ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Шрифт:

– Застанься, - сказаў вялебны айцец.

Пасля павярнуўся да сеньёра дона Карласа.

– Мiр з табою, шаноўны капiтане.

Той з павагай схiлiў галаву.

– I з табой, вялебны ойча. Брат Дыега сказаў, што вы хацелi бачыць мяне. Маеце якiя даручэннi?

– Нiякiх. Бадай, мне патрэбна твая парада, твая дасведчанасць.

Ён падсунуў да акна крэсла i сеў так, каб твар быў у святле.

– Апошнiм часам я многа думаў, - пачаў цiха i глыбакамысна, нiбы гаворачы да самога сябе.
– Думаў таксама i пра тое, што вы сказалi мне некалькi дзён назад, яшчэ ў Сарагосе.

Збарознены цёмнымi маршчынамi твар сеньёра дэ Сiгуры засвяцiўся амаль маладым запалам.

– Памятаю, вялебны ойча. I настойваю, каб вы дазволiлi нам з яшчэ большым, чым дагэтуль, клопатам i ўвагай сачыць за вашай асабiстай бяспекай. Ворагi...

– Так ненавiдзяць мяне?

– Ойча вялебны, нянавiсць ворагаў...

– Ведаю, маеш рацыю. Вядома, пакуль праўда не возьме верх, мы можам вымяраць яе сiлу нянавiсцю нашых ворагаў.

– Як жа ворагам не ненавiдзець цябе? Тваё жыццё, вялебны ойча...

– Слушна. Не думай, сыне мой, я ведаю, што з характару маiх абавязкаў менавiта мне даручана асобая мiсiя ўсю моц свайго розуму прысвяцiць будове падмурка пад справу Святой iнквiзiцыi. Божа ўсемагутны, трэба, на жаль, сказаць, - справа гэтая яшчэ не ўмацаваная ў хрысцiянскiм свеце, i можна смела i не баючыся папрокаў за пыху сцвярджаць, што менавiта мы тут, у нашым каралеўстве, - адзiны i найбольшай важнасцi ўзор веры, i мы перадаём усiм астатнiм каталiцкiм народам навуку нашага вопыту, як парадак сталяваць на зямлi i якiмi метадамi ламаць супрацiўленне ворагаў.

– Хай Бог спрыяе нашым пачынанням, - сказаў узрушаным голасам сеньёр дэ Сiгура.

Падрэ Тарквемада падняў абедзве далонi.

– За гэта i я малюся. Таму i ахвотна, сыне мой, уважаю тваiм турботам. Сапраўды, нельга мне занядбаць нiякiх сродкаў, што спрыяюць маёй бяспецы.

– Ойча вялебны, можаш заўсёды давярацца мне i маiм салдатам. Дазволь мне, аднак, ойча, сказаць - мне было б спакайней на сэрцы i мой рыцарскi гонар быў бы больш угрунтаваны, калi б усякiя распараджэннi, асаблiва тыя, якiя адрознiваюцца ад ранейшых, я атрымлiваў з тваiх, ойча, вуснаў, непасрэдна. Прабач, ойча, што я кажу пра гэта. У мяне няма нiякiх падстаў думаць, што прысутны тут брат Дыега недакладна перадаў мне твой загад. Прызнаюся, аднак, што, здзiўлены яго суровасцю, я падумаў: "Божа вялiкi, калi тут, у месцы, асвянцоным прысутнасцю Бога, няма табе бяспекi, то дзе яна ёсць?"

– Нiдзе!
– цвёрда сказаў Тарквемада.
– Вялебны айцец д'Арбуэз цi ж не загiнуў у месцы, асвянцоным прысутнасцю Бога?

Стары рыцар схiлiў галаву.

– Я толькi салдат, i часам мне цяжка ахапiць розумам памеры падступнiцтва. Калi ты, ойча, сярод сваiх служак i я вартую непадалёк, тады я ўпэўнены, што ты ў бяспецы.

– Думаеш, што сярод нас не можа завесцiся вораг? Ёсць такiя, якiх не пераможаш мячом. Паглядзi хоць бы на гэта снеданне. Хто можа ведаць, цi не схаваны ў iм вораг?

Сеньёр дэ Сiгура пабялеў. Падняў руку да лоба i змучаным рухам правёў па iм далоняй. Цiха спытаўся:

– Ты так думаеш, вялебны ойча?

На гэта Тарквемада адказаў:

– Толькi тады мы належным чынам убяспечымся ад ворага, калi будзем падазрэннем апярэджваць яго дзеяннi. Усё магчыма. А таму, каб нам не было за што дакараць самiх сябе, няхай з гэтага часу правярае ўсякую ежу прызначаны табою чалавек, чалавек набожны, якi вельмi добра разумее, што азначае ў такой справе маўчанне.

– Цi думаеш, ойча, што гэта павiнен быць мой абавязак?

– Не, мой сыне, - адказаў Тарквемада.
– Ты надта блiзка стаiш каля мяне, каб можна было рызыкаваць табою. Дастаткова, калi зробiш гэта адзiн раз, сёння. I хай гэта будзе сiмвалiчным актам тваёй годнасцi i адданасцi.

– Ойча мой!
– сказаў сеньёр дэ Сiгура трохi збянтэжана.

Падрэ Тарквемада ўзняў павекi, яго вочы былi поўныя заклапочанасцi i знуджанага смутку.

– Сёння ноччу я спавядаўся i яшчэ не паспеў разгавецца.

Вялебны айцец падняў руку i ўчынiў над сеньёрам донам Карласам знак крыжа.

– Адпускаю грахi твае, сыне, бо тое, што хочаш зрабiць, робiш у сапраўднай веры i на яе ўмацаванне.

– Хай Бог убаронiць цябе для нас на доўгiя гады, мой ойча, - сказаў сеньёр дэ Сiгура.

Пасля падышоў да стала i рухам чалавека, якi не надае вялiкага значэння ежы, узяў сыру, налiў у кубак вiна. Выпiў яго з такой жа абыякавай паспешнасцю, адставiў кубак i, калi рука яго пацягнулася па хлеб - збялеў, задрыжаў, падняў растапыраныя, але ўжо здранцвелыя пальцы да горла i з застылым у апечанай гартанi глухiм крыкам захiстаўся, яшчэ раз нешта сказаў не ў лад, паспрабаваў выпрастацца, не змог i грымнуўся ўсiм целам на стол; стол пад яго цяжарам перавярнуўся, сеньёр дэ Сiгура нiцма павалiўся на каменную падлогу.

– Божа!
– крыкнуў з цёмнага кута келлi брат Дыега.

Настала цiшыня. Праз хвiлiну падрэ Тарквемада сказаў:

– Сыне мой.

Брат Дыега, сагнуўшыся каля сцяны, закрыў твар рукамi.

– Сыне мой, - паўтарыў вялебны айцец, - здарылася страшнае, але гэты чалавек ужо стаiць перад вышэйшым судом, i толькi адзiн Бог ведае ў гэтую хвiлiну адказ на пытанне: злачынца гэта цi няшчасная ахвяра злачынства? Будзем прасiць Бога, каб i мы зведалi гэтую праўду.

Брат Дыега дрыжаў, твар яго пашарэў. Дыега прыпаў да кален Вялiкага iнквiзiтара.

– Ойча мой, малю цябе, дазволь мне вярнуцца ў свой кляштар. Прызнаюся, уражаная рэўнасцю любоў мая змусiла мяне данесцi на гэтага чалавека, але адкуль я мог ведаць, што маё абвiнавачанне сягае аж так далёка? Занадта высока, ойча, узнёс ты мяне. Мяне палохае мiзэрнасць людской натуры. Дазволь мне быць сабою, ойча. Я малы чалавек, якi толькi ў цiшы i ў спакоi здолее служыць Богу.

Падрэ Тарквемада ўсклаў далонь на яго галаву.

– Што такое цiшыня i спакой?

– Не ведаю, ойча. Ведаю толькi, што мяне палохае велiч страшнага зла.

– I ты думаеш, што можна ўцячы ад таго, што ты ўжо зведаў?

– Ойча, ты найлепш ведаеш - тое, што я здолеў спазнаць, гэта толькi дробная часцiнка ўсёй праўды.

– I яе ты так баiшся?

– Завысока хочаш мяне, ойча, узнесцi.

– Праўды пра натуру людскую баiшся?

– Ойча мой!

– Няўжо табою кiруе страх перад гэтай праўдай. Боязь, што цалкам спазнаеш i ўразумееш i ахопiш людскiя злачынствы?

Брат Дыега пакутлiва паглядзеў на яго.

– Маеш рацыю, ойча. Сваёй нянавiсцi i пагарды да ўсяго я не баюся.

Поделиться с друзьями: