Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
З агню ды ў полымя. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. из огня да в полымя, укр. из вогню та в полум’я). З адной непрыемнасці ў другую (трапляць, кідаць, кідацца). Нават маці была рада, што, нарэшце, яе сын пазбавіцца ад вечнай крыўды. Але Казік трапіў з агню ды ў полымя (А. Чарнышэвіч. На сажалках).
Пабудаваны як градацыйная канструкцыя на супастаўленні двух блізкіх у сэнсавых адносінах слоў.
Заграбаць жар чужымі рукамі. Гл. чужымі рукамі жар заграбаць.
Заграбаць лапатай грошы. Гл. грэбці (грабці, заграбаць) лапатай (грошы).
За гуж узяцца. Уласна бел. Пачаць якую-н. справу, лічачы сябе здольным выканаць яе. — Ты ўсё знаеш! Усе падходы! — Знаю. А і табе знаць бы трэба. Калі за гуж узяўся (І. Мележ. Завеі, снежань).
Паводле паходжання гэта «абломак», першая частка прыказкі Узяўся за гуж, дык не кажы, што не дуж, якая абазначае ‘калі ўзяўся за якую-н. справу, не адмаўляйся, спасылаючыся на цяжкасці яе выканання’. Адарваўшыся ад прыказкі, яе фрагмент стаў ужывацца ў розных асобах абодвух трыванняў: узяўся за гуж (В. Гардзей), узяліся за гуж (А. Васілевіч), бяруся за гуж (М. Лужанін), бярэшся за гуж (М. Гроднеў) і інш.
Задаваць (задаць) труса. Уласна бел. Баяцца, палохацца. Толькі не трэба труса задаваць: глядзі смела, кажы адважна, рэж з-за пляча — храбрасць гарады бярэ! (Я. Колас. На ростанях).
Склаўся, відаць, пад уплывам фразеалагізма труса святкаваць (гл.) з заменай у ім дзеяслоўнага кампанента.
Задаваць (задаць) фефару каму. Паўкалька з ням. м. (Рfеffеr geben). Сурова распраўляцца з кім-н., караць каго-н. — Гэта напэўна святыМікалай памыліўся і замест цябе мяне пакараў. —Ён яшчэ, глядзі, і мне каб фефару не задаў. Чорт яго, брат, ведае (Я. Колас. На ростанях).
Унутраная форма фразеалагізма становіцца зразумелай, калі мець на ўвазе, што ням. Рfеffеr — перац.
Задаваць (задаць) храпавіцкага. Запазыч. з руск. м. Моцна спаць. — Алё, здароў! — прывітаў яго Сеўка. — Ты, як звычайна, храпавіцкага задаваў? (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).
Назоўнікавы кампанент, неўжывальны па-за межамі гэтага фразеалагізма, выконвае тут сэнсаўтваральную ролю і ўзнік на аснове дзеяслова храпці. Магчыма, выраз склаўся пад уплывам сэнсава тоеснага даваць храпака (гл.) з заменай апошняга кампанента ўтварэннем каламбурнага характару на ўзор прозвішчаў.
Задаваць перцу каму. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) перцу каму.
Задаваць стракача ад каго, адкуль, куды. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) стракача ад каго, адкуль, куды.
Задаваць тон <каму, чаму, у чым>. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) тон <каму, чаму, у чым>.
Задаваць храпака. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) храпака.
Задаць труса. Гл. задаваць (задаць) труса.
Задаць фефару каму. Гл. задаваць (задаць) фефару каму.
Задаць храпавіцкага. Гл. задаваць (задаць) храпавіцкага.
За дзедам шведам. Уласна бел. Вельмі даўно (было, будавалася што-н. і пад.). Шыкялёўскі млын быў стары, мусіць, пабудаваны яшчэ за дзедам шведам (І. Новікаў. Тварам да небяспекі).
Прыгадаем радкі з пазмы «Барысаў» Я. Купалы: «Былі войны, бітвы, слёзы, кроў ліліся, шведа, Банапарта сляды засталіся». Адзін з такіх слядоў, толькі моўны, — фразеалагізм за дзедам шведам: шведскія заваёўнікі прыходзілі на беларускія землі двойчы (1655, 1706–1708). Кампанент дзедам, відаць, уліўся для сугучнасці ў першапачаткова свабоднае спалучэнне з канкрэтным часавым значэннем (параўн. падобныя: за царом, за палякамі).
З адкрытым (паднятым) забралам. Калька з ням. м. (mіt оffепеm Vіsіеr — «з адкрытым забралам»; варыянт з паднятым забралам узнік на аснове нямецкага dаs Vіsіеr luftеп — «забрала падняць»; дарэчы, у немцаў ёсць яшчэ адзін фразеалагізм з кампанентам забрала: тіt vеrsсhlоssепет Vіsіеr — «з апушчаным забралам»). Ужыв. са значэнняммі: 1) адкрыта, не тоячыся, 2) шчыры, нічым не прыхаваны. Ён [Туляга] і цяпер не спяшаецца ісці ў бой з паднятым забралам (А. Сабалеўскі. Доўгае жыццё камедыі). Дарагі мой Піліп Макаравіч, дык я ж тады самы заядлы кар’ерыст. Як кажуць, з адкрытым забралам (І. Дуброўскі. Зямныя вузлы).
Выраз «рыцарскага» паходжання. На галаве ў рыцара быў шлем, пярэдняя рухомая частка якога называлася забралам і, калі трэба, выпускалася і засланяла твар. (Параўн. у А. Вольскага: «Здаецца, зараз з цаглянай вежы вылезе рыцар і скажа: „Стой!“ На твар забрала апусціць нізка».) Рыцары ваявалі звычайна з апушчаным забралам; найбольш смелыя хадзілі ў бой з адкрытым (паднятым) забралам.
Заднім розумам моцны. Паўкалька з руск. м. (задним умом крепок). Няздольны своечасова прыняць патрэбнае рашэнне. Не, я зусім не так сябе з ім трымала. Заднім розумам моцная, хоць пабяжы ды дагані тую «Волгу», пачні ўсю размову спачатку (Л. Арабей. Дзень мінулы, дзень наступны).
Паходзіць з прыказкі Мужык задним умом крепок.
Задняя думка. Калька з франц. м. (аrrі`erе-репsее). Скрыты намер, таемны замысел. Дырэктар жа не проста частуе. Заднюю думку, відаць, мае, хоча дапамогі на экзамене ці што іншае (І. Навуменка. Бульба).
Выраз з драмы «Марнатравец» (1736) французскага пісьменніка Дэтуша. У выразе падразумяваецца падабенства з фонамі карціны — пярэднім і заднім.
За дрэвамі не бачыць лесу. Калька з англ. (nоt tо sее thе wооd for thе tгееs) ці ням. (dеn Wald vor В"aumen nісht sеhеn) м. За чым-н. дробным не заўважаць значнага, вялікага. Цяпер я ведаю, што азначалі твае словы «нас разбілі»… Але ты вельмі шырока бярэш, за дрэвамі не бачыш лесу. Толькі слабы чалавек можа разгубіцца ад першай няўдачы (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў).
У вобразнай аснове фразеалагізма — алагізм як стылістычны прыём.
Задурванне галавы каму. Уласна бел. Заблытванне каго-н. глупствам, непатрэбнасцю. Цярпець не магу анкет, апытванняў і тэстаў. Па-мойму, гэта толькі задурванне галавы добраму чалавеку (У. Караткевіч. Ці дажывём да ста год…).
Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма задурваць галаву (каму), адно са значэнняў якога — ‘заблытваць каго-н., пазбаўляць здольнасці разумна разважаць’.
За душой. Агульны для ўсходнесл. м. У наяўнасці (быць у каго-н., мець што-н.). Каб толькі якая зачэпка была, а там даказаць лёгка будзе, асабліва калі грошы за душою будуць (М. Лобан. На парозе будучыні).
Першапачаткова слова душа тут мела ўстарэлае значэнне (засведчанае ў слоўніку У. І. Даля) ‘ямачка на шыі пад кадыком’. Паводле народных уяўленняў, у гэтым месцы знаходзіцца душа чалавека. На грудзях, каля душы (‘ямачкі’), раней насілі, хавалі грошы.