Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чорны павой

Жук Александр Александрович

Шрифт:

Жанчына зычліва ўсміхалася. Яна была ненамнога старэйшая за Раісу Міхайлаўну, але з яе жыццё забрала шмат сілы і здароўя — жанчына і не састарэла, а завяла дачасна, як вянуць расліны, зусім яшчэ нядаўна зялёныя і свежыя.

Кватэра была чысценькая, акуратна прыбрана, абстаўлена ардынарнаю шырпатрэбаўскаю мэбляй. З-за гэтай чысціні і сціпласці праглядвала беднасць.

— Алёна ў тым пакоі жыве, з дачкой. А я тут, у зале, — паказала жанчына на суседні пакой, у які з зальчыка вялі дзверы. Раіса Міхайлаўна ведала гэтыя пакойчыкі, вузкія, як пеналы.

— Вы сядайце, — жанчына паказала на канапу, сама прысела на крэсла.

— Дзякуй, я ненадоўга. Як Алёна тут?

— Знаеце, добрая, спакойная дзеўчына. Не тое што як цяперашнія многія і з хлопцамі цягаюцца, і выпіваюць, і кураць. Не, яна акуратная. Нічога на яе не скажаш. Да яе ў мяне дзве былі, от тыя што датваралі! І ў хлопцаў прападалі, і сюды прыводзілі. Пакуль я на работу, яны сюды. Адправіла я іх. У мяне свая дзеўка ўжо вырасла.

— А дзе сёння Алёна, чаму ў яе выхадны?

— Яны ж у гэтым бары мяняюцца па днях неяк… Яна часта ў гэтае свае зямлячкі, што яе на работу да сябе ўзяла, бывае. І начуе там. Звоніць нам, праўда, каб я тут не хвалявалася.

— Зямлячка? Адрас яе вы не знаеце?

— Чаму ж, тут Алёна і тэлефон запісала, і адрас. Жанчына ўзяла ў прыхожай з тэлефоннай палічкі

звычайны блакноцік у кардонных вокладках, пагартала яго.

— Во, зараз я запішу вам.

Яна зайшла ў другі пакой, вярнулася адтуль з лістком з вучнёўскага сшытка, падала яго Раісе Міхайлаўне.

— Яна добра ўстроілася. І зарабляе добра, а калі яшчэ гэтая зямлячка яе ўстроіць за прылавак, то і саўсім добра будзе.

— Вы толькі з дачкой жывяце?

— З дачкой, — жанчына зразумела, што мела на ўвазе Раіса Міхайлаўна. — Піў мой многа. Змучыў і мяне, састарэла, ссівела за ім. Развялася, дачку пашкадавала, што свету божага за нашымі сваркамі бачыць не будзе. І ваш таксама піў? Алёна казала, што і вы развяліся.

— Развяліся. Бывайце здаровы, — развіталася Раіса Міхайлаўна.

— Можа, пазваніце Алёне, калі яна там, то яна прыедзе.

— Дзякуй, не трэба. Я на машыне. Заеду па яе, — Раіса Міхайлаўна сказала ўпэўнена, хаця сама нічога не разумела: пра які бар гаварыла жанчына, пра які прылавак, ды і пра зямлячку яна не ведала нічога.

Раіса Міхайлаўна ведала, што Алёна ўладкавалася аператарам на вылічальных машынах, што завочна яна вучыцца ў тэхнікуме. Сястрычкай яна не надта цікавілася, але чула, пра што гаварылі бацькі.

Праз паўгадзіны яна знайшла невялікі з двума пад'ездамі двухпавярховы домік, які неяк сарамліва схавалі за свае плечы сучасныя блочныя, дзевяціпавярховыя ўздоўж вуліцы. На другім паверсе было толькі двое дзвярэй.

— Ой, Рая, як ты мяне найшла? — Алёна зарадавалася і адначасна разгубілася, стаяла ў дзвярах. За ёй у прыхожай плыло, кружылася блакітнае, у ружовыя плямы святло.

— Дзень добры, сястрычка. Можа, упусціш усё ж

мяне?

— Ой, заходзь! Валя, сястра мая прыехала. Я табе

расказвала пра яе.

У прыхожую зайшла і павіталася з Раісай Міхайлаўнай маладая жанчына. Яна акінула госцю з ног да галавы хуткім позіркам, ацаніла і нібы параўняла з сабой. Раіса Міхайлаўна таксама ацаніла гаспадыню — яна была маладзейшая.

— Заходзьце.

Пакой засланы вялізным дываном. Імпартная «сценка», за шклом крышталёвы посуд. Мяккая канапа, крэслы, тэлевізар, імпартны магнітафон і ліхтары святламузыкі. І люстра, і шторы на вокнах — усё на сваіх месцах. Адчуваўся густ і дастатак.

Пасярод дывана стаяў пыласос, і Алёна хуценька адсунула яго ў кут.

— Адкуль ты, Рая?

— Табе маці нічога не пісала?

— Не.

— Сёння атрымала тэлеграму. Бацька ў бальніцы, маці сама хворая.

— Не, я нічога не ведаю.

— Я на два-тры дні адпрасілася на рабоце. А хто там будзе глядзець старых, не прыдумаю. Ты яшчэ не брала водпуск?

— Не-не.

Алёна пакруціла галавой і паглядзела на гаспадыню.

— Ты можаш паехаць. Фролаўна паходзіць за цябе на работу, а грошы тады аддасі, яна яшчэ і рада будзе.

— Ой, як добра, Валя! Рая, ты на машыне?

— На машыне.

— Тады паехалі! Ты тут, Валя, дагаворышся.

— Дагаваруся. Вы з дарогі, можа, кавы вып'еце? Я хутка, — Валя не магла не запрасіць Раісу Міхайлаўну.

— Дзякуй, іншы раз як-небудзь. Сёння мала часу.

— Рада буду бачыць. Я тут сама кончу, — кіўнула Валя на пыласос і гэтым нібыта канчаткова дазваляла Алёне пайсці.

Калі садзіліся ў машыну, Раіса Міхайлаўна заўважыла, што гаспадыня выйшла на балкон, Алёна бадзёра махнула ёй рукой.

У машыне Раіса Міхайлаўна паглядзела на сястру.

— Мне трэба заехаць дадому, сабрацца.

— А тут што ты робіш? Чаго ты тут прыбірала? Алёна замялася.

— І пра які гэта бар гаварыла твая гаспадыня? Алёна зачырванелася.

— Знаеш, Раечка, ты толькі дома не кажы нічога. Ні ў які тэхнікум я не паступіла. І на работу, думаеш, так проста без прапіскі! А тут Валя, яна з Сінілава сама. Барменшаю робіць у бары. Прапісала мяне. Пакуль што да сябе на работу ўзяла.

— Кім?

— Ну, пасуду прыбраць, сталы.

— Ясна, сястрычка!

— А што табе ясна? Думаеш, я там, як прыбіральшчыца якая? Тут я не тое, што тая аператарша на ІВЦ. а больш, чым інжынер, зарабляю! Дома, канечне, не скажаш, засмяюць. Валя абяцала мяне ўстроіць таксама барменшаю, праўда, трэба сунуць таму-сяму.

— Ну, сястрычка, не думала. Барменша-то барменша, але які-небудзь тэхнікум не памяшаў бы. Не за плячыма насіць…

Раіса Міхайлаўна недзе згаджалася з сястрою — ад навукі і ад дыплома вялікага заработку не займееш. Яе заела, што сястра гэтак сумела змоўчаць і вырашыць, ні словам не абазвалася пра сваё рашэнне.

— Ладна, там не да нас з табой. Як я зразумела, ты можаш пабыць дома колькі трэба? Бо мне на работу.

— Магу, ты ж чула, што Валя сказала.

— Гэта добра.

— А што там з бацькам? Ён жа здаровы быў, не хварэў, рабіў работу.

— Не знаю, прыедзем, паглядзім… Адвячоркам на двор старое Міхаліхі заехалі запыленыя шэрыя «Жыгулі».

Раіса Міхайлаўна ўздыхнула з палёгкай, выпрасталася, памахала рукамі. Пасля паездкі па гравійцы машына ўсярэдзіне пакрылася лёгенькім налётам пылу. І сама яна запылілася і адчувала пыл, як непрыемную пудру, на шыі, на руках.

Поделиться с друзьями: