Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Шмат рамантычнага па маладосьцi, а таксама драматычнага зьвязанае ў мяне зь мяжой. У Кублiчах побач са школай была памежная камэндатура, каля школьнага двара — канюшня i цiр цi стрэльбiшча, дзе памежнае начальства страляла з рэвальвераў. Па дарозе ў школу i са школы можна было бачыць памежнiкаў, якiя ўсё кудысь ехалi — конна, групамi, па два, зь вiнтоўкамi i шашкамi, у прыгожых, скрыпучых сёдлах. Камандзiры жылi ў мястэчку, а iх жонкi-настаўнiцы вучылi нас у школе. Памежнiкi часам паказвалi кiно ў вёсках, былi як бы шэфы. На нейкае сьвята на местачковай плошчы наладжвалi джыгiтоўку — на конях, шашкамi «секлi лазу». Усё тое было цiкава. А ўлетку купалi коней на Камароўскiм возеры, мы памагалi. Не абыходзiлася, канешне, i без драматычных падзеяў. Памятаю, неяк узiмку прымчалася начальства, усiх мужыкоў выгналi ў засады — пiльнаваць парушальнiкаў мяжы, i тыя дзень i ноч сядзелi ў кустоўi, каб падаць сiгнал, калi заўважаць каго. У канцы 20-х — пачатку 30-х з Польшчы на гэты бок iшло нямала народу, у асноўным моладзi, пасьля вядомага разгрому кампартыi i камсамолу. Хлопцы iшлi вясёлыя, нават з гармонiкамi, — як жа, вырвалiся з-пад панскага гнёту ў новы сьвет. Мы бачылi, як iх ранкам вялi з заставаў у камэндатуру, i яны пасьмiхалiся. А пасьля, як ужо мы iшлi са школы, iх на аўтамашынах везьлi далей, i рукi iх былi закладзеныя назад цi, можа, зьвязаныя, i яны не пасьмiхалiся. Аднойчы на мяжы нехта забiў пагранiчнiка, i яго хавалi ўсiм раёнам на кiрмашовай плошчы ў Кублiчах. Як цяпер разумею, забiлi таго не абавязкова палякi цi пару шальнiкi, а зусiм магчыма — свае ў мэтах правакацыi, як гэта яны здаўна рабiлi. Усё тое афарбоўвала дзяцiнства ў часам ненатуральныя, звыродлiвыя колеры. Асаблiва калi мець на ўвазе некаторыя наступныя падзеi…
Школа ў вёсцы арганiзавалася на мяжы 30-х гадоў, сьпярша гэта была пачатковая школка ў сялянскай хаце. Хата тая i дасюль стаiць, пасьля вайны ў ёй жыў мой брат Мiкола. А тады гаспадары проста перасялiлiся ў трысьцен, а большы пакой аддалi пад школу. Там паставiлi два даўгiя сталы i сабралi чалавек пятнаццаць вясковай драбнаты. Настаўнiкам быў Антон Васiльевiч Аўласенка зь вёскi Дарошкавiчы. Дарэчы, ягоная дачка жыве ў Менску, замужам за старэйшым Машэравым. Сталася так, што ўсе мае сябры былi старэйшыя за мяне i пайшлi ў школу раней, амне толькi шэсьць год. Сяджу адзiн дома, а ў школе штось адбываецца цiкавае, i я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку i павёў да настаўнiка. Пагаварыў зь iм, i Антон Васiльевiч кажа: хай ходзiць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, зь якiм я хадзiў на возера, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацiнку, уставiў туды пяро. I пачаў я вучыцца.
Вiдаць, да гэтага часу (а можа, трохi раней) адносiцца маё знаёмства з мастацкай лiтаратурай. Яшчэ чытаць ня ўмеў, i першы мастацкi твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакамiты «Гой» Мiхася Лынькова («I плакала Рыва…»). А ў школе неяк прынёс настаўнiк некалькi дзiцячых кнiжак, пачаў раздаваць для чытаньня — на табе, на табе… Мне дасталася тоненькая кнiжачка, казка «Царэўна-лягушка», а Валодзю — «Канёк-гарбунок». Гэта была мая першая школьная крыўда: не хацеў я чытаць пра «лягушку» — хацеў пра каня-гарбунка. Абдзялiў лёс на першым этапе. У другую клясу пайшоў ужо ў iншую вёску — у Двор-Слабодку. Гэта трошкi далей, але школа там была лепшая, у былой панскай сядзiбе. Пад школу адвялi палову панскага дома з вэрандай, кафлянай грубкай i вялiкiмi вокнамi. Вучыў нас малады настаўнiк Сьцяпан Рыгоравiч Троцкi, а таксама ягоны калега Крацёнак. Першы цяпер на пэнсii, доўга працаваў у Браславе. Тады быў вясёлы, нязлы, мы яго любiлi. Ён вучыў, здаецца, адну зiму. Пасьля прыйшоў iншы — Сяргей Сьцяпанавiч Новiкаў, паходжаньнем з нашае вёскi. Гэты ўжо быў супрацьлегласьць ранейшаму, — даволi строгi чалавек, парцеец, ён арганiзоўваў калгасы ў нашай акрузе i загiнуў у партызанах, у час знакамiтага разгрому, названага пасьля «прарывам». У яго была свая, партыйная сiстэма навучаньня: вельмi ён напiраў не на мову цi арыфмэтыку, а на грамадазнаўства, на гiсторыю таксама. У пакоi, дзе мы вучылiся, было дзьве клясы — два шэрагi партаў. Калi ў адной клясе iшоў вусны ўрок, дык у iншай — пiсьмовы, значыць, самастойны. Ды бывала так, што я свае задачы хуценька парашаю i сяджу, слухаю, пра што iдзе гаворка ў старэйшай клясе. Неяк сталася, што некалькi разоў, калi там нiхто ня мог адказаць на нейкае пытаньне настаўнiка (памятаю, нешта пра Парыжскую камуну), дык я паднiмаю руку, i Сяргей Сьцяпанавiч мяне выклiкае, а пасьля сарамацiць старэйшых за тое, што яны ня ведаюць. Вось так я паактыў нiчаў пару разоў, i настаўнiк кажа: няма чаго табе там сядзець, перабiрайся сюды. Так сярод зiмы ён перавёў мяне ў чацьвертую клясу. Хаця тое мне не пайшло на карысьць. Бо скончыў я чатыры клясы ў дзесяць год, а што далей? Сярэдняя школа ў Кублiчах, за тры кiлямэтры, дык бацька i кажа: «Куды табе, малому, далёка хадзiць? Хадзi зноў у Слабодку». I пайшоў я зноў у чацьвертую клясу, абы вучыцца. Значыць, у трэцюю клясу хадзiў паўгода, а ў чацьвертую — два гады. Пасьля пайшоў у Кублiчы, дзе была сярэдняя школа i куды хадзiлi хлопцы i дзяўчаты з усяе акругi.
Калi замярзала балота, у школу хадзiлi наўпрасткi — па алешнiку, цераз пагорак i далей на балота. Там трэба было абысьцi хамлачок алешнiку з дрыгвянiстай асакой, перабрацца цераз зарослую аерам рачулку i ўскараскацца на крутаваты схiл перад Кублiчамi. Шлях быў цяжкi, але цiкавы: на балоце траплялiся зайцы, можна было спугнуць курапатак у асацэ. Аднойчы ў зiмовых прыцемках мне трапiўся воўк, нейкi час мы зь iм iшлi ў адным накiрунку, я — па сьцежцы, а ён зводдаль па цалiку. Пасьля разышлiся — кожны сваёй дарогай.
На балоце перад школай разьлеглася невялiкае азярко, недаступнае ўлетку, затое дужа цiкавае восеньню, як пакрыецца тонкiм празрыстым лёдам. Там можна было пакоў зацца ўранку, дасьледаваць, што на неглыбокiм тванiстым дне. На дне дзе-нiдзе, ледзьве варушачы плаўнiкамi, драмалi язi ды шчупакi. Варта было прадзяўбсьцi пацiху невялiчкую палонку i скiраваць на рыбiну зробленыя з тоўстага дроту восьцi, як тая рабiлася тваёй хвалюючай здабычай. Тым звычайна займалiся некаторыя старэйшыя хлопцы, малым дазвалялася хiба паназiраць зблiзку.
Прынялi ў пiянэры, выдалi чырвоныя гальштукi з прыгожымi мэталiчнымi зашпiлькамi, якiя нам дужа падабалiся. Болей за гальштукi. Але бабы ў вёсцы сьмяялiся, а некаторыя i лаялiся, казалi: бязбожнiкi. Дык мы да Кублiч гальштукi хавалi ў кiшанях, зашпiльваючы на паваротцы да школы. Пасьля заняткаў там жа зьнiмалi.
У Кублiчах, як у кожным беларускiм мястэчку, тады было шмат яўрэйскiх дзяцей, зь якiмi мы разам i вучылiся, i сябравалi. У нашай клясе палова вучняў былi яўрэйскiя рабяты. Я сябраваў з братамi Сьвярдловымi — Мэерам i Лейбам. Мэер быў старэйшы, iшоў на дзьве клясы наперадзе, а зь Лейбам мы хадзiлi ў адну клясу. Загiнуў мой Лейба-Лёва ў 41-м годзе, расстраляны разам з усiмi кублiцкiмi яўрэямi ў Вушачы, а Мэер жыў у Маскве, працаваў на нейкай паштовай скрынцы. Неяк прыязджаў у Менск, i мы разам езьдзiлi ў мястэчка нашага маленства, дзе не засталося i сьледу ад хаты Сьвярдловых. Ды i наогул мала што засталося ад Кублiчаў — усё пабамбiлi, папалiлi, панiшчылi ў вайну… А колiсь гэта было слаўнае старажытнае мястэчка, пазначанае на картах XVI стагодзьдзя, з праваслаўнай царквой (былой унiяцкай), у якой мяне хрысьцiлi i дзе я пазнаў першае прычасьце. У Кублiчах нарадзiўся Вярыга-Дарэўскi, вядомы лiтаратар, удзельнiк паўстаньня Кастуся Калiноўскага. Была таксама сiнагога, школа i нават пажарня побач з царквой, аптэка, кузьня. Галоўнае месца, аднак, ля кiрмашовай плошчы займаў чырвоны цагляны будынак межавой камендатуры. Сьпярша ён проста прымыкаў да плошчы, затым яго абгарадзiлi высокiм дашчатым плотам з колам на рагу — у выглядзе турэлi, да якой прыладзiлi ручны кулямёт. У 30-я гады пабудавалi новую, неблагую школу, але садралi крыжы з царкоўных купалоў, каб тыя нельга было згледзець з-за мяжы, бо ж — арыенцiры для «мiравой буржуазii», якая толькi i цiкуе, каб разбурыць Кублiчы. Але бурыць iх пачалi самi. Усё царкоўнае майно сканфiскавалi або проста расьцягалi ваяўнiчыя атэiсты, якiмi абавязаны былi быць усе пiянэры, камсамольцы, бальшавiкi, настаўнiкi i актывiсты. I мы пiянэры-актывiсты, цягалi з царквы i дралi старажытныя фалiянты, клеiлi з царкоўных рукапiсных пэргамэнтаў папяровых зьмеяў, якiя запускалi ў ветраныя днi. З царкоўных жа рызаў раённы быткамбiнат пашыў цюбіцейкi, у якiх шмат гадоў хадзiлi ўлетку нашыя хлопцы. У першы год вайны ўсё яўрэйскае насельнiцтва акупанты выгналi ў Вушачу i расстралялi ля могiлак. Перад вызваленьнем Кублiчы былi ўшчэнт разбамбаваны i спалены. Цяпер гэта захудалая вёска зь некалькiмi сiлiкатнымi будынiнамi на пачатку.
Так, рэлiгiйна-хрысьцiянскiя традыцыi марнелi, цэрквы, касьцёлы зачынялiся, сьвятароў саджалi. Але заставалася прывабнасьць старажытных традыцыяў — Калядаў, Дзядоў, Купальля. Асаблiва Купальля. У ноч на 7 лiпеня вясковая моладзь, якой тады было куды больш, чым цяпер, ладзiла смаляное кола цi якую дзягцярную карчашку i на пагорку за хатай Галавачоў запальвала яе на высока ўзьнятай жардзiне. I тут жа ўсе разьбягалiся, хто куды. Неўзабаве з Кублiч скакаў конны памежны нарад, скiдваў i тушыў тую карчашку. Памежнiкi лаялiся — палiць агонь на Купальле забаранялася. Чаму? Таму! — быў лаканiчны адказ.
За лесам (парасьнiкамi) знаходзiлася яшчэ адно мястэчка — Селiшчы. То ўжо быў каталiцкi цэнтар рэгiёну — зь вялiкiм касьцёлам, кляштарам, крытым блiскучай белаю бляхай, якая была вiдаць аж з нашага поля. Там круглы год зелянелi хвоi на каталiцкiх могiлках з дужа файнымi мармуровымi помнiкамi i надпiсамi лацiнкай. У сярэдзiне могiлак мiж хвояў высiлася белая мармуровая скульптура анёла-дзяўчыны — вядома ж, на магiле памерлай. Мы дужа баялiся таго помнiка, ня ведаю чаму. Цяпер Селiшчы — таксама захудалая вёска з пабураным касьцёлам i бязладнымi могiлкамi.
Кублiчы да вайны былi сельсавецкiм цэнтрам, а Вушача — раённым. У маiм тагачасным уяўленьнi то было ўжо горадам, далёкiм i зманлiвым — з клубам, сталоўкамi i нават кнiгарняй. У кнiгарнi вiсела знакамiтая карцiна Зайцава (рэпрадукцыя, вядома) — «Чапаеў на канi», — у бурцы, з апушчанай блiскучаю шабляй. Захапляла натуральна выпiсанае неба (тады яшчэ гэтак умелi) з прыгожымi аблокамi, i я, зрэдчас бываючы ў Вушачы, заходзiў у кнiгарню палюбавацца на Чапаева.
Але Кублiчы… Як я ўжо казаў, тут была новая, драўляная школа са сьветлымi клясамi, фiзкультурнай пляцоўкай побач. I, канешне, з новымi настаўнiкамi. Рускую мову i лiтаратуру выкладала Клаўдзя Якаўлеўна Пашута, маладзенькая дзяўчына, якая толькi што прыехала з Полацкага педтэхнiкуму. Мы любiлi яе проста за маладосьць, хоць i настаўнiца яна была неблагая. I ўсё ж беларускiм дзецям руская мова давалася няпроста, асаблiва дыктанты, усялякiя сачыненьнi. Я ж пад той час захапляўся кнiжкамi, абыякiмi — рускiмi цi беларускiмi, — таму i руская мова ў мяне iшла без асаблiвых праблемаў. Беларускую мову выкладаў Андрэй Дзям’янавiч Курчанка — змрачнаваты чалавек, даволi строгi настаўнiк. Трэба сказаць, ён выдатна ведаў сваю справу, i, паколькi быў строгi, усе мусiлi сур’ёзна вучыць беларускую мову. Ну а мне яна давалася проста, можа, таксама дзякуючы таму, што i я пабойваўся Андрэя Дзям’янавiча. Хаця ён выклiкаў мяне рэдка i нiколi не даваў адказаць да канца. Толькi я пачынаў, як ён казаў: сядай! I ставiў пяць. (Цi — «выдатна», я ўжо забыўся, якiя адзнакi тады былi. Сыстэма ж адукацыi ў нас пэрманэнтна мяняецца.) Як бы там нi было, беларускую граматыку я надоўга засвоiў (ведама ж, наркамаўку) i, можа, толькi цяпер пачынаю забываць. А яшчэ быў настаўнiк Красiнцаў, якi выкладаў фiзыку, гiсторык i географ Жырноў. Гэта таксама былi слаўныя настаўнiкi, сьветлая iм памяць.
У тыя гады я ўжо захапiўся чытаньнем. Але дзе браць кнiгi? Канешне, у школьнай бiблiятэцы, якая была ня дужа багатая, ды ўсё ж клясыка ў ёй знаходзiлася, i беларуская i руская, i што-нiшто з сусьветнай. Найперш прыгоднiцкая лiтаратура — ад Жуль Вэрна да нашага Янкi Маўра6, кнiгi якога я вельмi любiў. Дужа папулярную на той час «Як гартавалася сталь» чыталi па чарзе ўсёй школай. Аднойчы я захварэў i доўга не хадзiў у школу, затое чытаў, i перачытаў усё, што было ў Слабодскай школе, а гэта пераважна руская клясыка. Тады ж адолеў «Вайну i мiр», тры тамы «Цiхага Дону», шмат што з Ганчарова, Тургенева, а таксама Зарэцкага, Гартнага, Галавача. Доўга нiдзе ня мог дастаць коласаўскую «Дрыгву», пра якую дазнаўся са школьнай граматыкi. Дык падпiльнаваў, як яна паявiлася ў нарыхтоўчай краме ў Селiшчах. Але ж дзе было ўзяць грошы? Звычайна летняй парой дзецi дралi лыка лазы, крушыны, усё тое сушылi на сонцы i здавалi ў нарыхтоўчыя канторы. Чарговы раз занёсшы ладны бярэмак кары ў Гушчынскую Слабодку, я займеў магчымасьць купiць «Дрыгву». Як усё тое было прачытана, iшло паляваньне на кнiжкi па сябрах i знаёмых. Скажам, дачуўшыся, што ў кагосьцi ёсьць якiя незнаёмыя кнiжкi, я прасiў даць пачытаць. На два днi, на адну ноч. Памятаю, з намi ў школе вучыўся Баброўскi, здаецца, зь вёскi Чамярычына. Ягоны бацька цi дзед былi настаўнiкамi яшчэ за царскiм часам, i пасьля iх застаўся сундук з кнiжкамi. Во гэта быў скарб! Баброўскi прыносiў мне кнiжкi ў школу, я да яго бегаў па кнiжкi i ўлетку. Чытаў пераважна выданьнi XIX стагодзьдзя — Мамiна-Сiбiрака, Караленку, Станюковiча, Памялоўскага, некалькi раманаў Шэльлера-Мiхайлава ды iншых. У яго ж неяк знайшоў рэдкую па тым часе кнiгу Жуль Верна «Из пушки на луну», якая мне дужа спадабалася. Дазнаўшыся, што на беларускай мове яе няма, я сам пераклаў яе з расейскай, паслаў у Менск у газэту «Піянэр Беларусi», каб там надрукавалi i пазнаёмiлi беларускiх дзяцей з гэтым творам. Канешне, тое было наiўна, але кнiжны сьвет ужо звыкла стаў для мяне ня меней значны за рэальны. У дзiцячыя гады адбывалася нейкае душэўнае фармаваньне, можа, болей важнае за ўплывы рэальнага сьвету…
Паэзiя, у тым лiку i расейская клясыка, мала краналi. Трохi пазьней, у юнацтве, пачаў падабацца Лермантаў. I я зразумеў, чаму, калi пасьля вайны прачытаў у Бунiна, што Лермантаў, а зусiм ня Пушкiн — першы паэт Расеi.
Некалькi год у школе я сядзеў за адной партай з Шуркам Андрэйчыкам. То быў цiхманы, задуменны хлапец, добра вучыўся па матэматыцы. Лепш за мяне. Але я лепей пiсаў дыктоўкi i сачыненьнi. Тады мы стварылi пэўную каапэрацыю i памагалi адзiн аднаму: ён мне па матэматыцы, а я яму па мовах. Зь цягам часу я зусiм занахабнiчаў i на ўроках матэматыкi чытаў пад партаю кнiжкi. Так доўжылася, аж пакуль дырэктар Сьлiмборскi, ён жа выкладчык матэматыкi, мяне не злавiў i не паставiў двойку. Мусiў выпраўляцца. Было сорамна, бо па астатнiх прадметах меў адны пяцёркi.