Доўгая дарога дадому
Шрифт:
I ў кожнай вёсцы былi ў iх сэксоты, дзе лепшыя, дзе горшыя, актыўныя i ня вельмi. Нам у гэтым сэнсе, мабыць, не пашэнцiла. У вясковую абшчыну ўлез чужынец, прышлы чалавек, — пасьля грамадзянскай прыстаў да мясцовай кабеты. Ня ведаю, адкуль ён быў родам, але НКВД наладзiў зь iм вельмi цесны кантакт. I ён нават ня надта таiўся, яшчэ пахваляўся, што памагае чэкiстам. Недзе ў пяцiдзясятых гадах, як я прыяжджаў да бацькi, ён прыходзiў таксама i за чаркай гаварыў, што хацеў пасадзiць бацьку, была прычына, ды пашкадаваў. I бацька яму быў удзячны. Ня ведаю, што ён меў на ўвазе. Можа, мамiн «кантрабандны» пераход?
Мабыць, варта ўспомнiць гэты «крымiнальна-палiтычны» ўчынак. Як я ўжо казаў, мама паходзiла з таго боку мяжы i ўсе тыя гады ня мела нiякай сувязi з братам. Нават ня ведала, цi жывы ён. У трыццаць дзявятым годзе пасьля ўзьяднаньня паявiлася нейкая надзея хоць бы атрымаць вестку. Новую мяжу адсунулi за Беласток, але старую не лiквiдоўвалi. Ахоўвалi па-ранейшаму пiльна, каб нiхто — нi адтуль, нi туды. Мы чакалi. Але неяк галоднай парой мацi наважылася i пайшла — цераз лес, балота, каля возера, ужо дарогу яна памятала зь дзяцiнства. I прайшла. I вярнулася. I прынесла галодным гасьцiнцы — у мяшэчку трохi мукi i бараньнюю лытку. Аказалася, што брат пад панскiм прыгнётам усё ж жыве лепей, чым сястра-калгасьнiца, у якой на стале даўно няма хлеба. Пасьля мама баялася, што хтось данясе i яе пасадзяць. Але не пасадзiлi, i мы ўжо думалi, што нiхто нi пра што не дазнаўся. Аказваецца, некаторыя дазналiся…
Улетку паслаў дакумэнты ў Вiцебск, у мастацкае вучылiшча.
Мабыць, дарэчы будзе зазначыць, што тое маё рашэньне не было нечаканым, па ўсёй верагоднасьцi, так вымагаў лёс. Жыць у калгасе рабiлася неяк, голад i рэпрэсii гналi людзей прэч. Але дарослыя ўцячы з калгаса нiкуды не маглi, хiба што моладзь, падлеткi. Якраз на гэтым часе ў школе паявiўся новы пiянэрважаты, малады хлопец Вiктар Кандрацкi, якi ажанiўся з нашай Клаўдзяй Якаўлеўнай. Працаваў ён няшмат i раптам зьнiк, аказваецца, паступiў у Вiцебскае мастацкае вучылiшча. Аднойчы ўлетку мы сустрэлiся ў Кублiчах, i ён расказаў пра вучобу, паказаў свае студэнцкiя малюнкi. Сказаў, што даюць iнтэрнат i нават плоцяць стыпэндыю — аж 60 рублёў. Заахвочаны iм, я пайшоў да дырэктара па свой клясны табель. Дырэктар сьпярша не пагаджаўся, усё ж я быў выдатнiкам у школе. Але мусiў табель аддаць. Во бацька i кажа: «Едзь куды-небудзь, бо тут ад галадухi зачахнеш. А там, у Вiцебску, будзеш хоць стыпендыю мець. 60 рублёў — гэта ж грошы!» Праўда, бацька меў розум сялянскi, i яму ня дужа падабаўся мой мастакоўскi выбар. Ён усё казаў: «Лепей бы вывучыў ся на настаўнiка ды паступiў у партыю, як наш Новiкаў. Начальнiкам стаў». На бацькаў жаль, таго мне не было суджана… Зрэшты, як i стаць мастаком…
На ўступныя экзамэны ехаў цягнiком, гэта быў мой першы выезд у вялiкi сьвет, зь перасядкаю ў Полацку, у якiм я таксама быў першы раз. Выехалi на золаку, па дарозе пераняў дождж, добра вымаклi. Сушыўся, ходзячы ранкам па Полацку. Пасьля звыклага вясковага гарадзкое навакольле ўражвала незвычайна, усё там было новае i цiкавае. Вузкiя, крывыя, брукаваныя вулiчкi, крамы… Таксама i ў Вiцебску, якi ўразiў мяне шматлюдзьдзем i… трамваямi. Зь некаторым страхам ехаў на трамваi ад вакзалу ў цэнтар. На плошчы вiселi вялiзныя каляровыя рэклямы кiнатэатраў, недалёка высiўся аграмадны сабор i вежа ратушы.
Вучылiшча месьцiлася ў добрым старым дамку буржуазнага выгляду, з мазаiчнай падлогай у вэстыбюлi. (Здаецца, цяпер там музычная школа. Будынак захаваўся, не пабурылi ў вайну.) Галоўныя экзамэны былi, вядома ж, па мастацтву, мы малявалi акварэляй нацюрморт з гаршкамi. Пасьля iншыя прадметы, якiя я здаў пасьпяхова, i, вярнуўшыся дамоў, атрымаў паведамленьне аб залiчэньнi ў студэнты.
Увосень пачалася вучоба: жывапiс i малюнак, якiя выкладаў стары Лейтман, усе iншыя прадметы, як i ў школе. Жылi мы сьпярша ў iнтэрнаце на Магiлёўскай плошчы, цяпер яе няма — перайменавалi ў Савецкую. Цi, можа, Цэнтральную. А потым, забыўся зь якой прычыны, нас чатырох пасялiлi ў прыватным доме на Смаленскiм кiрмашы. Здаецца, раней тая плошча называлася Краснаю. Празь нейкi час у вучылiшчы арганiзавалася скульптурнае аддзяленьне, i я зь невялiкай групай хлопцаў перайшоў туды. Скульптурныя клясы мясьцiлiся ў бакавым завулку перад былой ратушай i мастацкiм музэем. Вучыла нас скульптар Ганна Iванаўна Бяляева, паходжаньнем, здаецца, з Кiева. (Пасьля вайны нiдзе ня чуў пра яе, мабыць, прапала.) Дырэктарам вучылiшча быў Iван Восiпавiч Ахрэмчык. Там жа знаходзiлася ягоная майстэрня, на першым паверсе, з вокнамi, якiя выходзiлi на вулiцу. Вокны вялiзныя, як i належыць для мастакоўскай майстэрнi. Калi пачынала цямнець, уключае сьвятло, а шторы не зашморгвае, i мы глядзiм, што ён робiць. Помнiцца вялiкая, на ўсю сьцяну палатнiна, на якой недамаляваныя абрысы Ленiна i Сталiна на нейкiм зьезьдзе. Тады гэтая тэма была абавязковай. Скульптура ўвогуле давалася мне лёгка, але падабалася менш, чым жывапiс. Шмат ляпiлi анатомiю — фрагмэнты клясыкаў, мiкелянджаляўскага Давiда — насы, вушы, твар, — тое было няцяжка. Болей клопату было з кампазыцыямi — адна- i дзьвюхфiгурнымi. Маёй курсавой работай стала фiгура пагранiчнiка ў шынялi, зь вiнтоўкай i бiноклем каля вачэй. Выкладчыца пахвалiла.
Вiцебск тады, канешне, быў традыцыйна мастацкi горад, меў музэй; на вулiцы Гогаля недалёка ад плошчы быў музэй славутага Пэна, якога незадоўга перад тым загадкава забiлi. У невялiкiм пакоi i на драўлянай лесьвiцы вiселi яго карцiны, выкананыя ў стылi дабротнага рэалiзму — шаўцы, старыя яўрэi, конi, выявы старадаўняга Вiцебску. Пра ягонага славутага вучня Марка Шагала, якi тады жыў у Парыжы, у яго родным горадзе нiчога не было вядома. Бы ён i ня меў нiякага дачыненьня да гэтага гораду. Але час мяняецца, i праз шмат гадоў я ўжо быў у лiку тых, хто на Пакроўскай вулiцы адкрываў скульптурны помнiк славутаму земляку.
Я там правучыўся няшмат. Увосень саракавога году аб’явiлi «радасную» навiну: пастановай ураду стыпендыi адмяняюцца, за ўсе матэрыялы i падручнiкi трэба плацiць. Як было жыць, ня толькi вучыцца? Грошай мне з дому нiколi не прысылалi, ды я i не прасiў. Аднойчы бацька, як ехаў у горад, заехаў да дзядзькi Сьцяпана, пазычыў тры чырвонцы, якiя я расьцягваў, як мог. Найбольш — на хлеб, якiм звычайна мы харчавалiся. Устанеш раненька, гадзiн у 6, i — да хлебнай крамы ў чаргу. Чарга вялiзная, усе чакаюць.
Гадзiн у восем прывозяць хлеб, пачынаецца штурханiна.
Карткi пад гэты час ужо адмянiлi, дык па хлеб у горад рынулiся з навакольных вёсак, зь iншых раёнаў. На хлеб выдаткоўваўся ня больш за рубель, бо трэба ж было яшчэ купiць фарбы. Ды i з брызентавых гамашаў вылезьлi пальцы… Спрабавалi мы з хлопцамi перабiвацца такiмiсякiмi заробкамi[: ] на грузавой станцыi, шчотачнай фабрыцы.
У Вiцебску, як нi дзiўна, да самай вайны захаваўся дробны прыватны сэктар. Недзе на вулiцы, што вяла да аэрапорту, убачылi маленькую такую крамку, над дзьвярыма было няўмела напiсана «Головные уборы шью» — стары Абрам шыў там шапкi. I вось, памятаю, мы ўдвух з Шаўчонкам, хлопцам з Палесься, пайшлi туды. (Шаўчонак пасьля таксама кiнуў вучобу, — не было як вучыцца. Ня меў абутку, дык ён асеньняй парой, па гразi хадзiў у растаптаных бурках.) Дамовiлiся з гаспадаром зрабiць яму прыгожую шыльду, ён паабяцаў за тое 15 рублёў. Знайшлi нейкую здатную фанэрыну, загрунтавалi, напiсалi «Галаўныя ўборы». На адным канцы дошкi намалявалi кепку, а на другiм капялюш. Панесьлi заказ. Гаспадар паглядзеў, паглядзеў i кажа: а чаму капялюш? Што, я капелюшы раблю для буржуяў? I ня ўзяў шыльду, адмовiўся. Вiдаць, быў напалоханы з часоў нэпа.
Так ляснуў наш заробак. Яшчэ пашвэндаўшыся па горадзе i нiчога нiдзе не здабыўшы, я зразумеў, што ў вучылiшчы больш не ўтрымаюся, з мастацтвам прыйдзецца канчаць. Пайшоў у канцылярыю па дакуманты. Там наш выкладчык лiтаратуры, здаецца, прозьвiшчам Леванёнак, кажа: «Шкада, Быкаў, — мог бы вучыцца…» Мне таксама было шкада, але як вучыцца? Аднёс у камiсiёнку апошнюю сарочку, купiў бiлет да Полацку i яшчэ дзьве булкi, якiя i зьеў, прысеўшы ў сквэрыку, дзе цяпер помнiк Пушкiну. Прыехаў у вёску, пайшоў у сваю школу, у дзясятую клясу. Але з вучобай тут здорава адстаў. Ды новыя парадкi i ў школе. Падручнiкi цяпер аказалiся платныя, трэба купiць. Але i купiць няма дзе, не хапае падручнiкаў. Дома ранейшая галеча, калгаснае бязладзьдзе. Hi хлеба, нi дроваў.
Якраз у гэты час пачынаецца набор у новаарганiзаваныя школы прафэсiянальнага навучаньня (ФЗН), i я хутка зноў апынуўся ў Вiцебску. Што ў Вiцебску — мяне радавала. Знаёмы горад, любыя музеi. I ўспамiны. Невясёлыя, аднак, успамiны… У школе вучылi на будаўнiкоў: муляры, бэтоншчыкi, арматуршчыкi — усё дужа далёкае ад мастацтва. Мастацтва рабiлася ўсё больш недаступным. Трэба было працаваць — на сьцюжы, з растворамi. Але тут кармiлi, давалi прытулак у iнтэрнаце, а пасьля яшчэ пачалi i апранаць. У вучылiшча я не хадзiў, хiба калi ўвечары падыходзiў пад вокны, бачыў паверх фiранак захiнутыя анучамi скульптуры на станках. Было сорамна i балюча… Зiма таго году была надта сьцюдзёная, зь вятрамi i маразамi. Мы ж працавалi i вучылiся скрозь на сьцюжы. Памятаю, муравалi дом на Суражскай шашы, я клаў вугал, для чаго патрэбны быў спрыт i галоўнае — дакладнае вока, каб не скрывiць. Бегалi грэцца ў суседнi цэх чарапiчнай фабрыкi, дзе было зацiшней. А мой вугал атрымаўся трохi пахiлы ў адзiн бок, наш настаўнiк Андрэй Iванавiч быў незадаволены, i я нейкi час перажываў з тае прычыны. (Дарма, аднак, перажываў. Хутка ад таго дому застанецца адна куча друзу. А пасьля вайны не застанецца i друзу, якi зьнiкне пад быльнягом i крапiвой.)
На пачатку чэрвеня — выпуск. Нам аб’явiлi, што паедзем працаваць на Украiну, у горад Шостку. Пакуль былi зборы, я адпрасiўся зьезьдзiць на радзiму. Рэч у тым, што якраз у Шостцы жыў мой дзядзька… Гэта таксама гiсторыя, гiсторыя лёсу. Дзядзька колiсь быў актывiстам, зрабiў нейкую партыйную кар’еру, працаваў нават рэдактарам газэты дзесь на Палесьсi. Але пакуль ён служыў Савецкай уладзе, тая раскулачыла дома бацьку, брата, — саслала ў Сiбiр. Мабыць, нясоладка стала сыну, i ён дзеля паратунку апынуўся на Украiне, таксама ў Шостцы. Прыехаў я дамоў, пайшоў да дырэктара школы, распавёў пра сваё становiшча.