Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахінае

Анджаеўскі Ежы

Шрифт:

П. — Я просты хрысціянін, Ваша Мосць.

Т. — Абвінавачаны прызнаў, што не верыць у існаванне сатаны і д'яблаў. Ці абвінавачаны пацвярджае гэта прызнанне?

П. — Ваша Мосць, прысягаю, што д'ябал сапраўды не з'явіўся па маю душу.

Т. — А значыцца, абвінавачаны пацвярджае сваё прызнанне?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Абвінавачаны сказаў хвіліну назад, што ён просты хрысціянін.

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — І сваё сцверджанне, што сатана не існуе, не абгрунтоўвае абвінавачаны вучэннем?

П. — Не, Ваша Мосць.

Т. — Чым тады ў сувязі са сказаным абвінавачаны абгрунтоўвае гэта сваё сцверджанне?

П. — Ваша Мосць, я прысягаю, — усё, што я сказаў, ёсць праўда. Я нічога не ўтоіў.

Т. — Прашу ўвагі абвінавачанага. Я пытаюся, чым абвінавачаны абгрунтоўвае сваё сцверджанне, што сатана не існуе і пякельныя істоты не маюць згубнага ўплыву на людскія душы.

П. — (Маўчыць.)

Т. — Абвінавачаны апелюе да сваёй дасведчанасці. Значыцца, можа, здаровы розум прадыктаваў абвінавачанаму перакананне, што сатана не існуе?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Святы трыбунал згодна з вучэннем царквы верыць у існаванне сатаны і ў яго згубны ўплыў на людскія душы. Ці абвінавачаны лічыць, што Святы трыбунал пазбаўлены здаровага розуму?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Чаму абвінавачаны не адказвае?

П. — Не ведаю, Ваша Мосць, гэта вышэй майго разумення. Я толькі ведаю, што выклікаў д'ябла, хацеў прадаць яму сваю душу, а ён не з'явіўся, дык, значыцца, яго, пэўна, няма.

Т. — Ці існуе, на думку абвінавачанага, на свеце зло?

П. — О так, Ваша Мосць! Зла вельмі многа.

Т. — Ці абвінавачаны зведаў у сваім жыцці зло?

П. — Толькі зло, Ваша Мосць, нічога іншага не бачыў.

Т. — Абвінавачаны і далей настойвае на сваім сцверджанні, што сатана не існуе?

П. — Калі б ён быў, Ваша Мосць…

Т. — Я пытаюся, ці абвінавачаны і далей настойвае на сваім сцверджанні, што сатана не існуе?

П. — Настойваю, Ваша Мосць.

Т. — Калі ж сатана не існуе, хто, на думку абвінавачанага, спраўца зла на зямлі?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Ці абвінавачаны верыць у Бога, творцу неба і зямлі?

П. — Як жа я магу не верыць, Ваша Мосць?

Т. — І таму, на думку абвінавачанага, усемагутны Бог стварыў зло на зямлі?

П. — Я гэтага ніколі не казаў, Ваша Мосць, прысягаю.

Т. — Абвінавачаны ўсё яшчэ настойвае на сваім сцверджанні, што сатана не існуе?

П. — Ваша Мосць, калі ён не з'явіўся…

Т. — Ёсць сатана ці яго няма?

П. — Ваша Мосць, не Бог стварыў зло.

Т. — Святы трыбунал дае веры словам абвінавачанага, што ён шчыра адцураецца ад блюзнерчай думкі, што нібыта Бог мог быць спраўцам зла на зямлі.

П. — Дзякую, Ваша Мосць.

Т. — Чыім падданым з'яўляецца абвінавачаны?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Ці не Іх Каралеўскіх Каталіцкіх Вялікасцей караля Фердынанда і каралевы Ізабэлы?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Хто ў Каталіцкім Каралеўстве ўстаноўлівае законы?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Каралеўская Вялікасць?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — І хто яшчэ?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Каталіцкая царква?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Абвінавачаны прызнаў, што паводле яго сама свядомага меркавання ўсе законы ў Каталіцкім Каралеўстве ўстаноўлены Каралеўскай Вялікасцю і каталіцкай царквой. Ці абвінавачаны пацвярджае гэта?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Святы трыбунал сцвярджае, што ў святле сваіх ранейшых прызнанняў абвінавачаны яўна прызнаўся ў змове супраць вярхоўнай свецкай улады і ўлады духоўнай.

П. — Ваша Мосць, я бунтаўнік? Я не бунтаўнік.

Т. — Святы трыбунал абапіраецца на прызнанні абвінавачанага і не верыць у яго цяперашнія галаслоўныя пярэчанні. Абвінавачаны сцвярджаў, што на зямлі існуе зло? Абвінавачаны прызнаў, што сам зведаў шмат зла?

П. — Так, Ваша Мосць, я сказаў гэта.

Т. — Не сатана, на думку абвінавачанага, спраўца зла, бо сатана, паводле слоў абвінавачанага, не існуе. Усемагутнага Бога таксама абвінавачаны не дакарае за зло на зямлі. Хто ж тады, на думку абвінавачанага, можа быць спраўцам зла, калі не тыя, што ўстаноўліваюць законы?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Святы трыбунал канстатуе, што абвінавачаны Перэз, абвінавачаны ў цяжкіх грахах ерасі і адступніцтве ад асноў каталіцкай веры, паказаў пад час следства асабліва бунтоўныя думкі, сцвярджаючы, што за зло, якое існуе на зямлі, адзіную і выключную адказнасць нясе свецкая і духоўная ўлада.

П. — Ваша Мосць, прысягаю, што ніколі так не думаў.

Т. — Значыцца, Святы трыбунал хлусіць?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Падазраючы Святы трыбунал у хлусні, абвінавачаны тым самым пацвярджае свае прызнанні пра бунтоўныя намыслы.

П. — Ваша Мосць, прызнаюся.

Т. — У чым абвінавачаны прызнаецца?

П. — Памыляўся, Ваша Мосць, дазволіў звесці сябе глупству і несвядомасці, але бажуся, я не мяцежнік і ніколі ім не быў. Я веру ў існаванне сатаны, ён — носьбіт ліха, усякага ліха.

Т. — Святы трыбунал не мае ніякіх падстаў верыць у шчырасць гэтай заявы. Ці ведае абвінавачаны, што бунт супраць Каралеўскай Вялікасці караецца смерцю?

П. — Ведаю, Ваша Мосць, але я не мяцежнік. Памыляўся, прызнаюся. Вялікі гэты грэх мой. Веру ў сатану, і ён — носьбіт зла.

Т. — Святы трыбунал не можа верыць абвінавачанаму, бо яго цяперашняя заява прадыктаваная не так шчырым раскаяннем, як усведамленнем кары, якая яго чакае. Адно толькі можа ўратаваць абвінавачанага — сказаць Святому трыбуналу ўсю праўду.

П. — Божа праведны, я кажу праўду!

Т. — Няхай абвінавачаны адкіне свае страхі. Святы трыбунал на тое і існуе, каб выводзіць аблуднікаў на правільную дарогу. На жаль, Святы трыбунал не зможа ўратаваць абвінавачанага, калі абвінавачаны сам сябе ратаваць не хоча. Абвінавачаны мусіць сказаць усю праўду.

П. — Усё скажу, Ваша Мосць.

Т. — Шчодрасць божая бязмежная. Хай абвінавачаны назаве Святому трыбуналу імёны і прозвішчы людзей, з якімі быў у змове супраць Іх Каралеўскіх Вялікасцяў і царквы.

Поделиться с друзьями: