Доўгая дарога дадому
Шрифт:
З баямi мы займалi вялiкiя i малыя сёлы, iшлi далей. А ў гэты час ззаду, у занятых сёлах пачыналi дзейнiчаць тылавыя службы, штабы i палявыя ваенкаматы. Гэтыя зьбiралi ўсiх, хто там сядзеў з 41-га. Такiх набiралася нават зашмат, — партызанаў жа там не было, усе дома. Найперш зьбяруць у стэпе вiнтоўкi, што засталiся каля забiтых-параненых.
Забiтых яшчэ не пахавалi, а iхнiмi вiнтоўкамi ўжо ўзбройваюць прызыўнiкоў. Абмундзiроўкi няма, i яны так, у хатняй апратцы, зь «сiдарамi» за сьпiнай iдуць у ланцуг — атакаваць суседняе сяло. Няшмат, аднак, даходзiць да таго сяла. Тады пачынаецца ўсё спачатку.
З камандзiрамi тое ж самае, кадравых мала. У нас у роце было толькi два афiцэры — я i камандзiр роты. Тады людзей на ўзводы нават не дзялiлi, не было каго. Добра, калi пiсар пасьпее перапiсаць прозьвiшчы, а то iдуць безыменнымi. I гiнуць. Таму столькi ў нас цяпер «неизвестных солдат», «пропавших без вести». Такi быў улiк. У пяхоце не было нiякага ўлiку. Во кулямёты ўлiчвалi, гарматы, танкi. Нават снарады начальства лiчыла, бо за iх адказнасьць мела. А за людзей адказваў адзiн Гасподзь Бог…
Новы, 1944 год сустрэў пад сьцiртай у засьнежаным полi. Як пацямнела, бой стаў сьцiхаць, — немцы таксама хацелi сустрэць навагодзьдзе. Старшына прынёс вячэру — пярловы суп. Той, хоць i пляскаўся ў тэрмасе, але даўно прастыў i быў сьцюдзёны. Хлеб дык i наогул зьмерзлы — секлi нямецкiм штыхом. Але нам, тром афiцэрам, менавiта пад новы год выдалi доппаёк — па жменi сухога пячэньня i баначку шпротаў на трох. Жуючы з кiшаня тое пячэньне, я i задрамаў пад сьцiртай, не дачакаўшыся запаветнага часу зьмены году.
А недзе на золку паднялi — батальён рушыў у наступ. Немцы джгалi трасiруючымi зь недалёкага сяла, адкуль iх належала выбiць. На той раз ня выбiлi — залеглi ў голым полi.
Звычайна немцы не любiлi блiжняга, як ён называецца, бою i нiшчылi агнём здаля. Наконт агню яны былi майстры, нiчога ня скажаш. Гэта ў нас вучылi салдатаў зь iхнiх састарэлых «драгунак», якiмi нас угаворвалi ганарыцца, рабiць 6–8 стрэлаў у хвiлiну, што было абсалютным глупствам. Немцы сеялi з аўтаматаў колькi маглi, а iхнi кулямёт МГ-42 рабiў 1000 стрэлаў у хвiлiну. Iхнiя мiнамётчыкi ўмелi навесiць па 12 мiнаў у паветра. Гэта значыць, першая яшчэ не ўзарвалася, а ўжо вылецела дванаццатая. Натуральна, што ў такiм шквале агню доўга не выжывеш. Празь дзень-другi — або ў земаддзел, або ў здраўаддзел, як сумна жартавалi салдаты. У нас з агнём было куды горш, заўжды не хапала боепрыпасаў. Нават у шараговага байца, калi ён страляў у баi. Тое, што было з сабой (у падсумках цi магазынах), можна было расстраляць за некалькi хвiлiнаў.
Зноў жа [ — ] куды байцу ўзяць болей патронаў? Хiба за пазуху, у кiшанi. Немцы для тае мэты скарыстоўвалi боты з шырокiмi халявамi, у якiя напiхвалi магазынаў. Нашыя ж дыскi ў боты не запiхнеш. Ды й боты не такiя, з вузкiмi халявамi, а ў байцоў спрэс абмоткi. Таму на полi, у ланцугу, пяхота не страляла, эканомiла для бою ў сяле. Меркавалася, што там, сярод хатаў, можна прымянiць штыхмаладзец, бо куля — дура, як вучыў «вялiкi Сувораў». Але немцы не падпушчалi блiзка, яны нiшчылi нас у полi градам куль i асколкаў. Таму наш штыхавы бой, якому дужа вучылi салдатаў i афiцэраў, практычна ў вайну не прымяняў ся. (Таксама, дарэчы, як i процiгазавыя сумкi, якiя марна цягалi да самай перамогi.) Славутыя «кацюшы» ўжывалiся рэдка, для транспарцiроўкi iхняга боезапасу патрэбны былi дзясяткi аўтамабiляў, а гаручага заўжды не хапала. Таму пяхоту падтрымлiвала толькi малакалiберная артылерыя — саракапяткi ды 76-мм гарматы на коннай цязе. Але конi на полi бою жылi меней, чым жылi салдаты.
Аднойчы на пачатку зiмы я зрабiў першую спробу асвоiць артылерыю. На полi бою каля сьцiрты саломы наткнуўся на кiнутую саракапятку. Перад тым тут стралялi танкi, i гэтыя артылерысты цi, можа, уцяклi, цi iх пабiла — за сьцiртай ляжала некалькi трупаў. А снарады былi — некалькi скрынак. Як страляць з такiх гарматаў, нас у вучылiшчы трохi вучылi. I я паспрабаваў. Не па танках — па пяхоце ў недалёкiм сяле. Расстраляў усе снарады, мой салдацiк мне памагаў. Шкада, гармату мы не маглi ўзяць з сабой, пакiнулi ля сьцiрты.
Пасьля невялiкага перадыху пачалася Кiраваградзкая апэрацыя, за якую маршал Конеў атрымаў ордэн Ленiна, як ён пiсаў, палемiзуючы з аўтарам «Мёртвым не балiць». На ягоную думку i думку Сталiна, то была вельмi пасьпяховая апэрацыя. Можа быць, з гледзiшча Крамля так яно i было. Але было iншае гледзiшча — салдата з засьнежанага поля, залiтага крывёй i здратаванага гусенiцамi танкаў, на якiм быў амаль цалкам разгромлены наш полк. Там загiнуў камандзiр маёй роты лейтэнант Мiргарад, камандзiр батальёну капiтан Сьмiрноў, камандзiр палку маёр Казар’ян, дзясяткi салдатаў ды iншых афiцэраў.
Пачалося ўсё, як нашу дывiзiю ўвялi ў прарыў. Наступалi мы ў асноўным ноччу. Дзень звычайна вялi агнявы бой, а ноччу калёнай — у стэп, лезьлi як мага ўглыб, дзе можна пралезьцi. Дзе пускалi немцы. Спаць не было нiякай магчымасьцi, нiводнай гадзiны. Гэта таксама фэномэн, вынаходзтва савецкай ваеннай навукi — прымусiць салдата абыходзiцца бяз сну. Думаецца, нi ў адной армii так ня ўмеюць. I вось iдзем сонныя па стэпе, засьнежанай дарогай, шмат хто сьпiць на хадзе, спатыкаецца, падае. Тады iншыя лаюцца. Аднойчы я ледзьве не зайшоў да немцаў. Памятаю, дарога была замеценая, але сьнег не глыбокi. I вось бачу вакол сябе лета, нейкiя дрэвы, быццам алея. А наперадзе сьцяна, бы замак, i ў ёй вароты чорныя. Трохi трывожна, але я туды iду, у гэтыя вароты. I раптам чую: «Куды прэш? Лажысь!» Я прачынаюся. Побач ля дарогi ляжаць нашыя разьведчыкi, а наперадзе пасадка, тонкiя дрэўцы. Аказваецца, там немцы, i яны пачалi ўжо джгаць трасiруючымi ў наш бок. Калi б ня гэтыя разьведчыкi, дык i зайшоў бы ў iхнiя рукi. А тады сказалi б: перайшоў да немцаў. Дарэчы, гэткiя выпадкi на вайне былi дужа распаў сюджаныя — калi заходзiлi цi заяжджалi да немцаў. Нават генэралы гэтак траплялi ў палон.
Потым зноў iшлi па начы, помню — шэрань, мароз. Зноў розныя прыгоды былi. Начальнiк штабу палку завёў нас не туды, спынiлiся. Пачалi арыентавацца. А паспрабуй ноччу ў стэпе зарыентавацца па карце. Вакол паўзмрок, нiводнага арыенцiру, толькi няўбраная кукуруза ды сланечнiк шархацяць на ветры. Стаялi, стаялi, раптам на «вiлiсе» даганяе генэрал. Ня ведаю, якi, можа, камандзiр дывiзii, сарваў з капiтана пагоны, давай бiць яго. Але пакуль тое адбывалася, мы хоць трохi драманулi на сьнезе. Пасьля зноў пайшлi. Пад ранак выйшлi да сяла пад гарой, аказалася, то Вялiкая Севярынка — сяло, якое стала брутальным знакам у маiм лёсе. Там каля крайнiх хатаў нейкiя ямы, зь якiх, вiдаць, улетку бралi пясок, i мой узвод адразу ў iх зашыўся. Як разьвiднела, здаля ўбачылi будынкi ды трубы вялiкага гораду Кiраваграду. Але, пэўна, згледзелi нас i немцы. Нам страляць было далёка, а немцы зь цяжкiх мiнамётаў пачалi шпурляць па сяле, не давалi нiкому высунуцца ў поле. У нас стратаў не было, а там, ззаду, некаторых пабiла, у тым лiку i афiцэраў з нашага палку.
Увечары, як пацямнела, мiнамётны агонь спынiўся, i камандзiр батальёну капiтан Сьмiрноў загадаў выстрайвацца ў паходную калёну, якую павёў кудысьцi ў стэп.
Пасьля агнявога напружаньня трохi павальнела, стала на душы спакайней. I вось мы iдзем, у стэпе даволi сьветла, хоць месяца не было. Нейкая дарожка палявая, трошкi наежджаная. Я iду побач з нашым другiм узводным, якi нядаўна прыбыў у роту. Ён — старшы лейтэнант, артылерыст, але з акружэнцаў, i таму яго паслалi ў пяхоту — на перавыхаваньне. Наперадзе iдуць камандзiр батальёну, далей разьведка, а мы ў сярэдзiне калёны. Можна расслабiцца.
Бой грымiць, але дзесь зводдаль i збоку, а тут быццам цiха. Раптам гляджу — побач у зарасьнiку кукурузы нейкiя людзi. Толькi я iх згледзеў i нават не пасьпеў яшчэ што падумаць, як адтуль густа паласнулi чэргi — трасiруючымi па ўсёй калёне. Чорт ведае, што вакол пачалося, такi ўраганны кiнжальны агонь. А паводле загаду камбата ў выпадку нападу нашая рота разгортваецца зьлева ад дарогi, iншыя — справа. Я, канешне, зьбег з дарогi, упаў на сьнег. У мяне быў аўтамат, але пры iм толькi адзiн магазын.