Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чорны павой

Жук Александр Александрович

Шрифт:
Выбери меня, выбери меня, Птица счастья завтрашнего дня…

Не пераставаў, драўся саліст ансамбля, і яму падпявала, наступала на Туманоўскага, адкрыта пасміхалася маладая гладкая дзяўчына ў штанах у абцяжку і кофтачцы навыпуск. Яна гарцавала бадзёра і горача, як кабылка, якая пачула дарогу. І наступала на Туманоўскага. «Выбери меня, выбери меня…» Яна даставала Туманоўскага вялікімі грудзямі, і ён паціху хоць і падскокваў, але стараўся адступіцца. Дзяўчына не ўнімалася, напірала на яго, і ён заўважыў, што яе рука слізганула па кофтачцы і тая пачала расхіляцца. Краем вока Туманоўскі з жахам угледзеў, што натоўп расступіўся, што ён з дзяўчынай засталіся адны ў крузе і ўсе глядзяць на іх… Туманоўскі рвануўся бегчы…

— Іванка, а Іванка! Прачніся! Ці не захварэў ты? Калі Туманоўскі расплюшчыў вочы, яго штурхала ў плячо Вера.

— Хіба сасніў што? Гэтак стагнаў і крычаў.

— Ага, ага… Дзякуй, што пабудзіла. Туманоўскі ўсё яшчэ не мог ачомацца ад сну і не мог зразумець, што ён не на танцах, што ён у ложку і што пачынае ўжо світаць.

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

пра тое, як кончылася спакойнае жыццё інжынера Клімакіна.

«Жыгулі» мякка, па інерцыі, з'ехалі з дарогі і спыніліся ля высокага, шчыльнага дашчанага плота, пафарбаванага ў блакітны колер. Мужчына ў сетачцы-тэнісцы з кароткім рукавом і ў белых адпрасаваных штанах вылез з машыны, перайшоў на другі бок, выпусціў з машыны «бананавую» дзяўчыну ў празрыстай кофтачцы.

— Прашу!

Ён адчыніў варотцы, прапусціў дзяўчыну наперад. Яна адкінула льняныя лёгкія валасы, паправіла на носе вялікія акуляры.

Мужчына ішоў збоку, прытрымліваў дзяўчыну пад руку. Старэйшы за яе, але дагледжаны, гладкі і чысты з твару, з вялікім лысым загарэлым лобам. Доўгія валасы спадалі на плечы. Абвіслыя вусы пад цяперашніх модных эстраднікаў рабілі і яго падобным на іх. Шэрыя красоўкі ступалі лёгка.

Мужчына ішоў па-гаспадарску, упэўнена. Ля прычалаў ускінуў руку, прывітаўся:

— Прывет байцам падводнага фронту! Здароў, Толя! — ён персанальна паціснуў руку каржакаватаму, сухому, як таран, і жылістаму мужчыну ў шапачцы і ў плаўках. Ён загарэў да чарнаты, і далоні здаваліся ненатуральна белымі супраць усяго ягонага цела.

— Прывет, шэф, — мужчына хуткім, але пранізлівым, як рэнтген, позіркам акінуў дзяўчыну. Яна не збянтэжылася ягонага позірку.

— Як жывеш, стары? Даўно мы з табою не бачыліся.

— Нармальна.

— Медаль за выратаванне не зарабіў яшчэ? — усміхнуўся мужчына.

Толя нічога не адказаў, чакаў.

— Там мой запас яшчэ астаўся?

— Астаўся.

— Прынясі, калі ласка. Які мне?

— Бяры крайні,— кіўнуў Толя на крайні ля прычала катэр і пайшоў у будынак выратавальнай станцыі.

Мужчына прытрымліваў сваю сяброўку за локаць, правёў яе на прычал, раздзеўся, паклаў адзенне на карму, ускочыў у катэр сам. Дзяўчына следам за ім зняла модныя блакітныя штаны, падала руку кавалеру.

Вярнуўся з будынка Толя са спартыўнаю сумкаю, падаў мужчыну. Той моўчкі ўзяў і адразу ж завёў матор. Толя зняў з прычала вяроўку, кінуў мужчыну, паглядзеў услед катэру, які спаважна, ганарліва выходзіў на азёрную прастору і браў кірунак да астраўкоў, якія далёка абазначаліся на гарызонце. Потым Толя смачна плюнуў на ваду, усё роўна як услед катэру, і пайшоў пад стрэшку, дзе стаяў другі катэр з адкрытым маторам, у якім калупаўся малады хлопец.

— Каго ён праводзіў? — запыталася дакторка, якая сядзела ў белым халаціку ў шэзлонгу ў цяні пад грыбком.

— Каго? А, гэтага песняра лысага, — рыжы даўганогі аквалангіст адарваўся ад дэтэктыва, які ён запойна чытаў цэлы дзень, не звяртаючы ўвагі на тое, што дакторцы было сумна, што яна хацела пагаварыць.

— Гэта яго кліент. Толіка з другога курса за вялікія здольнасці…— аквалангіст красамоўна паказаў рукою. — А гэты давучыўся. Цяпер інжынер, экспарт вядзе, па заграніцах шастае…

— Гэта дачка яго?

— Гэтакіх дачок тут прайшло!..

— А як жа жонка?

— А нашто яму жонка?

Аквалангіст зноў скасавурыўся ў кнігу, але дакторка не спынялася:

— Да гэтага Толіка без фігі да носа не падлазь, а тут служыць, як сабачка ў цырку.

— Тут нос яшчэ вышэйшы, не з Толікаваю фігаю лезці. За адну такую прагуляначку на астравок Толік мае чырвонец. Куды тут да гонару.

Аквалангіст зноў чытаў свой дэтэктыў, і дакторка з сумам уздыхнула, паглядзела ўслед катэру, які ўжо быў далёка ад будынка выратавальнай станцыі.

Арнольд Восіпавіч Клімакін накінуў на сябе халат, захінуўся ў яго, зазірнуў у люстра. Валасы скамячыліся, і твар быў нейкі пакамечаны і запухлы. Клімакін паморшчыўся, узяў расчоску, расчасаў валасы, якія клаліся на каўнер і на плечы, і тады лысіна высвечвалася па-прафесарску салідна.

Клімакін азірнуўся на ложак. Новая знаёмая спала раскрыўшыся, з прыадкрытым ротам, і Клімакін паморшчыўся — яна многа піла. Пакідаць на ноч яе ён не хацеў.

Клімакін выйшаў на двор, спаласнуўся вадой да пояса, расцерся ручніком, адзеўся, схадзіў на кухню, паставіў каву.

— Пад'ём, мая дарагая, — патрос за плячо дзяўчыну.

Спрасонку яна пацягнулася да Клімакіна. Ад яе дыхнула перагарам, Клімакін адвярнуўся, штурхануў мацней.

— Пад'ём. Пара ехаць, красотка!

— Куды ехаць?

— Мяне на работу вызываюць. Прыехалі з-за мяжы, сустракаць трэба.

— Ну і едзь! Я цябе тут дачакаюся!

Дзяўчына капрызна завярнулася, паспрабавала зашыцца пад коўдру. Клімакін нібыта жартам, але дабравата прыклаўся далонню ніжэй спіны.

— Уставай, а то, пакуль дажджэшся мяне, памрэш з голаду.

Ён узяў дзяўчыну за руку. Клімакін ведаў такіх. Ад іх потым, як ад кошак, не адагнацца. Ён умеў адкарасквацца.

— Мне там трэба будзе памагаць. Пазнаёмлю цябе з імі. Ты ніколі не сустракала замежных? Во, пабудзеш і паглядзіш. Варушыся, цялушачка!

«Цялушачка» заварушылася. Клімакін скоса пазіраў на яе. Яна ўжо не падабалася яму. Сапраўды, вясковая цялушачка, як бы ні адзявалася ў самыя модныя «шмоткі», на якія пруць ёй грошы з вёскі, думаючы, што тут дачка «выбілася ў людзі». На такіх у Клімакіна было вока, і браў ён іх проста, з ходу.

У прыцемках Клімакін знарок даўгавата пятляў па вулачках садова-агародніцкага таварыства. Домікі тут былі амаль усе аднолькавыя, вулачкі таксама. Ягоны нічым не вылучаўся.

У горадзе Клімакін таксама зрабіў кругаля, каб ягоная паненка, якая ўсё шабуршылася побач і расчэсвала валасы — рыхтавалася да сустрэчы з замежнымі гасцямі,— не надта і запомніла, у якім напрамку ад горада дача.

Поделиться с друзьями: