Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Князь уважліва паглядзеў на суразмоўца. Ён выказаўся, і цяпер яго цікавіла ўжо не справа, а яго аўтар.
Агледзеўшы Яна з галавы да ног і, відаць, застаўшыся задаволеным ім, ён прызнаўся:
— Здаецца, недарэмна я патраціў паўгода на тваё навучанне, з цябе павінен атрымацца сапраўдны майстар.
Ян нізка пакланіўся і адказаў:
— Ваша надзея на гэта — стымул для мяне. Не павярніся ўсё так, не зведаць мне і сапраўднай радасці. У знак удзячнасці за ўсё тое, што вы зрабілі для мяне, буду старацца яшчэ больш. Можаце быць упэўнены, ваша міласць. — І ён зноў пакланіўся.
— Ну што ж, твая вернасць толькі ўзвышае цябе, — сказаў князь. — Да сённяшняга дня ты быў галоўным складальнікам праекта. А сягоння я афіцыйна аб'яўляю цябе галоўным садоўнікам. Пагадзіся, не часта атрымоўваюць такі давер у дваццаць гадоў. З сённяшняга дня, будзь ласкавы, прымі справу і ўсіх, каго я накірую да цябе ў падначаленыя.
Ян не разгубіўся. Наадварот, распараджэнне князя дадало яму ўпэўненасці.
— Ваш новы парк, — сказаў ён, — будзе такім жа прыгожым, як і ўсе тыя лепшыя, якія бачыў я за час вучобы. Абяцаю вам, ваша міласць.
Князю было прыемна гэта чуць.
— Ты, здаецца, з маёнтка маёй пляменніцы? — нечакана спытаў ён.
— Так, з Кляціхі, ваша міласць, — з павагай адказаў Ян.
— Ну што ж. Ёй будзе прыемна даведацца, які варты ў яе слуга. Князь кіўнуў, даючы зразумець, што размова скончана.
Ян пакланіўся ў трэці раз і выйшаў. Усё той жа лакей праводзіў яго да параднай лесвіцы.
Калі Ян спусціўся да выхада, нехта дагнаў яго і крануўся пляча. Садоўнік азірнуўся. Перад ім стаяла служанка панны Марыі.
— Люцыйка! — з радасцю ўсклікнуў Ян.
Ён хацеў было звярнуцца да яе з пытаннямі, але дзяўчына нечакана прыставіла палец да вуснаў, даючы зразумець, каб ён маўчаў.
— Ідзі за мной, — чамусьці азіраючыся, ціха сказала яна.
— Што здарылася? — здзівіўся Ян.
— Ідзі і ні пра што не пытайся, — патрабавальна паўтарыла Люцыя.
Яна паспешліва накіравалася па калідоры. Ян следам пайшоў за ёй. Люцыя, азіраючыся і ўздрыгваючы ад нязначнага гуку, літаральна бегла. Яе хваляванне вельмі хутка перадалося садоўніку. Калі, нарэшце, яны апынуліся ў нейкім пакоі, Ян не вытрымаў і спытаў:
— Куды ты вядзеш мяне?.. Ты можаш растлумачыць? Мне дазволена бываць толькі ў бібліятэцы! Ты хочаш, каб у мяне былі непрыемнасці?
— Няўдзячны! — гучным шэптам адказала яму Люцыя. — Каб ты ведаў, куды я цябе вяду, ты б нёс мяне на руках!
— Не гавары загадкамі.
— Зараз усё будзеш ведаць. Я выконваю не сваю волю.
Яна падышла да дзвярэй пакоя і пастукала. Адразу ж шчоўкнула засаўка, дзверы адчыніліся, і на парозе перад Янам стаяла панна Марыя!.. Ад здзіўлення Ян застыў на месцы, і Люцыі давялося літаральна ўкінуць яго ў пакой пані…
Ян убачыў, як панна Марыя зачыніла дзверы на засаўку.
— Навошта?.. — спытаў ён, адчуваючы, што пачынае хвалявацца мацней ранейшага.
Але панна Марыя не адказала — не пачула, аб чым ён яе спытаў. Як ні рыхтавалася яна да гэтай сустрэчы, хвалявання свайго стрымаць не змагла. Цяпер, калі Ян быў побач, яно вырасла яшчэ больш. Усе апошнія дні і ночы, пасля таго як яна даведалася пра яго вяртанне, яна жыла мроямі. Часам яна магла яўна пачуць яго голас, убачыць яго твар і нават адчуць яго дотык. Ночы для яе сталі больш пакутлівымі: іншы раз яна гатова была крычаць, выклікаючы жаданага. У такія хвіліны ёй здавалася, што печ натоплена вельмі горача; яна круцілася ў ложку, змінаючы прасціну, але так і не знаходзіла зручнай позы. Яна ведала, была ўпэўнена, што толькі ён — яе жаданы — здольны быў вярнуць ёй сапраўдны спакой…
Панна Марыя прыблізілася да Яна. Гледзячы яму ў вочы, яна хацела ўбачыць у іх тое, што так хвалявала яе самую.
Ян баяўся паварушыцца. Час юнацкага пакланення для яго скончыўся. Ён бачыў панну Марыю ўжо іншымі вачыма. У яго нараджалася да яе новае, да гэтага незнаёмае яму пачуццё — больш глыбокае і патрабавальнае, чым ранейшае.
— Панна Марыя! — выклікнуў ён.
Яму хацелася так многа сказаць ёй: і аб тым, што ён пастаянна думае пра яе, і аб тым, што яму дрэнна спіцца. Але панначка закрыла яму рот далонькай. У расшыраных яе вачах чыталася чаканне шчасця. Яна палажыла яму на грудзі сваю галаву. Адчуўшы трапятанне яе цела, пачуўшы перарывістае дыханне, Ян узяў панначку на рукі — і пацалаваў. Яму захацелася выказаць ёй сваё нечаканае, дзіўнае пачуццё…
VIII
З некаторага часу жыццё панны Марыі атрымала невядомае дагэтуль зачараванне. Ян быў не проста яе марай, яе шчасцем, ён быў яе Богам. Яна думала пра яго пастаянна.
Сустракаліся яны не так часта. На тое былі свае прычыны. Але чаканне сустрэч і асабліва тайна, якою былі ахутаны гэтыя сустрэчы, рабілі іх каханне па-сапраўднаму ўзнёслым. Кожны з іх рызыкаваў. І калі панна Марыя рызыкавала гонарам, то Ян — сваім жыццём. Тым не менш, яны радаваліся жыццю, як двое матылькоў, якія толькі што пакінулі кукалку і адправіліся ў свой палёт да жаданага і ўсёпажыральнага агню. Блаславенне старога псаломшчыка бачылася ім важкай і дастатковай абаронай ад боскага гневу. Па сутнасці, яны будавалі сваё апраўданне на эфемерным, не маючым ніякай законнай сілы, падмане.
Сувязь іх варта было б назваць трагічнай. Калі б даведаліся пра іх сувязь князь і ўжо тым больш княгіня, то ніколі не даравалі б гэта нікому: ні ёй, ні яму. Але ўсё пакуль неяк абыходзілася. Аддадзеная Люцыя была прадбачлівая і асцярожная. Яна пільнавала, каб ніхто не даведаўся ў замку пра тое, што з некаторага часу адбываецца тут. Нават усёведныя слугі, фантазія якіх працавала лепш, чым іх вочы або слых, не здагадваліся ні аб чым.
Так прайшоў іх першы месяц. З надыходам сапраўднага цяпла панна Марыя зачасціла на Папову горку. Гэта было неасцярожна. Але і гэта не выклікала падазрэнняў, бо князь таксама штодзень бываў у парку, што будаваўся.
На пустэчы вакол Паповай горкі былі распачаты грандыёзныя земляныя работы. Сюды сагналі людзей з навакольных вёсак. Капалі канал, у асобных месцах рыхтавалі пад дрэвы ямы…
Будаўніцтва пачалося стыхійна. Ужо ў першы дзень садоўнікі выявілі, што не ўсё падрыхтавана да пачатку работы. Але з цягам часу праблемы вырашаліся. Мужыкі падвозілі і ўкладвалі камень. У тым месцы, дзе павінен быць вадаспад, — садзілі дрэвы. Ян ад усходу да заходу сонца знаходзіўся ў полі. Ён хадзіў з разгорнутым лістом праекта і падказваў, што і як рабіць. Часам яго суправаджала панна Марыя. Пры гэтым яна была перапоўнена гордасцю за любага. Ян заўсёды, яшчэ з дзяцінства, бачыўся ёй не такім, як усе. Яго адрознівала захопленасць. Ён заўсёды быў нечым заняты: рамонтам механізмаў млына, чытаннем ці ігрой на скрыпцы. У гэтым сэнсе ён зусім не змяніўся. Панна Марыя гатова была раўнаваць яго да ўсяго, нават да парка, што будаваўся. Асабліва яна раўнавала яго да ліста праекта, з якога яе каханы літаральна не зводзіў вачэй. Ёй хацелася, каб ён гаварыў з ёю не пра дрэнаж і выкід вады, а пра вясну, якая бушавала навокал, лашчыла сваёй цеплынёй, цвіценнем і араматамі, пра каханне, якое штодзень расло і квітнела. Але Ян быў непапраўны. І, дзіўна, за гэта яна кахала яго яшчэ мацней. Гэта быў перыяд яе поўнага шчасця.
Суправаджаючы Яна, панна Марыя часам забывала пра асцярожнасць. Міжволі яна пяшчотна ўсміхалася свайму каханаму. Калі ў Кляцісе падобныя ўсмешкі нікога не здзіўлялі, бо там ведалі сардэчнасць панначкі, то тут, на вачах ва ўсіх, яны выклікалі здзіўленне і, безумоўна, садзейнічалі нараджэнню розных слухаў.
Ян, які не губляў галавы пры любой сітуацыі, хутка заўважыў, што рабочыя паглядваюць на яго з недаразуменнем. І тады ён вырашыў пагаварыць з панначкай. Аднойчы, калі яны ішлі ўздоўж канала, што будаваўся, і панна Марыя на вачах ва ўсіх узяла яго пад руку, ён запрасіў яе ў дом: