Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
– Не падабаецца мне ўсё гэта! – заклапочана прагаварыў Свенсан, не рухаючыся з месца. – Мо трэба звязацца з дзяжурным?
– І што мы яму скажам? – Леслі засмяяўся. – Што каровы нарабілі шкоды па віне п’янага гаспадара?
– З чаго ты вырашыў, што ён п’яны? – спытаў Джон. – Можа, ён яшчэ не вярнуўся дадому!
– А электракар?
Джон паглядзеў на элетракар. Было бачна, што машыну нядаўна выкарыстоўвалі...
– Тут штосьці здарылася! – прамармытаў ён. – Штосьці такое... толькі мы пакуль не ведаем, што менавіта...
– Вось зараз і даведаемся! – Лэслі ўжо старанна загружаў Каратышку апаратурай. – Вось... і гэта таксама! А гэта ты возьмеш у левую руку...
– Ды хопіць ужо! – узмаліўся, нарэшце, Каратышка Джон. – Пакінь і для сябе хоць штосьці!
* * *
Інстынкт спрацаваў ці яшчэ штосьці падсвядомае, але Скрайф усё ж паспеў ухапіць бутэльку і сунуць яе некуды пад стол у той самы момант, калі Холін, ледзь прыадчыніўшы дзверы кабінета, усунуў туды сваю сіваватую галаву разам з доўгім цікаўным носам.
– Я не вельмі перашкодзіў? – спытаў ён, уваходзячы, і ў голасе свайго намесніка Скрайфу падалася ледзь прыхаваная ўсмешка. Урэшце... магчыма гэта яму толькі падалося...
– Ды не, я нічым асаблівым тут… – Скрайф прымусіў сябе нават усміхнуцца, крыху нацягнута, праўда. – Заходзь!
Запрашэнне крыху спазнілася, бо Холін ужо быў у кабінеце, а Скрайф, вылаяўшыся ў думках, прыйшоў да высновы, што новага сакратара трэба ўсё ж звальняць. Ці, яшчэ лепш, перавесці яго на нейкі час у вахцёры, хай павучыцца там, як і каго трэба пускаць да начальства!
– Я наконт той жанчыны, якая пачала ўспамінаць... – вочы Холіна літаральна ўпіліся ў пачырванелы твар Скіна. – Я прагледзіў усю дакументацыю на яе, як вы і прасілі...
Ён не сказаў “загадалі”, ён ніколі не гаварыў так…Скрайф і з гэтым даўно ўжо змірыўся. Але тое, што Холін назваў яго на “вы” неяк насцярожыла Скрайфа. Няўжо гэты стары ліс штосьці западозрыў?! Гэта было б кепска! Яшчэ горшым было тое, што ён, Скін, здаецца, значна перавысіў сёння звычайную сваю дзённую норму…
– Ты што, дрэнна сябе адчуваеш? – спытаў Холін, зноў пераходзячы на “ты”...і зноў у ягоным голасе пачулася Скіну амаль не прыхаваная ўсмешка.
– Хвіліначку!
Узняўшыся з-за стала, Скрайф падыйшоў да акна, расчыніў яго насцеж. Адначасова з гэтым ён паспеў непрыкметна кінуць у рот два маленькіх блакітных шарыкі.
Лопнуўшы адразу ж, шарыкі ўраз напоўнілі ўсю ротавую поласць прыемным водарам мяты і прахалоды. І, амаль адразу– пранізліва-ледзяная хваля, якаядабегла да мозга, абвалакла яго на імгненне і адразу ж адкацілася назад. Калі Скрайф зноў павярнуўся да свайго намесніка, ён быў ужо цвярозым, як шкельца...
– Дык што з той жанчынай? – спытаў ён, вяртаючыся да стала і зноў апускаючыся ў крэсла. – Прабач!
Ён націснуў адну са шматлікіх кнопак і адразу ж аднекуль знізу з’явілася крэсла для наведвальнікаў. Не такое зручнае, як у Холіна, але ўсё ж...
– Дык што з жанчынай? – паўтарыў Скрайф, дачакаўшыся, калі Холін апусціцца ўсё ж ў крэсла для наведвальнікаў. – Што канкрэтна ты высветліў?
Сказаць па праўдзе, нічога з таго, што б там не высветліў ягоны намеснік, Скрайфа зараз не асабліва і цікавіла. Куды больш яго цікавіла пытанне: раскусіў ці не Холін ягоныя хітрыкі ля акна?
– Я высветліў, хто яна такая! – голас Холіна выдаваў зараз вышэйшую ступень занепакоеннасці, таму Скрайф, адкінуўшыся ў крэсле,з цікаўнасцю і нават са здзіўленнем паглядзеў на свайго намесніка... упершыню бачыў ён Холіна такім устрывожаным. – Яна з “дзікіх кошак”, уяўляеш!
– Не ўяўляю! – Скін недаўменна паціснуў плячамі. – З якіх кошак?
Цяпер ужо Холін паглядзеў на яго з недаўменнем.
– Дзікія кошкі Барсума! Ты што, ніколі не чуў пра іх?
Скрайф задумаўся. Дзікія кошкі Барсума... штосьці знаёмае... Дзесьці ён усё ж чуў пра іх, здаецца... толькі вось дзе і ад каго?
– Барсум... – ён пацёр кончыкамі пальцаў скроні, - Барсум... Гэта назва нейкай планеты, так? Незвычайнай нейкай планеты...
– Так! – Холін чамусьці ўздыхнуў. – Звычайнай яе назваць цяжка! – Ён адкінуўся ў крэсле наколькі гэта было магчыма, зноў уздыхнуў. – Справа ў тым, што пра гэтую планету амаль нічога не вядома... так, на ўзроўні чутак.ФІРМА з ёй не кантактуе... а калі ўсё ж і кантактуе, то ніяк гэтага не афішыруе...
– Пачакай, я, здаецца, штосьці ўспомніў! – прагаварыў Скрайф павольна. – Дзікія кошкі Барсума... ну, вядома ж, я пра іх чуў! Жанчыны-амазонкі?
Холін сцвярджальна кіўнуў.
– Амазонкі, ніндзя, суперагенты... як іх толькі не называюць...Самі ж яны называюць сябе – “дзікімі кошкамі”.
– Яны што, любяць драпацца? – пажартаваў Скрайф, але Холін, не прымаючы жарту, адмоўна пакачаў галавой.
– Не ведаю, як драпацца... але ў баявых адзінаборствах ім няма роўных ва ўсёй нашай Федэрацыі!
– Так ужо і няма! – Скрайф недаверліва ўсміхнуўся.
– Няма! – упарта паўтарыў Холін. – Яны з самага ранняга дзяцінства пачынаюць авалодваць гэтым майстэрствам. Адзіны іх занятак – сакрэтныя аперацыі найвышэйшай складанасці. За вялікія грошы іх наймаюць дзеля гэтага ўрады асобных планет альбо тыя ці іншыя карпарацыі. І заўсёды – стопрацэнтны вынік! Праколаў у іх практычна не бывае!
– І што ж гэта за аперацыі? – з цікавасцю спытаў Скін. – Забойствы?
– Не толькі... – Холін крыху памаўчаў. – Яны могуць, к прыкладу, выкрасці кіраўніка карпарацыі... Удвух, утрох... нягледзячы на сотню целаахоўнікаў! А могуць, наадварот, вызваліць яго з палону. Зняць копіі сакрэтнай дакументацыі... ды ці мала падобных сітуацый можа ўзнікнуць у жыцці... І заўсёды стопрацэнтны вынік, уяўляеш!
– Сур’ёзныя дамачкі! – Скоайф памаўчаў крыху, асэнсоўваючы толькі што пачутае. – І што, гэтая жанчына...
– Яна з “дзікіх кошак”!
Нейкі час абодвы маўчалі.
– Гэта сур’ёзна, Скін! – ціха прагаварыў Холін, упершыню ён назваў Скрайфа не па прозвішчу. – Трэба штосьці рабіць!
– Трэба! – згадзіўся Скрайф. – Дарэчы, дзякуй, што напомніў!
Ён націснуў сярэднюю з клавішаў і правы экран засвяціўся, на ім з’явіўся твар аднаго з дзяжурных.
– Хто-небудзь з рамонтнікаў ужо вярнуўся? – спытаў Скрайф і дзяжурны згодна кіўнуў. – Пашліце іх да таго фермера, які быў у мяне сёння. Пашліце зараз жа!
– Яны ўжо вылецелі, містэр Скрайф! – паведаміў дзяжурны. – Яны ўжо павінны быць там!
– Вось бачыш! – Скрайф паглядзеў на Холіна. – Рамонтнікі ўжо там... сітуацыя пад кантролем! Якая гэта брыгада? – зноў звярнуўся ён да дзяжурнага.
Дзяжурны на імгненне задумаўся.
– Пятая, містэр Скрайф!
– Пятая? – Скрайф усміхнуўся. – Гэта тая, дзе пілотам Каратышка Джон?
– Яна самая! – дзяжурны таксама дазволіў сабе нясмелую ўсмешку. – Брыгадзір –Алаф Свенсан, аператар – Лэслі...