ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Шрифт:

Ён нёс у сабе гэтае ўзвышанае, сканцэнтраванае ў сэрцы прасвятленне, калi ў пустым змрочышчы малога кляштарнага дзядзiнца наткнуўся на капiтана фамiльянтаў Святога афiцыума сеньёра дона Карласа дэ Сiгуру. Была яшчэ ноч i цiшыня. З-пад нiзкiх аркадак чулiся крокi варты.

– Чаму не спiце, сеньёр?
– спытаўся з лагодным дакорам.
– Хутка развiднее. Даволi, што я не сплю.

Сеньёр дэ Сiгура маўчаў. Ён быў худы i кашчавы, з цёмным маршчынiстым тварам. Слава ваенных подзвiгаў i хрысцiянскiх цнот ужо колькi гадоў апраменьвала iмя гэтага чалавека.

– Вам трэба адпачыць, сеньёр, - сказаў брат Дыега.
– Як я мог пераканацца, вы вельмi дакладна выканалi ўсе даручэннi вялебнага айца. Можаце спаць спакойна. Я загадаю разбудзiць вас, калi зойдзе якая патрэба.

Стары рыцар, якi ўвесь час маўчаў, хвiлiну прыглядаўся да брата Дыега, пасля адвярнуўся i павольна, неяк унурыўшыся, адышоў у глыбiню дзядзiнца.

На досвiтку брат Дыега ўзяў з рук кляштарнага служкi сняданак вялебнага айца i асабiста занёс у келлю.

Падрэ Тарквемада ляжаў на вузкiм ложку, ён не спаў, ляжаў з расплюшчанымi вачыма. Брат Дыега паставiў на стол цынкавы паўмiсак з хлебам i сырам, кубак i два збаны, адзiн з вадой, другi з вiном.

– Прынёс вам мацунку, вялебны ойча, - сказаў напаўголаса.

Пасля, думаючы, што вялебны айцец хоча застацца адзiн, хацеў цiхенька выйсцi з келлi. Тады той сказаў:

– Пабудзь!

Брат Дыега схiлiў галаву.

– Добра, ойча.

– Падыдзi.

Падышоў.

– Што кажуць?

– Хто, ойча?

– Людзi.

– Прыязджаў маршалак з двара Iх Каралеўскiх Мосцяў...

Тарквемада нецярплiва махнуў рукою.

– Не пра тое пытаюся. Што кажуць людзi? Мае служкi, браты.

– Выконваюць твае загады, ойча.

Тарквемада абапёрся на локаць. Твар у яго быў вельмi знуджаны, шэры, як пасля бяссоннай начы, але ў паглядзе цёмных, глыбока запалых вачэй адчувалася напружаная энергiя.

– I ўсё?

– Ойча вялебны, - сказаў брат Дыега ясным юначым голасам, - я асабiста правяраў i сачыў, каб усе твае загады былi выкананыя. Я стараўся паспець усюды.

– Нiхто з маiх служак, нiхто з тутэйшых братоў не выказваў нiчога непатрэбнага.

– Ойча вялебны, я ўвесь час быў непадалеку ад ахоўнiкаў, часта нават яны мяне не заўважалi, але я не чуў, аднак, каб чые-небудзь вусны вымавiлi што, не вартае хрысцiянiна.

– Мяцежным намерам, - сказаў Тарквемада так, нiбы разважаў уголас, - не заўсёды патрэбны словы.

Брат Дыега завагаўся, пасля смела паглядзеў Вялiкаму iнквiзiтару ў вочы.

– Бачу, што маеш яшчэ нешта сказаць мне.

– Так, ойча.

– Кажы.

– Прабач, ойча, можа, я памыляюся. Што праўда, я не чуў слоў, вартых асуджэння, але ўтоiў бы занадта многа, калi б не сказаў, што, як на мой толк, ёсць, на жаль, чалавек у тваiм атачэннi, якi будзiць ува мне непакой.

Тарквемада маўчаў, але брат Дыега без замяшання вытрымаў яго позiрк.

– Цi ведаеш, сыне мой, - сказаў нарэшце вялебны айцец, - што пiльнасць вымагае, каб кожнае абвiнавачанне было праверана i пацверджана.

– Ведаю, ойча.

– Нiшто не можа быць занядбана i абыдзена ўвагай, i калi ў кiм-небудзь нараджаецца хоць цень падазрэння да другога чалавека, ён павiнен разумець, што, яшчэ не даказаўшы вiны, ён стварае ўражанне верагоднасцi яе iснавання.

– Ведаю, ойча.

– Абдумаў сваё абвiнавачанне?

– Так, ойча, вельмi добра абдумаў.

– Ну i?..

– Думаю пра капiтана тваiх служак, ойча.

Тарквемада, здавалася, не здзiвiўся, толькi паблажлiва ўсмiхнуўся.

– Высока забiраеш, сыне мой. У сеньёра дэ Сiгура слава беззаганнага хрысцiянiна i рыцара.

– Ведаю, ойча. Аднак мне здаецца, што ён чалавек, якi занадта замыкаецца ў сваiх думках.

– I гэта ўсё, чым можаш папракнуць яго?

Брат Дыега маўчаў. Тады Тарквемада ўстаў i паклаў далонь на яго плячо.

– Чалавек - iстота, якая ўмее думаць, мой сыне.

– Так, ойча. Таму я i не кiдаю сеньёру дэ Карласу папроку за тое, што ён думае, але я пабаяўся б яму даверыцца.

– Чаму ж?

– Ён робiць уражанне, нiбы спрабуе схаваць свае думкi.

"Божа, - тут жа падумаў ён, - ты ведаеш мае намеры, ведаеш - тое, што я раблю, не раблю з нелюбовi".

– Чым цябе абразiў сеньёр дэ Сiгура?
– спытаўся Тарквемада.

Румянец залiў твар Дыега.

– Чым абразiў мяне, ойча? О, ойча, нават выказваючы мне маўклiвую пагарду, як сеньёр дэ Сiгура мог бы мяне абразiць, калi я па тваiм загадзе быў больш чым самiм сабой.

Падрэ Тарквемада нiчога не адказаў. Ён падышоў да акна i заклаў далонi ў рукавы хабiты.

– Вам трэба паснедаць, вялебны ойча, - цiха сказаў Дыега.
– Вы ж нiчога не елi з учарашняга полудня.

"Божа, - думаў Тарквемада, - цi ж дазволена мне забываць, што я не маю права рабiць нiчога такога, што магло б паставiць пад сумненне чыстыя намеры гэтага хлопца? Цi ж ёсць што важнейшае за ўцверджанне маладой веры? А перад аблiччам зла, якое можа ўзнiкаць усюды, цi не лепей дапусцiць памылку ў адносiнах да аднаго чалавека, чым хоць на хвiлiну блiзарука прагледзець магчымасць зла? Як жа можа, зрэшты, iснаваць вiна без абвiнаваўцы? Толькi праз праўду, якая адзiная, мы можам распазнаць зганьбаванне праўды. Але хто ж тады стварае вiну? Абвiнаваўца? Калi ён, то ў што трэба спачатку паверыць: у абвiнавачанне цi ў факты, якiя без абвiнавачання яшчэ не могуць мець адзнак пахiбы?"

Сыне мой, - сказаў.

– Так, ойча.

– Думаю, ты зразумеў, што я хацеў сказаць, кажучы, што кожнае абвiнавачанне патрабуе пацверджання i праверкi?

– Так, ойча.

– Iдзi i пашукай сеньёра дона Карласа. Скажы, каб яго разбудзiлi, калi ён спiць. Скажы, што я хачу бачыць яго.

Брат зрабiў рух, нiбы хацеў нешта сказаць, але, не сказаўшы нiчога, выйшаў.

Свiтала спакваля, нiзкiя хмары аблажылi неба i дапаўнялi цемру ночы. У глыбiнi змроку бiлi ранiшнiя званы гарадскiх храмаў. Тут, у мурах Санта Марыя ла Анцiгуа, стаяла цiшыня.

Падрэ Тарквемада задуменны стаяў каля акна, нарэшце павярнуўся i падышоў да стала. Але да ежы не дакрануўся. Падняў руку, каб перажагнаць стол, пасля дастаў з-пад хабiты скапулiр, адчынiў яго i тое, што было ў iм, высыпаў у збан з вiном.

Калi неўзабаве сеньёр дэ Сiгура, папярэджаны братам Дыега, увайшоў у келлю, вялебны айцец кленчыў каля ложка i малiўся. Стары рыцар перахрысцiўся кароткiм салдацкiм рухам i, адышоўшы да сцяны, моўчкi чакаў, пакуль Вялiкi iнквiзiтар закончыць малiтву. Праз хвiлiну падрэ Тарквемада ўстаў. Брат Дыега, вельмi бледны, запытальна паглядзеў на яго.

Поделиться с друзьями: