Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Тут, можа, трэба сказаць яшчэ пра адно школьнае захапленьне — маляваньне. Маляваць пачаў рана, можа, з трэцяй цi чацьвертай клясы, — як звычайна, алоўкам цi акварэльнымi фарбамi для насьценнай газэты, розныя школьныя дапаможнiкi — карты, схемы… Але якое выяўленчае мастацтва ў вёсцы? Ды ўсё ж знайшлося. У суседняй вёсцы Астроўшчына жыў селянiн Бобрык, бедны — бяднейшы, можа, за ўсiх. Але ў часы грамадзянскай вайны ён быў слугою ў якогась заможнага дваранiна недзе ў Сiбiры, казалi, нават у губэрнатара. Дык ён прывёз на радзiму некалькi карцiн алеем, маленькiх такiх эцюдзiкаў. Яшчэ ён прывёз гадавыя пераплёты часопiсаў «Нивы», «Огонька» за некалькi год. «Огонька» нават з пачатку стагодзьдзя аж да 1916 году. Там было шмат рэпрадукцыяў — чорна-белых i каляровых таксама. Я браў у яго тыя пераплёты-падшыўкi, чытаў, разглядаў малюнкi тагачасных мастакоў. Ну i, канешне, сам маляваў. Пасылаў кудысьцi на конкурсы свае малюнкi, перапiсваўся, здаецца, зь Менскiм цi Вiцебскiм домам пiянэраў. Там былi мэтадычныя кабiнэты, адкуль мне прысылалi заданьнi…
Што ж да кніжак, дык яны таксама маюць сваю пару, кожную зь iх трэба чытаць у пэўным узросьце. Цяпер дык шкадую, што рана перачытаў якраз самыя значныя кнiгi, зь якiх у дзiцячым узросьце ўзяў далёка ня ўсё, што належала ўзяць. Але, можа, i памыляюся. Можа, менавiта ў раньнiм узросьце яны i маглi закрануць штосьцi ў душы, а пасьля ўжо рабiлася позна. I пасьля кранала-камячыла жыцьцё, а не ўплывала лiтаратура.
Апроч клясыкі, у гэтую пару давялося прачытаць некалькі кніжак, якія так ці інакш штось закранулі ў дзіцячай душы і засталіся ў памяці. То выпадковыя кніжкі, часам малавядомых аўтараў. Прачытаў і доўга ня мог забыць ваеннага трагізму кніжкі «У якуцкай тайзе» І. Строда. Або «Ад’ютант генэрала» Май-Маеўскага — гэтую прадцечу шмат якіх наступных «шпіёнскіх» ці «разьведчыцкіх» кніжак пазьнейшых часоў. «Сіўцоў вражак» Асоргіна раскрыў вочы на пасьлярэвалюцыйны час у Маскве. Вядома ж, жахлівы час, убачаны, аднак, з пазыцый трохі інакшых, чым мы звычайна сустракалі ў савецкай літаратуры. Гэта была літаратура 20-х гадоў, творы «папутчыкаў», а не пісьменьнікаў-камуністых. Зь беларускіх у гэтым шэрагу помняцца «Прысады» М. Зарэцкага ды хіба «Спалох на загонах» П. Галавача. Асабліва фінал гэтай хрэстаматыйнай аповесьці.
Дагэтуль маё апавяданьне iшло па дзiцячай лiнii, болей выбiрала з памяцi лепшае цi, можа, нэўтральнае. Але жыцьцё насамрэч было iншым, i памяць захавала шмат якiя грымасы таго дарослага жыцьця.
Вось, памятаю, цi ня ў 32-м годзе тое было, вясной. Па краiне iшла калектывiзацыя, па сутнасьцi гвалтоўная лiквiдацыя сялянства як клясы. У спрэс сялянскай краiне лiквiдоў валася сялянская кляса — што ёсьць клясычны генацыд, хiба што паводле клясавай прыналежнасьцi. Сялян агiтавалi, што ў калгасе будзе лепш, а яны, «дурнi», ня верылi i тым стваралi канфлiкт зь дзяржавай. Але тое ў сфэры палiтыкi, а як было ў жыцьцi? Быў малы, але ж памятаю, як у вёсцы iшоў сход — некалькi дзён запар, сялянаў усё ўламвалi ўступаць у калгас. Тыя ўпiралiся — думалi, нешта залежыць ад iхняе згоды. Ды марна. Неяк прачынаюся дужа рана, устрывожаны тым, што плача мацi. У дзяцiнстве я дужа адчуваў мамiн настрой i звычайна адпаведна рэагаваў на яго. Я нiколi ня бачыў, каб мама плакала. А тут проста галосiць, бы па нябожчыку. Побач у куце, унурыўшыся, сядзiць бацька. Я падскочыў да мацi i пытаюся: «Чаго ты?» А бацька кажа: «Не чапай яе — арганiзаваўся калгас». Ну, хай бы арганiзоўваўся, але чаму плача мацi? Аказваецца, таму, што на золаку прыехала брыгада i выграбла ўсё з кублаў, зь мяхоў i засекаў. Во i кармi дзяцей! Дык мацi i плача. Бацька маўчыць, што ён можа сказаць? Вось з тае пары i пачалося. Вядома ж, як у калгасах было — голад, прыгонная праца, рэпрэсii… Жалезнай хадой iшло раскулачваньне. Раскулачылi селянiна, у якога была карова зь цялушкай. Ва ўсiх па адной карове, а ў гэтага — зь цялушкай. Другога раскулачылi за тое, што ўлетку пляменьнiца памагала жаць жыта. Значыць — наёмная сiла. I трэцяга — як сабатажнiка. Не хацеў уступаць у калгас, упiраўся. Вывозiлi сем’ямi. Памятаю хлопца, зь якiм вучыўся. Раскулачваньне было ўвосень, хаця ня памятаю, цi да арганiзацыi калгаса, цi пасьля… I вось ён не пайшоў у школу, i я пабег яго праведаць. Гляджу, там ужо грузяць майно на фурманкi, а мой сябра хвалiцца: «Мы цягнiком паедзем, ага!» I мне стала зайздросна — чаму майго бацьку не раскулачылi, i я б таксама цягнiком паехаў. А так цягнiка i ня бачыў… Арганiзавалi калгас, прыйшла вясна, даелi бульбачку, што засталася ад абагульненьня. Есьцi ня стала чаго. Елi мякiну з травой, крапiву. I так доўжылася шмат гадоў, бо з калгасаў нiчога не давалi. Ураджаi кожны год дрэнныя, усё, што вырасьце, iшло на дзяржхлебаздачу ды насеньне. Памятаю такiя моманты… Бацька пойдзе ўвосень на канчатковае разьмеркаваньне i прынясе гадавы заробак — паўторбы жыта. Вось i ўсё, што мы зарабiлi за год, усёй сям’ёй працуючы ў калгасе. Такi заробак. Але ж яшчэ з нас i пастаўкi: мяса, воўну, яйкi, малако, масла, грашовы падатак, страхоўка, яшчэ пазыка i рознае iншае, не пералiчыць. Дзе ўзяць грошы? Што прадаць, каб сплацiць? Не кажучы ўжо, каб нешта купiць. Хоць бы штаны хлопцам хадзiць у школу. Пры аднаасобнiцтве ратаваў лён, якi сеялi, апрацоўвалi i апраналiся. А цяпер наконт лёну стала дужа строга — таксама наклалi падатак. Спаганялi страшэнна.
Той час запомнiўся мне нязвыклаю панурасьцю бацькi. Звычайна ён прыходзiў з калгаснае працы, моўчкi сёрбаў штось зь мiскi, выйшаўшы з хаты, сядаў на калоду ў дрывотнi. Моўчкi курыў. Мацi яго тады не чапала, мы маўчалi таксама. Мне здавалася, што бацька злуецца — на мяне, можа? I я таксама трохi крыўдаваў на яго, дурань. Куды пазьней зразумеў прычыну бацькавай панурасьцi — яму, як i сялянам наогул, ня стала як жыць.
Памятаю (гэта яшчэ да калгасаў было), бацька ўвечары разьвiвае конскiя путы, раскручвае, каб здаць за лён. А то ходзяць сельсавецкiя актывiсты, робяць вобыскi, каб знайсьцi, калi хто схаваў якую-небудзь кудзелю. У вёсны ва ўсiх рабiлi суцэльны вобыск, прыйшлi i да нас. А ў нас была iстопка старая, з прадранай стольлю, трохi затуленай саломай. Шукалi, шукалi, нiчога не знайшлi, i ў мяне пытаюцца: «Мальчик, где отец прячет лён?» А я кажу: «На iстопцы». Ну гэтыя: «Иваноў, давай туда!» А я… Ну чаму я гэтак сказаў? Мабыць, з непрыязьнi. У мяне папыталiся, ну я i сказаў, маючы на ўвазе тую замаскаваную дзiрку ў столi. I праўда, гэты Iваноў увалiўся туды, пачаў лаяцца. А я ўцёк у роў. Пасьля бацька лаяў мяне: «Ну дзе ты бачыў там лён? Лён у нас у другiм месцы схаваны, век ня знойдуць…» Так, лён. Але ж трэба было яшчэ здаць i збожжа. Каб збожжа не малолi на муку, а везьлi на млын, дзе яго маглi спалавiнiць, зрэквiзаваць, а то i проста абрабаваць. Але ж у сялян былi свае млыны — жорны. Амаль у кожнага стаялi ў сенцах цi ў варыўнi-iстопцы гэтыя несамавiтыя прылады з двух плоскiх камянёў. Ды i што там было куды везьцi, якiх пару мяшкоў жыта. Бацька малоў сам. Дык вось аднойчы прыйшлi гэтыя камбедаўцы, сельсавецкiя актывiсты, i зьнялi верхнi камень. На рагу з падмурку вытыркаўся вялiкi валун, дык яны кокнулi аб яго жорнавам i разьбiлi на тры кавалкi. Ну i вось жывём са збожжам, але бяз хлеба. А гэтыя ходзяць, рэгулярна правяраюць, цi ляжаць у крапiве аскялёпкi. Тады бацька ўначы неяк узяў iх i змацаваў у адно драўляным абручом. Набiў, падраўняў i пацiху малоў. Ноччу зьмеле, а потым абруч зьнiме i зноў гэтыя камянi — у крапiву, бы i не чапаў.
А пасьля, ужо за калгасам, нiякага збожжа не было, ня сталi патрэбны i жорны. Настала поўная галеча. Зь вясны галадуха, есьцi няма чаго. Чакаем бульбы. А бульба… Гэта цяпер скарасьпелка ды iншыя гатункi, дзякуючы iнстытуту бульбаводства. А тады была бульба толькi аднаго гатунку, якi высьпяваў аж пад восень. А так усё лета напаўгалодныя. Першая бульбачка. Добра нагаладаўшыся за лета (бясхлебіца і бязбульбіца), дачакаліся нарэшце пары, калі падрасла бульбачка. Тое было пасьля Спаса, але яшчэ да школы. Мама даўно ўжо прыгледзела баразёнку каля раўка, дзе бульбачка павінна быць найлепшая. Калівы тое падказалі, а вока ў мамы на гэты конт было беспамылковае. Мама ўзяла кошык, а я рыдлёўку. І праўда, першае ж каліва выцягнула на карэньні колькі ня дужа яшчэ вялікіх, але спрытнейшых чырванаватых бульбінаў, якія мама ашчадна паклала ў стары, прадраны кошык. Я капануў колькі разоў рыхлую зямлю, пасьля рукамі добра пашарыў у ёй і знайшоў яшчэ зь пяток бульбінаў. Тое ж зрабілі з суседнім кусьцікам. Праўда, пад ім было менш, я хацеў капануць і яшчэ колькі кустоў, але мама запрацівілася — кажа, хай яшчэ падрастуць. Нам, можа, хопіць. Прынесьлі кошык на падворак, сястра Валя адразу ўзялася скабліць бульбачку — ашчадна, каб не саскрэбсьці лішняе. Шасьцігадовы Міколка заклапаціўся пра цяпельца, каб было хворасту і колькі палак дроў. Цяпельца ладзілі ў мураве каля вуліцы, дзе было чысьцей, чым у глыбіні падворку ля хлеўчука. Для таго паклалі тры пляскатыя камяні і разам з братам разьдзьмулі агеньчык. Мама хутка паставіла чыгунок, ня самы вялікі — меншы, даверху накладзены невялічкай яшчэ, ружаватай, з вочкамі бульбачкай. Зьверху прыкрыла накрыўкай. Варыся, бульбачка. Мы сядзелі па-над цяпельцам, якое дыміла, Валя ўсё круцілася, адварочвалася ад дыму. А Міколка падкладваў і папраўляў палкі. Аднаго разу ледзьве не перакуліў чыгунок, і мама спалохалася — не чапай, дай я. Мы чакалі, калі закіпіць.
Але во і закіпела, кіпень трохі зьбег церазь бераг чыгунка, засіпеў на вугольлі. Цяпер трэба было падкладваць менш. «Ужо зварылася?» — нецярпліва пытаўся Міколка. Мама сказала, што сьвежая бульбачка варыцца доўга, тое ж — ня ў печы. Так яна варылася, і праўда, даўгавата, але мама не сьпяшалася адцэджваць — яна чакала бацьку. Бацька з мужчынамі быў у полі, павінен быў неўзабаве прыйсьці, і мы рыхтавалі яму вячэру. Мама ўжо прынесла гарлачык кіслага малака, ну а хлеба… Хлеба няма. Будзе сьвежая бульбачка замест хлеба.
— Татуля ідзе! — радасна паведаміла Валя.
І праўда, зза рога хаты на падворак стомленай хадой увайшоў бацька. Згледзеўшы цяпельца і сваю сямейку вакол, сумна ўсьміхнуўся.
— Во, ужо і бульбачка! Дык памыю рукі.
Дужа не цярпелася хутчэй пакаштаваць сьвежай, з дымам, цьвердаватай, даўно чаканай бульбачкі.
— Ну цяпер не памрэм, — казаў бацька, прысаджваючыся на ўслончык. — Калі дажыліся да бульбачкі…
І цяжка, самотна ўздыхаў.
Канешне, ратавала малако, але ж моладзi i мужчынам хацелася хлеба. Апроч таго, вечныя праблемы з вопраткай i абуткам. Па гразi, па сьнезе кожны дзень за тры кiлямэтры ў школу. Тры туды, тры назад. У крамах жа нiчога ня купiш, ды й за што купiць? Памятаю, калi ў сяльпо прывязуць мануфактуру, дык за ёй душылiся чорт ведае як. Газы давалi па лiтру цi паўлiтры на месяц i толькi па пайскiх кнiжках. Прыйдзеш зiмой са школы, у хаце цёмна, перад печчу — лучына, так вось трэба рыхтаваць урокi. Праўда, сярод гэтай нэндзы часам выпадалi сьветлыя моманты. Неяк увосень клiча мяне дырэктар, паглядзеў на мае растаптаныя ў гразi башмакi i кажа: «Ідзi ў сельмаг, памерай гамашы. Скажы: дырэктар прыслаў». Пайшоў я, памераў, а пасьля дырэктар мне iх купiў. Усё ж я быў выдатнiк, i, мабыць, тое штось значыла. Ужо я бярог-ашчаджаў тыя гамашкi…
Якраз тою парой бацька ўзяўся будаваць новую хату, старая згнiла, жыць у ёй стала немагчыма. Узiмку хадзiў у сельсавет, каб дазволiлi сьпiлаваць колькi хвояў, затым iх трэба было вывезьцi. Ужо цёплай парой закладваў падмурак, пасьля ладзiў зруб. I ўсё сам, адзiн, не пакiдаючы палявой працы ў калгасе. Прыйдзе, бывала, на полудзень i хуценька на зруб — сякерай цюк, цюк… Так да восенi. Увосень перабралiся ў новую, яшчэ недаробленую, без падлогi хату. Хораша пахлi сьцены, але не было печы. Печ стаўлялi ўжо ў зазiмак. Намерзьлiся добра…
Маiмi вясковымi сябрамi былi хлопцы, пераважна старэйшыя за мяне, апроч хiба Васiля Паршонка, на год цi на два маладзейшага. Вядома ж, усе яны былi адметныя ўласным характарам: некаторыя добрыя i таварыскiя, iншыя — ня надта. Валодзя Галавач, хоць i старэйшы за мяне на тры гады, паводзiў сябе як роўны, ладна таварышаваў, памагаючы, калi ў чым была патрэба. Toe i ня дзiва — у яго была мацi вельмi добрая жанчына, апекавалася маёй мацi, калi тая засталася адна, бяз мужа. Валодзя памагаў мне сячы дровы, як бацька ляжаў з тыфам у Вушачы. Добры хлопец быў сын рэпрэсаванага — Коля, мой сусед (жыў цераз адну хату), якi пасьля вайны на радзiму не вярнуўся, атабарыўся ў Латвii. Меней мы сябравалi зь ягоным братам Мiшам Зьмiтраковым, казалi тады: задаецца. Пасьля вайны ён быў дырэктарам школы, якую адбудоўваў у Кублiчах. З Васiлём Паршонкам, будучым кiнамэханiкам, мы, памятаю, каталiся зiмой на лыжах; Васiль лепей за мяне зьяжджаў з самых крутых пагоркаў. Яшчэ адзiн сябра, мой стрыечны брат Мiкола, не вярнуўся з вайны — падобна, быў забiты пры штурме рэйхстагу, як сьведчыў камбат Няўстроеў. А ягоны малодшы брат Iльля, былы партызан, пабадзяўшыся па сьвеце, пад старасьць вярнуўся на радзiму i пахаваны на бацькоўскiх могiлках.
Вось цяпер я ўспамiнаю i хачу зазначыць, што ўсё ж такi дзецi — жорсткi народ. I нават у нечым па-жывёльнаму люты. Ну, натуральна, тое залежыць ад сацыяльнага стану, выхаваньня, гэта само сабой. Як i ў дарослых. Але дарослы чалавек мае нейкае права на годнасьць, хоць бы на асабiстую. А малы? Ён жа ня мае нiякiх правоў, а то i ўяўленьня пра тыя правы. Ён прывык думаць, што ўсё вырашае сiла — улады, дарослых, старэйшых сяброў… I заўсёды знойдзецца нехта старэйшы цi дужэйшы, а то i з садысцкiмi схiльнасьцямi, якi дыктуе свае законы. I часта меншы не разумее, што тое няправiльна, што павiнна быць iначай. I не паскардзiцца, бо ведае, што яго не абароняць. I ведае таксама, што скардзiцца кепска — тое яму ўнушылi рана, асяродзьдзе, а то i бацькi. Настаўнiкi таксама. Ростам я быў не малы, але худы i слабы, i з тае прычыны ў розных сутычках ня мог адчуваць перавагi. Перавага была за iншымi — болей дужымi, а галоўнае — болей нахабнымi. У мяне не было нахабства. Во тут я i прыпамiнаў мяккi матчын характар, якi я ўнасьледаваў i якi мне нямала шкодзiў зь дзяцінства. Зноў жа ў дзяцiнстве я быў схiльны востра перажываць свае ды i чужыя няшчасьцi. Асаблiва як пачасьцiлiся рэпрэсii, сялянскi хапун. I сябраваў з хлопцамi, што засталiся без бацькоў, якiх iншыя стараніліся цi грэбавалi, бо ж — ворагi народу. У нас тады вёска была двароў на дванаццаць, праўда, хутары яшчэ пасьля падсялiлi. Дык з гэтых дванаццацi гаспадароў шасьцёх узялi. Цёмных калгасьнiкаў, былых беднякоў. Узялi i Бобрыка. Мабыць, яму тая «Нива» з царамi ды графiнямi бокам вылезла. Быў яшчэ Дзям’ян Азевiч, iнвалiд Першай сусьветнай вайны з сухой паралiзаванай рукой, якую насiў у чорнай пальчатцы. Ён зарабляў на хлеб рамонтам гадзiньнiкаў, якiя несьлi яму з усёй акругi. I ён усе iх рамантаваў — насьценныя, кiшэнныя, будзiльнiкi i г. д. I нават больш — шкло ў iх ставiў. А шкло дзе возьмеш? Дык ён купляў шкло для лямпы, з выпуклай часткi выразаў самы пятачок i ставiў. Я, калi вучыўся, колькi год насiў яму гадзiньнiкi зь мястэчка, пераважна ад настаўнiкаў. Пакладу ў карабок ад запалак i прынясу. Ён шкельца ўставiць, аднясу назад. А тады нясу рубель за працу. I ён заўсёды дасьць 20 капеек. Вось i гэтага iнвалiда ўзялi. А ягоны сын у гэты час, таксама Дзёмка, служыў на Далёкiм Усходзе. А пасьля, у вайну, пайшоў у партызаны i ваяваў да перамогi. Ваяваў за савецкую ўладу, якая панiшчыла ягонага бацьку. Але — не пакрыўдзiўся, за што, як вядома, хвалiлi бальшавiкi. Што «не азлобiўся». Як быццам за тое сапраўды можна было не азлобiцца. Улетку на Пятроўскім лузе бабы зграбалі сена. Надвячоркам ля мастка спынілася райкомаўская эмка, зь якой вылез нейкі чын у пінжаку. Ён загадаў брыгадзіру дзядзьку Антону сабраць баб да кучы. Хутка ўсе і сабраліся на скрытным прылесным пагорку, пасталі, зморана абапершыся на граблі. Рабкамавец разгарнуў газэту і пачаў чытаць. У войску арудавала група шкоднікаў і шпіёнаў на чале з маршалам Тухачэўскім ды іншымі. Яны труцілі чырвонаармейцаў, падсыпалі ім у харч бітае шкло, выдавалі замежнікам вайсковыя сакрэты. Вярхоўная калегія Вайсковага трыбуналу прысудзіла іх да расстрэлу, і ўчора прыгавор быў выкананы. Слаўныя савецкія чэкісты не спудлавалі і на гэты раз. Бабы плакалі — гэта ж трэба, такія падлюгі. «Добра, што іх выкрылі, а то майму малодшаму ўвосень прызывацца, далібог атруцілі б» — плакала ад радасьці адна баба з Слабодкі. «Анягож, — пагаджалася другая. — Ці ім шкода нашых хлопцаў. Зьвяругі такія». Брыгадзір Антон зацята маўчаў. Невядома, што было ў яго ў думках. Але ён быў разумны мужык, і мы, дзеці, неяк паважалі яго. Толькі чаго ён маўчаў — тады было нам невядома.
Вёска наша ў асноўным была праваслаўная, але з хутароў падсялiлi некаторых каталiкоў. Прозьвiшчы такiя: Лявiцкi, Блажэвiч, Корсак, — iх у першую чаргу i пабралi. Забралi таксама нашага суседа Барыса. Браў звычайна раённы ўпаўнаважаны НКВД Перацяцькiн. (I потым пасьля вайны прыяжджаў, — мабыць, пацягнула на месца злачынства.) Ну i памежнiкi старалiся — не так пiльнавалi мяжу, як хапалi сонных мужыкоў з гэтага боку. Хоць i вартавыя мяжы, але ж адна сыстэма — НКВД. Нiхто з рэпрэсаваных не вярнуўся, хоць i ўсе рэабiлiтаваныя. Узялi тады таксама некалькiх настаўнiкаў, у тым лiку i нашага дырэктара Карчэў скага, якi мне гамашы купiў. Але i самiх памежнiкаў, камандзiраў таксама арыштоўвалi. Напрыклад, капiтана Акулава, мужа нашай настаўнiцы. Цiкава, што ў ролi сэксотаў-стукачоў выкарыстоўвалi старэйшых вучняў. Як судзiлi дырэктара, дык наша адна вучанiца была на судзе сьведкай супраць яго. Гэта гадоў у 15. Мабыць, як i ўсюды. А пры мяжы асаблiва.