Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пра камандзiраў можна б расказаць шмат — розныя былi. Камандзiрам нашай роты быў старшы лейтэнант Грыб, немалады ўжо чалавек, беларус, аднекуль з Гомельшчыны. Можа, менавiта дзякуючы яму я скончыў гэта вучылiшча, дайшоў да выпуску. Неяк непрыкметна, па-зямляцку ён мной апекаваўся. А можа, таму, што вучыўся я i вучылiшча скончыў на «выдатна». Як бы цяпер сказалi, — з чырвоным дыплёмам. Але тады толькi павесiлi маё фота на ганаровую дошку выпускнiкоў… А там — запомнiўся iнтэлiгентны выкладчык тапаграфii, якому я часам маляваў карты-схемы, — Рамественскi, на той час ужо iнвалiд вайны. Камандзiрам батальёна быў маёр Анцiпас, грэк. Вядома, на фронт грэкаў не пасылалi, скарыстоўвалi ў тыле, але гэта быў ладны камандзiр, з традыцыямi старога царскага афiцэра. Чаго ня скажаш пра цэлую плойму маладзейшых гарладзёраў, выхаванцаў Варашылава i Цiмашэнкi. (Ды Бог iм судзьдзя.) Гэтыя муштравалi пераважна васемнаццацiгадовых бязглузда i жорстка, найперш каб самiм ацалець ад вайны, пераседзець яе ў тыле. Toe, аднак, удалося далёка ня ўсiм. У свой час iх таксама паслалi пад зьнiшчальны агонь, i шмат хто зь iх там пагiнуў. Што трохi iх выбачае…

Увосень 43-га прысвоiлi званьне малодшага лейтэнанта. Пагоны выдалi залатыя, на якiя кожны з выпускнiкоў прышпiлiў па адной маленькай зорачцы. Атрымалася даволi прыгожа, пайшлi сфатаграфавацца. Ды атрымаць фота не пасьпелi — ноччу ўсiх паднялi для адпраўкi на станцыю, дзе ў тупiку стаялi пустыя таварныя вагоны. Праўда, з жалезнымi печкамi, i то добра.

Ехаць давялося доўга, месцы ў вагонах абсталёўвалi самi — цягалi на станцыях дошкi для нараў. Прадукты атрымалi мукой, па кiляграму на чалавека, з тае мукi пяклi на печках ляпёшкi, якiмi i харчавалiся ўсю дарогу.

А тыя прыгожыя пагоны нiяк нам не паслужылi. У дывiзii, куды ўрэшце прыйшлi, начальнiк штабу сказаў проста: «Зьняць! Тут вам не парад». Зьнялi, але палявых не атрымалi i пайшлi ў бой беспагоннымi. Я да зiмы хадзiў-бегаў у шынялi без пагонаў, трымаючы залатыя ў сумцы. Пасьля старшына роты зьняў з забiтага артылерыста зял ёныя, якiя цi не паўгоду давялося насiць на сваiх юначых плячох.

Фронт пачынаўся з Дняпра, на ўжо адбiтых пад той час пляцдармах. Так што пашэньцiла — фарсiраваць Дняпро не давялося. Але i за Дняпром хапiла пекла, у якое мы трапiлi. Найперш няўдалае наступленьне на Крывы Рог, адкуль нас турнулi немцы. Кiлямэтраў 60 нашая пяхота i танкi адступалi на поўнач. Пасьля, трохi перадыхнуўшы, завязалi баi за Александрыю i Знаменку… Я быў у звычайным стралковым палку камандзiрам узводу. Пачалася зіма, сьцюжа, хоць і не такая, як на Волзе. Сёлы ўсе разьбiтыя, баi за кожны пагорак, за кожную балку… Ахвяры страшэнныя. Пяхоту выбiвалi спрэс. Страты былі аграмадныя. Трапіўшы ў стэпе пад кулямётны агонь, рота за гадзіну ці не палову байцоў пакідала на сьнезе. Або ў кукурузе. Ці на краі сланечнікавага будыльля. Іншага сховішча тут не надаралася. Падалі забітыя, не ўставал і параненыя. Кідацца ратаваць каго не выпадала, тое было справай санінструктараў, калі яны яшчэ ўцалелі. Лёгкапараненыя ратавалі сябе самі — паўзьлі ў тыл. Суправаджаць іх ніхто ня меў права, тое забаранялася статутам і ўважалася як ухіленьне ад бою. Шмат якія параненыя, калі не маглі самі выпаўзьці, апыналіся параненымі другі раз, а то і забітымі.

Мой сяржант, паранены ў сьцягно, перш чым паўзьці ў тыл, захацеў закурыць і счакаў, пакуль хлопцы прыпаляць яму цыгарку. Ды дачакаўся асколка ў жывот. Ня ведаю, ці давезьлі яго да санчасткі…

Хаваць сваіх забітых нам не даводзілася, звычайна кожнага пакідалі на тым месцы, дзе яго напаткала сьмерць. Не было калі і не было як пад агнём, а пад агнём мы былі заўсёды. Ці кулямётным, ці мінамётным, ці пад абодвума разам. Старэйшыя камандзіры ўсё гналі пяхоту «ўпярод і ўпярод!». Забітых хавалі пасьля, у тыле, пра тое дбалі адмысловыя «пахаронныя каманды». Дзе-небудзь у сяле ці ля дарогі яны капалі братнія магілы, звозілі са стэпу трупы. Распраналі, вымалі з кішанёў дакумэнты, зьбіралі на сьнезе зброю. Працы ў іх было шмат, таму ня надта глядзел і на тое, труп перад імі ці яшчэ жывы. «У яме дойдзе, — казалі. — А валёнкі спатрэбяцца. Шынялі таксама»… Сьпісы на забітых складалі ў штабе, там жа адзначалі, дзе хто пахаваны. Але тое зусім ня значыць, што ў пэўнай магіле пахаваны пералічаныя асобы. Яны маглі быць пахаваны ў іншай, як і ў гэтай пахаваны зусім іншыя, чым тыя, што пазначаныя ў штабных сьпісах.

Звычайна ўдзень вялi бой за сяло (а сёлы ж на Украiне вялiкiя), пад вечар выбiлi, немцы пайшлi. Але ж мы ў сяле ня спынiмся, трэба ж гнаць немцаў, пакуль яны адступаюць. Хiба забяжыш, схопiш дзе кавалак хлеба, калi ён ёсьць, якая цётка дасьць цёплага бурака, i — зноў у поле. Зноў бой i агонь — выбухi мiн, танкавыя стрэлы з абодвух бакоў. I крыкi начальства, мат-перамат — асабiста i па тэлефоне. Аж пакуль немцы ня спыняцца ў суседнiм сяле. Тады i мы спыняемся ў полi.

Ад бяссоньня і стомы стан увесь час быў блізкі да поўнай абыякавасьці. Пад агнём не хацелася акопвацца ці хавацца. Заб’е — ну і чорт зь ім. Абы хутчэй, менш пакутаваць. Куды болей, чым страх, дацінала сьцюжа. У стэпе, ноччу. Заснуць, аднак, не было як, — мароз змушаў калац іцца, дрыжэць, стукаць нагамі. Хоць бы лежачы ў сьнезе. Той стан перапынялі толькі каманды ды мацюкі камандзіраў. Ды калі блізкі, ва ўпор, абстрэл. Ці мінамётны агонь. Тады на кароткі час ахопліваў спалох. А затым — зноў стома і абыякавасьць да ўсяго.

Зiма на Украiне, можа, i не такая лютая, як у Расеi, але таксама сьцюдзёная — са сьнегам i вятрамi, асаблiва ў раўнiнным стэпе. Апрануты я быў у тое, што нам выдалi ў вучылiшчы — шынэлак, кiрзовыя боты, шапка. У палку атрымаў толькi трохпалыя рукавiцы i аўчынную камiзэльку, якая ўвогуле мяне ратавала. Тым болей, што тыднямi днявалi i начавалi ў полi. Каскi я не надзяваў. Аднойчы надзеў на шапку, але яна дрэнна трымалася там, i мой памкамузвода, сталы сяржант, кажа: «Што карысьцi зь яе! Кiдай к чортавай матары…» Перад тым на краi кукурузнага поля забiла нашага самага маладога ва ўзводзе байца — куля трапiла ў каску, калi той ляжаў у ланцугу, i прабiла яе наскрозь. Як увайшлi ў сяло, дзе пад вербамi ляжала некалькi забiтых немцаў у касках, усё той жа памкамузводу па чарзе стрэлiў кожнаму ў голаў, i ўсе каскi аказалiся прабiтыя. Дык я i кiнуў у сьнег сваю. Адразу стала спрытней, i я не пашкадаваў нi разу. З салдатаў таксама мала хто насiў каску — хiба самыя абачлiвыя. I я ня чуў, каб яна каго ўратавала. Асаблiва ў наступу.

Там у першым баi загiнуў мой сябра Коля Перажны, зь якiм мы ў адным узводзе вучылiся ў Саратаве. Як нас разьмяркоўвалi па часьцях у Ануфрыеўцы, ён усё наракаў, што не далi пiсталетаў, якiя належалi камандзiрам узводаў. Тады сказалi — там атрымаеце. Коля так i не дачакаўся свайго ТТ, раней атрымаў кулю ў сэрца. Другому сябру, Валодзю Леўчуку, пашэньцiла болей — ён дайшоў да Бугу, дзе на пераправе быў цяжка паранены. Болей на фронт ня трапiў, жыцьцё дажываў кульгавым iнвалiдам-франтавiком.

Мяне ж пакуль што кулi i снарады мiналi, толькi аднойчы марознаю ноччу ў стэпе згубiў рукавiцы i добра прымарозiў рукi. Але ў тым сам вiнаваты. З абмаражэньнямi да дактароў лепей было не зьвяртацца, тое нярэдка ўважалася як знарок i суседзiла з трыбуналам.

Мой першы бой у якасьцi камандзiра ўзвода ня надта запомнiўся. Помню толькi, як ротны, нейкi камлюкаваты, цывiльнага выгляду чалавек у паўшубку, гнаў салдатаў i мяне разам праз шырокае поле кукурузы, пакуль мы ня трапiлi пад агонь.

Залеглi. Пасьля iшлi зноў. Ноччу iшлi ў батальённай калёне. Зранку i ўвесь дзень нас жахлiва бамбiлi нямецкiя самалёты, i мы то разьбягалiся па стэпе, то зноў зьбiралiся на дарозе. Неяк спынiлiся на краi сяла ў пустой аборы, ротны сказаў, што трохi адпачнем i будзем атакоўваць кашару за дарогай. I толькi я задрамаў у кутку на саломе, як усчалося бамбаваньне, трэба было вымятацца ў стэп — пад агонь з-за дарогi. Ротны застаўся ў аборы, дзе яго i забiла пры другiм налёце «юнкерсаў». З камандзiраў у роце я застаў ся апошнi, таму да мяне i прыбег намесьнiк камандзiра палку — наступаць, такую тваю маць! Пайшлi наступаць — ланцугом па полi да кашары. На гэты раз нам пашэнцiла, агню не было, мы дабрылi да развалюхi-кашары, дзе не знайшлi нiкога, немцы вымелiся. Каб чаго ня сталася, я паслаў у тыл аднаго сяржанта далажыць, што кашара ўзята. Як высьветлiлася пасьля, таго няварта было рабiць. Сяржант вярнуўся i сказаў, што камандзiр палку аб’яўляе мне падзяку. Што ж, добра. Мы залеглi за кашарай у сьнезе, згаладнелыя, замерзлыя. I мой памкамузводу кажа: а давайце ў кашару, трохi пагрэемся. Тым болей, што салдаты дзесь раздабылi тэрмас шнапсу. Акурат для сугрэву.

Пагрэцца, аднак, не пасьпелi, як зь недалёкай кукурузы выпаўзьлi тры бронетранспарцёры i адкрылi па кашары шквальны агонь. Мае паўскоквалi i без усялякай на тое каманды сыпанулi назад, да дарогi. За iмi дзе паўзком, а дзе подбегам рушыў i iх няхуцавы камандзiр. Там пад абстрэлам даседзелi да ночы. А як сьцямнела, на дарогу прыбег намесьнiк камандзiра палку, якi тут жа паабяцаў мяне расстраляць, калi я да ранку не вярну страчаную кашару. Аказваецца, ён ужо далажыў пра яе ў дывiзiю, а яна зноў апынулася ў немцаў. Становiшча маё было такое, што горш не прыдумаеш. Ля кашары стаяць тры бронетранспарцёры, а ў мяне засталося якiх пятнаццаць салдатаў. Як яе ўзяць?

Аднак мусiў браць. Уначы пры блiскучай поўнi пайшлi, ды хутка вярнулiся зноў: немцы не падпусьцiлi i да паловы поля. Стаў чакаць ранку i свайго прысуду. Але за той час штось сталася на фланзе — стралянiна, крыкi. Хутка адтуль бяжыць аўтаматчык, — на штаб напала нямецкая разьведка, намкампалку патрабуе, каб усе мы — неадкладна туды, на дапамогу. Пабеглi на дапамогу, ды спазьнiлiся.

Немцы ўжо вымелiся, а намкампалку забiты. Уранку ля школы два маiх салдаты капалi яму магiлу. А да нас у роту прыйшоў новы камандзiр лейтэнант Мiргарад, зь якiм я праваяваў да калядаў. Нейкiм чынам той выпадак адбiўся ў напiсаным праз дваццаць гадоў апавяданьнi «Ранак-сьвiтанак». На стэпавай роўнядзi ваяваць было цяжка, схавацца ад кулямётнага агню не было як. Ды й ад мiнамётнага таксама. Адзiным укрыцьцём служылi няўбраныя ўлетку кукурузныя палеткi ды адзiнокiя сьцiрты ў стэпе. Але апошнiя часьцей за ўсё былi здраднiцкiм зманам, бо немцы здалёк бачылi, а болей ведалi, што за iмi заўсёды хавалiся, i старанна абстрэльвалi iх. А iх выбiралi для схову ад агню i ветру тыя, што былi трохi ў тыле: санiтары з параненымi, абозьнiкi, камандзiры. Там яны часьцей за ўсё i гiнулi — у тыле пяхотных ланцугоў. У той час, як у ланцугу было часам схоўней.

Поделиться с друзьями: