Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Потым яшчэ было нямала такога ж, бязладнага i дурнога. Мы будавалi для маршала Будзённага камандны пункт, на якiм Сямён Мiхайлавiч ледзьве ня трапiў у палон. Адыходзiлi на Стары i Новы Аскол… Недзе ўвосень, здаецца, у кастрычнiку, армiю нарэшце вывелi пад Варонеж, яна ўжо была небаяздольная, адны рэшткi.
Апынулiся на станцыi Гразi, там усчалася перафармоўка. I тут аказалася, што паводле тылавых законаў 23-i год нараджэньня прызываецца, а 24-ы — яшчэ не. I вось нас усiх, хто быў з 24-га года, сабралi разам. А трэба сказаць, што такiх набралася няшмат, бо ўкраiнцы — ня дурнi, яны далёка ад дому не адыходзiлi, звычайна вярталiся. Ну а мне куды было вяртацца? Беларусь засталася за тысячу кiлямэтраў, ня дойдзеш. I я змушаны быў цягнуцца з усiмi. Дык сфармавалi з маiх аднагодкаў калёну, выдалi па тры буханкi хлеба i, як былi, у зашмальцаваных ватоўках, не зважаючы на зiму — у пiлотках, выправiлi ў тыл. Але зноў пад камандай падпалкоўнiкаў [запасу] — каб не разьбеглiся.
Iшлi ў Саратаўскую вобласьць…
Харчавалiся зноў самапасам — хто чым знойдзе. Сяляне часам кармiлi, усё ж то быў тыл, i шмат у каго мужчыны былi на фронце, людзi спачувалi вайскоўцам. Тым больш такiм жаўтаротым, як мы. Хаця гледзячы дзе. На станцыях, дзе ўсё было абабрана, нiчога нам не надаралася, а ў сёлах трохi перападала. Пакуль дайшлi да Саратаўшчыны, абнасiлiся i абязножалi. Чаравiкi мае сталi такiя, што i парцянкi вылезьлi. А тут пачалiся халады. Цёплага ж на нас не было нiчога. Памятаю, нейкая цётка дала мне вязаны шалiк[,] і ўсё. Нарэшце дабрылi да станцыi Салтыкоўка, гэта ў самым канцы 41-га. Там нас разьмеркавалi па калгасах. Мы з адным хлопцам, Лёшкам Арловым (дарэчы, таксама ўшацкiм) трапiлi ў недалёкi калгас… Сяло было вялікае (дзіўна, забыў яго назву), на поўдзень ад ст[анцыі] Салтыкоўка. Калгас, здаецца, меў назву «Камінтэрн». Мы зь Лёшкам Арловым жылі недалёка адзін ад аднаго, але спатыкаліся рэдка — тое ў нашых гаспадароў не было прынята. Я ўвесь дзень, зьезьдзіўшы зранку ў стэп і прывёзшы мерзлага будыльля, сядзеў дома. Рабіць не было чаго, чытаць таксама. Гаспадары амаль не размаўлялі між сабой (нявестка варагавала зь сьвякроўю), гаспадар быў на працы. Але была малая, гадоў шэсьць дзяўчынка, — мілае, прыхільнае стварэньне, якая не адыходзіла ад мяне цэлы дзень, патрабуючы што-небудзь распавядаць.
Я распавёў ёй усе казкі, што ведаў, распавёў пра Беларусь зь яе лясамі, птушкамі і зьвярамі. Але таго было мала. Тады, неяк дастаўшы ў суседзяў таўсты том акадэм іка Тарле — пра Напалеона, пачаў ёй чытаць. Наўзьдзіў, яна слухала, і мне была палёгка.
Там мы праседзелi ў калгасьнiкаў амаль усю зiму 1942 году. Калгас выдзяляў проса — па кiляграму на тыдзень. Гэтае проса трэба было абадраць на цёрцы, атрымаць пшано. У сям’i, дзе я жыў, былi гаспадар-камбайнёр, якi меў бронь, гаспадыня, малая дзяўчынка i бабка. Бабуля гэтая, сьветлая ёй памяць, i варыла мне кашу. Сям’я, натуральна, харчавалася асобна, а я — пшоннаю кашай, што па тым часе зусiм няблага. У нас да вайны пшано было далiкатэсам. Памятаю, у Вiцебску талерачка такой кашы з чайнай лыжачкай масла зьверху каштавала 60 капеек. Тут масла не было… Увогуле было галаднавата, заўсёды хацелася есьцi… Малады ж быў.
Трудная была тая зiма, сьцюдзёная, а галоўнае — даймала адзiнота, адарванасьць ад звыклых мясьцiнаў, ад радзiмы, што апынулiся пад акупацыяй. Лёшка жыў цераз дарогу ў суседзяў, i нашаю зь iм задачай было забясьпечыць гаспадароў палiвам. Палiвам служыла будыльлё сланечнiку, што застаўся пад сьнегам у стэпе. Для таго мелася пара гаспадарскiх буркаў на двух. I вось часьцяком (разы дватры на тыднi) едзеш з санкамi ў стэп, пералазiш яр i наломваеш там мёрзлага будыльля, вязеш яго ў сяло. Зь цяжкiм возам перабрацца цераз крутыя схiлы было няпроста, добра нарвеш кiшкi. А як вылезеш мокры ад поту, успомнiш свой роў ля роднае вёскi, паглядзiш на чырвоны марозны захад, дзе далёка-далёка засталася радзiмая старонка, i ўжо не стрымаеш сьлёз. Тым болей, што вакол расхiнуўся марозны стэп, нiхто тут цябе ня бачыць, можна не саромецца. Адзiнота, закiнутасьць, адчуваньне поўнага сiроцтва — балючыя самотныя пачуцьцi, якiх да таго перажываць не даводзiлася. Першы, але не апошнi раз было тое…
Не сказаць, што да нас там адносiлiся кепска, — як i да ўсiх. Але на нейкiм часе стала нам нязмогла, i мы з Лёшкам вырашылi рушыць на захад. Беларусь была пад акупацыяй, але ж там былi партызаны. Зноў жа фронт, жахi якога памалу сталi забывацца, i нам захацелася туды. Аднойчы i рванулi. Ды недалёка. Наiўных уцекачоў на захад затрымалi на першым жа чыгуначным мосьце, вярнулi ў раённы НКВД у Рцiшчаве. Там зноў пачалося тое, што некалi са мной у Белгарадзе. Дапытвалi, хто нас паслаў на мост i зь якiм заданьнем? Тое, што мы прабiралiся на захад, у бок фронту, выклiкала ў начальнiкаў недавер, нават абурэньне. I м трэба было пераканаць нас i сябе, што мы iшлi ў тыл i зь нейкаю мэтай. Зь якой?
Выбавiў нас адтуль выпадак iншага кшталту. Уначы прывялi нейкага крымiнальнага вепрука, якi тут жа, у пакоi дзяжурнага, усчаў бойку. Быў надта дужы, паперакулiў усю мэблю, пачаў душыць начальнiка, i да яго кiнулiся ўсе мiлiцыянты, якiя там былi. А мы зь Лёшкам тым часам цiхенька высьлiзнулi празь дзьверы. Зноў вярнулiся ў калгас, да ранейшых гаспадароў, якiм штось ня дужа складна схлусiлi. Ня ведаю, цi паверылi.
Дажылi там да вясны, а затым, здаецца, у красавiку, у калгас прыйшла разнарадка на моладзь — зноў у ФЗО. Вядома ж, мясцовым сваiх шкада, прызначылi нас, а нам толькi таго i трэба. I вось мы зь Лёшкам зноў апынулiся ў ФЗО, на гэты раз недалёка, у Аткарску… Дарэчы, нялiшне зазначыць, што шмат каму зь перадпрызыўнай моладзi тыя ФЗО-ФЗН далi часовы, але неабходны хлеб i прытулак, сталiся, так бы мовiць, прафэсыйнай акадэмiяй, нярэдка апошняй у iхнiм кароткiм жыцьцi. Бо хутка затым — прызыў, фронт i канец усяму. Толькi i ўспамiнаў з цывiльнага жыцьця — невялiчкая групка аднагодкаў, самотных фэзэушнiкаў…
У Аткарску была чыгуначная школа, вучыўся там на пуцейца: рамонт пуцi, падбiўка шпалаў, разводка… I гэта першую палову лета 42-га году. Надта сьпякотнага, дарэчы, здаецца, у нас такой гарачынi не бывала. Было трудна, мазалi на далонях ад кувалды i рыдлёўкi. Затое кармiлi, што тады было важна.
У Аткарску, школе чыгуначнікаў, тое сьпякотнае лета міналася на чыгунцы, у працы, да якой дабіраліся пехатой, па шпалах. Часам заходзілі кілямэтраў за дзесяць, адтуль — на абед, і зьвечара дадому. Ля ракі Мядзьведзіцы пад кустам і чуўся піск марзянкі — то трэніраваліся дзяўчатысувяз істкі. Ля іх праходжваліся іхнія настаўнікі — афіцэры.
У жніўні ў войска мяне праводзіла адна маладая жанчынка, што рабіла ў школе. Яна дужа шкадавала мяне. Казала, толькі вясной праводзіла брата, гэткага, як я, і ўжо празь месяц атрымала «пахаронку» — з-пад Сталінграду. У мяне не было хатняга адрасу, дык яна сказала, каб я запісаў яе адрас у Аткарску. Я абяцаў… Але пасьля падумаў: нашто? Мала ёй братавай «пахаронкі»?
Ну а ў жнiўнi 42-га прызыў хлопцаў 1924 году нараджэньня, i адразу — у запасны полк пад Тацiшчавам. Запасны полк у Тацішчаве нагадваў мурашнік і быў увесь у зямлі. Тысячы салдатаў жылі ў зямлянках, вучыліся побач у полі. Дысцыпліна была жалезная, камандзіры — яшчэ цімашэнкаўска-варашылаўскай школы — ад сяржантаў да палкоўнікаў. Муштравалі звычайна строем: шагістыка, поўзаньне, акопваньне. І пастаянныя пераклічкі, праверкі, — каб не дэзэрціравалі. Але было і зьнікалі — учора быў, а сёньня няма. І ніхто ня ведае, куды дзеўся. Вінтовак нам там не давалі, былі толькі вучэбныя, якія мы вучыліся разьбіраць і зьбіраць. Скардзіцца на ўмовы забаранялася, на самадурства камандзіраў таксама. Палітрукі сачылі за дысцыплінай і рабілі палітінфармацыі аб становішчы на франтох. Асабліва на Доне, дзе фронт ужо быў прарваны, і немцы перлі на Сталінград.
Там шмат было мясцовых, землякоў, саратаўскіх. Толькі мы зь Лёшкам пачуваліся чужымі. Але хутка нас разлучыл і: мяне — у Саратаў, Лёшку — у Вольск. Больш я яго ня бачыў. І нічога пра яго ня чуў. Па ўсёй верагоднасьці, прычына таму — усё Сталінград. У Саратаве я затрымаўся, а Лёшка ў Вольску — наўрад.
Тое паселiшча вядомае шмат каму зь ветэранаў, многiя там спасьцiгалi сваю першую вайсковую навуку, якую памятаць будуць доўга. Той полк дзейнiчаў, вiдаць, цi не да канца вайны — рыхтаваў кадры, салдацкiя i сяржанцкiя, — для перамогi.
Праўда, мне давялося прабыць там нядоўга, на пачатку верасьня мяне накiравалi ў Саратаўскае пяхотнае вучылiшча. Пачалiся вучэбныя буднi. Ужо там дасталося, як не даставалася нiдзе i нiколi. Кожны дзень па 10 гадзiн заняткаў — рэдка ў клясах, болей на пляцы i ў полi, — у сьпёку, дождж i мароз, у нашых клясычных, на «рыбiным мяху» шыняльках. Апроч таго, абаронная праца пад горадам — немцы падышлi ўжо да Саратава i бамбавалi яго кожную ноч. У асноўным цалялi ў камбайнавы завод, якi на той час рабiў самалёты, i ў нафтаперагонныя крэкiнгi. Нас на ноч кiдалi на дзяжурства — лiквiдоўваць пажары, як загарыцца завод, бо выпуск прадукцыi працягваўся i пад бомбамi. Гэта выглядала так: як толькi сьцямнее, аб’яўляецца трывога. Паяўляюцца самалёты, вешаюць у небе свае асьвятляльныя бомбы САБы. На зямлi ад iх — бы ад сонца, а ў небе не вiдаць нiчога. I пачынаюць сыпаць бомбы. Усё вакол хадуном ходзiць. Нам дык яшчэ трываць можна, мы сядзiм у шчылiнах, калi загарыцца, тушым, выкочваем на двор самалёты. Хаця былi i ў нас ахвяры. Але гэта нiшто ў параўнаньнi з тым, як даставалася нашым курсантам на крэкiнгах зь iх вялiзнымi ёмкасьцямi нафты. Там усё палыхае, не сьцiхаючы нi ўдзень, нi ўначы. I хлопцы гараць, няма чаго i хаваць. Цэлыя аддзяленьнi, узводы не вярталiся з гэтага мора агню. I так амаль да зiмы. Зiмой тое спынiлася, як немцаў акружылi пад Сталiнградам.
Аднойчы, зноў жа ўвосень 42-га, батальён кiнулi пад Сталiнград. Пешым маршам дайшлi да Камышына. У Камышыне, аднак, нас ператрэсьлi: палову з кожнае роты пакiнулi, а палову паслалi на падмацаваньне Сталiнграду. Рэшта вярнулася ў Саратаў. У тым лiку i я. А мой таварыш зь Беларусi Коля Iваноў пайшоў у Сталiнград i, вядома ж, загiнуў. Пасьля вайны спрабаваў знайсьцi ягоных родзiчаў. Але ж… Iвановых у нас дужа многа. Пасьля яшчэ было нямала выпадкаў, калi ноччу па трывозе паднiмаюць роту, выстрайваюць i зачытваюць сьпiсы тых, хто зараз жа адпраўляецца на станцыю, у маршавую роту, на фронт. Цяпер з вышынi ваеннага вопыту i перажытых гадоў нельга не зьдзiўляцца, чаму i як там нас вучылi. Галоўнай, мабыць, як i здаўна ў расейскiм войску, была страявая — пляцавая ваенная навука, паводле якой ацэньвалася ўсё астатняе. Усё астатняе падганялася пад яе. Нават тактыка зь яе строга рэглямэнтаванымi парамэтрамi ў абароне i ў наступленьнi. На вайне нiхто iх не трымаўся, бо было непатрэбна. На вайне аказалася, што той камандзiр мае найбольшы посьпех, якi хутчэй за іншых адрынуў даваенную навуку i творча экспэрымэнтуе, асобна падыходзiць да кожнага бою. Можна сказаць, што вайну рабiлi дылетанты. Даваенныя прафэсыяналы збанкрутавалi ў самым яе пачатку. Але каб зразумець тое, трэба было набыць пэўны вопыт, а мы такiя былi зялёныя…