Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
<І> канцы ў ваду. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘не засталося ніякіх слядоў, доказу (злачынства, правіннасці)’ і ‘на гэтым усё кончана (пра канчатковую развязку чаго-н.)\ Наладзілі следства. Усім вядома было, што гэта Вінцанцюк пастараўся, але выразнага доказу не было. Усё было зроблена гладка — і канцы ў ваду (К. Чорны. Лявон Бушмар). [Наеум: ] Слова сказана, дый дзела звязана. Тады гарэлка на стол, ручнікі гатовы, дый канцы ў ваду (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка).
Ёсць некалькі меркаванняў пра этымалогію гэтага фразеалагізма. Адно з іх (найбольш пераканальнае) звязвае ўзнікненне фразеалагізма са звычкай разбойнікаў кідаць трупы забітых у раку, каб схаваць сляды злачынства. Выраз фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча.
<І> карты ў рукі каму. Агульны для ўсходнесл. м. У каго-н. ёсць усе падставы, магчымасці зрабіць, выканаць што-н.; хто-н. найбольш падыходзіць да чаго-н. (сваімі ведамі, вопытам і пад.). Няўжо, Аляксандр Максімавіч, не абыдзецца без маёй асобы там? Я ж не мастак па такіх вось справах… Вам і карты ў рукі, га?.. (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).
Утварыўся шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізма і кнігі ў рукі каму (гл.). Выкарыстана структура фразеалагізма-папярэдніка, а адзін з кампанентаў заменены словам карты. Цяжка сказаць, якія карты — тапаграфічныя, геаграфічныя ці ігральныя — меліся на ўвазе пры ўзнікненні фразеалагізма.
I кнігі ў рукі каму. Агульны для ўсходнесл. м. У кагосьці ёсць усе падставы, вялікія магчымасці зрабіць, выканаць што-н. А ігракам з вышэйшай Лігі, як той казаў; і ў рукі кнігі! (ЛіМ. 7.05.1976).
Узнік з прыказкі Пісьменнаму і кнігі ў рукі, атрымаўшы ў спадчыну ад яе некаторыя рэшткавыя з’явы: рэалізацыя выразу ў маўленні немагчыма без дапаўнення яго назвай суб’екта ў давальным склоне (ікнігі ў рукі каму), неабходным элементам фразеалагізма выступае часціца і. Семантыка гэтага прыказкавага «абломка» значна пашырылася ў параўнанні са значэннем прыказкі, якая выкарыстоўвалася толькі ў дачыненні да пісьменных людзей.
I куры не шэпчуць пра каго. Уласна бел. Ніхто нічога не гаворыць пра каго-н., хто-н. не з’яўляецца аб’ектам размовы. — Гэта чаму такая непрыхільнасць раптам да мужчын?.. Але ж я тут які прычыннік? — Пра вас і куры не шэпчуць, не... (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара).
Гэта сэнсава алагічнае спалучэнне каламбурнага характару. Першапачаткова мелася на ўвазе: ніхто нічога не гаворыць пра кагосьці, нават куры, якія, зразумела, не ўмеюць ні гаварыць, ні шаптаць.
I лейцы ў рукі каму. Уласна бел. У каго-н. ёсць усе падставы быць кіраўніком чаго-н. Вы гаворыце тое, што цвярдзілаў свой час Сініцкая… Дык вам і лейцы ў рукі, Мікалай Пятровіч! У добры час… (М. Ваданосаў. У Баркоўскай пушчы).
Утварыўся ўнутрыфразеалагічным спосабам — на аснове дзеяслоўнага выразу браць лейцы ў рукі (гл.), сэнс якога — ‘прымаць на сябе кіраванне чым-н.’. «Абломак» дзеяслоўнага выразу захоўвае «долю» семантыкі ўсяго фразеалагізма. Можна гаварыць, што выраз ілейцы ў рукі сфармаваўся і шляхам мадэліравання — на ўзор такіх фразеалагізмаў, як ікнігі ў рукі (каму), ікарты ў рукі (каму) (гл.).
Імя каму, чаму легіён. Запазыч. з царк. — слав. м. Каго-, чаго-н. вялікае мноства, вельмі многа. Яўген стараўся не глядзець на яго, думаючы — як, мабыць, надакучыла гэтаму чалавеку вадзіць па ўчастку цікаўных гасцей, імя якім легіён (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).
Паводле Евангелля (Лука, 8,30), Ісус спытаўся ў аднаго ашалелага, як яго імя, і той адказаў: «Легіён імя нам, таму што нас многа» (г. зн. не адзін, а шмат чарцей было ў ім; калі ў чалавека, паводле старажытных уяўленняў, уваходзіць нячыстая сіла, ён становіцца шалёным). Фразеалагізацыі словазлучэння садзейнічалатое, што тут слова легіён выкарыстана не з прамым тагачасным значэннем (‘найбольшае вайсковае злучэнне ў Старажытным Рыме — ад 6666 да 12 500 і больш чалавек’), а з пераносным ‘многа’.
<І> на дух не пераносіць, не выносіць і пад. каго, што, чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Рашуча, неаспрэчна, катэгарычна. Трэба сказаць, што ён меў адну важную асаблівасць: ва ўсім любіў яснасць і на дух не пераносіў нічога чужароднага, замежнага, цьмянага і ўвогуле малазразумелага (А. Кудласевіч. «Жэзл Жалезны»).
Першапачаткова на дух (не пераносіць) сэнсава быў рэакцыяй на пах, які выдзяляецца з паверхні скуры чалавека ці жывёлы. Як адзначаецца ў літаратуры, ёсць людзі, якія па паху могуць адрозніць негра ад араба, індуса ад кітайца ці татарына. Параўн. прыклад, дзе фразеалагізм на дух яшчэ ўтрымлівае часцінкі пачатковага значэння антыпатыі да пэўных пахаў: «Дзе чарка, там і цыгарэта. Мая жонка поедам есць з-за курыва. На дух не пераносіць» (А. Казлоў).
I нашым і вашым. Запазыч. з руск. м., дзе выраз паводле паходжання з’яўляецца часткай прыказкі И нашим и вашиш за копейку спляшем. Ужыв. са значэннем ‘адначасова і адным і другім’, адмоўна характарызуючы паводзіны чалавека, які служыць, дагаджае двум розным па поглядах бакам. Пра Ганскага гаварылі, што парадку не глядзіць. Куды яго хто паверне, туды ён і вернецца — і нашым і вашым (К. Крапіва. Мядзведзічы).
I пайшло і паехала. Уласна бел. Прыйшло ў рух, пачалося што-н. (пра інтэнсіўнае разгортванне чаго-н.). I пайшло і паехала: таўкуць нагамі адзін аднаго, ажно з коўдры пыл курыць, пакуль маці не возьме бацькаву дзягу ды па коўдры той — два разы Яську, адзін раз — Калюлю (М. Гіль. Пуд жыта).
Выраз генетычна каламбурнага характару. Узнік на аснове слова пайшло ў выніку накладання на значэнне ‘пачало адбывацца’ яшчэ аднаго, зыходнага значэння гэтага ж слова ‘пачало рухацца, ступаючы нагамі’ і яго каламбурнага дапаўнення дадаткам паехала ‘пачало рухацца пры дапамозе транспарту’.
<І> пальцам не варухнуць (не паварушыць, не паварухнуць). Калька з франц. м. (nе раs bоugеr lе реtіt dоigt). Нічога не зрабіць, не прыкласці ніякіх намаганняў (для ажыццяўлення чаго-н.). Ніхто не пакінуў сваіх кароў, не паварухнуў пальцам, каб пасобіць гаротнай кабеціне знайсці сына (Р. Мурашка. Сын).
Склаўся на аснове евангельскага тэксту пра фарысеяў: «Звязваюць нязручны для нашэння цяжар і ўскладваюць на плечы людзям, а самі не хочуць і пальцам зрушыць яго».
I пернікам не заманіш каго куды. Недакладная паўкалька з руск. м. (и калачом не заманишь). Нічым, ніякім чынам не ўгаворыш, не прывабіш каго-н. быць дзе-н. А можа, і не маладая [настаўніца прыехала]? Маладых сюды і пернікам не заманіш (С. Грахоўскі. Ранні снег).
Унутраная форма фразеалагізма выразная, звязаная з прыцягальнасцю ласункаў. Хоць у «Руска-беларускім слоўніку» (1953, 1982) рэкамендуюць пераклад: калачом не заманишь — абаранкам не забавіш, але маўленчая практыка замацавала іншы, больш экспрэсіўны выраз (і пернікам не заманіш). Не прыжыўся ў літаратурнай мове і сінанімічны выраз і пірагом не заманіш, занатаваны І. Насовічам.
<І> печкі і лаўкі (печкілаўкі). Агульны для бел. і руск. м. Ужыв. са значэннямі: (пры кіравальнай сувязі каму) ‘хто-н. мае добры прытулак дзе-н.’ і (пры кіравальнай сувязі ў каго, з кім) ‘хто-н. блізка знаёмы з кім-н.’. —Дома п’е?.. — Ого! Смалы ён умяне дома вып’е, а не гарэлкі! — зноў загарэлася Яніна. — У браціка свайго, у Вацака. Яму там печкі і лаўкі (А. Шашкоў. Спытай сваё сэрца). Тут Іра падумала, што калі б яна папрасіла бацьку, то, відаць, той не паскупіўся б. Купіў бы і туфлі, і боцікі… Грошы ў яго ёсць, і з гандлярамі ў яго печкілаўкі (А. Цяжкі. Ахвяра).