-палонных з польскай арміі ды вызваліла іх з лягероў ваенных.

На заканчэньне нашых папулярных нарысаў гісторыі Беларусі зробім яшчэ кароценькі агульны агляд жыцьця мінуўшчыны нашага беларускага народу і паспрабуем зазірнуць у будучыню Беларусі.

У гісторыі бадай кажнага народу можна знайсьці часы лепшыя, сьвятлейшыя, і часы горшыя. Бо кажны бадай народ перажываў часы прыгожага разьвіцьця, размаху, перамогаў і часы цяжкога паніжэньня, падзелу, няволі і няўдачаў. Возьмем хоць бы такія слаўныя краі, як Грэцыя або Італія. Гэта былі калісь магутныя дзяржавы, якія сваім часам адыгравалі вялізарную ролю ў сьвеце, а пасьля зусім былі паніжаныя. Падобна было з Францыяй, Партугаліяй, Швэдыяй, Гішпаніяй і іншымі дзяржавамі.

Розныя народы і дзяржавы перажывалі і перажываюць розныя часы: то слабнуць і занепадаюць, то зноў адраджаюцца. Так, прыкладам, мы бачым, як і нашымі часамі некаторыя дзяржавы адраджаюцца і дужэюць, а іншыя занепадаюць. Усе гэта залежыць найчасьцей ад таго, як народ арганізуе сабе жыцьцё, на чым яго абапірае. Калі ён арганізуе сваё жыцьцё на здаровых для сябе народных, нацыянальных асновах і прынцыпах, дык ён магутнее і разьвіваецца. I наадварот, калі ў народзе шырацца нездаровыя прывычкі і калі ён зыходзіць на блудныя дарогі, тады ён занепадае.

Падобна было і з нашым беларускім народам. Калі Беларуская дзяржава, якая існавала спачатку ў форме незалежных княстваў (Полацкага, Смаленскага, Турава-Пінскага і іншых), а пасьля ў форме Вялікага Княства. Літоўскага, трымалася сваіх беларускіх нацыянальных прынцыпаў, свайго права і сваіх інтарэсаў, дык яна разьвівалася, красавала і мела нават уплывы на іншыя суседнія народы. I наадварот, калі беларускія кіраўнічыя колы пачалі гнацца за чужымі, прыкладам польскімі звычаямі, нахіламі, правамі і страцілі свой беларускі грунт, тады Беларуская дзяржава занепадала.

Такім парадкам, беларускі народ, як і іншыя народы сьвету, мае ў сваёй гісторыі часы горшыя і лепшыя. Дасьледваньні гэтых часоў вельмі цікавыя і павучальныя. Гэтымі дасьледваньнямі, пазнаваньнем свае беларускае гісторыі, павінен цікавіцца кажны беларус, а насамперш беларуская моладзь.

Галаўнейшымі мамэнтамі гісторыі Беларусі бязумоўна зьяўляюцца перш за ўсё тыя часы, калі выяўлялася самастойнае жыцьцё беларускага народу, або ягонае змаганьне за сваю самастойнасьць. Першым такім галоўным пэрыядам у гісторыі Беларусі зьяўляецца існаваньне самастойнага Беларускага гаспадарства ў форме Полацкага княства. Яно было шырака ведамае ва ўсходняй, заходняй і нават паўночнай Эўропе ўжо ў X стагодзьдзі.

Полацкае княства мела сваіх выдатных князёў і гаспадароў (Рагвалода, Усяслава Чарадзея, Брачыслава Усяславіча і інш.), якія ўмелі зарганізаваць дзяржаўнае жыцьцё ўнутры краю і здолелі абараніць сваё гаспадарства ад нападаў ворагаў-чужынцаў. Полацкае княства з часам згуртавала каля сябе бадай усе этнаграфічныя сучасныя беларускія землі-княствы Смаленскае, Турава-Пінскае і іншыя меншыя княствы, і мела свае ўплывы ў Прыбалтыцы, куды пасьля прыбылі нямецкія рыцары і, заснаваўшы гарады Рыгу і інш., арганізавалі сваю асобную ўладу.

Полаччына і Смаленшчына вялі шырокі гандаль з усходнімі краямі, а пасьля і з заходнімі дзяржавамі, насамперш з Нямеччынай. Беларусь тады была паважнай ваеннай сілай. З ёю лічыліся ўсе народы. Нашая Бацькаўшчына за тых часоў слыла як вялікі культурны асяродак, прамянеючы і на суседнія краі.

Да XIII стагодзьдзя значаньне Беларускае дзяржавы нагэтулькі ўзрасло, што да яе была далучаная сучасная Летува. Сілы-ж ейныя сталіся нагэтулькі вялікія, што яна магла даваць адпор найвялікшым ворагам. I тымчасам, калі ўсю Маскоўшчыну і Украіну заваявалі татары, Беларусь засталася непадбітай і незалежнай.

У XIV, XV, XVI стагодзьдзях тэрыторыя Беларускага гаспадарства, званага тады Вялікім Княствам Літоўскім, ладна пашырылася і абыймала землі ад Балтыцкага і да Чорнага мора, ад Бугу і аж за Вязьму. На Беларусі ня было шырака разьвітым ані нявольніцтва, ані паніжэньне людзей працы. Разьвівалася культура, існавала Беларуская незалежная праваслаўная царква, шырака разьвіваўся гандаль як унутры краю, так і з суседнімі землямі.

Значаньне Беларусі ўрэшце так узрасло, што да яе далучылася нават Польшча, выбіраючы сабе за караля беларускага гаспадара, князя Вялікага Княства — Ягайлу. Але, нажаль, у Вялікае Княства прасякалі з Польшчы ня добрыя ўплывы, перайманыя летувіскай і беларускай шляхтай. У выніку гэтага пашырылася прыніжэньне сялянства і ўведзеныя розныя прывілеі для шляхты, за якія яна гналася за цесную вунію Вялікага Княства з Польшчай. Пачалося таксама рэлігійнае змаганьне праваслаўя з каталіцтвам, што ішло з Польшчы, Усё гэта вяло Беларускую дзяржаву да заняпаду, тым больш што на ўсходзе дужэла Масква і пагражала некаторым беларускім землям.

Поделиться с друзьями: